22 Верасень, субота

Вы тут

Ці стане Беларусь «донарам» медыцынскіх кадраў?


Што для сістэмы аховы здароўя больш эканамічна выгадна і эфектыўна: пастаянна нарошчваць прыём у медыцынскія ўстановы адукацыі, ствараць умовы для медыцынскага персаналу, якія будуць спрыяць яго замацаванню, або спадзявацца на працоўную міграцыю? Як ні дзіўна, але адказ на гэта пытанне сёння шукаюць не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўрасаюза.

1384487027514_15-15

 

Высокаінтэлектуальная міграцыя

Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), сёння ў свеце не хапае больш як 4,3 мільёна работнікаў аховы здароўя. У краінах Еўрасаюза дэфіцыт урачоў складае каля 25 тысяч спецыялістаў. У апошнія гады назіраўся сур'ёзны адток медыцынскіх кадраў з новых краін — членаў Еўрасаюза ў «старыя» краіны Еўрасаюза. Урачы шукаюць для сябе работу з лепшымі заробкамі і ўмовамі працы. Асноўнымі напрамкамі міграцыі ў сектары аховы здароўя сталі Германія і Вялікабрытанія. Увогуле працоўная міграцыя сёння нагадвае прынцып даміно, калі польскія медыкі едуць працаваць у Германію, нямецкія — у Вялікабрытанію, а англійскія — у ЗША, Канаду, Аўстралію і Новую Зеландыю. У некаторых краінах Еўрапейскага рэгіёна сярэдні штогадовы прырост колькасці ўрачоў і медыцынскіх сёстраў, якія навучаліся за мяжой, дасягае ўжо 30%. Міграцыя спецыялістаў — падобна да віруса, перад якім нельга паставіць санітарны кардон.

— Па звестках Еўрапейскай камісіі аховы здароўя, да 2020 года дэфіцыт прафесійных кадраў у краінах Еўрасаюза вырасце да 1 мільёна спецыялістаў, — паведаміла кіраўнік праграмы «Кадравыя рэсурсы» еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Галіна ПЯРФІЛЬЕВА. — Дэфіцыт медыцынскіх сёстраў складзе ў Еўрасаюзе 590 тысяч чалавек, урачоў — 230 тысяч і іншых работнікаў — 150 тысяч чалавек.

Дысбаланс у падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў складваўся ў Еўропе многія гады. Заможныя краіны недастаткова сродкаў укладвалі ў іх падрыхтоўку, і цяпер вымушаны спадзявацца на працоўных мігрантаў. Увядзенне Еўрасаюзам «блакітнай карты», якая дае яе ўладальніку магчымасць працаваць на ўсёй прасторы Еўрасаюза і роўныя з грамадзянамі Еўрасаюза правы, скіравана на прыцягненне ў першую чаргу ўрачоў, інжынераў, спецыялістаў у галіне камп'ютарных тэхналогій і навукоўцаў-даследчыкаў. Не сакрэт, што і Беларусь сёння таксама разглядаецца ў якасці аднаго з патэнцыяльных донараў медыцынскіх кадраў.

Калі няма матывацыі...

— На нашу думку, пастаяннае нарошчванне выпуску дактароў — шлях нерацыянальны, паколькі па колькасці выпускнікоў-урачоў на 100 тысяч насельніцтва Беларусь займае сёння лідзіруючыя пазіцыі і ў СНД, і ў Еўрасаюзе, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў ГРАНЬКОЎ.

Аднак, нягледзячы на павелічэнне штогод колькасці выпускнікоў медыцынскіх навучальных устаноў, каэфіцыент сумяшчальніцтва ў сістэме аховы здароўя амаль не змяняецца: так, ва ўрачоў гэты паказчык складае 1,39, а ў работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй — 1,23. Як не змяняецца ў лепшы бок і сітуацыя з укамплектаванасцю кадрамі першаснага звяна. Пры гэтым узровень нагрузкі ў большасці ўрачоў, асабліва ў першасным звяне, істотна перавышае нарматыўны... На нашу думку, кадравыя праблемы трэба вырашаць комплексна. Я маю на ўвазе, што адэкватныя захады для замацавання спецыялістаў павінны рабіцца не толькі на рэспубліканскім, але і на мясцовым узроўнях: мясцовыя ўлады павінны вырашаць праблемы з жыллём, матэрыяльна стымуляваць маладых спецыялістаў, ствараць умовы для іх прафесійнага росту.

Некалькі гадоў таму ў краіне праводзілася сацыялагічнае даследаванне на тэму «Працоўная матывацыя і сацыяльны статус урача», падчас якога рэспандэнтам прапанавалі вызначыць прыярытэтныя праблемы ў галіне. 73,5% рэспандэнтаў на першае месца паставілі ўзровень аплаты працы медыцынскіх работнікаў, а 64% лічаць, што сістэму аплаты працы трэба ўдасканальваць. На адсутнасць эфектыўных стымулаў павышэння якасці медыцынскай дапамогі звярнулі ўвагу 52% рэспандэнтаў. І амаль кожнага другога хвалююць пытанні сацыяльнай і прававой неабароненасці медыцынскіх работнікаў.

— Сёння гадзіна працы работніка аховы здароўя каштуе на 35% «танней», чым гадзіна працы ў прамысловасці. Пры гэтым у сярэднім адзін работнік сістэмы аховы здароўя адпрацаваў за мінулы год 2085 гадзін, што на 12,6% больш, чым у прамысловасці, — падкрэслівае Вячаслаў Гранькоў. — У 2012 годзе сярэдні заробак работнікаў сістэмы аховы здароўя склаў 368 долараў ЗША — гэта з улікам работы больш чым на стаўку.

