Вы тут

Ірына КАБАСАКАЛ: «Я люблю, каб усё было так, як я люблю»


Для інтэрв'ю Ірына КАБАСАКАЛ, галоўны рэдактар глянцавага часопіса Pіngouіn, невыпадкова выбрала шыкоўны рэстаран, аформлены ў «конным» стылі. Прызналася, што любіць камфорт, верхавую язду і смачна паесці. Прычым і сама Ірына, калі меркаваць па фотаздымках кулінарных шэдэўраў, якія яна выкладае на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», дасць фору любому шэф-повару.

1384403602844_1

Пра посны Напалеон, паўнату і сяброўку-гінеколага

З задавальненнем гатую не толькі для сям'і, але і для сяброў, калег па працы. Зараз заканчваю сваю кулінарную кнігу. Сёлета ездзіла ў Полацк, у Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр, каб атрымаць блаславенне на яе выданне. Але матушка блаславіла мяне толькі на стравы поснай кухні.

Людзі ў нас не ведаюць, як пасціць без шкоды для здароўя. Лічаць, што стравы поснай кухні абмяжоўваюцца бульбай, буракамі, капустай... Насамрэч посная кухня вельмі разнастайная. Я, напрыклад, пяку посны «Напалеон», посныя бісквіты... Навучылася замяняць жывёльнае малако какосавым ці соевым. Праўда, у нас у Беларусі, на жаль, абмежаваны выбар такіх прадуктаў. А тое, што ёсць — дорага каштуе. Таму часцей за ўсё мне яго прывозяць з-за мяжы.

Мая кулінарная кніга будзе для людзей з сярэднім дастаткам. Гэта людзі, якія могуць дазволіць сабе хадзіць у рэстараны, буцікі, салоны прыгажосці, падарожнічаць. Бо я сама так жыву, так харчуюся. Аддаю перавагу зяленіву, агародніне, садавіне, морапрадуктам і грыбам. Два гады таму адмовілася ад мяса. Заўважыла, што калі не ем мяса, у мяне няма ніякіх праблем з самаадчуваннем, я ўсміхаюся, адчуваю лёгкасць, у мяне стройная фігура.

Няпраўда, што я папаўнела пасля родаў. Калі нарадзіла Леру, важыла 51 кілаграм. Паўнату выклікала стрэсавая сітуацыя. За паўтара месяца зусім непрыкметна я набрала ажно 25 кілаграмаў. Чатыры гады я не магла іх скінуць, хоць прыкладала максімум намаганняў. Але лёс звёў мяне з цудоўным дыетолагам, дзякуючы якому я цяпер важу 55 кілаграмаў.

Я не абмяжоўваю сябе ў салодкім і мучным. Проста гатую з мукі з цвёрдых гатункаў пшаніцы з высокай колькасцю клейкавіны. Гэта мука, з якой вырабляецца паста. Паглядзіце на мяне, я тазікамі ем спагеці і адчуваю сябе шчаслівай. У мяне дома няма не толькі звычайнай мукі, але і цукру. Апошні я замяняю мёдам. Добрая мука і мёд дазваляюць прыгатаваць усё, што заўгодна. І забыцца на лішнія кілаграмы.

Адмоўна стаўлюся

да розных кефірных ды ліманадных дыет. Працэс пахудзення павінен кантраляваць спецыяліст. На жаль, у нас у краіне вельмі мала добрых дыетолагаў. У маім разуменні гэта спецыяліст, які мае вышэйшую медадукацыю плюс адукацыю, атрыманую ў Акадэміі харчавання імя Сечанава ў Маскве. Да майго дыетолага, гледзячы на мяне, дагэтуль звяртаюцца мае знаёмыя, сябры, сяброўкі.

У кожнай сферы абслугоўвання ў мяне ёсць спецыяліст, якому я давяраю. Так, мой гінеколаг — гэта мая сяброўка, якая сядзела са мной у медінстытуце за адной партай. Мы з ёй нават нарадзіліся ў адзін дзень.

1384403604956_2

Пра медінстытут, істэрыку і першую Міс СССР

З дзяцінства марыла быць пісьменніцай, актрысай, тэлевядучай. Але мама казала: «Скончы медінстытут і будзь кім заўгодна». Мяне размеркавалі ўрачом хуткай медыцынскай дапамогі. Працавала суткі праз суткі. Не было ні сну, ні адпачынку. Паколькі я — гіперэмацыйная, то моцна перажывала за кожнага пацыента. Ездзіла ў бальніцы праведваць зусім незнаёмых людзей. У адзін цудоўны момант зразумела, што далей мне, маладой і прыгожай, так жыць нельга.

