Вы тут

«Гомельхлебапрадукт» — заўсёды на крок наперадзе


На гэтае прадпрыемства наш «звяздоўскi дэсант» высаджваўся ўжо неаднойчы, i кожны раз мы радавалiся яго поспехам. Сёлета ж наш прыезд туды адбыўся напярэдаднi прафесiйнага свята — Дня работнiкаў сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi, i таму цалкам заканамерна было даведацца аб тым, з якiмi здабыткамi прыйшоў калектыў да яго. З гэтага пытання i пачалася гутарка з генеральным дырэктарам прадпрыемства Эдуардам Сяргеевiчам Башаком.

1384403611350_1

— Нам ёсць чым ганарыцца, — сказаў ён, — бо з пяцi асноўных даведзеных паказчыкаў выкананы ўсе пяць.

— А калi канкрэтна?

— За дзевяць месяцаў выканана заданне па вытворчасцi камбiкармоў i круп, знiжэннi запасаў гатовай прадукцыi. Выручка ад рэалiзацыi прадукцыi склала 589,3 мiльярда рублёў, што складае тэмп росту да аналагiчнага леташняга перыяду 146,5 працэнта.

— Галоўным пры ўсiм гэтым, Эдуард Сяргеевiч, згадзiцеся, з'яўляецца атрыманне прыбытку...

— А я i не спрачаюся. Прыбыткi ад рэалiзацыi прадукцыi склалi за ўказаны перыяд 61,5 мiльярда рублёў пры рэнтабельнасцi продажу 10,4 працэнта, а чыстага прыбытку мы атрымалi ў суме 10,5 мiльярда рублёў.

— А як з сярэдняй зарплатай?

Яна склала 4978 тысяч рублёў, тэмп росту яе да аналагiчнага леташняга перыяду — 144,1 працэнта. Выручка ў разлiку на аднаго працуючага склала 740,3 мiльёна рублёў пры ўказаным вышэй тэмпе росту 149,8 працэнта. Як бачым, тэмп росту выручкi апярэджвае тэмп росту заработнай платы.

— ААТ «Гомельхлебапрадукт» з'яўляецца заснавальнiкам прыватнага сельскагаспадарчага ўнiтарнага прадпрыемства «Андрэеўка». Як там iдуць справы?

— Прабачце, але i тут без канкрэтных лiчбаў не абысцiся. Забяспечана вытворчасць малака ў аб'ёме 7811 тон пры тэмпе росту да ўзроўню аналагiчнага перыяду 2012 года 101,9 працэнта. Рэалiзавана яго 7382 тоны ў залiковай вазе пры таварнасцi 89,8 i класа «Экстра» 87,3 працэнта агульнага аб'ёму продажу. Прывагi на вырошчваннi буйной рагатай жывёлы склалi 752 тоны пры тэмпе росту 111,9 працэнта. Дасягнута валавая прывага свiней у колькасцi 2157 тон пры тэмпе росту 111,2 працэнта.

1384403614529_10

У ААТ уваходзяць два фiлiялы — Гомельскi i Навабелiцкi камбiнаты хлебапрадуктаў.

— Якiя вiды дзейнасцi ажыццяўляе ваш калектыў?

— Вырабляем камбiкормавую прадукцыю, муку, крупы, кашы хуткага прыгатавання, наладзiлi вытворчасць хлебабулачных вырабаў на хлебазаводзе ў Брагiне, займаемся аптовым i рознiчным гандлем. У агульным аб'ёме вытворчасцi камбiкормавай прадукцыi прадпрыемстваў вобласцi доля ААТ дасягнула 37 працэнтаў. А па вытворчасцi аўсянай прадукцыi фiлiял «Навабелiцкi КХП» займае каля 90 працэнтаў агульнарэспублiканскага вырабу яе. Наш крупазавод — практычна адзiнае прадпрыемства ў Беларусi па вытворчасцi грэцкiх круп, якiя хутка разварваюцца.

— Дарэчы, Эдуард Сяргеевiч, цi праўда, што за шалупiннем вашай грэчкi, вобразна кажучы, ганяюцца асобныя фiрмы Японii, Кiтая, Тайланда?

