Вы тут

Перакладной літаратуры стане больш


Таму што яна ўзбагачае

Сучаснае міжнароднае літаратурнае супрацоўніцтва на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў працягваецца. У выдавецкім доме «Звязда» выйшла серыя з 11 кніг «Сугучча сэрцаў». Кожная з кніг серыі прысвечана літаратуры асобнай краіны СНД і яе ўзаемадачыненням з беларускай літаратурай. Праўда, пераклады армянскай, казахскай, азербайджанскай ды іншых літаратур выкананыя на рускую, а не на беларускую мову.

— Чаму на рускай мове? — задае пытанне Алесь БАДАК, намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман», і тут жа сам дае на яго адказ: — Таму што гэта мова, якую мы ўсе любім і разумеем. Таму што гэтыя кнігі патрапілі ва ўсе краіны СНД. А значыць, цяпер там іх можа чытаць і разумець кожны.

Кожная з кніг серыі «Сугучча сэрцаў» выйшла накладам 1100 экзэмпляраў. На вокладцы змешчаны фрагменты беларускіх слуцкіх паясоў і нацыянальныя арнаменты той краіны, літаратуру якой прэзентуе канкрэтная кніга.

— Афармленне варта адзначыць асобна, — пераканана Ала КОРБУТ, намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда». — Мы вельмі доўга ішлі да афармлення гэтых кніг. Шукалі рашэнне. Менавіта такое афармленне было прапанавана Міністэрствам інфармацыі нашай краіны.

— Падобныя праекты збліжаюць народы, даюць магчымасць адчуць дух розных краін, — перакананы Арыстанбек НУРХАМАНАЎ, намеснік старшыні Камітэта інфармацыі і архіваў Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан. — Чытаючы літаратуру іншых краін, мы набліжаемся да народаў іншых краін.

Падобнае літаратурнае супрацоўніцтва будзе працягвацца і надалей. Таму што, перакладаючы літаратуру суседніх краін, беларусы самі становяцца багацейшымі. А калі яшчэ пераклады рабіліся на беларускую мову, то і беларуская мова ўзбагачалася б больш і развівалася хутчэй.

У працяг супрацоўніцтва ў бліжэйшы час у часопісе «Полымя» будуць надрукаваны вершы паэта Сагінгалі Сеітава ў перакладзе на беларускую мову прафесара Вячаслава Рагойшы. А ў другой палове 2014 года ў Мінску, наогул, адбудзецца Міжнародная канферэнцыя дзіцячых пісьменнікаў, на якой будзе абмеркавана дзіцячая літаратура краін СНД. А на Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, які пройдзе ў пачатку наступнага года, адбудзецца прэзентацыя 1-й кнігі з серыі, прысвечанай дзіцячай літаратуры краін СНД.

Зоя СВЕТЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.