Вы тут

Не стала вёскi за адзiн дзень


Нямала на беларускай зямлi вёсак, што раздзялiлi ў вайну горкi лёс Хатынi. I Рэчыцкi раён — не выключэнне. Найбольш жудасныя вогненныя трагедыi разыгралiся тут якраз напярэдаднi вызвалення. Адыходзячы, гiтлераўцы рабiлi сваю «чорную справу», быццам адчувалi хуткую паразу.

1384403757309_14-5

За адзiн дзень не стала вёскi Кабылева. Адначасова перасталi бiцца сэрцы ў 1214 мiрных жыхароў. Сёння цяжка ў гэта паверыць: вёска адноўлена, але называецца ўжо па-iншаму — Першамайск. Здаецца, нiшто не нагадвае пра мiнулую трагедыю. Хiба толькi стэла з выявай смуткуючай жанчыны, пастаўленая ў цэнтры вёскi. Людзей тут рэдка ўбачыш. Адны працуюць, другiя завiхаюцца па гаспадарцы, а трэцiм сюды не дайсцi. Iншая вёска, новыя жыхары... Ведаюць, што жывуць, лiчы, на папялiшчы, а больш i не трэба. На просьбы расказаць пра лёс спаленай вёскi разводзяць рукамi. Усе. Акрамя яе.

Лiдзiя Скакун ведае пра спаленую вёску не па чутках. Яна была падлеткам, калi немцы ўварвалiся ў Кабылева. Вёска разам з жыхарамi знiкла лiтаральна на яе вачах. Калi даведалася, што ў Першамайск прыехалi карэспандэнты, нягледзячы на хворыя ногi, з дапамогай кiёчка знайшла ў сабе сiлы дайсцi да абелiска. Спяшалася, каб расказаць...

— Я добра памятаю той дзень, — гаворыць дрыготкiм голасам Лiдзiя Кузьмiнiчна. — Я з мацi, братамi i маленькай сястрычкай жыла на хутары. Якраз вярнулiся з лесу. Бачым — сяло гарыць. Немцы — з усiх бакоў. Зганяюць людзей па хатах, па 20-30 чалавек, кiдаюць туды гранаты i падпальваюць. Жыхары галосяць, крычаць, спрабуюць вырвацца з гэтага вогненнага пекла. Тыя, каму ўдалося, падаюць ад аўтаматных чэргаў...

Выратавацца ад гэтай звярынай расправы пашчасцiла двум. Паўлiк Скакун, 12-гадовы хлопчык, быў загнаны ў хату Фёдара Белага. З iм было яшчэ 25 аднавяскоўцаў. Эсэсаўцы зачынiлi дзверы i кiнулi туды гранату. Адных ранiла, другiх забiла. Хлопчыку пашанцавала: аглушаны выбухам, ён упаў ля дзвярэй, а калi падпалiлi хату, ачуняў i выскачыў у акно. Незаўважаным адпоўз да канавы i схаваўся пад мостам. Бацькi яго згарэлi. Ён стаў сiратой. Наталля Халiмоненка, жанчына 35 гадоў, цяжка параненая, адпаўзла ў бок ад падпаленай хаты, упала ў закапаную бочку з вадой i праляжала там да прыходу партызанаў.

Як аказалася, фашысты наведвалiся ў вёску i раней. 28 студзеня 1943 года ўварваўся сюды атрад нямецкiх карнiкаў i палiцэйскiх. На працягу двух тыдняў яны расстралялi больш за 40 мiрных жыхароў, забралi маёмасць, жывёлу. Магчыма, ахвяр магло быць i болей. Толькi астатнiм жыхарам удалося ўцячы ў лес. Некалькi месяцаў вёска пуставала. Жыхары вярнулiся ў маi. Прыйшлi, каб загiнуць...

— Мы стаялi, разявiўшы раты, — працягвае жанчына. — Хоць бы аднаму з нас прыйшла ў галаву думка ўцякаць зноў у лес! Дык жа не: думалi, што да нас ужо не дойдуць. Памылялiся! Не паспелi апамятацца, як раптам убачылi на шляху немца. Ён накiроўваўся да нас на хутар. Цi то ежы папрасiць, цi то лiквiдаваць сведак — дакладна i не скажу. Жанчыны яму ў кiшэню пачалi пхаць яйкi. Вiдаць, было мала. Мацi мяне адправiла за гумно, дзе час ад часу неслiся куры. Немец — за аўтамат. Жанчыны на пальцах патлумачылi: «Пан, яна па яйкi». Ён мяне не забiў. Калi iшла назад, пачула выстралы. I раптам цiшыня. Выглянула, а мае ўсе забiтыя ляжаць. Сэрца здрыганулася, хацела закрычаць, але стрымалася — гэты гад яшчэ быў тут. Пабегла ў агарод, лягла ў разору ды заснула. Прачнулася з думкай, забiлi мяне цi я яшчэ жывая? I тут як загаласiла: толькi ў гэты момант зразумела, што адна засталася.

Як потым аказалася, не адна. Сястрычка была толькi параненая. Хутка яе забралi ў дзiцячы дом. Бацька Лiдзii Скакун з вайны вярнуўся ў 1945 годзе. Праўда, да iншай жанчыны, у чужую сям'ю. Яна, 16-гадовая дзяўчына, пайшла працаваць у калгас. Жыла ў зямлянцы, якую сама сабе выкапала.

— Я не ведаю, якая ў нас была энергiя, але мы былi такiмi шчаслiвымi, што засталiся жывымi, — успамiнае Лiдзiя Кузьмiнiчна. — Хоць былi галоднымi, але жыццё нам здавалася раем. Радавалiся, што нас вызвалiлi.

Пасля вайны вёску адбудавалi, далi iншую назву. Вiдаць, каб нiшто не нагадвала аб колiшняй трагедыi. Лiдзiя Скакун пражыла тут усё жыццё. «Не дай Божа, дзяўчаткi, каб такое гора здарылася ў вашым жыццi. Беражыце яго, як можаце!» — кажа нам на развiтанне, абапiраецца на кiёчак i чыкiльгае ў бок сваёй хаты. Потым спыняецца, азiраецца i, быццам апраўдваючыся за сваю непаваротлiвасць, дадае: «Яшчэ год таму я ездзiла на ровары. Упала аднойчы, звязкi парвала. Вось цяпер мой транспарт» (паказвае на кiёчак i ўсмiхаецца).

* * *

У гiсторыка-мемарыяльным музеi «Памяць», што знаходзiцца ў Ровенскай Слабадзе, сабраны капсулы з попелам усiх спаленых вёсак Гомельшчыны. У адным толькi Рэчыцкiм раёне гiтлераўцы спалiлi цалкам 69 вёсак, часткова — 50. 105 з iх былi адноўлены пасля вайны, астатнiх напаткаў лёс Хатынi.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.