— Ганяюцца не ганяюцца, але ахвотна купляюць iх i вязуць за моры-акiяны. Здаецца, на аснове iх яны вырабляюць падушкi, матрацы.

Калi ж вы закранулi пытанне экспарту, дык адзначу наступнае. Апошнiм часам па знешнiм гандлi мы пераўзыходзiм прагнозныя паказчыкi i дасягнулi перавышэння экспарту над iмпартам. Пры заданнi дасягнуць 106 працэнтаў тэмпу росту сёлета да адпаведнага леташняга перыяду гэтая лiчба склала 176,9 працэнта.

За межамi рэспублiкi ахвотна купляюць шматкi аўсяныя, муку жытнёвую. Мы маглi б прадаваць там i муку пшанiчную, бо на яе ёсць попыт, але, на жаль, не можам рабiць гэта, бо не хапае нам сыравiны для поўнай загрузкi вытворчых магутнасцяў. Не здзiўляйцеся, калi скажу, што валюта iншым разам паступае да нас i ад продажу мяса.

— А чаму тут здзiўляцца, калi ў «Андрэеўцы» займаюцца i жывёлагадоўляй?

— ПСУП «Андрэеўка» тут нi пры чым. Калi мясакамбiнаты не могуць разлiчыцца з намi грашыма, яны пастаўляюць нам сваю прадукцыю, а мы па прымальных цэнах рэалiзуем яе — у прыватнасцi, у Расii.

Хачу сказаць яшчэ i тое, што прадпрыемства наша пастаянна ўдасканальваецца: укараняюцца новыя вiды абсталявання, распрацоўваюцца прагрэсiўныя метады вядзення тэхналагiчных працэсаў, праводзiцца аўтаматызацыя i камп'ютарызацыя вытворчасцi. I гэта з'яўляецца адным са складнiкаў поспеху.

1384403617605_2

— I што, набалелых пытанняў няма?

— Чаму няма? Ёсць пэўныя цяжкасцi. У пачатку года была складаная сiтуацыя з забеспячэннем харчовай пшанiцай для вытворчасцi мукi i сыравiнай для вырабу аўсяных шматкоў. Непакояць нас i нясвоечасовыя разлiкi КСУПаў i СВК за пастаўленую iм прадукцыю, як i тое, што закупачныя цэны на сыравiну, з якой мы вырабляем сваю прадукцыю, даволi высокiя адносна цаны, па якой мы яе павiнны рэалiзаваць.

Калi б гэтыя пытаннi былi адрэгуляваны як след, паказчыкi нашай работы былi б намнога лепшыя. Свае задачы мы ведаем i намечанае пастараемся ажыццявiць, нягледзячы на цяжкасцi.

Паважаныя калегi!

Не адкрыю сакрэту, калi скажу, што надыходзячае прафесiйнае свята работнiкаў сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi, да якога i наш калектыў мае самае непасрэднае дачыненне, адзначае большасць насельнiцтва краiны. Бо няма ў рэспублiцы нiводнага чалавека, якi б не карыстаўся прадуктамi харчавання, што вырабляюцца ў сiстэме аграпрамысловага комплексу. Вынiкi дзейнасцi аграрнай галiны з'яўляюцца гарантам харчовай бяспекi краiны, i мы ганарымся, што робiм у яе свой унёсак.

Наш калектыў зрабiў нямала для выканання тых задач, якiя былi пастаўлены перад iм. Мы справiлiся з усiмi даведзенымi асноўнымi прагнознымi паказчыкамi, забяспечылi прыбытковую работу. Усё гэта — плён вашай стараннай работы, дарагiя таварышы, умення, настойлiвасцi, высокага прафесiяналiзму, за што ўсiм вялiкi дзякуй.

Наперадзе ў нас яшчэ больш напружаная праца, i ёсць упэўненасць, што новыя вышынi будуць узяты.

Вiншую калектыў фiлiяла «Гомельскi камбiнат хлебапрадуктаў» з 80-гадовым юбiлеем, а ўсiх працаўнiкоў адкрытага акцыянернага таварыства з прафесiйным святам! Жадаю вам моцнага здароўя, веры ў заўтрашнi дзень, сямейнага шчасця, мэтанакiраванасцi, матэрыяльнага дабрабыту.

