Вы тут

Вандроўка па «кузнi генiяў», або Адзiн дзень побач з сувораўцам


Яны заўжды вылучалiся. Сiмпатычныя, з армейскай выпраўкай хлопцы ў прыгожай чорнай форме з чырвонымi пагонамi i белымi папругамi. Яны заўсёды былi на галаву вышэйшымi за звычайных школьнiкаў. Высокi iнтэлект, добрая фiзiчная падрыхтоўка, дысцыплiна... Яшчэ Кацярына II называла кадэтаў «рассаднiкам вялiкiх людзей», а нехта, не менш славуты, казаў пра сувораўскае вучылiшча як пра «кузню генiяў». Вiдаць, не памылiўся. Сярод сувораўцаў — вядомыя военачальнiкi, выдатныя спартсмены i грамадскiя дзеячы.

1383710718976_1

З таго часу амаль нiчога не змянiлася. Сённяшнiя сувораўцы — элiта моладзi, гонар узброеных сiл. Iм зайздросцяць, iмi ганарацца, iх ставяць у прыклад. Як жывуць i вучацца тыя, для каго абарона Радзiмы не толькi прафесiя, даведалiся карэспандэнты «Звязды», правёўшы адзiн дзень у сувораўскiм вучылiшчы.

А зараз пазнаёмiмся! Паўлу Вашчанку — 15 гадоў. Ён вучыцца на 3 курсе, калi суадносiць са школай — у 9 класе. Нарадзiўся ў Новалукомлi, у невялiчкiм гарадку, што на Вiцебшчыне, у сям'i будаўнiка i супрацоўнiцы гiдраэлектрастанцыi. Як бачыце, ваеннай дынастыяй тут i не пахне.

— Не зусiм! — удакладняе Павел: — У мяне дзядуля быў вайскоўцам. Яшчэ да вайны. Удзельнiчаў у Вялiкай Айчыннай, вярнуўся.

Помнiцца, раней у сувораўскае вучылiшча паступалi ў асноўным дзецi ваеннаслужачых. Сёння разам з прадаўжальнiкамi ваенных дынастый армейскую навуку спасцiгаюць дзецi са звычайных сем'яў, якiх таксама прываблiвае рамантыка вайсковай службы. Сярод сённяшнiх сувораўцаў — i дзецi-сiроты, падлеткi, якiя засталiся без апекi бацькоў. Каб паступiць у вучылiшча, на iспытах iм дастаткова атрымаць станоўчую адзнаку. А вось дзецi вайскоўцаў, якiя загiнулi пры выкананнi службовых абавязкаў, трапляюць сюды ўвогуле без экзаменаў.

1383710722974_2

Лёс Паўла быў вырашаны ў Дзень Незалежнасцi. У тую лiпеньскую ранiцу ён разам з бацькамi прыехаў у сталiцу, каб паглядзець парад. Гэта вам не па тэлебачаннi! Пакуль захапляўся парадам, у галаву закралася думка-мара: «Хачу стаць вайскоўцам!» Пра гэта ён сказаў бацькам, калi ўжо вярталiся дамоў. Яны былi здзiўлены, але, абдумаўшы словы сына, вырашылi: «Калi хочаш, дык будзь iм». Праз год яны зноў прыехалi ў Мiнск. Падаваць дакументы ў сувораўскае вучылiшча.

7 гадзiн ранiцы. Скрозь шырокiя вокны ў цудоўны палац улiлiся блiкi горада, якi толькi прачынаецца. Так у сувораўцаў пачынаецца дзень. Перш за ўсё — зарадка. I нiякiя не прысяданнi цi ўзмахi рукамi, а бег — на дварэ, нягледзячы на надвор'е. Сёння iм пашчасцiла: яркае сонейка, саграваючы восеньскую ранiцу, быццам настройвала сувораўцаў на добры i спакойны дзень.

Канчаткова Павел падбадзёрыўся ад умывання. Нiшто так не асвяжае, як сцюдзёная вада! Пасля, быццам па камандзе, ён засцiлае свой ложак, апранаецца. Цяпер можна i ў строй станавiцца. Ранiшнi агляд — i дружны калектыў iдзе снедаць.

Мы прывыклi, што звычайна ў сталовых ежа раскладзена па талерках, дзе порцыi аднолькавыя для ўсiх. Тут жа суворавец сам вырашае, колькi яму трэба. Вядома, у межах разумнага. Сёння на сняданак Павел, як i ўсе астатнiя, есць манную кашу, бутэрброд з маслам i сырам, п'е гарбату з пячэннем. Бярэ ў кiшэню цукеркi i спяшаецца ў клас.

