Вы тут

З чым застанецца Святое балота?


Адбыліся грамадскія слуханні па пытанні лёсу рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры»

У вёсцы Азёры Гродзенскага раёна па даручэнні першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра СЯМАШКІ адбыліся грамадскія слуханні, якія павінны паслужыць прыняццю дзяржаўнага рашэння наконт далейшага лёсу рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры». Ці будзе зменшана плошча асабліва ахоўных тэрыторый заказніка дзеля працягу работы торфабрыкетнага прадпрыемства «Верцялішкі», у якога праблемы з запасамі сыравіны?

1384232187331_12-21

У Палацы культуры вёскі Азёры Гродзенскага раёна сабраліся кіраўнікі органаў выканаўчай улады, дэпутаты парламента, прадстаўнікі дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белпалівагаз», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навукоўцы, актывісты грамадскіх арганізацый, журналісты і, безумоўна, мясцовыя жыхары. Вось некаторыя погляды і аргументы («за» і «супраць» перадачы новых тэрыторый заказніка пад торфараспрацоўку), што прагучалі на грамадскіх слуханнях у практычна цалкам запоўненай зале.

«Торфараспрацоўкі павінны быць прадоўжаны»

Намеснік дырэктара ВУ «Гроднаміжрайгаз», кіраўнік торфабрыкетнай вытворчасці «Верцялішкі» Генадзь ДАЎКШЫС паведаміў, што торфабрыкет пастаўляецца ў Гродна, Гродзенскі, Шчучынскі, Ваўкавыскі, Свіслацкі, Бераставіцкі, Мастоўскі і Зэльвенскі раёны — насельніцтву, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, бальніцам, школам. Праектная магутнасць брыкетнага цэха — 40 тысяч тон у год. Аднак у апошнія гады не маглі выйсці на поўную магутнасць па прычыне стапрацэнтнага зносу абсталявання. Таму, згодна з дзяржаўнай праграмай «Торф», распачалася мадэрнізацыя прадпрыемства. На перспектыву яно можа быць забяспечана сыравінай толькі пры ўмове адводу новых зямельных участкаў тарфянога радовішча «Святое», размешчанага ў межах заказніка «Азёры».

На слуханнях таксама выступілі прадстаўнікі ДВА «Белпалівагаз» — начальнік упраўлення тарфяной прамысловасці Уладзімір НЯЛЮБАЎ і начальнік аддзела вытворчасці тарфяной прадукцыі Аляксей ОСІПАЎ. Для вытворчасці 40 тысяч тон паліўнага брыкету ў год торфапрадпрыемству «Верцялішкі» трэба штогод здабываць не менш за 90 тысяч тон торфу. Аднак сыравіны з раней адведзеных участкаў хопіць прыкладна на 6 гадоў. Таму дзяржаўнай праграмай «Торф» і пастановай Саўміна ад 17 чэрвеня 2011 г. № 794 «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый» прадугледжаны адвод новых участкаў тарфянога радовішча «Святое» ў колькасці 270 гектараў, што было ўзгоднена з Гродзенскім аблвыканкамам і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Аднак улічваючы сур'ёзны грамадскі рэзананс і сапраўды магчымы ўплыў на сумежную тэрыторыю заказніка, «Белпалівагаз» ініцыяваў нараду ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па гэтым пытанні. Па яе выніках Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча сумесна з Інстытутам прыродакарыстання і ДВА «Белпалівагаз» было даручана ўдакладніць межы ўчастка радовішча «Святое», што плануецца для торфараспрацовак, з улікам інтарэсаў і прыродаахоўнікаў, і тарфяной прамысловасці. Бакі выпрацавалі кампрамісны варыянт, які прадугледжвае скарачэнне плошчы торфараспрацовак да 191 гектара, — паведаміў Аляксей Осіпаў.

Адвод новых земляў, паводле ацэнкі ДВА «Белпалівагаз», забяспечыць стабільнае развіццё торфапрадпрыемства «Верцялішкі» больш чым на 15 гадоў. А гэта — рабочыя месцы для 160 чалавек і нармальныя ўмовы жыцця для членаў іх сем'яў, бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў тарфяным палівам, жыхароў пасёлка Верцялішкі — цеплавой энергіяй, а таксама замяшчэнне 295 мільёнаў метраў кубічных газу на суму больш за 50 мільёнаў долараў.

Прадстаўнікі аб'яднання «Белпалівагаз» зазначылі на грамадскіх слуханнях, што вывад часткі заказніка не азначае яе аўтаматычную перадачу для здабычы торфу. Трэба распрацаваць будаўнічы праект, правесці ацэнку ўздзеяння на прыроднае асяроддзе, абавязковую экалагічную экспертызу праекта. Зона здабычы торфу павінна быць як мага далей ад азёр Шчуч'е і Глінец. Рэкамендуецца пабудаваць проціфільтрацыйную дамбу — гідразаслону паміж гэтымі азёрамі і асушальнай сеткай торфараспрацовак, каб стабілізаваць водны рэжым на сумежных тэрыторыях.

