Сведкі


У 1945 годзе надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў фашысцкіх захопнікаў прыйшла да вынікаў, што падчас акупацыі ў Полацку загінула не менш за 150 тысяч савецкіх грамадзян, з іх толькі ваеннапалонных — больш за 100 тысяч. Колькі з іх знайшлі свой спачын ва ўрочышчы Пяскі, невядома. Згодна з нямецкімі дакументамі — не менш за 38 тысяч. Але гэтая лічба датычыцца толькі вязняў перасыльнага лагера «Дулаг-125». Акрамя іх, у Пясках пахаваны і вязні лагера для грамадзянскага насельніцтва Грамы, і дзвюх полацкіх турмаў — падпольшчыкі і партызаны. Іх колькасць ніхто не падлічваў. Такім чынам, верхняя мяжа колькасці загінулых, якія спачываюць у Пясках, не вядомая нікому. Як не вядомыя і іх прозвішчы, акрамя ста чатырох імёнаў, нанесеных на Сцяну памяці. Большасць з іх назвалі сведкі. Сёння наш аповед пра тых з іх, якія зараз жывуць у Полацку.

[caption id="" align="alignnone" width="600"]1384321154972_1 Зоя Ула­дзі­мі­ра­ўна МУ­ШЫН­СКАЯ пе­ра­лі­чы­ла паў­та­ра міль­ё­на руб­лёў з улас­най пен­сіі на ства­рэн­не ме­ма­ры­я­ла «Уро­чы­шча Пяс­кі».[/caption]

Буракі 1941 га

Генадзю АРЛОВУ было 11 гадоў, калі пачалася вайна. Яго сям'я жыла ў раёне Верхняга Замка. Там жа знаходзілася гарадская бальніца, вядомая як «Чырвоная бальніца», з якой да прыходу немцаў не паспелі эвакуіраваць раненых байцоў і камандзіраў 22 й арміі. У ліпені немцы абнеслі тэрыторыю бальніцы калючым дротам і з боку Запалаці паставілі вышку для вартавога. Раненых было настолькі шмат, што яны не ўмяшчаліся ў памяшканнях, ляжалі на зямлі, пад адкрытым небам — на ўсёй тэрыторыі ад бальніцы да Заходняй Дзвіны. Генадзь Уладзіміравіч згадвае, як ён з іншымі такімі ж хлопцамі з дзіцячай цікаўнасці падпоўз да дроту і як чырвонаармейцы папрасілі іх прынесці з агародаў хаця б што-небудзь ядомае. Хлопцы прынеслі буракоў і былі ўражаны тым, як палонныя елі гэтыя буракі — прагна, разам з зямлёй і лісцем…

Большая частка раненых памерла да наступлення халадоў. Тых, хто выжыў, адправілі ў «Дулаг-125».

Праз два гады, 1 студзеня 1944 года ў дом Арловых прыйшоў чалавек у цывільным і загадаў Генадзю ісці за ім. Яго і іншых хлопцаў з гэтага раёна абвінавацілі ў крадзяжы зброі з трупаў забітых немцаў (маўляў, каб аддаць яе партызанам). Фронт быў ужо недалёка, і забітых салдат вермахта звозілі ў кірху паблізу Верхняга Замка. Адтуль і знікла нямецкая зброя і вопратка.

— Мы былі хлапцамі 13—14 гадоў. Арыштавалі, напэўна, таму, што не было ўжо каго арыштоўваць, — расказвае Генадзь Арлоў. — Пасля катаванняў нас адправілі ў лагер Грамы. Адтуль за Палатой добра было відаць урочышча Пяскі. Яно было за паўтара-два кіламетры, але паміж намі і гэтым месцам не было ніякіх пабудоў. Мы кожную раніцу бачылі, як туды вязуць трупы, згружаюць у ямы, якія былі выкапаны загадзя. У Грамах я прабыў больш за тры месяцы…

[caption id="" align="alignnone" width="600"]1384321157509_2 Ула­дзі­мір Пят­ро­віч і Ні­на Ні­кі­фа­раў­на БАЛЬ­ША­КО­ВЫ жы­вуць у тым жа са­мым до­ме, дзе жы­ла сям'я Ні­ны пад­час вай­ны.[/caption]

Лахматая буханка

Сям'я Зоі МУШЫНСКАЙ не паспела эвакуіравацца.