Эдуард Башак, генеральны дырэктар ААТ «Гомельхлебапрадукт».

1384403620777_3

Фiлiялу «Гомельскi камбiнат хлебапрадуктаў» — 80 гадоў

Своеасаблiвы юбiлей, адным словам, i з выпадку яго варта прыгадаць тут некаторыя старонкi яго гiсторыi. Першапачатковая назва прадпрыемства была «млынакамбiнат». На той час ён быў абсталяваны такiмi сучаснымi машынамi, з развiтай механiзацыяй працаёмкiх працэсаў, якiх не было на аналагiчных прадпрыемствах Беларусi. Тады ж былi пабудаваны элеватар ёмiстасцю 8000 тон, якi меў пнеўматычную ўстаноўку для прыёму збожжа з баржаў, двухпавярховы склад гатовай прадукцыi i iншыя аб'екты.

У час Вялiкай Айчыннай вайны млын i элеватар былi разбураны, а перад пачаткам яе абсталяванне млына была дэманцiравана i вывезена. Пасля вызвалення Гомеля ўцалелы будынак склада быў пераабсталяваны пад вытворчасць абойнай мукi, а ў 1947 годзе пачалося будаўнiцтва жалезабетоннага элеватара сiласнага тыпу ўказанай вышэй ёмiстасцю з наступнай прыбудовай у 1962-1967 гадах яшчэ трох сiласных корпусаў. А ў 1964 годзе быў уведзены ў строй дзеючых двухсекцыйны млын па пераапрацоўцы 180 тон пшанiцы i 100 тон жыта ў суткi i iншыя аб'екты.

У 1958 годзе адбылося аб'яднанне ўказанага млынзавода (камбiната хлебапрадуктаў №8), крупазавода №14 i рэалiзацыйнай базы Мiнiстэрства нарыхтовак СССР пад назвай «Гомельскi камбiнат хлебапрадуктаў». Прадпрыемства паступова шырылася, расло, набiрала вытворчую сiлу, пастаянна ўдасканальваючы тэхналагiчныя працэсы.

За дасягнутыя поспехi ў развiццi мукамольна-крупяной прамысловасцi Гомельскi камбiнат хлебапрадуктаў тройчы выходзiў пераможцам ва Усесаюзным спаборнiцтве з прысуджэннем яму Пераходнага Чырвонага Сцяга Савета Мiнiстраў СССР i ЦК прафсаюза работнiкаў сельскай гаспадаркi i нарыхтовак, а ў 1971 годзе Указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А ў 1972 годзе прадукцыя прадпрыемства экспартавалася на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркi СССР i заваявала дыплом першай ступенi.

У вынiку далейшай рэарганiзацыi прадпрыемства стала фiлiялам адкрытага акцыянернага таварыства «Гомельхлебапрадукт». Фiлiял узначальвае Мiхаiл Пятровiч Белашыцкi, пад кiраўнiцтвам якога прадпрыемства з'яўляецца адным з буйных i стабiльна працуючых збожжаперапрацоўчых прадпрыемстваў вобласцi.

1384403624715_4

Дзень за днём

Перад нашым наведваннем яго намеснiк генеральнага дырэктара ААТ Аляксандр Васiльевiч Мамрукоў падкрэслiў наступную акалiчнасць: кадры там моцныя, калектыў дружны, зладжаны. Многiя людзi працуюць па шмат гадоў, растуць прафесiйна.

Сярод iх i начальнiк цэха «млынагатунковага памолу» Юрый Буглакоў, з якiм мы сустрэлiся. Мацi Вольга Сямёнаўна, якая ўжо на заслужаным адпачынку, малым хлапчуком брала яго з сабой на работу (працавала апаратчыкам), а ён, закончыўшы прафтэхвучылiшча i адслужыўшы ў армii, вырашыў пайсцi па яе слядах, асвоiўшы гэтую прафесiю. Потым завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, пэўны час працаваў майстрам, а з 2004 года ўзначальвае цэх, у якiм працуе 42 чалавекi.