Медсястра — не санітарка

Яшчэ адна праблема — дыспрапорцыя ў колькасці сярэдняга медыцынскага і ўрачэбнага персаналу. Сёння на аднаго ўрача ў Беларусі прыпадае ў сярэднім 2,4 медыцынскай сястры, а рэкамендаваныя СААЗ суадносіны — адзін да чатырох. Фактычна сёння беларускія ўрачы выконваюць значную частку работы, якую ў краінах з эфектыўнымі сістэмамі аховы здароўя робяць добра навучаныя медыцынскія сёстры. У выніку такога абмежавання кампетэнцыі сярэдняга медперсаналу прафесійны і сацыяльны прэстыж прафесіі зніжаецца. Акрамя таго, за кошт прыцягнення да вырашэння клінічных задач спецыялістаў з больш высокім узроўнем аплаты працы зніжаецца і эканамічная эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя.

З іншага боку, і сярэдні медперсанал часта выконвае неўласцівыя яму функцыі. І гэта праблема актуальная не толькі для беларускай сістэмы аховы здароўя. Так, падчас даследавання, якое праводзілася ў 12 краінах Еўрасаюза і ахапіла больш як 33,5 тысячы медыцынскіх сёстраў, высветлілася, што апошнім даводзіцца выконваць догляд, які не патрабуе сястрынскай кваліфікацыі, арганізоўваць транспартаванне пацыентаў пасля выпіскі, транспартаваць пацыентаў у бальніцы, прыбіраць палаты, дастаўляць цялежкі з ежай, адказваць на тэлефонныя званкі і выконваць фактычна сакратарскія абавязкі. Разам з тым сярэдняму медперсаналу не хапае часу на выкананне непасрэдных прафесійных задач: на маніторынг стану пацыента, своечасовую раздачу лекаў, дакументаванне сястрынскага догляду, падрыхтоўку пацыентаў да выпіскі, зносіны з пацыентамі, навучанне пацыентаў і членаў іх сям'і.

Расчараванне ў прафесіі

Асобнай увагі заслугоўваюць вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага апытання «Прафесійная адаптацыя, працоўная матывацыя і сацыяльная абароненасць маладога ўрача», у якім узялі ўдзел 1268 маладых урачоў з 45 лячэбных устаноў рознага падпарадкавання.

— У абсалютнай большасці маладых людзей іх уяўленні і чаканні, якія склаліся падчас навучання ў ВНУ (наконт прэстыжу прафесіі і ацэнкі працы ўрача грамадствам, памеру заробкаў, павышэння кваліфікацыі, магчымасцяў для самарэалізацыі, творчасці, свабоды і незалежнасці ў рабоце, кар'ерных магчымасцяў), не супадаюць з тым, што яны атрымалі ў рэчаіснасці, — падкрэслівае Вячаслаў Гранькоў. — На нашу думку, стварэнне адэкватнага ўяўлення аб прафесійнай медыцынскай дзейнасці — гэта задача медыцынскіх каледжаў і ўніверсітэтаў. Яшчэ падчас вучобы трэба рыхтаваць навучэнцаў, студэнтаў і інтэрнаў да рэальных цяжкасцяў, уласцівых прафесіі медыцынскага работніка.

У найбольшай ступені не спраўдзіліся чаканні маладых спецыялістаў, звязаныя з прэстыжам і грамадскай ацэнкай работы ўрачоў, а таксама з аплатай высокакваліфікаванай працы ўрача.

22% апытаных маладых урачоў думаюць пра тое, каб звольніцца з работы. Асноўныя прычыны, якія прымушаюць думаць пра звальненне, — нізкі заробак, незадаволенасць жыллёвымі ўмовамі, адсутнасць перспектыў прафесійнага і службовага росту, дрэннае сацыяльна-бытавое забеспячэнне работнікаў і нездавальняючая арганізацыя працы.

Прафсаюз цікавілі таксама пытанні рацыянальнага размеркавання выпускнікоў. Амаль 30% апытаных маладых урачоў адзначылі, што пры размеркаванні не былі ўлічаны вынікі іх вучобы ў ВНУ і 41% маладых урачоў канстатавалі, што пры размеркаванні не былі ўлічаны іх асабістыя інтарэсы.

— Мяркуем, што ўзважаны падыход і рацыянальнасць размеркавання выпускнікоў з максімальным улікам іх пажаданняў, жыллёвых умоў і перспектыў застаюцца надзвычай актуальнымі, — дадаў Вячаслаў Гранькоў.

Што тычыцца магчымага адтоку кваліфікаваных кадраў за мяжу, то ў галіновым прафсаюзе лічаць, што найбольш верагодны вектар кадравай міграцыі — усходні. Ужо сёння сярэднія заробкі ўрачоў у Расіі ўдвая большыя, чым у Беларусі. Да таго ж, у адрозненне ад краін Еўрасаюза, у беларускіх урачоў няма неабходнасці праходзіць у Расіі складаную і працаёмкую працэдуру прызнання свайго дыплома. Адсутнічае таксама і моўны бар'ер.

Як паказала сацыялагічнае апытанне, на пэўны тэрмін з мэтай работы ці вучобы выехаць за мяжу жадаюць 47% маладых урачоў. Найбольш высокі гэты паказчык сярод маладых спецыялістаў, якія працуюць у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, — 67%. А на пастаяннае месца жыхарства за мяжу хочуць выехаць 27,6% маладых урачоў.

Трэба дадаць, што калі б апытанне праводзілася сёння, то не выключана, што колькасць ахвотных выехаць на заробкі за межы Беларусі магла б аказацца яшчэ большай...

Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.