— Брата паслалі займаць месца ў цягніку, а самі дома рэчы складвалі, — расказвае яна. — Як толькі выйшлі, пачалася бамбёжка і… Ці мы спазніліся, ці цягнік раней пайшоў. Мы засталіся тут, а брат — у цягніку. Ён прайшоў потым усю вайну.

Мінула больш за 70 гадоў, а Зоя Уладзіміраўна дагэтуль не можа спакойна расказваць пра эпізод, які здарыўся ў першыя месяцы акупацыі. Яна плача так горка, нібы гэта адбылося толькі што. На вуліцы Пушкіна быў аднапавярховы драўляны магазін, дзе новыя ўлады горада выдавалі жыхарам хлеб па картках — бохан на тыдзень. Аднойчы Зоя з сяброўкай неслі гэты хлеб. Буханка была ўся лахматая ад аўсяных асцюкоў. Раптоўна дзяўчатам прыйшлося саступіць дарогу калоне савецкіх палонных. Дзяўчаты стаялі на абочыне, насупраць цяперашняга Дома быту і з жахам глядзелі на знясіленых людзей. У канцы калоны два чырвонаармейцы вялі пад рукі свайго таварыша, які зусім аслабеў. Зоя кінула ў іх бок сваю буханку. Хвост калоны на імгненне скалануўся, людзі пацягнуліся да хлеба, але тут жа пачуліся стрэлы. Дзяўчаты пабеглі. На дарозе застаўся ляжаць чалавек…

— Маці мая разам з Хрысцінай Нікіфараўнай Вайшонак варыла ячную кашу з круп, якія засталіся з даваеннага часу, калі ў вёсцы свіней адкормлівалі, — згадвае Зоя Уладзіміраўна. — Гэтую кашу мы елі самі, таму што нічога больш не было, і маці з Хрысцінай Нікіфараўнай насіла яе ваеннапалонным. Маці расказвала пра дрот вакол лагера, пра вышкі, на якіх былі немцы з аўтаматамі і сабакамі.

Зоя Уладзіміраўна добра ведае ўрочышча Пяскі. Да вайны яна хадзіла ў ваенны гарадок на танцы і ў кіно. Ад ваеннага гарадка быў перакінуты невялікі мост на левы бераг Палаты, дзе размяшчаўся летні палатачны лагер 15 га стралковага палка 5 й стралковай дывізіі імя Чэхаславацкага пралетарыяту, з кухняй і сталовай. Трошкі далей было палкавое стрэльбішча… Падчас акупацыі Зоя Уладзіміраўна чула з таго боку стрэлы. Яна ведала, што там расстрэльвалі людзей.

— Аднойчы я з бацькамі сядзела на лаве каля свайго дома ў Спаскай Слабадзе. Было лета. На вуліцы было цёмна, але нам добра было відаць урочышча, бо ўсё там асвятляла вялікае вогнішча. Мы бачылі, як на насілках насілі трупы і кідалі ў агонь, — расказвае яна.

Пасля вызвалення Полацка жыхары горада ўбачылі ўздоўж Палаты з боку былога стрэльбішча насып — вялізную магілу.

Зоя Уладзіміраўна Мушынская са сваёй пенсіі пералічыла паўтара мільёна на пабудову мемарыяла ва ўрочышчы Пяскі. Напэўна, ніводны чалавек, які перажыў у Полацку акупацыю, не мог і не можа жыць са спакойным сэрцам, ведаючы, што гэтае месца дагэтуль так і застаецца кінутым. Што астанкі людзей, якія там ляжаць, агаляе вецер і дождж… Але такіх людзей застаецца ўсё менш.

[caption id="" align="alignnone" width="600"]1384321161722_3 Яў­ге­нія Ана­толь­еў­на ТРА­ПЕЗ­НІ­КА­ВА ад­чу­вае вя­лі­кі боль, ка­лі пры­яз­джае ў Пяс­кі.[/caption]

«Дваццаць дзявяты»

Ніна і Уладзімір БАЛЬШАКОВЫ жывуць у тым жа доме, у якім жыла Ніна ў гады вайны. Тады яны не ведалі адно аднаго. Але ўжо былі побач. У нейкі час — па розныя бакі калючага дроту.

