26 верасня, субота

Вы тут

«Нельга проста «сядзець» на традыцыях — патрэбна іх развіваць»


Карэспандэнты «Звязды» гутараць з генеральным дырэктарам РУП «Мінск Крышталь» Станіславам Іодзісам.

1384588390305_1

Дыверсіфікацыя як панацэя

— Завяршаецца гаспадарчы год. Як складваюцца яго папярэднія вынікі, Станіслаў Антонавіч?

— Год выдаўся складаным і для галіны, і для нас. Па шэрагу прычын. Пра некаторыя з іх пагаворым трохі ніжэй. А што да папярэдніх вынікаў, то галоўны з іх — удалося захаваць устойлівую работу калектыву. За дзевяць месяцаў, падчас рэалізацыі плана мадэрнізацыі прадпрыемства на 2012 — 2015 гады, істотна знізілі затраты на вытворчасць, эканомія склала 47 мільярдаў рублёў, у тым ліку па электраэнергіі 9 мільярдаў. Вельмі красамоўныя атрымліваюцца лічбы па выручцы і валавой дабаўленай вартасці. Зрабілі новыя крокі па далейшым укараненні аўтаматызаваных сістэм кіравання і пераўзбраенні вытворчасці — як на галаўным прадпрыемстве, так і на філіялах. Толькі мадэрнізацыя нашых ліній разліву (устаноўка высокаэфектыўных дэпалетызатараў, бракеражных аўтаматаў, новых этыкетыровачных і ўкупорачных аўтаматаў, а таксама ўпакоўшчыкаў у гофракарабы і тэрмаўсадачную плёнку) дазволіла істотна павялічыць прадукцыйнасць працы, забяспечыла выпуск новых відаў прадукцыі ў сучасным афармленні і вытворчасць прадукцыі на экспарт. А таксама выключыла прымяненне ручной працы, скараціла час пагрузкі і павялічыла эфектыўнасць выкарыстання аўтатранспарту.

1384588393144_10

З мерапрыемстваў, якія былі праведзены ў структурных падраздзяленнях, можна ўспомніць будаўніцтва і ўвод буйных збожжасушыльных комплексаў на Урэцкім, Бярэзінскім і Хотаўскім спіртзаводах, узвядзенне бульбасховішча на 15 тысяч тон у нашым аграрным філіяле «Туча» і ачышчальных збудаванняў на Сноўскім крухмальным заводзе.

Шмат было зроблена па замене тэхналагічнага абсталявання і ўдасканаленні тэхналогій на прадпрыемствах-філіялах. На адным толькі Урэцкім заводзе была ўкаранёна энергаэфектыўная нізкатэмпературная схема разварвання сыравіны, заменена абсталяванне дрожджавага аддзялення, узведзены цэх араматных спіртоў і ўкаранёна тэхналогія вытворчасці зброджана-спіртаваных сокаў.

Варта сказаць, што на гэтыя мэты ў рамках усяго прадпрыемства за апошнія два гады (маю на ўвазе 2011 і 2012 гг.) мы накіравалі больш за 240 мільярдаў рублёў. Больш за 64 мільярды выдзелена на праграму гэтага года.

Але, бадай, самае прыкметнае, нават яркае дасягненне: змаглі адчувальна нарасціць тэмпы росту экспарту. І зараз, каб выканаць уласную экспартную праграму, прадпрыемства працуе ў тры змены.

Сёння ў нас шмат экспартных кірункаў, бо з мінулага года пачалі дыверсіфікацыю сваіх паставак. Да 2012 года была двухвектарная пазіцыя — гэта значыць, асноўныя пастаўкі вяліся праз наш гандлёвы дом ТАА «Белхарчпрам» на Прыбалтыку — гэта вектар «Поўнач» (59%) і праз эксклюзіўнага дыстрыб'ютара ТАА «REYPER» у Турцыю — вектар «Поўдзень» (18%). У Турцыю ішло да ста кантэйнераў у год.

1384588396849_11

Але здарылася так, што рынак і там пачаў у пэўны момант «прасядаць». Нам дапамагла менавіта дыверсіфікацыя. Адкрылі для сябе Германію, а праз Германію імкнёмся трапіць на еўрапейскі рынак. Дабаўляецца польскі рынак. У Еўропе мы супрацоўнічаем адразу з трыма эксклюзіўнымі дыстрыб'ютарамі.

