Кожнаму з нас даводзілася мець справу з чыноўнікамі. Вядома, як гэта часам цяжка. Але ў апошні час таму, як улады працуюць са зваротамі грамадзян, надаецца пільная ўвага. Вось і нядаўна ў Баранавічах адбыўся выніковы семінар па рабоце са зваротамі грамадзян у сацыяльна-працоўнай сферы.
Колькасць пісьмовых зваротаў памяншаецца, электронных — павялічваецца
Рэспубліканскія семінары, прысвечаныя гэтай тэме, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі арганізоўвала штогод на працягу 6 гадоў. Сёлета ў семінары прынялі ўдзел першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Пётр Грушнік, спецыялісты Мінпрацы і сацабароны, прадстаўнікі камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.
Удзельнікі семінара абмеркавалі новыя формы работы з насельніцтвам, удасканаленне работы па рэалізацыі прынцыпу «адно акно», электронны дакументаабарот і многія іншыя пытанні па тэме.
— Механізм работы з насельніцтвам адпрацаваны, — сказаў на адкрыцці семінара Пётр Грушнік. — Гэта шырокі спектр дзейнасці: пачынаючы ад прамых тэлефонных ліній і заканчваючы днём міністэрства ў рэгіёнах. Калі казаць пра вынікі, то мы сёння можам адзначыць, што колькасць зваротаў у наша міністэрства і ў камітэты з кожным годам памяншаецца. Я мяркую, што гэта вынікі той працы, якую мы праводзім. Пісьмовых зваротаў стала менш дзесьці на 10%. Але ўзрасла колькасць электронных зваротаў. Напэўна, гэта правільна, бо на дварэ ХХІ стагоддзе, і сёння многія карыстаюцца магчымасцю задаць пытанне, не выходзячы са свайго дома або кабінета.
Як скараціць колькасць пераадрасацый?
Чалавек, які спрабуе вырашыць сваю праблему, прыходзіць спачатку ў сельсавет альбо выканкам. Не атрымаўшы там адказу на ўсе пытанні, трапляе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, і з ім працуе канкрэтны спецыяліст. Але размова не заўсёды атрымліваецца. Часам наведвальнік занадта эмацыянальны, часам бакі не разумеюць адзін аднаго... Калі пытанне па-ранейшаму не вырашана, чалавек піша ў камітэт або іншы дзяржаўны орган. Але камітэт, кіруючыся ўказам Прэзідэнта, пераадрасоўвае ліст назад у падведамасную ўстанову...
Між тым, пытанне трэба разглядаць там, дзе яго павінны вырашыць. Спецыялістам неабходна глыбей унікаць у праблемы людзей, больш уважліва ставіцца да зваротаў. Калі праблему можна вырашыць, каб гэта рабілася адразу.
Але ёсць яшчэ такі момант: многія нашы грамадзяне імкнуцца звяртацца адразу ў вышэйстаячую арганізацыю. Таму на семінары прагучала прапанова: «У законе аб зваротах грамадзян прадугледжана, што грамадзянін мае права звярнуцца ў вышэйстаячую арганізацыю, прыклаўшы да свайго звароту адказ на свае пытанні ніжэйстаячага органа. Мы ж не звяртаем на гэта ўвагі». «Можа, нам усё ж такі паспрабаваць укараніць гэтую практыку?» — задаліся пытаннем чыноўнікі.
Звяртацца да ўлад трэба, але рабіць гэта варта граматна, і тады да вас прыслухаюцца.
Святлана Бусько.
Даведка «Звязды»
Любому з нас пад сілу дастукацца да чыноўніка і вырашыць праблему без лішніх нерваў. Для гэтага дастаткова памятаць некалькі правілаў.
Самая вялікая праблема нашых людзей у стасунках з чыноўнікамі — няўпэўненасць. Яны сумняваюцца, што змогуць вырашыць сваё пытанне, ім здаецца, што іх лёс у руках гэтага чалавека ў кабінеце. Таму грамадзянін прыходзіць да чыноўніка з адпаведным настроем — альбо патрабаваць, альбо прасіць. І гэтым першапачаткова задае няправільны тон размовы. Упэўненыя і спакойныя паводзіны — ключ да поспеху ў перамовах з чыноўнікам.
Перш чым ісці да чыноўніка, вывучыце прававую аснову свайго пытання. Не лянуйцеся, прачытайце і запомніце адпаведныя артыкулы закона, вывучыце ўсе дакументы, якія звязаны з вашай праблемай. Дакладна сфармулюйце, што вы ад яго хочаце, і не саромейцеся паказаць, на што маеце права.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.