Вы тут

Грэчаская катастрофа


Амерыканскае агенцтва S&P Dow Jones Іndіces, якое з'яўляецца адной з найбольш аўтарытэтных арганізацый, што фарміруюць фондавыя індэксы, перавяло грэчаскі фондавы рынак з катэгорыі «развітыя» ў «тыя, якія развіваюцца». Прычынамі такога рашэння былі названы: адставанне фінансавага рынку краіны ад іншых развітых дзяржаў, кардынальнае змяншэнне яго аб'ёму ў апошнія некалькі гадоў, а таксама нізкі ўзровень даступнасці для інвестараў. Такім чынам, Грэцыя, набыўшы статус развітой краіны ў 2001 годзе, праз 12 гадоў гэты статус страціла.

Калі прааналізаваць эканамічныя параметры развіцця Грэцыі, пачынаючы з 2008 года, лічбы могуць спалохаць. Памер эканомікі Грэцыі ў 2008 годзе складаў 343 мільярды долараў — у 2013 годзе ён прагназуецца МВФ у 243 мільярды, гэта азначае, што за гэтыя гады эканоміка Грэцыі скарацілася амаль на трэць. Узровень агульных інвестыцый скараціўся з 24 да 13 працэнтаў ад ВУП. Такое рэзкае падзенне інвестыцый не магло не адбіцца адмоўна і на беспрацоўі, якое ў выніку ўзрасло з 7,7 да 27 працэнтаў. Узровень знешняга доўгу вырас за названы перыяд з 112 да 176 працэнтаў ад ВУП. І ў гэтых умовах эканоміка працягвае падаць, і пытанне, калі яна зноў зможа расці, застаецца адкрытым.

Каб ацаніць праблемы грэчаскай эканомікі, яе варта параўнаць з некаторымі іншымі, у найбольшай ступені пацярпелымі краінамі Еўрасаюза. На Кіпры эканоміка таксама падае, але ўзровень беспрацоўя складае 17%. У Іспаніі пры падобных памерах беспрацоўя ўсё ж сёлета пачаўся рост эканомікі. У Ірландыі эканоміка таксама ў гэтым годзе пайшла ў рост і ўзровень беспрацоўя склаў 14%. Няма ніякіх гарантый, што рост эканомікі ў гэтых краінах будзе ўстойлівы, але ўсё ж гэта лепш, чым пастаяннае падзенне ў бездань, дна якой не відаць, па грэчаскім сцэнарыі.

Адзін з папулярных расійскіх эканамістаў Міхаіл Хазін у сваім артыкуле на партале дзелавой газеты «Взгляд» так інтэрпрэтуе інфармацыю ад S&P Dow Jones Іndіces: «Што азначае гэта паведамленне? Што надзеі на выратаванне эканомікі Грэцыі на гэтым скончыліся. Што кіраўніцтва ЕС ужо не супраць, каб у складзе гэтага ўтварэння былі неразвітыя краіны, больш за тое, няяўна адсюль вынікае, што выцягваць краіны са стану «якая развіваецца» ў стан «развітая» лідары ЕС не будуць (інакш было б лягчэй захаваць Грэцыі адпаведны статус). Нарэшце, што грошы, хутчэй за ўсё, Грэцыі больш даваць не будуць».

Сапраўды, тое, што адбылося, трэба разглядаць як сігнал да таго, што Еўрасаюз больш не варта разглядаць як арганізацыю, якая будзе гарантаваць пастаяннае павышэнне ўзроўню жыцця для краін-членаў. Таму Грэцыя, якая далучылася да еўраінтэграцыі ў 1981 годзе, можа заставацца ў ЕС, але ўжо не як развітая краіна, а як краіна, якая развіваецца.

Што з гэтага вынікае? Перш за ўсё, тое, што еўраінтэграцыя губляе магутны складнік у рэкламе сваёй прывабнасці для навічкоў. Паспяховыя эканомікі ЕС перастаюць разглядацца ў якасці лакаматываў эканамічнага росту тых краін Еўрасаюза, у якіх узнікаюць сур'ёзныя праблемы ў развіцці. Іх поспехі цяпер будуць залежаць ад уласных намаганняў, а таксама ад элементарнай удачы.

Прымушаюць урокі Грэцыі задумацца і аб іншых аспектах. У прыватнасці, дрэнны жарт з эканомікай сыграў акцэнт у ёй на сферу паслуг. Турызм і лагістыка аказаліся няздольнымі забяспечыць неабходныя стымулы для эканомікі краіны, у якой пражывае 11 мільёнаў чалавек. Цяпер на парадку дня стаіць развіццё прамысловасці, але ў сітуацыі перманентнага крызісу на гэта ў сваіх бізнесменаў проста няма грошай, а замежныя прамысловыя прадпрыемствы лічаць сітуацыю вельмі цяжкай для адкрыцця зборачных прадпрыемстваў.

Неабходна атрымаць і ўрокі з дамінавання ў эканоміцы краіны дробных і сярэдніх прадпрыемстваў. Як прадэманстраваў крызіс, у іх няма належнай устойлівасці ў складаных сітуацыях. У невялікіх прадпрыемстваў не хапае вопыту, сур'ёзных кадраў, якія ўмеюць працаваць на сусветных рынках, адсутнічаюць навыкі канкурэнцыі. Цяжка прадпрыемствам такога маштабу і паспяхова прыцягваць інвестыцыі. У выніку яны не ў стане супрацьстаяць на грэчаскім рынку канкурэнцыі з боку буйных фірмаў з Германіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Не дзіўна, што ў гэтых краінах у выніку вялікай колькасці буйных паспяховых прадпрыемстваў эканамічная сітуацыя намнога лепшая.

Зыходзячы з вопыту Грэцыі, Беларусі, развіваючы сферу паслуг, не варта забываць і пра дабрабыт прамысловага сектара, які маецца. Тым больш што, калі патэнцыял той жа лагістыкі ў Беларусі не горшы за грэчаскі, то сфера турызму заведама не зможа прыносіць эканоміцы тыя дывідэнды, што ёсць у Грэцыі. Іншыя кірункі ў сферы паслуг таксама не факт, што змогуць адыграць ролю залатой жылы для нашай эканомікі. Варта памятаць і пра неабходнасць садзейнічаць развіццю буйных прадпрыемстваў, і пра ўзбуйненне бізнесу, асабліва ў выпадку выхаду беларускіх прадпрыемстваў на высокаканкурэнтныя знешнія рынкі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».