1383710725343_3

Пачынаюцца заняткi. На гадзiннiку — 8.30. Сёння ў Паўла 7 урокаў. Нездарма ўчора карпеў над хiмiяй: якраз выклiкалi да дошкi.

Навучальная праграма сувораўцаў мала чым адрознiваецца ад школьнай. Але неадпаведнасцi ўсё ж такi ёсць: кожны дзень яны вывучаюць матэматыку i замежную мову, чатыры разы на тыдзень у iх фiзiка. Выкладанне гэтых прадметаў вядзецца на павышаным узроўнi.

Зноў у сталоўцы. 11.05 — час для другога сняданку. На стале — булачка i сок. Хто не пад'еў (а гэта бывае рэдка), можа завiтаць у буфет. Павел туды ходзiць, калi, як той казаў, прыспiчыць з'есцi што-небудзь салодзенькае. Тут у асноўным i трацiць сваю стыпендыю, якая складае 60 тысяч рублёў. А каб паласавацца смачненькiм у кавярнi цi схадзiць з сябрамi ў боўлiнг падчас звальнення, у ход iдуць ужо бацькоўскiя грошы цi тыя, што бабуля з дзядулем у кiшэню паклалi.

Суворавец расказвае, што вельмi любiць дзяжурыць па сталовай. Напэўна, не ён адзiн! «У месяц на кожнага выходзiць прыкладна па 2-3 дзяжурствы. На працягу дня чатыры сувораўцы накрываюць на сталы, пасля прыбiраюць iх, мыюць посуд, сочаць за парадкам».

— А лiшняя порцыя цi перападае? — цiкаўлюся я.

— А як жа! — смяецца Павел i расказвае пра яшчэ адно дзяжурства, ужо менш любiмае — па размяшчэннi. У такiя днi сувораўцаў называюць днявальнымi.

1383710728394_4

Звiнiць званок. Скончыўся апошнi ўрок. На гадзiннiку — 14.55. Наперадзе — адзiн з любiмых момантаў для сувораўцаў. Склаўшы свае сшыткi ў спецыяльныя сумачкi, яны спяшаюцца ў сталовую. У iх — абед.

— Кормяць нас добра i вельмi смачна, — прызнаецца Павел. — Бывае, што ежы так шмат, што не ўсё адолееш з'есцi. Меню тут хоць i разнастайнае, але час ад часу паўтараецца. А бывае, што хочацца нечага асаблiвага. Тады тэлефаную мацi i прашу на наступны мой прыезд дамоў прыгатаваць што-небудзь. Звычайна прашу пiцу, якую яна пячэ так, што пальчыкi аблiжаш! Калi вяртаюся ў вучылiшча, хатнiм печывам частую i сяброў. Прадукты, якiя хутка псуюцца, прывозiць нельга.

Абед скончыўся. Расслабляцца яшчэ рана: пачынаюцца факультатыўныя заняткi. У Паўла яны — амаль кожны дзень. Сёння ён дадаткова займаецца рускай мовай: хоча лепш падрыхтавацца да дыктанта, якi будзе пiсаць падчас iспытаў за 9 клас. З такой жа мэтай ён наведвае гiсторыю i матэматыку. Хiмiяй дадаткова займаецца для сябе, як ён сам кажа, для душы.

Час прайшоў незаўважна. У сувораўскiм — вольная гадзiна. Праўда, даволi ўмоўная. З 16.15 да 17.15 кожны дзень напоўнены па-рознаму: то гутаркi з бацюшкам, то вайсковая падрыхтоўка, то ўрокi этыкi цi эстэтыкi, раз на тыдзень — урокi танцаў. «Сапраўдны афiцэр павiнен умець танцаваць», — упэўнены Павел.

Сёння ў сувораўцаў сустрэча з камандзiрам роты. Абмяркоўваюць паспяховасць у вучобе. Такiм чынам вырашаюць, хто на выхадных пойдзе ў звальненне. Для гэтага за тыдзень у дзённiку не павiнна быць адзнак, меншых за сямёрку.

Павел вучыцца амаль на «выдатна». Таму ў звальненне можа хадзiць ледзь не кожныя выхадныя. Праўда, гэтую магчымасць хлопец выкарыстоўвае далёка не заўсёды. Калi i выберацца ў горад, дык у той жа дзень i вернецца. Сходзiць з хлопцамi ў кавярню цi ў кiно, ды i ўсё на гэтым. А так звычайна застаецца ў размяшчэннi: рыхтуецца да ўрокаў, шмат чытае.

[image]

Прыкладна два разы на месяц атрымлiваецца з'ездзiць дахаты, наведаць бацькоў.