— Мне было 12 гадоў, — расказвае Ніна Нікіфараўна. — Немцы ў гэтым доме жылі тры з паловай гады. Яны сядзяць за сталом, п'юць, а мы на печцы ў кутку… Бачыла, як машына ва ўрочышча прыязджала, немцы прывозілі скрываўленых людзей, потым у іх стралялі…

Уладзімір прыехаў у Полацк з Сібіры ў 1941 годзе. У 1943 м патрапіў у «Дулаг-125», прабыў там каля тыдня. Яму тады было 15 гадоў.

— Мы жылі ў казармах. Шмат людзей памерла ад слабасці і тыфу. Двух маіх стрыечных братоў расстралялі ў Пясках. Адзін 1923 года нараджэння, другі — 1925 га… — пры гэтых словах стары мужчына плача і не можа далей гаварыць.

З ім у лагеры былі хлопцы са Смаленска і з вёскі Цюлькі, што за Баравухай. Ён не запомніў прозвішчы. Бо, па-першае, не мясцовы, па-другое, іх часцей называлі не па прозвішчы, а па гадах нараджэння. Нехта сказаў, што тых, хто з 1930 года, адпусцяць, і Уладзімір Пятровіч адняў сабе два гады (тры не асмеліўся), сказаў, што ён з 1929 га. Яго так і называлі: «Дваццаць дзявяты». Не адпусцілі.

— Праз тыдзень нас, хлопцаў, больш моцных за астатніх, пагрузілі ў крытую машыну і пад канвоем павезлі ў бок Расонаў. Там ужо фронт стаяў. Нас запрагалі ў бароны і прымушалі баранаваць дарогу, секчы кусты. Абапал — сабакі і аўтаматчыкі. Потым нас павезлі ў бок Латвіі. Потым — у Польшчу. Увесь час каля лініі фронту трымалі. У Польшчы я захварэў на сыпны тыф. Там жа з лістовак даведаўся, што Полацк вызвалены. Калі паздаравеў, уцёк з беластоцкімі хлопцамі — нас было шасцёра. Яны ведалі польскую мову і правялі мяне прасёлачнымі дарогамі да мяжы. Там мы развіталіся. А па гэты бок ужо былі нашы, — расказвае Уладзімір Пятровіч.

Яшчэ ён згадвае, як пасля вайны ў Полацк прыехала жанчына з Расіі, якая даведалася, што яе муж, ваеннапалонны, загінуў у лагеры «Дулаг-125». Нехта перадаў ёй яго дакументы. Так у нямецкіх лагерах ваеннапалонныя спрабавалі пакінуць пра сябе хаця б нейкую вестку родным. Жанчына гэта за ўласныя сродкі паставіла помнік ва ўрочышчы — жалезны крыж і агароджу. Але пазней помнік падчапілі экскаватарам, пагрузілі і звезлі…

[caption id="" align="alignnone" width="600"]1384321165447_4 Ге­надзь Ула­дзі­мі­ра­віч АР­ЛОЎ са сва­ёй жон­кай Лу­кер'­яй Карпаў­най шу­ка­юць у кні­зе «Па­мяць. По­лац­кі ра­ён» звест­кі пра по­лац­кія ла­ге­ры.[/caption]

Клёнадуб

Дом Бальшаковых стаіць па суседстве з урочышчам. Усё жыццё гэтыя людзі вымушаны мірыцца з тым, што на месцы масавага пахавання дзеці гуляюць у футбол, палачане выгульваюць сабак…

На працягу 70 гадоў было некалькі спроб абазначыць гэтае месца. Але і зараз не адусюль відаць іржавую таблічку з інфармацыяй, валун з надпісам, стэнд і Сцяну памяці. Дагэтуль з першых крокаў тут натыкаешся на чалавечыя косткі, а побач з імі — на сабачыя сляды, сляды ад веласіпедаў і машын…