Больш за 7 гадоў не працую па атрыманай спецыяльнасці. Спачатку ў мамы была істэрыка. Яна ўвесь час тэлефанавала і пыталася: «Калі ты нарэшце ўладкуешся на працу?» — «Куды?» — «Ну ў паліклініку, напрыклад, ці і ў прыёмны пакой куды-небудзь, ці вярніся на «хуткую дапамогу»... Пасля яна змірылася, зразумела, што ўсе гэтыя размовы бессэнсоўныя. Усё роўна я зраблю так, як сама захачу.

Упершыню ўбачыла глянцавы часопіс больш як 20 гадоў таму. Гэта была Burda з першай Міс СССР Машай Калінінай на вокладцы. Я падпісалася на гэтае выданне і, калі гартала кожны новы нумар, уяўляла, што калі-небудзь у мяне будзе свой глянцавы часопіс. Магчыма, я буду калі-небудзь на вокладках. І ў 2008 годзе мара споўнілася: у мяне сапраўды з'явіўся свой часопіс.

Раней я лічыла, што свае мары нельга агучваць. Іх трэба альбо ў сэрцы захоўваць, або ў храме ля абраза расказваць. Не так даўно пераканалася, што мары і жаданні спаўняюцца значна хутчэй, калі іх агучыць перад вялікай колькасцю людзей.

Мая мама лічыць, што я няўдачніца. Ёй сорамна глядзець на мяне па тэлевізары. Яна лічыць, што я няправільна жыву, няправільна выхоўваю сваю дачку. Калі я іду на мерапрыемства ноччу, яна можа мне патэлефанаваць (мама жыве ў Гомелі) з крыкам: «Хутка дамоў, я сказала!». Мая мама ніяк не можа змірыцца, што мне ў студзені ўжо будзе 35 гадоў, што я самастойная дарослая жанчына. І што маёй дачцэ ў наступным годзе споўніцца 15.

Мяне выхоўвалі ў строгасці. Крок улева, крок управа — расстрэл. На пяць хвілін спазнілася або чацвёрку атрымала — тры месяцы нікуды не ходзіш. Я марыла вырвацца з гэтага жыцця, бо я вельмі свабодалюбівы чалавек.

Я свабодная і дару свабоду ўсім, хто вакол мяне. І сваёй дачцэ даю свабоду. Яна дрэнна вучыцца ў школе, але затое піша артыкулы на расійскіх блогах, малюе карціны, фатаграфуе. Лера — творчая асоба. Гэта яе выбар. Дзіця трэба выхоўваць у любові. І даваць права выбару.

1384403607738_3

Пра першы шлюб, Грышыных і 18 сантыметраў

Каханне=свабода. Каханага нельга трымаць сілай. Нічога нельга яму забараняць. І, паверце, калі ёсць свабода, то не ўзнікае жадання парушаць нейкія забароны.

Я супраць свабоднага кахання. Гэта розныя паняцці. Свабоднае каханне — гэта распуста. Я супраць распусты.

Першы шлюб у мяне быў вымушаны. У выніку праз 7 гадоў ён разваліўся. Калі я зацяжарала, была студэнткай 2 курса. Гэта былі 90-я гады. Я не хацела, каб мяне адлічылі, таму і выйшла замуж. Гаворкі пра перапыненне цяжарнасці быць не магло. Я катэгарычна супраць абортаў. Мы не маем права гэтага рабіць.Толькі па строгіх медыцынскіх паказаннях.

Калі я была глыбока няшчаснай, звярталася па дапамогу да псіхолага. Але ў выніку зразумела, што чалавек толькі сам сабе можа дапамагчы. Праўда, для гэтага павінна быць моцнае жаданне. Сёння я сама сябе магу супакоіць лепш за любога псіхолага. Кожную раніцу, калі прачынаюся, унушаю сабе, што ў мяне сёння будзе цудоўны дзень. Калі нешта не атрымліваецца, кажу, што гэта да лепшага: «Я пакуль не ведаю адказу, чаму так адбылося. Але, значыць, так павінна быць».