Усур'ёз запрацаваў усходні вектар — дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з кампаніяй «НЕМИРОФФ Водка Рус». Зараз яна адкрыла нам магчымасць сур'ёзных паставак ва Украіну, у Казахстан і Расію. Праект па супрацоўніцтве з гэтай кампаніяй аказаўся надзвычай эфектыўным.

Дадаткова асвоены рынкі Індыі, Аргенціны, Бразіліі, Дамініканскай Рэспублікі. Запланаваны пілотныя адгрузкі ў Абхазію, Эквадор і паўночную Афрыку.

Так што зараз працуем па 56 экспартных кантрактах і пастаўляем прадукцыю больш чым у 30 краін свету. Тэмп росту экспартных паставак да папярэдняга года складае 186 працэнтаў. Экспарт плануем павялічыць у паўтара раза, як мінімум, у параўнанні з мінулым годам. І сальда знешнеэканамічнага балансу, у адрозненне ад мінулых гадоў, будзе плюсавое, станоўчае, прыкладна ў межах паўтара-два мільёны долараў. Для нашай галіны паказчык нядрэнны. Рост экспарту неабходны яшчэ і таму, што закупляем частку сыравіны і шмат абсталявання, у тым ліку новыя высокапрадукцыйныя лініі, і патрэбна валюта. Разлічваем, што сам экспарт толькі алкагольнай прадукцыі выведзем на паказчык недзе ў 14 мільёнаў долараў.

У бліжэйшай перспектыве — у лістападзе плануем адгрузіць на экспарт 117 фур. А ў снежні — больш за 150 фур. Гэта значыць, што палову гатовай прадукцыі мы адправім за межы краіны. А калі мець на ўвазе, што на ўнутраным рынку мае месца перавытворчасць і на ўсіх роднасных прадпрыемствах накоплены вялікія складскія запасы, то гэта — і меры па змяншэнні астаткаў на складах, і магчымасць стабілізаваць эканоміку. Таму мы ўжо робім прыкідку планаў па экспарце на першы квартал наступнага года.

Патрэбна сказаць і пра імпартазамяшчэнне, якое з'яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў работы прадпрыемства. З пачатку года выпуск прадукцыі імпартазамяшчэння склаў 12,7 мільёна долараў ЗША. Умоўная эканомія валютных сродкаў для краіны перавысіла 7 мільёнаў долараў.

1384588400488_12

Калі ўнутраны рынак не прываблівае

— Дырэктары прадпрыемстваў алкагольнай галіны сцвярджаюць, што зараз склалася сітуацыя, пры якой нявыгадна працаваць на ўнутраны рынак. Патлумачце, калі ласка.

— За апошнія два гады ў два з лішнім разы павялічылася стаўка акцызу і яго ўдзельная вага ў адпускной цане складае 70 працэнтаў. З 1 студзеня ў Падатковы кодэкс унеслі змены, і быў уведзены парадак аплаты падаткаў з моманту адгрузкі прадукцыі. І атрымліваецца так, што чым больш прадаеш, тым большыя падаткі, якія ты павінен заплаціць з моманту адгрузкі тавару. Гэтых грошай прадпрыемства яшчэ не атрымала, бо гандаль пералічыць заробленыя сродкі праз 40 дзён, але ўсё роўна завод павінен заплаціць адразу. І калі ў нас падаткі даходзяць да 200 мільярдаў, то можна ўявіць, якія крэдыты даводзіцца браць пад 50 працэнтаў і вышэй. Агульная сума выплачаных працэнтаў па крэдытах за 9 месяцаў роўная суме чыстага прыбытку прадпрыемства. Адбываецца вымыванне сродкаў. Вось і атрымліваецца: лепш прадаць на знешні рынак, і эканоміка будзе стабільнай.

Пытанне гэтае трымаем на кантролі. Звяртаемся з прапановамі ў адпаведныя інстанцыі.

На гэтым фоне, пры агульным падзенні на рынку алкагольнай прадукцыі, мы сярод асноўных заводаў, якія ўваходзяць у канцэрн, змаглі павялічыць долю сваёй прадукцыі на ўнутраным рынку з 30 да 36 працэнтаў. Гэта было дасягнута зладжанай работай калектыву.

1384588403362_13

— Попыт на вашу прадукцыю — велічыня пастаянная ці пераменная?