— Гэтае месца мае моцную энергетыку, — дзеліцца ўражаннямі Рыгор СКВАРЦОЎ, які прыехаў з Масквы ў Полацкі манастыр у жніўні 1992 года ў якасці аднаго з кіраўнікоў міжнароднага лагера скаўтаў. — Падлеткі выконвалі работы на тэрыторыі манастыра і ва ўрочышчы выпадкова натрапілі на астанкі савецкіх салдат, якія ляжалі на паверхні зямлі амаль непрыкрытыя. Мы знайшлі і перапахавалі астанкі 482 чалавек. На месцы перапахавання ўсталявалі крыж, адслужылі паніхіду. Пасадзілі каля крыжа куст руж…

Вясной наступнага года ва ўрочышча прыйшлі вучні Яўгеніі ТРАПЕЗНІКАВАЙ з горада Наваполацка, члены клуба «Разведчыкі воінскай славы». Па просьбе Віцебскага абласнога гісторыка-патрыятычнага аб'яднання «Пошук» падлеткі ўдакладнялі межы знаходжання астанкаў загінулых.

— Тут была абласная вахта памяці, — згадвае Яўгенія Анатольеўна. — Мы павінны былі прабіць шурфы і высветліць памеры пахавання. Мы вызначылі, што памер — 200 на 160 метраў. Вырашылі абазначыць межы дрэвамі. Сабралі грошы, купілі саджанцы і на восеньскія Дзяды пасадзілі іх. Быў снег з дажджом, холадна… А праз год прыехалі і ўбачылі, што амаль усе дрэвы нехта выкапаў. Летам з Ленінграда сюды прыехаў былы вязень лагера, але я не змагла глядзець яму ў вочы; мне было сорамна. Я схавалася. Цяпер магу пра гэта сказаць, бо гэты чалавек, напэўна, ужо памёр…

Засталося некалькі бяроз і дрэва невядомага гатунку — з лістамі, адначасова падобнымі і на клён, і на дуб. Клёнадуб. Яно было першым. Пасадзіць яго дзеці даверылі сваёй настаўніцы.

— Увогуле, людзі сюды прыязджалі, — дадае Яўгенія Трапезнікава. — Напрыклад, у 1947 годзе былы вязень са Смаленска… А калі мы шурфы білі, да нас падышла зусім згорбленая старая. У яе немцы тут расстралялі дачку, зяця, унучку і мужа. Яна ўвесь час падыходзіла да хлопцаў і пыталася, ці не знаходзілі яны маленькія сандалі…

Потым Яўгенія Анатольеўна хадзіла з былымі вязнямі лагера і іх сваякамі ў гаркам партыі, пісала артыкулы ў газету «Віцебскі рабочы»… Яна з дзецьмі таксама спадзявалася, што мемарыял тут будзе. Яны і зараз спадзяюцца, што памяць тых, хто тут ляжыць, будзе ўшанавана.

Мясцовая выканаўчая ўлада добра ведае пра Пяскі і падтрымлівае ідэю стварэння тут мемарыяла. Яна неаднойчы выступала з хадайніцтвам вылучыць сродкі з абласнога бюджэту ў рамках дзяржаўнай праграмы. Аднак гэтых сродкаў недастаткова, каб да 70 годдзя Перамогі мемарыял, нарэшце, пабудаваць і добраўпарадкаваць гэтае месца. Таму «Звязда» працягвае збор грошай па ўсёй Беларусі на ажыццяўленне праекта. Гэта — доўг кожнага з нас.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,
г. Полацк.

Фота Надзеі БУЖАН

Грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» можна пералічваць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» на рахунак
№3015411066026 (у беларускіх рублях),
№3135411066502 (у доларах),
№3135411066805 (у расійскіх рублях)
у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код 153001739, АКПА 0583697

Пасля першай публікацыі ў «Звяздзе», якая была прысвечана полацкаму ўрочышчу Пяскі, на спецыяльны рахунак паступіла 12 496 900 рублёў.

______________________________________________________________________________________

Іншыя матэрыялы праекта глядзіце тут:

Зямля памятае. А мы?

ТЭРЫТОРЫЯ ПАМЯЦІ

Лёс ваеннапалонных — боль не толькі Беларусі

Вязень ДУЛАГа — 125

Вя­зень ДУ­ЛА­Га — 125 (За­кан­чэн­не. Па­ча­так у ну­ма­ры за 1 лю­та­га 2014 го­да)

«Мой баць­ка ля­жыць у Пяс­ках»

Аба­вя­зак сы­ноў

______________________________________________________________________________________

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».