У гутарцы з iм нас цiкавiла такое пытанне: як змянiлiся ўмовы работы з таго часу? Рознiца iстотная, адказаў Юрый Уладзiмiравiч. Змены ў лепшы бок, як гаворыцца, вiдаць на кожным кроку, бо вытворчасць неаднаразова мадэрнiзавалася i аснашчалася новым прагрэсiўным абсталяваннем. Толькi некалькi прыкладаў.

Вытворчасць мукi звязана з запыленнем, i раней умовы працы тут былi цяжкiмi з-за гэтага. Калi ж у аспiрацыйнай сiстэме фiльтры пачалi мяняць на больш сучасныя, вынiк стаў зусiм iншы. Або яшчэ. У 2002 годзе быў адноўлены i запушчаны ў работу ўчастак расфасоўкi мукi ў папяровыя пакеты. Першапачаткова для гэтага была ўстаноўлена паўаўтаматычная лiнiя вытворчасцi фiрмы «Руская трапеза», якую затым змянiла iтальянская аўтаматычная ўпаковачная лiнiя, прадукцыйнасць якой — 25 пакетаў за хвiлiну. Былi заменены таксама вагi ўлiку, укаранёны iншыя навiнкi, накiраваныя на скарачэнне ручной працы i павышэнне эфектыўнасцi вытворчасцi. Змянiлiся i бытавыя ўмовы, адкрылася спартыўная зала, былi адрамантаваны пакоi прыёму ежы, душавыя i г.д.

1384403627369_5

Да гутаркi падключылiся галоўны iнжынер i галоўны тэхнолаг фiлiяла Анатоль i Людмiла Фiлатавы. Дарэчы, сямейная пара пачала працаваць тут у 1980 годзе пасля заканчэння Магiлёўскага тэхналагiчнага iнстытута, прайшоўшы некалькi прыступак па службовай лесвiцы. Яны расказалi, што летась на млыне пачаў ажыццяўляцца буйны iнвестыцыйны праект па яго рэканструкцыi, якi пройдзе ў тры этапы. Першы ўжо закончыўся. У вынiку было заменена абсталяванне збожжаачышчальнага аддзялення пшанiчнай i жытняй секцый (новае набылi ў швейцарскай кампанii). Што гэта дало? Знiжэнне нагрузкi на аспiрацыйныя ўстаноўкi, знiжэнне аб'ёмаў адпрацаванага паветра, страт цяпла, паляпшэнне мiкраклiмату ў цэху для яго персаналу i якасцi ачысткi зерня.

План тэхнiчнага пераўзбраення прадугледжвае закупку ў сёлетнiм снежнi асноўнага абсталявання размольнага аддзялення секцыi па размоле зерня, устаноўкi дадатковых ёмiстасцяў для адвалажвання яго i гатовай прадукцыi, выкананне работ па замене тэхналагiчнага, транспартнага, аспiрацыйнага i вагавага абсталявання, устройства агульнаабменнай прытокава-выцяжной вентыляцыi размольнага аддзялення, будаўнiцтва бункераў захоўвання зерня.

Трэцiм этапам перааснашчэння (2014 год) намечана рэканструкцыя выбойнага аддзялення, заканчэнне работ па зернеачышчальным i размольным аддзяленнях i г.д. Чакаемы эфект ад праекта — паляпшэнне якасцi пшанiчнай мукi i павелiчэнне выхаду яе вышэйшым гатункам да 60 працэнтаў пры павелiчэннi сутачнага выпуску яе са 180 да 200 тон, а жытняй — з 75 да 90 тон, знiжэнне затрат на палiўнай-энергетычныя рэсурсы.

— Якiя работы выконваем сёння? — перапытвае Анатоль Арцёмавiч. — Збожжа сушым, ачышчаем, закладваем на гадавое захоўванне. Работы хапае калектыву i на ўсiх iншых аб'ектах: у цэнтралiзаванай вытворча-тэхналагiчнай лабараторыi, элеватары, млыне, участках рамонтна-механiчным, рамонтна-будаўнiчым, энергетычным, на крупазаводзе, рэалiзацыйнай базе, у магазiнах i г.д.