З надзеяй на тое, што ў прадпрыемства ёсць будучыня, выступіла на грамадскіх слуханнях дэпутат Верцялішкаўскага сельскага Савета, галоўны бухгалтар торфабрыкетнай вытворчасці Таццяна ПАЎЛЮКЕВІЧ. А намеснік дырэктара ВУ «Гроднаміжрайгаз» Васіль КАРПАЧ паставіў пад сумненне катэгарычныя заявы, што паніжэнне ўзроўню грунтовых вод у наваколлі звязана выключна з торфараспрацоўкамі ў заказніку: «Я аб'ехаў напярэдадні шэраг населеных пунктаў, пацікавіўся, які ўзровень вады ў калодзежах. Дык у аднаго чалавека ўзровень падае, а вось у суседа праблемы няма, бо ён чысціць свой калодзеж».

Васіль Карпач заклікаў знайсці кампраміс паміж інтарэсамі торфаздабычы і экалогіі. Але ці магчымы ён?

«Гэта нявыгадна ні экалагічна, ні эканамічна»

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры» быў створаны ў 1990 годзе на тэрыторыі Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў рашэннем урада БССР з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных экалагічных сістэм і ўнікальных прыродна-ландшафтных комплексаў. Потым, ужо ў суверэннай Беларусі, на дзяржаўным узроўні неаднойчы заяўлялася аб важнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, прымаліся адпаведныя заканадаўчыя акты. Як жа гэта стасуецца з намерам пазбавіць заказнік «Азёры» часткі яго плошчаў?

Гэтае пытанне неаднойчы гучала падчас грамадскіх слуханняў у Азёрах. Задавалі яго і спецыялісты (напрыклад, дырэктар заказніка Дзмітрый МАРОЗІК), і мясцовыя жыхары. Прычым не толькі на эмацыянальным узроўні, але і на падставе прафесійных ацэнак.

Згодна з прагнозам Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, пазбаўленне часткі заказніка статусу асабліва ахоўнай тэрыторыі і яе перадача пад торфараспрацоўку пагражае негатыўнымі наступствамі. Пасля возера Суботняе (якое ўжо знікла з карты Гродзенскага раёна ў выніку асушальных работ, звязаных са здабычай торфу) катастрофа пагражае азёрам Шчуч'е і Глінец. Сярэдняя глыбіня возера Шчуч'е складае ўсяго 30 сантыметраў, а ў 1950 годзе, да пачатку работ па торфараспрацоўцы, — 1,1 метра. Дэструктыўныя змяненні гідралагічных і біялагічных параметраў прывялі да заморных з'яў і поўнага знікнення рыбы ў возеры. А здабыча торфу на новай тэрыторыі будзе фактычна азначаць знішчэнне азёр Шчуч'е і Глінец і іх пераўтварэнне ў сапрапелевае балота. Панізіцца ўзровень вады ў возеры Доўгае.

Акрамя таго, непапраўная шкода будзе прычынена флоры і фаўне: знікнуць папуляцыі рэдкіх відаў дзікарослых раслін і жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Узнікне пагроза рэсурснай базе лекавых раслін, журавін і буякоў. Сярод іншых рызык — змяненне відавога саставу расліннасці з большай верагоднасцю ўкаранення небяспечных відаў (напрыклад, баршчэўніку Сасноўскага), пагаршэнне санітарнага стану лясоў з-за паслаблення драўняных парод і ўзмацнення актыўнасці насякомых-шкоднікаў, павышэнне пажарнай небяспекі, развіццё эрозіі глебы...

Як адзначана ў пастанове прэзідыума НАН Беларусі, роля тарфяных радовішчаў у фарміраванні мясцовага клімату і стварэнні ўмоў для функцыяніравання біялагічнай разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету выключна высокая. Таму распрацоўка гэтых радовішчаў павінна быць не толькі эканамічна эфектыўнай, але і рацыянальнай і біясферна сумяшчальнай.

— Балотны ландшафт — гэта неад'емная частка Беларусі, без чаго наша краіна існаваць не можа, — кажа загадчык кафедры батанікі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат біялагічных навук Алег СОЗІНАЎ і звяртае ўвагу, што скарачэнне плошчы заказніка супярэчыць задачам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2011-2015 гады ў дачыненні да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Больш за тое, вывад з яго тэрыторыі ўчастка для торфараспрацоўкі — гэта прамое парушэнне артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Да таго ж будуць парушаны і ўзятыя нашай краінай міжнародныя абавязацельствы па ахове дзікай флоры і фаўны.

Пазіцыю аб недапушчальнасці адмоўнага ўплыву на прыродныя комплексы заказніка сёння займаюць Мінпрыроды, Гродзенскі аблвыканкам, дэпутаты парламента.

