Вы тут

Для малых і для дарослых


У столінскай вёсцы Рэмель штогод нараджаецца не менш за 20 дзяцей. А вось дзіцячага садка да апошняга часу не было, дашкольнікаў трэба было падвозіць у іншыя садкі альбо наогул пакідаць дома. Будаўніцтва тут дзіцячай дашкольнай установы было прадугледжана яшчэ пры зацвярджэнні праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. І вось напрыканцы мінулага года ў вёску прыйшлі будаўнікі. Дзіцячы садок, узведзены па тыпавым праекце, разлічаны на 75 месцаў.

Загадчыца новай установы Таццяна Мароз кажа, што вясковы садок цяпер не проста месца, дзе дзеці бавяць час, атрымліваюць стандартныя выхаванне і адукацыю. Рэмельскі яслі-сад мае ўсе ўмовы для якаснай дашкольнай адукацыі і развіцця дзяцей. Тут абсталяваны камп'ютарны клас, ёсць спартыўная і музычная залы, пакой для дзіцячай творчасці. Вялікае значэнне, безумоўна, мае харчовы блок з сучасным абсталяваннем і такая ж пральня.

Абласному бюджэту будоўля абышлася ў 26,3 мільярда рублёў. Падчас урачыстага адкрыцця новага аб'екта адукацыі старшыня аблвыканкама Канстанцін СУМАР падкрэсліў, што праграма адраджэння і развіцця вёскі, якая ажыццяўляецца ў рэспубліцы, дазваляе стварыць годныя ўмовы жыцця ў глыбінцы. Сёння на Століншчыне востра стаіць пытанне з месцамі для дашкольнікаў у вёсцы Кароцічы і Давыд-Гарадку. Тут у бліжэйшыя два-тры гады таксама будуць узведзены новыя дзіцячыя дашкольныя ўстановы.

А ў суседніх Альшанах днямі адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэты аб'ект узведзены па даручэнні Прэзідэнта РБ. Леташняй вясной кіраўнік дзяржавы быў у Альшанах, тады і паабяцаў месцічам, што ў іх вёсцы пабудуюць добрую залу, дзе можна будзе падтрымліваць форму дарослым і дзе змогуць трэніравацца дзеці.

Трэнер Аляксей Дзямко не ўтойвае свайго задавальнення, кажа, што каўчукавае нямецкае пакрыццё гульнявых залаў якраз спрыяе па-сапраўднаму прафесійным трэніроўкам. Як расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Вячорка, мясцовая дзіцячая футбольная каманда дастойна прадстаўляе Брэстчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Але раней альшанскія спартсмены трэніраваліся ў Давыд-Гарадку, а цяпер яны змогуць рабіць гэта дома. Новы фізкультурны комплекс уключае ў сябе валейбольна-баскетбольную залу 18х30 метраў, залу для гульні ў міні-футбол 18х30 метраў, а таксама трэнажорную залу. Абсталяваны цудоўныя раздзявальні і душавыя. Побач з комплексам размешчаны тэнісны корт і летняя футбольная пляцоўка.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?