Мой рост 167 сантыметраў. А мне хочацца быць вышэйшай. Таму я хаджу на абцасах. Сёння ў мяне шпілька 18 сантыметраў. Гэта мая любімая вышыня. Але гэта не значыць, што я не магу прыйсці ў красоўках туды, дзе гэта да месца.

У мяне вельмі сур'ёзнае і строгае стаўленне да дрэс-кода. Бо гэта культура, этыка. Такім чынам, лічу, людзі выказваюць павагу да арганізатараў мерапрыемства. Калі мы не хочам затрымацца ў 90-х, па праве называцца еўрапейскай сталіцай, то мы павінны выконваць дрэс-код. Я, напрыклад, нават зімой у тэатр прыходжу ў туфлях. У футры і туфлях зімой ходзяць у Парыжы і Санкт-Пецярбургу. Гэта не мае панты. Проста я таксама лічу, што гэта прыгожа і зручна.

Я хачу апранацца модна і раскошна, але каб пры гэтым як мага менш жывёл пакутавалі. Таму збіраюся адмовіцца ад футра. Мне складана гэта зрабіць, бо ў мяне ёсць два футры. Яны дарагія. Я іх люблю. Але калі ў мяне дома з'явілася шыншыла, то ўжо на футры з шыншылы я гляджу з лёгкай грэблівасцю. Сёлета я вырашыла абнавіць сабе гардэроб: замовіла ў краўчыхі, якая шые мне 14 гадоў, вопратку з натуральных тканін, але без футра. Што тычыцца абутку, я пакуль не магу адмовіцца ад скуранога абутку, бо ў нашых умовах гэта проста немагчыма. Гумавыя боты гэта ўсё ж такі нязручна і негігіенічна.

За руль я села 2,5 года таму. Спачатку з'явілася машына, пасля правы. Да гэтага ездзіла выключна на таксі. Я не карысталася грамадскім транспартам, бо люблю камфорт ва ўсім.

Веласіпед з'явіўся нядаўна, дакладней, тры адразу. Аднойчы я тэлефаную сяброўцы і пытаюся: «У колькі мы пойдзем выгульваць сабак?» А яна мне: «А я сёння на веласіпедзе. Майго пасаджу ў карзіну, і паедзем...» У той жа вечар мы і набылі мне веласіпед. Адразу тры: спартыўны, гламурны і вінтажны. Адзін з іх цяпер стаіць у Грышыных дома, на ім жонка нашага алімпійскага чэмпіёна ездзіць — Святлана Грышына-Рудалава. Мы часта разам катаемся. Два іншыя хутка таксама да іх у гараж паедуць на зімоўку.

Пра грэх, горкую праўду і сілу жанчыны

Зарабіць грошы на глянцавых часопісах у Беларусі цяпер вельмі складана. Барацьба за рэкламадаўцаў ідзе, як той казаў, не на жыццё, а на смерць. І спосабы ў канкурэнтаў, паверце, не заўсёды прыстойныя. Яны чамусьці любяць падняць сабе цану за кошт прыніжэння іншых. І, на жаль, многія рэкламадаўцы на гэта вядуцца.

У маёй прысутнасці пра трэціх дрэнна не гавораць. Я не пераношу гэтага. Лічу, што ніхто не мае права асуджаць іншых людзей — гэта грэх.

Цярпець не магу закулісныя гульні, інтрыгі. Люблю, каб мне казалі праўду, якая б горкая яна ні была. Не люблю недаказанасці. Не люблю нешта за некага дадумваць. Гэта дастаткова рэдка, калі людзі могуць шчыра ў вочы сказаць тое, што яны думаюць.

Магу знайсці агульную мову з усімі. А калі нехта мяне не любіць, дык гэта яго праблемы, а не мае.

Я прасоўваю свой часопіс праз сябе. Таму ў мяне на вокладцы заўсёды прыгожыя, дагледжаныя, цікавыя, шчаслівыя і паспяховыя людзі. Я не толькі пра матэрыяльны дастатак кажу, але і пра ўнутранае напаўненне.

Самае галоўнае багацце — унутраны спакой. Бо калі яго не было, мне не ў радасць былі ні 10 пар брэндавых туфляў, якія я магла дазволіць сабе набыць, ні камфортны адпачынак за мяжой. Тусоўкі, шмоткі — гэта ўсё нішто, калі няма гармоніі з сабой.

