Вы тут

Едуць «на гародніну»


На палях адной з лепшых у Мінскай вобласці фермерскай гаспадаркі Ігара Пакуша з Маладзечанскага раёна актыўна вядзецца збор багатага ўраджаю. На працягу дваццаці гадоў фермер займаецца тым, што вырошчвае на сваіх 560 гектарах капусту і моркву, буракі, бульбу і цыбулю для ўсёй рэспублікі.

1383710708486_1

Збіраюць ураджай у асноўным тэхнікай, але часта без дапамогі людзей не абысціся. Таму шчыруюць на палетках не толькі мясцовыя, але і работнікі з біржы працы. За дзень тут можна зарабіць 80 тысяч беларускіх рублёў, ды яшчэ ўзяць з сабой кошык агародніны.

1383710711352_2

— Я заўсёды імкнуся ісці насустрач людзям, таму і вырашыў выдаваць яшчэ і натуральную аплату, — распавядае Ігар Пакуш. — Трэба бульбу — даём бульбу, трэба буракі — калі ласка!

— Нам і градкі свае мець не трэба! — усміхаюцца жанчыны, што шпарка збіраюць вялікую сакавітую моркву.

1383710714331_3

Прыязджаюць «на гародніну» і пенсіянеры, і моладзь. Хаця маладыя — хутчэй выключэнне, чым правіла. Гэта пацвярджаюць і ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення па пытаннях занятасці Таццяны Мучынскай, для непрацуючых грамадзян гэта добрая дапамога і, напэўна, магчымасць нарыхтаваць агародніну на зіму. Праўда, некаторыя гаспадаркі даюць або толькі грошы, або толькі агародніну. Ігар Пакуш у гэтым выпадку — выключэнне. Ды і далёка не першы год ён дае магчымасць падзарабіць жыхарам з Радашковіч і Маладзечанскага раёна.

Марына БЕГУНКОВА. Фота аўтара.
Маладзечанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.