Практычна ўсе заданнi дзевяцi месяцаў мы выканалi. Адно толькi непакоiць — вялiкiя складскiя запасы грэцкiх круп з-за неадпаведнасцяў закупачных цэн на сыравiну (грэчку), якую мы купляем, i на рэалiзацыйную цану на крупы, якiя мы прадаём. Ды гэта ад нас не залежыць.

1384403630303_6

НоваКашы для Сашы i Машы

У кабiнеце дырэктара «Навабелiцкi камбiнат хлебапрадуктаў» Сяргея Старацiтарава — мноства дыпломаў з розных выстаў, у тым лiку i мiжнародных, якiмi была адзначана прадукцыя прадпрыемства. Калi прызнацца шчыра, дык мы ўжо не звярталi на iх такой увагi, як у ранейшыя нашы паездкi, бо неяк прывыклi да поспехаў калектыву. А вось калi Сяргей Мiхайлавiч паказаў нам дзве аднолькавыя скрыначкi з аўсянымi шматкамi i прапанаваў знайсцi адрозненнi ў iх, гэта выклiкала цiкавасць. Маўляў, тут ёсць нешта новае.

Аказваецца, мы не памылiлiся. Бо адна са скрыначак была падроблена, i ў ёй — кантрафактная прадукцыя. Ва Украiне, куды мы экспартуем да дзесяцi працэнтаў крупяных вырабаў, патлумачыў дырэктар фiлiяла, адна мясцовая фiрма дадумалася пад нашай маркай спiхваць спажыўцам свой тавар, якi не здольны канкурыраваць з беларускiм. Гамяльчане выявiлi гэтую афёру i звярнулiся ў пасольства Рэспублiкi Беларусь ва Украiне, пасля чаго «лавачка» была прыкрыта.

— Дрэнны тавар нiхто падроблiваць не будзе, — зрабiў выснову начальнiк вытворча-тэхнiчнага аддзела ААТ «Гомельхлебапрадукт» Вiктар Жыткевiч, якi суправаджаў нас у час паездак па прадпрыемствах акцыянернага таварыства.

А Сяргей Мiхайлавiч дадаў наступнае. Навабелiцкi КХП — адно з вядучых прадпрыемстваў краiны па вытворчасцi прадуктаў хуткага прыгатавання. Калектыў робiць стаўку на сучасныя ўнiкальныя тэхналогii, выпуск шырокага асартыменту высакаякаснай прадукцыi. Тут наладжана высокатэхналагiчная вытворчасць па перапрацоўцы аўса з выкарыстаннем абсталявання нямецкай фiрмы «БЮЛЕР». На базе крупяной вытворчасцi распрацавана тэхналогiя i арганiзаваны выраб шматкоў з пшанiцы, грэчкi, аўса, ячменю.

На аснове iх прадпрыемства выпускае кашы хуткага прыгатавання, у тым лiку з дабаўкамi натуральных сушаных фруктаў (абрыкосы, персiкi, разынкі, бананы, яблыкi, грушы i г.д.), гароднiны, арэхаў.

1384403634482_7

Гандлёвая марка фiлiяла «НоваКаша» i прадукцыя яе стала папулярнай у аматараў смачнай i карыснай ежы. Яна дае сiлы i здароўе чалавеку, з'яўляецца крынiцай бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вiтамiнаў i мiнеральных рэчываў. Харчовая прадукцыя фiлiяла, без перабольшвання, адпавядае лепшым сусветным узорам i па якасных паказчыках не саступае аналагiчным таварам вытворцаў блiзкага i далёкага замежжа. Нездарма ж тут укаранёны наступныя сiстэмы: менеджменту якасцi, якая адпавядае патрабаванням СТБ ISO 9001—2009, кiравання навакольным асяроддзем СТБ ИСО 14001—2005, аховай працы СТБ 18001-2009, а таксама сiстэма кiравання якасцю i бяспекай харчовай прадукцыi на аснове аналiзу рызык i крытычных кантрольных кропак у адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ 1470-2004 (НААСР).

