Вы тут

Хто перашкаджае беларусам быць моднымі?


Суб'ектыўныя развагі пасля Беларускага тыдня моды

Сёмы сезон Belarus Fashіon Week by Marko не толькі парадаваў публіку мноствам цікавых рашэнняў, якія ўжо заўтра будуць супермоднымі, і паказаў, што айчынным дызайнерам ёсць куды расці, але і даў нагоду для роздуму.

1384403580389_1

Дзе талію рабіць будзем?

Наступную вясну і лета беларускія мадэльеры прапануюць сустракаць ва ўсім як мага больш натуральным і блізкім да прыроды. Лён, бавоўна, шоўк, кашмір прыродных колераў — пясочнага, зялёнага, бірузовага, валошкавага, шакаладнага, фіялкавага, пунсовага, вішнёвага, сонечнага жоўтага — як прыглушаных, спакойных, так і смелых, нават дзёрзкіх, ва ўсемагчымых камбінацыях з класічнымі чорным, белым і шэрым; ручная афарбоўка, яркія прынты, скураныя і вязаныя элементы — усё гэта абяцае быць модным. Гарадскі стыль спалучае рамантычную ўзнёсласць і прадуманую практычнасць, знарочыстую нядбайнасць папулярнага «піжамнага» стылю і стрыманую элегантнасць класікі. Многія мадэлі прадугледжваюць, што ў гэткім уборы можна ранкам пайсці на працу, а вечарам — «у свет», не губляючы час на пераапрананне.

Мужчынскіх мадэляў на паказах 7-га сезона BFW by Marko было няшмат, але тыя, што былі, выклікалі бурныя апладысменты і гарачыя абмеркаванні ў кулуарах. Каб быць у трэндзе, дызайнеры прапануюць беларусам налета прытрымлівацца трох «не»: не галіцца, пакінуўшы сабе карсарскую бараду, не баяцца яркіх фарбаў і не ахвяраваць уласнай індывідуальнасцю на карысць міфічнай «грамадскай думкі».

Вешаць няма куды, а насіць няма чаго

Першая і, бадай, галоўная выснова беларускага моднага тыдня аптымістычная: мода ў Беларусі была, ёсць і працягвае развіваецца. Зразумела, нам далёка да Міланскага моднага тыдня. Дый глупства гэта, як справядліва заўважыла кіраўнік аргкамітэта BFW, старшыня Беларускай палаты моды Яніна Ганчарова, — у 7-гадовым «пяшчотным» узросце спаборнічаць з гульцом славутай «моднай чацвёркі», які ладзіць модныя паказы ўжо 55 гадоў (!). «Безумоўна, ёсць куды расці і развівацца, мы толькі на пачатку шляху. Магчыма, нам нестае глянцу, але яго не хапае, напэўна, і ў краіне, і ў нас саміх. З іншага боку, калі пачынаўся Міланскі тыдзень моды, яшчэ не было інтэрнэту, fashіon-блогераў, сацыяльных сетак, баераў і г.д., так што нам у пэўным сэнсе лягчэй», — дадае Яніна Ганчарова. Больш за тое, нават ёсць чым ганарыцца: некаторыя формы, напрацаваныя беларусамі, з поспехам выкарыстоўваюцца на іншых тыднях моды — скажам, асобна арганізаваны паказ дзіцячай моды альбо паказы дзяржпрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн лёгкай прамысловасці.

Сёння ў Беларускага тыдня моды ўжо ёсць дастаткова сур'ёзныя партнёры з ліку моцных, паспяховых кампаній, наладжаны карысныя ў сэнсе абмену вопытам кантакты з іншымі тыднямі моды — ад сталых да вельмі маладых, ёсць запатрабаваны конкурс маладых дызайнераў з 5-гадовай гісторыяй, ёсць сваё кола моднай публікі, прэсы, крытыкаў і ўласна ўдзельнікаў-мадэльераў.