Да заўтрашнiх заняткаў сувораўцы рыхтуюцца з 17.40 да 20.00. Як прызнаецца Павел, звычайна часу хапае. Калi ж патрэбна больш працяглая падрыхтоўка — прачытаць якую-небудзь аповесць цi вывучыць верш па лiтаратуры, то, калi ласка, ты можаш зрабiць гэта i ў асабiсты час, якi настане пасля вячэры. Нiхто супраць не будзе.

З хатнiмi заданнямi сёння Павел справiўся раней, чым звычайна. I пакуль быў час, па дарозе ў трэнажорную залу, дзе ён часты госць, расказаў нам пра распарадак выхадных дзён:

— У выхадныя ў нас больш асабiстага часу. Мы ходзiм у кiно, у тэатр, для нас арганiзоўваюцца экскурсii. Акрамя культурнай праграмы, у суботу i нядзелю мы гуляем у футбол, валейбол i баскетбол, наведваем басейн. Усё гэта мы часам робiм i ў будныя днi. Галоўны плюс выхаднога дня тое, што ў нядзелю можна паспаць на гадзiну больш! У такiя днi замест другога сняданку прадугледжаны падвячорак.

— А дзе сувораўцы святкуюць Новы год i Каляды?

— У гэтыя днi мы дома: якраз зiмовыя канiкулы. Адпускаюць нас i на iншыя святы.

Вячэраюць сувораўцы ў 20.00. Сёння яны падсiлкоўваюцца смажанай рыбай з грэцкай кашай. Гарбату п'юць са скiбкай батона, намазанага маслам, i з кавалачкам бiсквiта.

Пакуль ёсць некалькi хвiлiн, пытаюся ў Паўла пра адзенне сувораўца.

— У нас дзве формы: парадная i штодзённая, — расказвае хлопчык. — Ажно па два камплекты: летнi i зiмнi варыянт. Ёсць спецыяльная форма i для заняткаў па фiзiчнай падрыхтоўцы, для спартыўных гульняў. Абнаўляецца наша абмундзiраванне два разы на год: расцём хутка.

Асабiсты час у сувораўцаў пачынаецца адразу пасля вячэры i доўжыцца да таго моманту, калi ўжо пара класцiся спаць. Кожны з iх вольны распарадзiцца iм па-свойму. Павел узяўся падшываць каўнер. Робiць ён гэта штодзень. Вiдаць, што ўжо напрактыкаваўся: справiўся за 5 хвiлiн!

Затым пайшоў тэлефанаваць маме. Не, не з мабiльнiка! Гэты незаменны i вельмi неабходны прадмет тут забаронены. I ўявiце сабе, без яго пражыць можна!

Каля таксафона чарга. Чакаем. Праз паўгадзiны Павел набiрае знаёмы нумар i чуе ў трубцы родны голас. Расказвае пра тое, як прайшоў дзень, пра мерапрыемствы, якiя нядаўна адбылiся ў вучылiшчы, пра адзнакi, якiя сёння атрымаў, дзелiцца планамi на выхадныя. Чуе нешта ў адказ i кладзе трубку. Размовы па таксафоне, дарэчы, не абмежаваны: сувораўцы гавораць столькi, колькi дазволiць сумленне, — за iмi стаiць чалавек 15, i ўсiм трэба паспець да адбою. Павел тэлефануе бацькам праз дзень, у iншыя днi размаўляе са сваёй дзяўчынай.

Перад сном — вячэрняя прагулка. Мы шпацыруем па тэрыторыi вучылiшча. Павел дыхае свежым паветрам i расказвае, як гэта карысна: «I нiякай бяссоннiцы! Сплю, быццам пшанiцу прадаўшы». Потым дзелiцца планамi на будучыню:

— Хоць цяпер, скончыўшы сувораўскае вучылiшча, у ваенныя ВНУ паступаць неабавязкова, я для сябе цвёрда вырашыў — буду афiцэрам! Толькi яшчэ не вызначыўся з родам войскаў. Хутчэй за ўсё, стану артылерыстам.

А палове дзясятай у размяшчэннi — вячэрняе пастраенне. Дзяжурны па роце правярае, цi ўсе на месцы, цiкавiцца ў сваiх падапечных, як прайшоў дзень.

Затым Павел рассцiлае ложак, раздзяваецца — ён гатовы да сну. Дзякуем яму за сустрэчу, жадаем спакойнай ночы i выходзiм з размяшчэння пад пiльным позiркам сарамлiвых падлеткаў. Мы з усiмi развiтваемся i, пачуўшы ў адказ «салодкiх вам сноў», стомленыя, спяшаемся на КПП. Вiдаць, сапраўды, спаць будзе соладка.

