Вы тут

Пясок, гліна, суглінак


Каб атрымліваць высокія ўраджаі і больш эфектыўна выкарыстоўваць ўгнаенні, кожны садоўнік або агароднік павінен ведаць, якая глеба ў яго на ўчастку.

Паводле механічнага саставу (утрыманне ў ёй гліністых крупінак) глебы падзяляюцца на пяскі, супескі, лёгкія, сярэднія і цяжкія суглінкі, а таксама на лёгкія, сярэднія і цяжкія гліны. Пры гэтым некаторыя агароднікі памылкова спрабуюць вызначаць тып глебы па яе колеры. Пры такой ацэнцы супесак часта прымаюць за суглінак, а суглінак — за гліну.

Звязана гэта з тым, што колер глебы і яе адценні залежаць не толькі ад колькасці гліны, але і ад яе мінералагічнага саставу. Таму механічны састаў глебы неабходна вызначаць па ступені яе звязнасці.

Для палявых умоў існуе методыка вызначэння саставу глебы, якая не патрабуе ніякіх інструментаў і даступная ўсім. Па гэтым метадзе, які называюць «мокрым», узор глебы ўвільгатняюць і змешваюць да цестападобнага стану. З падрыхтаванай глебы на далоні скочваюць шарык і спрабуюць раскачаць яго ў шнур («каўбаску») таўшчынёй каля 3 мм ці крыху больш, затым скруціць у кольца дыяметрам 2-3 см.

Пясок не ўтварае ні шарыка, ні шнура.

Супесак утварае шарык, які раскачаць у шнур («каўбаску») немагчыма.

Лёгкі суглінак утварае шнур, які можна згарнуць у кольца, але яно атрымліваецца вельмі нетрывалым і лёгка распадаецца на часткі пры спробе ўзяць яго ў рукі. Сярэдні суглінак утварае суцэльны шнур, які скручваецца ў кольца, але яно будзе з расколінамі і пераломамі. Цяжкі суглінак лёгка раскочваецца ў шнур. Кольца атрымліваецца з расколінамі.

Гліну можна скруціць у доўгі тонкі шнур, з якога атрымліваецца кольца без расколін.

Пясчаныя глебы складаюцца з незлічоных пясчаных крупінак, дзякуючы якім вада прасочваецца, як праз рэшата. Яны бедныя на пажыўныя рэчывы. Затое награваюцца хутка, але так жа хутка і астываюць. Іх лёгка апрацоўваць. На пясчаных землях расліны звычайна пакутуюць ад «недаядання» і недахопу вады. Вось чаму такія глебы неабходна ўзбагачаць перагноем і рэчывамі, якія злучаюць, — кампостам і парашком торфу. Пясчаныя глебы звычайна маюць невялікі прымешак гліны.

Наступны тып глебы — суглінкі. Яны ў стане назапашваць ваду, пажыўныя рэчывы і добра акумуляваць і захоўваць цяпло. Да таго ж змяшчаюць кальцый, неабходны для падтрымання нармальнай кіслотнасці глебы. Суглінкавыя глебы ўраджайныя. У залежнасці ад суадносін пяску і арганікі яны могуць быць рыхлыя, гумусныя або гладкія, цяжкія. Суглінкі трэба пастаянна забяспечваць кампостам і пакрываць мульчой.

Структура гліністых глебаў цяжкая і шчыльная. Яны воданепранікальныя і сырыя. Корань з цяжкасцю пранікае ў гэтую глейкую і вільготную масу. Пры дажджы на глінах застойваецца вада, а ў засуху зямля робіцца цвёрдай, як цэгла. Гліністая глеба ў сваёй аснове ўрадлівая, калі акультурыць і забяспечыць пажыўнымі рэчывамі. Пры гэтым увесь час трэба паляпшаць яе структуру. Часта гэта даволі працаёмкі занятак: пры рыхленні падмешваць пясок (40 кг на 1 м2) з унясеннем арганічных угнаенняў (10 кг на тую ж плошчу). Дапамагае і зеляніна, вырашчаная на глінах для заворвання. Глыбока пранікальныя карані ўтвараюць пустоты, запоўненыя паветрам. Кампосты і мульча паступова ўтвораць багаты перагноем паверхневы слой — крыніцу ўраджайнай сілы зямлі.

Калі вы можаце вызначыць від глебы па механічным саставе і яе ўласцівасці, то зможаце вырашыць, калі, колькі і чаго ўносіць. Арганічныя ўгнаенні на параўнальна лёгкіх глебах трэба ўносіць меншымі дозамі (прыкладна па 4 кг/м2 ), але часцей, а на цяжкіх глебах гной уносяць радзей, але колькасць яго павялічваюць (да 8 кг/м2).

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».