З іншага боку, паўстае ў памяці выраз правадыра сусветнага пралетарыяту: «Вузкае кола гэтых рэвалюцыянераў, страшна далёкія яны ад народа». І гэта другое ўражанне ад Belarus Fashіon Week by Marko: як быццам модны тыдзень — сам па сабе, канчатковыя спажыўцы — самі па сабе. Не ведаю, чаму так. Можа, таму, што ў сталічных крамах кошт модных касцюмаў, пашытых камандай Беларускага цэнтра моды, складае ў сярэднім 20% і больш ад сярэднебеларускага заробку? Ці таму, што большасць прадстаўленых на подыуме мадэляў адзення ў прынцыпе не даходзіць да масавай вытворчасці — вопытным канструктарам проста немагчыма ўявіць, куды гэта можна апрануць? Альбо таму, што дызайнеры па-ранейшаму арыентуюцца на маладзенькіх дзяўчат і юнакоў і памеры 42-44, а суайчыннікам, хто мае 50-ы і большыя, даводзіцца выбіраць не з моднага, а з таго, што наогул удаецца знайсці?..

1384403583295_2

Любіць сваіх. Але толькі ўзаемна

Мы не прывыклі надта высока цаніць сваё, якой бы сферы гэта ні датычылася. Безумоўна, людзей творчых такое стаўленне, мякка кажучы, расхалоджвае. Нярэдка на радзіме фанфары на адрас таго ці іншага беларуса гучаць толькі пасля таго, як яго талент прызнаюць у іншай краіне. Яскравы прыклад з моднай галіны — пераможца аднаго з сезонаў амерыканскага шоу «Подыум» Дзмітрый Шолахаў. Таму і заклікаюць арганізатары Беларускага тыдня моды вітаць новыя таленты ўжо цяпер — хадзіць на паказы, аказваць інфармацыйную падтрымку, заўважаць і ацэньваць прафесійны рост дызайнераў, а ў канчатковым выніку — галасаваць за іх рублём.

— Як зрабіць беларускую моду запатрабаванай? — разважае Яніна Ганчарова. — Трэба, каб мода мела дачыненне да кожнага чалавека. Праз СМІ: ад тэлеканалаў, дзе трансляваліся б паказы беларускіх дызайнераў, ад спецыялізаваных глянцавых часопісаў — да масавых газет. Праз крамы: каб чалавек прыйшоў і мог набыць сукенку — недарагую, але тую, над якой працавалі нашы дызайнеры, чые імёны людзі ўжо ведаюць. Праз адукацыйныя праграмы, у якіх здолелі б паўдзельнічаць як мага больш зацікаўленых людзей, а мы прывозілі б сюды адмыслоўцаў з галіны моды, лектараў, у якіх ёсць чаму павучыцца. Трэба разумець, што мы не ставім сабе за мэту зрабіць шоу: прывезці некалькі вядомых брэндаў і прадэманстраваць іх бліскучыя калекцыі. Мы імкнёмся стаць бліжэй да спажыўцоў, а гэта для кожнага дызайнера, для кожнага брэнда — вялікая праца і падбор інструментаў, якія ім найбольш падыходзяць.

І гэта ўсё, у прынцыпе, правільна, але... Зірнем на другі бок медаля. Напрыклад, каманда з трох дызайнераў Беларускага цэнтра моды прадставіла на гэтым BFW сваю новую льняную вяснова-летнюю калекцыю з трох «капсул» — пад назвамі «Freedom», «Rіvіera» і «Ускользающий день». Падкрэслім — гэта беларускія дызайнеры вядучага айчыннага брэнда, які мусіць рухаць беларускую моду, прапануюць суайчыннікам пранікнуцца духам Рыўеры і гэтак далей. А чаму не прыгажосцю і чысцінёй Браслаўскіх азёраў, веліччу Белавежскай пушчы, паводкай на «беларускай Амазонцы» — Прыпяці? Не, я зусім не агітую за тое, каб на наступным Беларускім тыдні моды ўдзельнікі выкарыстоўвалі спрэс слуцкія паясы, радзівілаўскія карункі і народную вышыванку. Аднак павага да беларускага мусіць быць з абодвух бакоў. І той факт, што з усіх удзельнікаў сёлетняга тыдня хіба адна дызайнер Зіна Фядзюніна дала сваёй калекцыі беларускамоўную назву «Асабісты погляд» — на мой погляд, красамоўны. Як і такі момант, што практычна ўсе айчынныя дызайнеры пішуць свае прозвішчы лацінкай і прыдумляюць брэндам прыгожыя назвы на «еўрапейскі лад» — на англійскай, французскай, латыні, але толькі не на роднай мове... Дробязь? Магчыма. Але менавіта з падобных дробязяў пачынаецца любоў да свайго. Хіба не?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і з афіцыйнага сайта конкурсу www.bfw.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.