Вы тут

ШЧАСЦЕ, ПРОСТАЕ, ЯК ДВА ПАЛЬЦЫ


Апошнім часам адчуваю сябе рэтраградкай — усё ніяк не магу прызвычаіцца да таго, што называюць сучаснай паэзіяй. Ну хто б мог яшчэ нядаўна падумаць, што ў сучаснай літаратуры і мат стане натуральнай з'явай? А сёння яго больш чым дастаткова не толькі ў беларускай прозе, але і ў паэзіі. І міжвольна думаеш: а можа, ужо і эмоцыі іначай не выказаць, каб быць зразумелым маладому чалавеку? Можа, скончыўся час тонкіх лірыкаў і няма ўжо што і пачытаць дзяўчыне-падлетку, якая восеньскім халодным вечарам захуталася ў цёплы плед і марыць, марыць, марыць…

Не, усё на месцы. Менавіта для іх, юных, рамантычных, сексуальна незаклапочаных дзяўчат, напісана кніга вершаў «Арэхападзенне» Віялеты Пачкоўскай. Кніга вельмі маленькая, але, безумоўна, патрэбная. У першую чаргу яе варта пачытаць маладым (а можа, і не вельмі) асобам жаночага полу, якія толькі спазнаюць каханне і ад немагчымасці яго «прагаварыць» шукаюць адлюстраванне такіх жа пачуццяў у вершах. Уласна кажучы, гэта такое паэтычнае «мімімі», але на высокім мастацкім узроўні.

напішы дзіцячы вершык
пра вожыка з грыбком на спіне
пра белую аблачынку
цёплае малако з мёдам
і гарачыя бабуліны перапечкі
як вуджу на сажалцы печкуроў
боўтаючы нагамі
ў каламутнай вадзе
напішы пра мяне верш
пра тую, якую не ведаеш
якой ужо амаль не стала

Цікава, што кніга «Арэхападзенне» сапраўды адлюстроўвае абставіны і акалічнасці памежнай зоны — вось аўтарка яшчэ зусім дзяўчо, а вось яна ж — маладая жанчына. Прычым у кнізе гэтыя вершы ідуць, як падалося, якраз у адваротным парадку. Але што ўражвае, узрост абсалютна не ўплывае на саму паэтку — яе рамантызм, уменне ператвараць простыя рэчы ў цудоўныя, калекцыянаванне дарагіх сэрцу момантаў, абсалютна не мяняюцца. Для лірычнай гераіні Пачкоўскай характэрны — нягледзячы на антураж кшталту «гарбаты, цукерак і саплівага носу» — не падлеткавы інфантылізм, а наадварот, нейкая прыродная, нечаканая для маладой асобы жаночая мудрасць, якая з'яўляецца падставай для «шчасця, простага, як два пальцы».

Большасць вершаў Віялеты Пачкоўскай — не адвечная туга па ідэальным мужчыну (што характэрна для паэзіі яе равесніц), а шчырыя і шчымлівыя аповеды пра таго, можа, і недасканалага, героя, які знаходзіцца побач, на адлегласці рукі: «Твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі//толькі паліш часцей, чым яна ў печы//твае вусны — як слімак на старой слівіне//пяшчотныя і выкшталцоныя//валасы — як халодныя макароніны//звіваюцца долу, падаюць у міску//ты некалі будзеш з залысінай//як мой дзед, ты й зараз на яго падобны://стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах//і выключны ўнутраны свет//толькі што не храпеш, але гэта//прыйдзе з часам//прасую твае майкі//гладжу тваю скуру//латаю кішэні, прышываю гузікі//я кожны дзень шчаслівая//бо ты штораніцы просіш есці//а ноччу абдымаеш у сне//я думаю, нам не будзе сумна на пенсіі//пры ўмове, што я не памру//раней ад смеху//а ты кінеш паліць і станеш есці суп//бо шчасце — гэта ж як два пальцы…» (Зазначу, хоць у гэтым тэксце цытуюцца выключна верлібры, паэтка абсалютна натуральна адчувае сябе і ў стыхіі сілаба-тонікі).

Нягледзячы на тое, што паэтычны свет аўтаркі складаецца з як быццам бы простых і знаёмых рэчаў, чытанне кнігі выкідвае на паверхню слова «чарадзейства», слова, якое хіба аднойчы згадваецца ў зборніку. Але што ёсць чарадзейства? Ператварэнне з дапамогай слова адных рэчаў у іншыя! І тут Пачкоўская дасць фору ўсім чараўніцам свету, бо яна выключны майстар метафар. На якую б рэч ці з'яву яна ні паглядзела — ва ўсім яна бачыць рысы іншых, магчымых прадметаў ці падзей. Мне, як чалавеку, які пакутуе ад недакладнасці паэтычнай метафары, гэтак жа, як людзі пакутуюць ад зубнога болю, паэзія Пачкоўскай — як бальзам на сэрца. Няма сэнсу згадваць лепшыя, бо ўласна кажучы, вытворчасць метафар — гэта любімая гульня аўтаркі і панцырная сетка яе аўтарскага стылю. І калі казаць пра Пачкоўскую-версіфікатара, то, безумоўна, яе літаратурныя знаходкі будуць цікавыя не толькі юным жанчынам, але і любому заангажаванаму літаратурай чытачу.

Паэтка можа апісаць дакладную эмацыянальную сітуацыю праз просты пералік прадметаў, якія ты пазнаеш па абставінах і падрабязнасцях свайго ўласнага жыцця. Гэтае ўзнаўленне эмацыянальнай карціны па ўскосных прыкметах па-добраму ўражвае і збліжае чытача з аўтаркай, дазваляючы наўпрост асацыіраваць сябе з яе лірычнай гераіняй. Але, што характэрна, Пачкоўская не толькі збірае калекцыю аналогій, яна і з моманту сэнсавага несупадзення здатная вылушчыць, зафіксаваць паэтычнае.

гуляюся ў паэзію:
алоўкамі на аркушах
што трапляюць пад руку
пішу ў цемры вершы
а раніцай
якой так цярпліва чакала
дзіўлюся:
няўжо гэта і ёсць тое
што ўначы было ТЫМ?

Думка напісаць пра кнігу «Арэхападзенне» ўзнікла ў мяне на нядаўняй сустрэчы з Максам Фраем. Слухала пытанні, якія задавалі замежнай знакамітасці… Глядзела на румянец непадробнага захаплення на тварах маладых чытачоў… І раптам зразумела, што ў Макса Фрая і ў нашай Віялеты Пачкоўскай прыкладна адна і тая я ж target grup! Вось толькі вядомасць у аўтараў непараўнальная. Бо што ні кажы, а любіць і цаніць сваё мы вучымся вельмі і вельмі павольна.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.