* * *

...Па дарозе дамоў я пракручваю ў памяцi сённяшнi дзень. З аднаго боку, я шкадую гэтых хлапчукоў, якiя ўжо з 7 класа адрываюцца ад бацькоўскага крыла i спрабуюць жыць самастойна. З другога, я захапляюся тымi бацькамi, якiя не пабаялiся нашмат раней, чым трэба, адпусцiць сваiх дзяцей у амаль што дарослае жыццё. I яны могуць не дакараць сябе за гэта, а толькi ганарыцца за сыноў, якiя калi i не стануць афiцэрамi, дык годнымi грамадзянамi нашай краiны будуць дакладна. А сёння яны жывуць ва ўтульным доме, у вялiкай сям'i сувораўцаў.

Веранiка КАНЮТА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

У 2006 годзе, пасля наведвання Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылiшча кiраўнiком дзяржавы, было прынята рашэнне аб стварэннi спецыялiзаваных спартыўных класаў. З таго часу ў вучылiшчы вядзецца падрыхтоўка па 4-х вiдах спорту: па гандболе, грэка-рымскай барацьбе, дзюдо i кулявой стральбе.

— Галоўнай задачай такiх класаў з'яўляецца падрыхтоўка спартыўнага рэзерву майстроў па вiдах спорту, уключаных у праграму Алiмпiйскiх гульняў, для нацыя-
нальных камандаў Рэспублiкi Беларусь i зборных камандаў Узброеных Сiл, — расказаў трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Станiслаў КАВЕЦКI. — За шэсць гадоў функцыянавання такiх класаў Мiнскiм сувораўскiм ваенным вучылiшчам падрыхтавана 6 майстроў спорту i 10 кандыдатаў у майстры спорту. Акрамя таго, тры сувораўцы залiчаны ў Нацыянальную юнацкую зборную па футболе, два — па кулявой стральбе, адзiн з'яўляецца членам Нацыянальнай зборнай па грэка-рымскай барацьбе. Восем выпускнiкоў 2011 года залiчаны ў Нацыянальную моладзевую зборную па гандболе, 6 спартсменаў гуляюць у складзе юнацкай гандбольнай каманды «СКА-Мiнск».

Гiсторыя Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылiшча пачынаецца ў 1951 годзе, калi Беларуская ваенная акруга па шматлiкiх просьбах вайскоўцаў, партызанаў i працоўных краiны накiравала хадайнiцтва ў Савет Мiнiстраў былога СССР аб неабходнасцi стварэння спецыялiзаванай навучальнай установы.

У адпаведнасцi з рашэннем Савета Мiнiстраў ад 21 мая 1952 года ў Мiнску пачалося будаўнiцтва i рэканструкцыя комплексу будучага Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылiшча. 1 верасня 1953 года ў вучылiшчы празвiнеў першы званок, абвяшчаючы пачатак новага навучальнага года для дзяцей вайны.

Днём вучылiшча лiчыцца 6 лiстапада 1953 года, калi яму быў уручаны Баявы сцяг.

— За сваю гiсторыю са сцен вучылiшча выйшлi больш за 13 тысяч выпускнiкоў, з iх за час суверэнiтэту Беларусi — больш за 2000, — зазначыла старшы афiцэр па сувязях з грамадскасцю i арганiзацыi вольнага часу аддзела iдэалагiчнай працы Алена ШАРАПАВА. — Больш за 50 выпускнiкоў вучылiшча сталi генераламi. Больш за 100 маюць вучоныя ступенi i званнi. 330 чалавек скончылi вучылiшча з залатым медалём.

Першы выпуск Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылiшча адбыўся ў 1956 годзе. Сярод тых 80 чалавек быў i былы мiнiстр па справах абароны Рэспублiкi Беларусь генерал-палкоўнiк Пётр Чавус. Сёння ён — часты госць вучылiшча. Быў ён тут i тады, калi мы праводзiлi дзень з сувораўцам. Прынёс сваёй альма-матар падарунак — кнiгу, якую прысвяцiў сувораўскаму вучылiшчу: «Жыццё — Айчыне, гонар — нiкому!».

— Сувораўскае вучылiшча нам, дзецям вайны, дало пуцёўку ў жыццё, — перакананы Пётр Рыгоравiч. — Мы былi галоднымi, а тут нас накармiлi, далi прытулак, паказалi, як трэба жыць. Сённяшнiм сувораўцам нашмат прасцей: iм ёсць каго наведваць падчас звальненняў, iм лягчэй вучыцца — з'явiлася тэхнiка, у iх лепшыя ўмовы жыцця, ёсць грашовае ўтрыманне. Але былi i ў нас перавагi: напрыклад, на грамадскiм транспарце мы ездзiлi бясплатна. Разам з тым ува ўсiх пакаленняў сувораўцаў шмат агульнага: дысцыплiна, акуратнасць, павага да старэйшых, прыстойнасць, пачуццё таварыскага локця. Усё гэта было, ёсць i будзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».