I вось мы ў крупяным комплексе, дзе начальнiк — Мiкалай Фёдаравiч Паўлянок, якi працуе на прадпрыемстве з 1992 года. Ён знаёмiць нас з вытворчасцю. У комплекс уваходзiць крупазавод, дзе вырабляюцца крупы i шматкi аўсяныя, кашы, якiя не патрабуюць варкi, цэхi шалушэння i мiкранiзацыi i яшчэ два дапаможныя цэхi, дзе наладжана вытворчасць ячных i жытнiх круп, гароху шлiфованага цэлага i колатага.

1384403637956_8

— Комплекс вырабляе да 35 вiдаў прадукцыi, — гаворыць Мiкалай Фёдаравiч. — Пачыналi ж з двух вiдаў яе: круп аўсяных i шматкоў з iх, якiя ўпакоўвалiся ў мяшкi. Калi ж устанавiлi нямецкую фасовачную лiнiю BOSH, якая працуе i зараз, упакоўка тавараў робiцца ў каробкi. У 2003 годзе была праведзена рэканструкцыя ўсяго крупянога комплексу, у вынiку чаго выпуск прадукцыi i асартымент яе значна павялiчылiся.

Акрамя лiнii BOSH, ёсць тут яшчэ два фасовачныя аддзяленнi, дзе ўстаноўлены машыны фiрмаў «Руская трапеза» i ПАСТПАК–С
(г. Санкт-Пецярбург), на якiх у каробкi фасуюцца кашы фруктовыя па паўкiлаграма i па 45 грамаў у слоiкi.

Паназiралi мы i за работай трэцяй лiнii iтальянскай фiрмы «SENZANI», зробленай пад спецыяльны заказ фiлiяла. Яна працуе ў аўтаматычным рэжыме з вельмi высокай прадукцыйнасцю: за адну хвiлiну ўпакоўвае да ста каробак шматкоў цi гароху.

— У такiм рэжыме дзейнiчае i лiнiя BOSH, — падкрэслiвае начальнiк комплексу. — Вядома ж, пры высокай квалiфiкацыi персаналу. Па 18-20 гадоў працуюць у нас Галiна Асiпенка, Алена Сiльчанка, Вiктар Баскоў. На iх раўняюцца, з iх бяруць прыклад iншыя. Сёлета на крупазаводзе i ў цэху мiкранiзацыi мы ўстанавiлi два фотасепаратары, дзякуючы чаму палепшылася якасць прадукцыi.

1384403639232_9

Акрамя крупяной вытворчасцi, фiлiял шмат гадоў займаецца вырабам камбiкармоў для ўсiх вiдаў жывёлы, а таксама рыбы. Курс узяты на тое, каб паляпшаць якасць кармоў, пашыраць iх асартымент. I наглядны прыклад гэтага — запуск сёлета ў работу лiнii мiкрадазiравання. Яна дазваляе выпрацоўваць прэмiксы. А гэта — канцэнтрыраваныя мiкрадабаўкi: вiтамiны, амiнакiслоты i г.д., якiя ўносяцца ў камбiкармы ў залежнасцi ад патрэбнасцяў кожнага вiду жывёлы. Раней прэмiксы закуплялiся на iншых прадпрыемствах.

Для маладняку — парсючкоў-ад'ёмышаў i цялятак — наладжаны сёлета выраб так званых старцерных кармоў. Летась фiлiял узяўся за выкананне вялiкай работы: устаноўку iтальянскага абсталявання, прызначанага для забеспячэння тэхналагiчнай патрэбнасцi гарачай вадой i ацяплення ўсiх памяшканняў у асенне-зiмовы перыяд. Работы закончылiся сёлета, i той кацёл, у якiм будзе спальвацца шалупiнне аўса, ужо працуе ў наладачным рэжыме. Сёння ён выпрацоўвае 800-900 кiлаграмаў пары ў гадзiну, а здольны выпрацоўваць да пяцi тон яе. Шалупiнне, адным словам, заменiць такое дарагое палiва, як газ, на якi выдаткоўвалiся вялiкiя сумы.

Адным словам, фiлiял, як i ўсё акцыянернае таварыства — стабiльнае, паспяховае прадпрыемства, якое дынамiчна развiваецца.

Віктар БОЙКА, Алена ДАЎЖАНОК. Любоў БЯЛЯЕВА (фота).

Загаловак у газеце: Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельхлебапрадукт» — заўсёды на крок наперадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».