Вы тут

Інтрыга перамоў з Іранам


Як вядома, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2013 года ў Іране да ўлады прыйшоў новы прэзідэнт — Хасан Рухані, якога часта характарызуюць як прадстаўніка «памяркоўнай» часткі іранскіх эліт. Ужо ў жніўні пайшлі першыя сігналы аб тым, што Іран гатовы змяніць сваю пазіцыю па ядзернай праграме, з-за наяўнасці якой супраць краіны былі ўведзены многія санкцыі. У верасні 2013 года новы прэзідэнт абвясціў пра гэта на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, у сувязі з чым пасля вяртання ў краіну яго закідалі ў аэрапорце яйкамі і чаравікамі кансерватыўна настроеныя выбаршчыкі, якія лічаць, што Іран не павінен ісці на любыя ўступкі ЗША. Тады ж адбылася і тэлефонная гутарка паміж Рухані і Абамам. Значэнне гутаркі заключалася ў тым, што гэта былі першыя перамовы паміж лідарамі Ірана і ЗША з 1979 года.

Цікава, што настрой на змены ў адносінах аказаўся ўзаемным. У ЗША таксама ўзніклі сур'ёзныя падставы палепшыць свае стасункі з Іранам. Планы Саудаўскай Аравіі і ў цэлым краін Савета супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва (ССАДПЗ) па ўзмацненні сваёй улады ў рэгіёне (а яны дзейнічаюць па найважнейшых пытаннях салідарна) занадта дорага абыходзяцца Захаду. Менавіта гэтыя краіны былі галоўнымі ініцыятарамі падзей у Егіпце, Лівіі і Сірыі. У выніку рэзка аслаб уплыў у гэтых краінах Захаду, узмацніліся пазіцыі радыкалаў і ў краін ССАДПЗ з'явіліся магчымасці па развіцці гэтых дзяржаў у сваіх інтарэсах.

Прызнаўшы, што ЗША з'яўляюцца аб'ектам нявыгаднай маніпуляцыі з боку Саудаўскай Аравіі і іншых членаў ССАДПЗ, Барак Абама пачаў з сярэдзіны верасня кардынальна мяняць палітыку краіны ў рэгіёне. Паралельна сталі праходзіць два працэсы — змена ранейшай радыкальнай пазіцыі па Сірыі, для чаго ЗША скарысталіся прапановай Расіі, і спроба наладзіць стасункі з Іранам.

На гэтым фоне Барак Абама рады ініцыятывам аб паляпшэнні адносін з боку Ірана. У кастрычніку прайшлі першыя перагаворы ў Жэневе, на якіх Іран прадставіў «шасцёрцы» (Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Германія) новы план вырашэння ядзернай праблемы. Іранскі бок прапанаваў часткова абмежаваць сваю дзейнасць у ядзернай сферы, але пры захаванні неад'емнага права на ўзбагачэнне ўрану ў абмен на адмену нафтавых і банкаўскіх санкцый супраць краіны.

Стала таксама вядома, што Іран можа дазволіць міжнародным інспектарам без папярэджання прыбываць для вывучэння работы ядзерных аб'ектаў краіны. У той жа час на перамовах не ўдалося прыйсці да ўзаемапрымальнага рашэння. Міністр замежных спраў Ірана Махамад Зарыф справядліва адзначыў: «Ніхто не можа разлічваць на тое, што ўвесь назапашаны ўзаемны недавер бакоў рассеецца пасля адной пазітыўнай і канструктыўнай сустрэчы».

У сувязі з гэтым з 7 па 9 лістапада 2013 года прайшлі новыя перагаворы ў Жэневе. Нягледзячы на шырока распаўсюджаны пункт гледжання аб тым, што яны могуць увянчацца сенсацыйнымі дамоўленасцямі Ірана з «шасцёркай», гэтага не адбылося і да пагаднення прыйсці не ўдалося.

Адной з прычын стала неабходнасць для ЗША ўлічваць думку свайго ключавога партнёра ў рэгіёне, Ізраіля, які вельмі негатыўна настроены да Ірана. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выказаўся, што такое пагадненне будзе «вельмі дрэнным», і Ізраіль не будзе лічыць сябе звязаным ім. Дастаткова сказаць, што менавіта з гэтай краіны міністр замежных спраў ЗША Джон Керы і прыбыў на лістападаўскую сустрэчу. Гэта прымушае ЗША настойваць на больш радыкальных умовах уступак з боку Ірана, якія змогуць супакоіць Ізраіль.

Да патрабаванняў амерыканцаў адносіцца прыпыненне вытворчасці ўрану і назапашвання радыеактыўнага мінералу, узбагачанага на 20%. Акрамя таго, ЗША настойваюць на тым, каб частка назапашаных уранавых запасаў была выслана за мяжу, а вытворчасць паблізу горада Кум, дзе ажыццяўлялася найбольш якаснае ўзбагачэнне ўрану, была закрыта.

Сюрпрызам для многіх на мінулых перагаворах стала і тое, што Францыя настойвае на яшчэ больш жорсткіх умовах у дачыненні да Тэгерана, чым ЗША. Такую незвычайна жорсткую пазіцыю можна растлумачыць тым, што Саудаўская Аравія разам са сваімі партнёрамі аказала сур'ёзны ціск на французаў, выкарыстоўваючы ўсе свае немалыя магчымасці. Пра іх узровень можна меркаваць і па тым, што ў 2011 годзе менавіта Францыя выступіла ініцыятарам атакі на Лівію, найбольшыя дывідэнды якой дасталіся не ёй, а краінам ССАДПЗ.

Такім чынам, чарговыя перамовы па Іране прайшлі хоць і няўдала, але перспектыва прыйсці да пагаднення засталася. Джон Керы назваў іх «вельмі плённымі» і заявіў, што бакі наблізіліся да пагаднення.

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў таксама паведаміў, што «настрой на канструктыўную працу прысутнічае» і перамовы працягнуць палітычныя дырэктары. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан заявіла на выніковай прэс-канферэнцыі, што новы раўнд перагавораў прызначаны на 20 лістапада, а кіраўнік МЗС Ірана выказаў надзею, што на гэтай сустрэчы ўдасца дасягнуць пагаднення. Пры гэтым Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані заявіў 10 лістапада ў парламенце Ірана, што Тэгеран не гатовы адмовіцца ад выкарыстання ядзерных тэхналогій, у тым ліку ад узбагачэння ўрану.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.