Вы тут

Што робіць горад чалавечным


Калісьці Вялікі Ноўгарад, калыска расійскай дзяржаўнасці, быў самым уплывовым горадам на Русі. У старажытных дакументах яго афіцыйная назва гучыць як «Гаспадзін Вялікі Ноўгарад», што сведчыць аб каласальным значэнні і аўтарытэце. Горад перажываў розныя часы, паступова губляючы былую ўплывовасць, але не страчваючы сваёй велічы. Да 1990-х гадоў ад пачэснага наймення застаўся толькі Ноўгарад, праўда, пасля ўсё ж вярнуўся дадатак Вялікі. Сёння гэты горад, размешчаны між дзвюма расійскімі сталіцамі — Санкт-Пецярбургам і Масквой, — жыве сваім асаблівым, нятлумным і велічным, як яго саборы і манастыры, жыццём. Але назваць Ноўгарад правінцыйным язык не паварочваецца.

1384487030250_1

Сталічная рэзідэнцыя князёў

Узнік горад на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, таму не дзіўна, што знаёмства з ім мы пачалі з правага берага магутнай ракі Волхаў, якая падзяляе старажытную сталіцу Русі на дзве паловы — Сафійскую (дзе знаходзіцца Крэмль і Сафійскі сабор) і Гандлёвую. Тут здаўна размяшчаўся Княжацкі двор, заснаваны Яраславам Мудрым, які першую траціну ХІ стагоддзя жыў тут і займаў наўгародскі пасад. З канца ХV стагоддзя гэтае месца перастала быць княжацкай рэзідэнцыяй, і яго сталі называць «Яраслававым дварышчам». Двор гэты межаваў са старажытным Торгам — самай ажыўленай часткай горада. У Сярэднявеччы сюды з'язджаліся заморскія купцы з усяго свету і менавіта тут віраваў гандаль. Таксама на Таргу збіралася і народнае веча, і побач з судом людскім паўсталі тут шматлікія храмы як сімвалы Суда Божага. Так, унук Уладзіміра Манамаха князь Усевалад у ХІІ стагоддзі ўзвёў царкву Іаана Хрысціцеля на Апоках, храм святога Георгія і царкву Успення, якая стала апошняй княжацкай пабудовай у горадзе. Пасля на Таргу сталі будаваць купецкія цэрквы.

Адна з іх — царква святой Параскевы Пятніцы, якую ў 1207 годзе ўзвялі наўгародскія «заморскія» купцы, што гандлявалі з краінамі Еўропы. Святая Параскева лічылася апякункай гандлю і рамяства. Шанавалі яе і як заступніцу жанчын. Нарадзілася нават павер'е, што дзеля ўдалага замужжа маладыя дзяўчаты павінны былі тройчы аббегчы царкву супраць ходу сонца. Цікава, што вакол царквы і цяпер не зарастае сцежка. Магчыма, гэта звязана з тым, што легенда дажыла да нашых дзён. Яшчэ казалі, што для большага плёну дзяўчаты павінны былі палічыць куты храма, што даволі складана, бо дзякуючы архітэктурнаму аздабленню іх у царквы 170.

А побач з Параскевай высіцца Мікольскі сабор, які сёлета адзначаў 900-годдзе. Яго заклаў сын Уладзіміра Манамаха князь Мсціслаў Уладзіміравіч. Храм адметны простымі і велічнымі формамі ў традыцыях Кіева і Візантыі, якія паўтараюць архітэктуру наўгародскага Сафійскага сабора.

Ад гарадзішча да Новага горада

Мы пакідаем гандлёвы бераг і па вялікім пешаходным мосце пераходзім Волхаў. Насупраць адкрываецца велічная панарама наўгародскага Крамля. Гэта старажытны ваенны і духоўны цэнтр горада. У летапісах крэпасць згадваецца ў 1044 годзе — тады яна была драўляная. Да ХV стагоддзя сцены Крамля складаюць з каменю, абліцоўваюць цэглай, і ён набывае сучасны выгляд. У старажытнасці гэтую крэпасць называлі «дзяцінец» з-за малых памераў у параўнанні з вялікім горадам. Казалі, што яна нібы дзіця ў мацярынскім улонні ў акружэнні забудовы Ноўгарада. Агульная працягласць сцен гэтага «дзіцяці» — 1,5 кіламетра, таўшчыня — ад двух да чатырох метраў, вышыня — 8 — 12 метраў.