— Попыт на любую прадукцыю рэгулюе рынак. Зараз рынак алкагольнай прадукцыі даволі моцна «прасеў». Раней, у 2011 і 2012 гадах, назіралася тэндэнцыя да росту спажывання такой прадукцыі на рынках, што можна растлумачыць дэвальвацыяй беларускага рубля і закупкай насельніцтвам і гандлем алкаголю «ў запас». Размова, у прыватнасці, ідзе пра 2011-ы год. У наступным было штоквартальнае павелічэнне ставак акцызаў, гандаль зноў жа фарміраваў запасы таннай прадукцыі для атрымання звышпрыбыткаў, і паказчык імкнуўся ўверх.

Рост цэн на моцныя алкагольныя напоі ў далейшым, калі пачалася ўніфікацыя з Расіяй ставак акцызаў, прывёў да падзення попыту на гарэлку і лікёра-гарэлачныя вырабы ў 2013 годзе — на 5—10 працэнтаў да сярэднегадавой ёмістасці і аж на 25 працэнтаў да ўзроўню 2012 года. Даходы насельніцтва зараз не дазваляюць спажываць гэтую прадукцыю, і зноў маем тэндэнцыю росту вытворчасці нелегальнага алкаголю, што пацвярджае міліцэйская і медыцынская статыстыка.

Калі весці гаворку пра «Крышталь», то тым не менш, назіраецца рост попыту на прадукцыю нашага прадпрыемства. Гэта, відаць, можна растлумачыць зробленымі крокамі па ўдасканаленні вытворчасці, далейшай мадэрнізацыі абсталявання, што пасадзейнічала павышэнню якасці прадукцыі, а таксама новай маркетынгавай і цэнавай палітыкай. Іншай стала наша тактыка паводзін на рынках. Раней продажы былі пасіўныя, чакалі званка. Зараз цалкам зменены штатны расклад, створана абсалютна новае па сваіх падыходах да прынцыпаў рэалізацыі падраздзяленне аддзела продажу. Стварылі інстытут рэгіянальных менеджараў, адкрылі рэгіянальныя аптовыя склады і новыя фірменныя магазіны. Усё гэта, я ўпэўнены, прывядзе да далейшага росту продажаў, бо дагэтуль прадукцыя завода «Мінск Крышталь» была слаба прадстаўлена ў рэгіёнах Беларусі. У абласцях прадавалі ад 2—5% ад усёй нашай рэалізацыі, што нельга назваць эфектыўнай работай.

1384588407674_14

У вытворцы павінны быць перспектывы

— Вашы спецыялісты пазнаёмілі нас з разлікамі, з якіх вынікае, што пры росце цэн на алкаголь (летась цана бутылкі была 25 тысяч, зараз 52) доля даходнасці прадпрыемства засталася тая ж. Вытворца нічога не зарабляе?

— Гэта сапраўдная праблема. Адлічэнні з выручкі ў нас даходзяць да 98 працэнтаў. Што абсалютна ненармальна. Прадпрыемства павінна жыць і развівацца, а мы адчуваем недахоп сродкаў. Па выніках работы за 9 месяцаў недахоп уласных абаротных сродкаў складае 145 млрд рублёў. Пры тым, што мы з'яўляемся адным з асноўных падаткаплацельшчыкаў і за гэты час заплацілі 1 трыльён 600 мільярдаў рублёў падаткаў.

— З чым вы звязваеце перспектывы развіцця?

— Перш за ўсё з устараненнем усяго таго, што перашкаджае працаваць. І з далейшымі крокамі па ўдасканаленні работы галіны. Складана гаварыць на гэтую тэму зараз, каб не бегчы «наперадзе паравоза». Прадпрыемства выйшла з прапановай у канцэрн, заручылася там падтрымкай, і мы разам ўнеслі прапановы па мерах стабілізацыі рынку на сваю прадукцыю. Зыходзім з таго, што ўмацаванне нашай галіны важна забяспечыць да 2015 года, бо потым ужо не будзе выключнага права дзяржавы, не будзе нават кватавання. У прапанове рэч ідзе аб аб'яднанні заводаў алкагольнай галіны ў холдынг. Што выключыла б канкурэнцыю паміж айчыннымі вытворцамі, аб'яднала ўсю лагістыку і дапамагло ўпарадкаваць выпуск прадукцыі.

1384588411294_2

— Ці можна папрасіць вас прывесці больш разгорнутыя аргументы на карысць такога аб'яднання?