Мяне часта называюць свецкай ільвіцай. Я гэтага не люблю. Якая я львіца? Я дырэктар на сваім жа прадпрыемстве. Наведваю мерапрыемствы выключна закрытага характару, якія ладзяць мае партнёры, кліенты, сябры. Я не хаджу без мэты, без справы. Свецкай ільвіцай можна назваць, на мой погляд, гультайку.

Сіла жанчыны ў яе слабасці. Многія жанчыны пастаянна нешта сабе забараняюць. Я ж ні ў чым сабе не адмаўляю. Інакш пачынаю адчуваць дыскамфорт. Хачу паесці ў тры гадзіны ночы — іду і ем, хачу прачнуцца пазней — прачынаюся, хачу арганізаваць свята — арганізоўваю. Я люблю, каб усё было так, як я люблю.

Надзея ДРЫЛА. Фота Надзеі БУЖАН


 Усе матэрыялы праекта "Сустрэча без абцасаў"

2012 год 

Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня Камітэта па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама: "Я ніколі не была карміліцай у сям'і"

Жанна БІРЫЧ, віцэ-мэр Мінска: «Я дагэтуль прыношу дадому каштаны»

Ганна  ГАРЧАКОВА, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса: "Кожны раз плачу, калі паміраюць дзеці"

Людміла ГУЦЬКО, дырэктар цэнтра для дарослых з абмежаваннямі “Востраў надзеі”:  "Два крыжы на адну сям'ю не даюцца"

Наталля ПАСПЕЛАВА, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: «Пастаянна адчуваю сябе цяжарнай»

Надзея КАТКАВЕЦ, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта: «Калі выйду на пенсію, пайду экскурсаводам у музей»

Таццяна БАНДАРЧУК, экс-дырэктар Белдзяржцырка: "У мяне атрымліваецца "аЦЫРКачваць"

Іна МАЛІНОЎСКАЯ, дырэктар фабрыкі “Світанак”: "У маёй працоўнай кніжцы адзін запіс — "Світанак"

2013 год

Вольга МЫЧКО, галоўны ўрач “Бальніцы паліятыўнага догляду “Хоспіс”: "Трэба жыць, а не дажываць"

Людміла ТАЛМАЧОВА, дырэктар Жодзінскай жаночай гімназіі: "Выходзіць замуж трэба па каханні!"

Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні: «Аптымізм найлепш спрыяе ва ўсіх справах»

Людміла ШЧАСЛІВЕНКА, намеснік дырэктара новасібірскага  Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай

Наталля НАВАЖЫЛАВА, дырэктар фітнэс-цэнтра “Багіра”: "Лянівыя старэюць раней!"

Валянціна ВАЙЦЯШОНАК, дырэктар ААТ “Заслаўе-тур”: "З такім сынам я не мела права быць слабай"

Алена ЖДАНОВІЧ, кіраўніца адвакацкага бюро “Права і сямейная медыяцыя”: "Шлюбныя адносіны спыняюцца — бацькоўскія застаюцца"

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня праўлення ГА “Адпачынак у вёсцы”: "Сябры казалі: "Лера, знімі ружовыя акуляры!"

Настасся УНУЧАК, дырэктар цэнтра лазернай карэкцыі зроку “Оптымед”: «У жыцці вельмі важна дачакацца свайго чалавека»

Ірына КАБАСАКАЛ: «Я люблю, каб усё было так, як я люблю»

Алена БЕРАСНЕВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу: «Шчасце — не месца, куды можна прыйсці»

2014 год

Свят­ла­на ЗЭРЭ, кі­раў­ні­ца пар­та­ла LADY.TUT.BY: «Не чакайце прынца, ляпіце з сябе прынцэсу»

Люд­мі­ла ХМЯЛЬНІЦКАЯ, дырэктар музея М.Шагала: «Так захапiлася Шагалам, што за­та­пі­ла су­се­дзяў…»

Ірына ДАЎГАЛА, галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці. Жанчына-афарызм, або Спя­шай­це­ся па­спець ска­заць «дзя­куй»

Але­на ТРОІЦКАЯ, ды­рэк­тар На­цы­я­наль­най шко­лы пры­га­жос­ці:
«Навучыся танцаваць, а астатняму жыццё навучыць»

2015 год

На­дзея ЕР­МА­КО­ВА, экс-кі­раў­нік На­цы­я­наль­на­га бан­ка: «Нічога ў жыцці мне не давалася проста»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.