Прычым гэтае пытанне сёння неабходна разглядаць з пункту гледжання не толькі экалогіі, але і эканамічнай мэтазгоднасці вытворчасці паліўнага брыкету, лічыць намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар КАЧАНОЎСКІ:

— Затраты на вытворчасць брыкету растуць апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з цэнамі яго рэалізацыі. Як гэта адбіваецца на работніках торфапрадпрыемстваў? Сёлета па выніках 8 месяцаў сярэдняя зарплата ў іх на 15% ніжэй за сярэднюю па рэспубліцы і на 24% ніжэй, чым у сярэднім у прамысловасці. Мадэрнізацыя патрэбна, — але не вытворчасці паліўнага брыкету, а вытворчасці прадуктаў глыбокай перапрацоўкі торфу. І калі рэнтабельнасць будзе на парадак вышэй, то, адпаведна, узрастуць і заробкі. А прадаўжаць на 20 гадоў агонію торфабрыкетнага прадпрыемства пры такой мізэрнай зарплаце не лічу мэтазгодным.

А вось меркаванне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Гродзенскай сельскай выбарчай акругі, старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандра МЯЖУЕВА:

— У мадэрнізацыю торфабрыкетнай галіны ўкладваюцца мільярды рублёў. Паўстае пытанне: для чаго? Гэта ні экалагічна, ні эканамічна не выгадна. Мы што, праз 5 гадоў за кошт брыкету будзем зарабляць больш валюты? А наконт таго, каб захаваць работу для 160 чалавек... Якую? Дзе плацяць такую мізэрную зарплату? А тым часам агракамбінат «Скідальскі» правёў мадэрнізацыю на еўрапейскім узроўні. Сёння там сярэдняя зарплата 4—5 мільёна рублёў плюс сацыяльны пакет. Ёсць спецыялісты, якія атрымліваюць 6—8 мільёнаў рублёў. Тым не менш рабочых рук катастрафічна не хапае. Возяць рабочых з Ваўкавыска, Шчучына, Мастоў...

«Захаваць у сённяшнім выглядзе»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Шчучынскай выбарчай акрузе Сяргей УШКЕВІЧ паведаміў, што ў падтрымку захавання заказніка «Азёры» ў сённяшнім выглядзе ўжо сабрана больш за 17 тысяч подпісаў. Такія ж меркаванні пераважалі і на грамадскіх слуханнях.

Павел РОЗМЫСЛА, ураджэнец вёскі Сухары:

— Мой дзед і бацька адводзілі першыя плошчы пад асваенне Святога балота. Усе, хто працаваў разам з імі, навукоўцы праходзілі праз нашу хату. І я памятаю, пра што ішла гаворка — перш за ўсё аб азёрах. Была дакладная ўстаноўка: бліжэй за 1 км з торфараспрацоўкай ні да аднаго возера не падыходзіць. А цяпер... Калі ўлічыць усё, што адбудзецца з прыродай пры здабычы торфу на новай тэрыторыі, то мы папросту самі спалім сваю хату. Як далей жыць будзем?

Уладзімір УШКЕВІЧ, ураджэнец вёскі Дубінка:

— Як адбілася здабыча торфу на Святым балоце на нашай экалогіі? Я на працягу трох гадоў вяду інструментальныя назіранні за тэмпературай паветра — у Дубінцы яна на 6 градусаў ніжэй, чым у сярэднім па Гродзенскім раёне. Дарэчы, калісьці парэцкая зона славілася вырошчваннем клубніц, заўсёды людзі па чыгунцы вазілі іх у Гродна на рынак. А дзе цяпер клубніцы ў гэтай мясцовасці? Экалогія змянілася. І навошта сёння скарачаць тэрыторыю заказніка, які менавіта для аднаўлення экалогіі створаны?

Аляксандр ІГНАТОВІЧ, жыхар вёскі Азёры:

— Зрабіце Святое балота, як зараз у Белавежскай пушчы, запаведнікам для раёна, вобласці, дзе будзеце грошы на турыстах зарабляць.

Сяргей КАЛЯДА, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз»:

— Як зрабілі нашы польскія суседзі з Аўгустова, у раёне Святога балота ў турыстычных мэтах можна задзейнічаць вузкакалейку. Мы, са свайго боку, прыкладзём усе намаганні, каб знайсці інвестыцыйныя сродкі для рэалізацыі гэтага праекта.

Уладзімір РОЗМЫСЛА, жыхар вёскі Азёры:

— Я на Святым балоце прарабіў з 1964-га па 1996 год. І цяпер я торфабрыкетнаму заводу параіў бы заняцца канадскімі журавінамі. Яны такі прыбытак даюць!

Галіна ГАРБАНЮК, ураджэнка вёскі Дубінка:

— Каля возера Шчуч'е збіраю журавіны. Раней там лебедзі плавалі. А сёлета прыйшла: жахліва, усё зарасло асакой — сэрца крывёй абліваецца... Нельга з возера здзекавацца — трэба яго пачысціць, захаваць.

...Дэбаты наконт далейшага лёсу заказніка «Азёры» доўжыліся больш за дзве гадзіны. Паводле слоў старшыні Гродзенскага райвыканкама Яна ВАСІЛЕЎСКАГА, які вёў сход, пратакол грамадскіх слуханняў будзе накіраваны ва ўрад і ўсе зацікаўленыя інстанцыі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».