— Мы падлічылі: эканомія толькі на камплектацыі складзе да 27 мільярдаў рублёў у год — за кошт «маштабу» закупак. А эканомія ад фарміравання адзінай сеткі аптовых складоў і транспартнай лагістыкі перавысіць 12 мільярдаў рублёў. Можна будзе заняцца фарміраваннем адзінай карпаратыўнай сеткі дыстрыб'юцыі на знешніх рынках. А таксама кансалідаваць прыбыткі і накіраваць іх на мадэрнізацыю вытворчасці і далейшае павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі.

Пра магчымасць спынення нікому не патрэбнай унутранай канкурэнцыі, якая сёння вельмі сур'ёзная, я ўжо сказаў.

Плюсоў, якія відавочныя нават для «не ўзброенага» вока, шмат. У тым ліку аб'яднанне выключыла б і шантаж з боку гандлюючых арганізацый, калі яны неабгрунтавана патрабуюць ад прадпрыемстваў-вытворцаў нематываваных зніжак і нейкіх іншых «прэферэнцый». З майго пункту гледжання, холдынг — гэта выхад са становішча. Бо калі ў 2015 годзе адкрыюцца мытныя межы і да нас прыйдуць дастаткова сур'ёзныя партнёры, то альтэрнатыву прадукцыі нашых дзяржаўных прадпрыемстваў складзе іх разрэкламаваная ў сродках масавай інфармацыі і больш танная прадукцыя. А яшчэ — кантрафактны алкаголь з Расіі, вось што страшна. Ён запоўніць беларускую нішу вельмі хутка. Нават зараз у Мінску прадаецца кантрафактная расійская гарэлка. І мы адразу застанемся без сваёй уласнай адпаведнай галіны. Гэта будзе сітуацыя, аналагічная той, якая наглядалася ў 1990-х гадах у суседзяў, калі Расія не ўтрымала, не абараніла ўласны рынак. І што атрымалася ў выніку? Зараз нават прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін прызнае, што ў Расіі 50 працэнтаў кантрафактнага алкаголю.

1384588414397_3

«Мы не стары, а сталы завод»

— Усім дзяржаўным прадпрыемствам даводзяцца аб'ёмныя паказчыкі. Вам таксама?

— Аб'ёмныя паказчыкі ў алкагольнай галіне, якія па-ранейшаму даводзяцца, хутчэй, перашкаджаюць, чым дапамагаюць. Скажам, нам на гэты год давялі паказчык росту аб'ёмаў вытворчасці на109 працэнтаў. Калі выконваць гэты паказчык, то перавытворчасць прывядзе да таго, што мы будзем вымушаны спыніць завод з-за цалкам забітых прадукцыяй складоў. Калі рынак «прасеў» на 25 працэнтаў, то мне проста не лагічна выпускаць прадукцыю з перавышэннем на 10 працэнтаў ад мінулага года — гэты тавар немагчыма будзе рэалізаваць. Мы павінны рэальна ўсё пралічваць, інакш што гэта за эканоміка?

У нас і так на душу насельніцтва выпуск алкагольнай прадукцыі перавысіў усе дапусцімыя межы. Тут патрэбна прымяняць практыку таго ж кватавання, пакуль гэта магчыма, бо ўнутраны рынак мае пэўную ёмістасць і перавытворчасць дапускаць нельга. (Дарэчы, у краіне магутнасці па вытворчасці гарэлкі ў два разы перавышаюць ёмістасць унутранага рынку). Перавытворчасць адразу пацягне за сабой праблемы як для вытворцаў, так і для гандлю, а ў выніку — для насельніцтва. Жыццёвая логіка простая: калі вытворцы выпусцілі лішнюю прадукцыю і яна трапіла на ўнутраны рынак, то гандаль усё роўна павінен яе прадаваць, нават з прымяненнем зніжак. Лічыцца, што калі пляшка гарэлкі паступіла ў магазін, то яна павінна быць некім куплена і выпіта. Але ж і без таго сітуацыя з алкагалізацыяй насельніцтва дастаткова трывожная, і існуе нават цэлая праграма ўрада па дэалкагалізацыі краіны. Яна ўключае ў сябе і такія непапулярныя меры, як павышэнне цаны. Гэта адзін з метадаў утрымаць сітуацыю. Ва ўсіх краінах Еўропы гарэлка — дастаткова дарагі прадукт.