Нягледзячы на тое, што дзяцінец стаў цэнтрам жыцця левабярэжнай часткі горада, першапачатковае паселішча ўзнікла на супрацьлеглым баку Волхава. Тое легендарнае месца называюць Рурыкава гарадзішча (навукоўцы мяркуюць, што менавіта сюды быў прызваны на княжанне заснавальнік дынастыі рускіх манархаў Рурыкавічаў), і лічылася яно загараднай рэзідэнцыяй наўгародскіх князёў. Але пазней на абодвух берагах ракі сталі ўзнікаць новыя сялібы, якія ў сярэдзіне Х стагоддзя аб'ядналіся і атрымалі назву Новы горад. А Вялікім Ноўгарад сталі называць з ХІV стагоддзя дзякуючы яго вялікай ролі ў палітычным і эканамічным жыцці дзяржавы.

1384487032757_2

Пад аховай голуба і Хрыста

Але вернемся да Крамля. У цэнтры крэпасці — галоўны сімвал горада, пяцікупальны сабор святой Сафіі, які ў сучасных межах Расіі з'яўляецца самым старажытным храмам. Яго загадаў узвесці сын Яраслава Мудрага князь Уладзімір, і сабор пабудавалі ў 1045—1050 гадах. Пад яго сценамі адбывалася веча, пачыналі свае паходы наўгародскія ваяры. На крыжы цэнтральнага купала Сафіі сядзіць бронзавы голуб — сімвал Святога Духа. Паводле падання, птушка пралятала над горадам падчас яго разгрому апрычнікамі Івана Жахлівага. Голуб сеў на крыж і быў настолькі ўражаны, што здранцвеў і застаўся сядзець на крыжы вечна. І кажуць, што пакуль застаецца голуб на крыжы, будзе стаяць і Ноўгарад. Цяпер купал вянчае копія птушкі: арыгінал (які быў украдзены падчас Другой сусветнай вайны, але ў 2005 годзе ён вярнуўся ў горад), знаходзіцца ўнутры сабора.

Там жа, сярод жывапісу ХІХ стагоддзя, захаваліся і старажытныя грэчаскія фрэскі пачатку ХІІ стагоддзя. Існавала легенда, звязаная з выявай Хрыста Пантакратара на скляпенні купала. Паводле яе, грэкі, скончыўшы вобраз Збавіцеля, паказалі яго ўладыку наўгародскаму Мікіту, і той заўважыў, што далонь Ісуса не бласлаўляла, а была сціснута ў кулак. Уладыка аддаў загад перапісаць работу. Майстры двойчы выпраўлялі выяву, але кожны раз рука сціскалася ў кулак. У трэці раз, падышоўшы да купала, яны пачулі адтуль голас: «Пісары, пісары, не пішыце Мяне з рукой, што бласлаўляе, а пішыце з рукой сціснутай, бо трымаю Я ў ёй вялікі Ноўгарад. А калі рука Мая разамкнецца, Ноўгараду будзе сканчэнне». Падчас Другой сусветнай вайны выява загінула з-за авіябомбы, якая трапіла ў сабор. У самім храме захоўваецца і цудатворная ікона Божай Маці «Знаменне». У 1170 годзе, калі на Ноўгарад напала ўладзіміра-суздальскае войска, гэты вобраз гараджане размясцілі на сцяне Крамля, і ў левае вока Багародзіцы трапіла страла. Ікона, заплакаўшы, павярнулася да наўгародскага войска, а на ўладзімірцаў і суздальцаў апусцілася цемра, і яны кінуліся бегчы. З тых часоў ікона ўшаноўваецца як галоўная апякунка горада.

* * *

Сённяшні Вялікі Ноўгарад у акружэнні сваіх старажытных храмаў быццам бы сапраўды жыве сваім уласным, адрозны і ад сталічных, і ад правінцыйных расійскіх гарадоў жыццём. Трапляючы сюды, адчуваеш атмасферу старасвеччыны, якая ахінае месца. Ствараюць яе не толькі храмавыя муры, велічны Волхаў і старажытны Крэмль. Але і наўгародскія жыхары, нашчадкі таго «божага люду паспалітага», «заморскіх» купцоў, якія на той час былі не толькі самымі заможнымі, але і самымі адукаванымі і культурнымі людзьмі. Ёсць тут і ўсе неабходныя «складнікі» сучаснага горада — гасцініцы, фешэнебельныя рэстараны, клубы, кінатэатры, буйныя гандлёвыя цэнтры... Але яны чамусьці зусім не кідкія, не «крычаць» пра сябе. Яны проста ёсць. У гэтым плане Ноўгарад можна параўнаць з чалавекам, які мае матэрыяльнае багацце, але не выстаўляе яго на паказ, аздабляючы сябе бліскучай мішурой, і ў той жа час прываблівае таямніцай духоўнасці, якая, зрэшты, таксама не заяўляе пра сябе гучна.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Фота аўтара.
Мінск — Ноўгарад — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».