1384588418944_4

Так што не варта ставіць прадпрыемствы галіны (мы гаворым перш за ўсё пра іх) у складаную сітуацыю. І без таго на складах знаходзіцца як мінімум чатырохмесячны запас алкагольнай прадукцыі, краіна забяспечана ёю да Новага года. Заводы нарошчваюць выпуск прадукцыі. У выніку мае месца дэмпінгаванне з боку пэўных вытворцаў.

Давайце прызнаем, што ў алкагольнай галіны ёсць сур'ёзныя праблемы, і пачнем іх нарэшце вырашаць. Да 2015 года засталося зусім мала часу. Калі адкрыюцца граніцы, а беларускія прадпрыемствы не будуць устойліва трымацца на нагах, нас проста выкупяць, і толькі. І дзяржава страціць кантроль над галіной, прадукцыя якой мае велізарны дабавачны кошт, а сама галіна адносіцца да ліку асноватворных, нават стратэгічных.

1384588421277_5

У заключэнне Станіслаў Антонавіч зазначыў:

— Ніхто не можа сказаць, маючы на ўвазе наш узрост, што мы — старое прадпрыемства. Так, мы прадпрыемства сталае, з багатай біяграфіяй і багатымі традыцыямі, Мы іх развіваем, аднаўляем, закладваем новыя традыцыі, па-новаму выбудоўваем сваю работу. Абапіраемся на разуменне з боку канцэрна і ставім перад сабой складаныя вытворчыя задачы, каб адпавядаць патрабаванням новага веку.

Набліжаецца прафесійнае свята. Зараз не вельмі простая сітуацыя ў галіне. І я хацеў бы разам з сардэчнымі віншаваннямі шчыра пажадаць калектывам роднасных прадпрыемстваў, нашым партнёрам, іх кіраўнікам стрэсаўстойлівасці, цвярозага розуму (ацаніце гэтае пажаданне з вуснаў дырэктара алкагольнага завода), моцнасці духу і здароўя, эфектыўнай калектыўнай работы — гэта калі ў адной «запрэжцы», вобразна кажучы, працоўны калектыў разам з кіраўніком. І калі яны ідуць да агульнай мэты разам. Тады ў нас усё атрымаецца.

1384588424301_6

Ноу-хау «класіку» не псуе

Пра тое, як новыя тэхналогіі дапамагаюць дабівацца высокай якасці прадукцыі, распавядае галоўны тэхнолаг Наталля Бараноўская.

— У першую чаргу дабіваемся высокай якасці сыравіны, якую пастаўляюць нашы Урэцкі, Бярэзінскі і Хотаўскі філіялы. І ёсць цэх рэктыфікацыі на галаўным прадпрыемстве. А пачынаецца ўсё з нарыхтоўкі збожжа, якое часткова вырошчваем самі, у нашым СПФ «Туча», астатняе закупляем. Пры рабоце з сыравінай галоўная ўмова — найстражэйшы ўваходны кантроль.

Вытворчасць вядзецца па класічнай тэхналогіі, але з выкарыстаннем уласных ноу-хау. У тым ліку пры вытворчасці спірту выкарыстоўваецца спецыяльна падрыхтаваная вада (метады яе падрыхтоўкі таксама з'яўляюцца ноу-хау прадпрыемства). Што забяспечвае прадукту асаблівую чысціню і мяккасць на смак.

Пры вытворчасці асноўнага прадукту выкарыстоўваецца вада са спецыяльных скважын, апрацаваная крэмніем. Прычым вада старанна падабрана да зыходнай сыравіны, яны цудоўна ўзаемадзейнічаюць. Як і іншыя інгрэдыенты; выкарыстоўваем іх у пэўных суадносінах — у гэтым адзін з прафесійных сакрэтаў. Спажываецца раслінная сыравіна, многія травы закупляем, а частку вырошчваем самі.

1384588427983_7

Найбольш часта абапіраемся на старажытныя тэхналогіі і традыцыі, што існуюць спакон веку, пры вытворчасці бальзамаў. Напрыклад, бальзам «Беларускі» вырабляецца па «дзедаўскім» рэцэпце. У яго састаў уваходзяць экстракты (інакш кажучы, густыя, насычаныя настоі) 17 найменняў траў, для чаго выкарыстоўваюцца сучасныя экстрактары. Плюс мёд, праполіс — усяго 23 кампаненты. З улікам старажытных рэцэптур выпускаюцца і бальзамы «Крышталь», «Белавежскі», «Чарадзей». Прычым, як і пры вытворчасці іншай нашай прадукцыі, прынцыпова не выкарыстоўваюцца штучныя араматызатары ці фарбавальнікі, сыравіна ўся натуральная — тое, што дае прырода. Той жа араматызатар рыхтуецца шляхам канцэнтравання, і ў невялікіх суадносінах дабаўляецца ў гатовы прадукт, калі прадугледжана тэхналогіяй. Але гэта цалкам натуральны араматызатар. І любы наш выраб экалагічна чысты.

Нацыянальныя традыцыі найбольш «адчуваюцца» і ў настойцы «Белавежская», напрыклад, ці ў «Зуброўцы». Але звяртаемся да старадаўніх рэцэптур і ў астатніх выпадках.

У нас вельмі высокая тэхнічная аснашчанасць вытворчасці, працуюць сучасныя аўтаматычныя лініі. У тым ліку і сучаснае фільтрацыйнае абсталяванне, а таксама абсталяванне па апрацоўцы серабром — дзве новыя ўстаноўкі. Менавіта сярэбраная фільтрацыя надзвычай адчувальна ўплывае на мяккасць і наогул на якасць прадукту.

Прэзентабельнасць, скажам так, прадукту залежыць і ад тыпа бутэлькі. Набываем яе і ў Рэспубліцы Беларусь, і за мяжой. У тым ліку прыгожую французскую бутэльку.

Мы пастараліся, каб уся новая прадукцыя гэтага года (і не толькі яна) была ў сучаснай упакоўцы — і лінейка прадукту «Браты Ракаўшчыкі» (такім чынам мы адрадзілі слынную гандлёвую марку, названую ў гонар заснавальнікаў завода), і чатыры новыя найменні лінейкі «Крышталь», і прадукт прэміум-класа «Радзівіл».

Так што якасць забяспечваюць якасная сыравіна, адпрацаваныя тэхналогіі плюс прафесіяналізм нашых работнікаў. У працы абапіраемся на стандарты прадпрыемства, якія вызначаны фактычна для кожнай вытворчай аперацыі, унутранай працэдуры. А ўвогуле на «Крышталі» дзейнічае некалькі сістэм кіравання прадпрыемствам, якія грунтуюцца на міжнародных стандартах — сістэма менеджменту якасцю, сістэма менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў (знакамітая HACCP), сістэма кіравання навакольным асяроддзем і сістэма кіравання аховай працы. Яны пастаянна развіваюцца і дапаўняюцца. Напрыклад, у апошні час у рамках сістэмы менеджменту якасці ўкаранёна методыка ацэнкі эфектыўнасці працэсу «Закупкі» і праграма кіравання лагістыкай. HACCP прыведзена ў адпаведнасць з патрабаваннямі новай версіі СТБ 1470-2012.

Калі казаць пра дасягнутыя вынікі, то ўсё гэта дазволіла нашай прадукцыі атрымаць міжнародны сертыфікат кашэрнасці і экасертыфікат у Германіі.

Функцыянаванне астатніх сістэм дазволіла скараціць колькасць выкідаў забруджвальных рэчываў атмасферу на 14%, колькасць адходаў вытворчасці на 23%. На прадпрыемстве не было зарэгістравана ніводнага выпадку з цяжкім зыходам.

Калі ў гэтым сэнсе казаць пра перспектыву, то мы працуем над укараненнем новых міжнародных сістэм кіравання — ІSO 22000 і патрабаванняў рэгламентаў ЕС.

1384588430529_8

Браты Ракаўшчыкі вяртаюцца

Слова — начальніку аддзела маркетынгу Ганне Золатавай.

— Лічым, што маркетынг патрэбна ўспрымаць як глабальную функцыю ў дзейнасці сучаснага прадпрыемства. Калі гаварыць пра нашу маркетынгавую стратэгію ў 2013 годзе, то праводзім перш за ўсё сур'ёзныя даследаванні рынку. Па тых яго сегментах, дзе ёсць пэўная ніша, прымаецца рашэнне аб выпуску новых відаў прадукцыі, каб заняць уласнае месца, заваяваць новыя пазіцыі.

Адначасова вядзецца распрацоўка новых лінеек прадукцыі і ўніфікацыя ўжо існуючых, аптымізацыя асартыментнага партфеля. У выніку праведзеных за апошні час мерапрыемстваў колькасць SKU (гэта назва ўмоўнай адзінкі прадукцыі) скарацілася з 380 да 180. У наступным годзе збіраемся наогул скараціць да 130, што дазволіць яшчэ больш актуалізаваць асартымент і сканцэнтраваць увагу на якасці прадукцыі.

Мы адышлі ад пасіўных продажаў да актыўных, пра што гаварыў Станіслаў Антонавіч. Ва ўсіх абласных гарадах адкрываюцца аптовыя склады. Да канца года з 24 да 28 вырасце колькасць фірменных магазінаў. А ў 2014 годзе ўласная гандлёвая сетка «Крышталя» будзе налічваць 34 гандлёвыя пункты. Перавагі фірменнага гандлю агульнавядомыя, я назаву толькі адну. Ён поўнасцю выключае магчымасць таго, што на паліцу можа трапіць нейкі «левы», тым больш кантрафактны прадукт. Пакупнік, калі ідзе да нас у фірменны магазін, поўнасцю давярае прадаўцу, сустракае прафесійнае і ветлівае абслугоўванне.

На кожнай тэрыторыі (у вобласці) у нас з'явяцца не толькі кіраўнікі па продажах і гандлёвыя прадстаўнікі, якія будуць наведваць гандлёвыя кропкі, але і каманды мерчандайзераў, якія зоймуцца граматнай выкладкай прадукцыі. Ва ўмовах сённяшняй канкурэнцыі ўсё гэта — проста неабходныя атрыбуты рынку. Кваліфікавана «ўвайсці», упісацца ў эканоміку рэгіёнаў нам дапаможа наш сучасны лагістычны цэнтр. Наладжаныя з яго дапамогай лагістычныя працэсы дазволяць дастаўляць прадукцыю да гандлёвых кропак своечасова і ў поўным аб'ёме.

Ужо сёння дзякуючы таму, што ў нас з'явіўся свой буйны гандлёва-лагістычны цэнтр, наладжана адзіная аўтаматызаваная сістэма кіравання лагістычнымі працэсамі. У прыватнасці, дзейнічаюць сістэмы кіравання складам (WMS), кіравання дваром (YMS), кіравання транспартам (TMS). Гэта дазваляе аптымальна выкарыстоўваць рэсурсы, скарачаць эксплуатацыйныя расходы, павышаць якасць абслугоўвання кліентаў і ўдасканальваць улік і дакументаабарот. Калі ўспомніць, што толькі склад гандлёва-лагістычнага цэнтра займае 7000 квадратных метраў тэрыторыі і прадназначаны для захоўвання больш чым 350000 дал прадукцыі, то можна ацаніць важнасць праведзеных мерапрыемстваў.

Тры нашы структурныя падраздзяленні — аддзелы маркетынгу, продажаў і лагістыкі працуюць у адной «звязцы», падпарадкуюцца камерцыйнаму дырэктару, і мы будуем сваю работу ў цеснай узаемасувязі. У тым ліку клапоцімся пра знешні выгляд прадукцыі, уключаючы новую тару і новыя этыкеткі. Знешні выгляд пры перавытворчасці, калі аднатыпная прадукцыя розных вытворцаў па аднолькавай цане стаіць на паліцах магазінаў у вялікай колькасці, адыгрывае вельмі вялікую ролю. Калі вока «зачапілася» за знешні выгляд, за яркую этыкетку, то пакупнік бярэ гэтую, а не іншую прадукцыю. Мы ў патрэбным кірунку робім многае.

Праводзім і пастаянныя даследаванні спажывецкага попыту. Вызначаем, што карыстаецца большым попытам, у адпаведнасці з гэтым распрацоўваем новыя віды прадукцыі і выводзім іх на рынак.

Мы штогод удзельнічаем у прэстыжных міжнародных прафесійных дэгустацыйных конкурсах і выставах. Днямі ў сталіцы Казахстана, Алматы, прайшла выстава «WorldFood Kazakhstan». Там жа адбыўся прафесійны дэгустацыйны конкурс. І нашы новыя віды прадукцыі — лінейка «Браты Ракаўшчыкі» і прадукцыя гандлёвай маркі «Радзівіл» — занялі першыя месцы.

На гэтым тыдні ўдзельнічалі ў рабоце буйнейшай міжнароднай выстаўкі-ярмаркі харчовай індустрыі «Прадэкспа — 2013» у Мінску. Закрыты прафесійны дэгустацыйны конкурс у яе рамках праведзены на базе нашага прадпрыемства, у спецыяльна створанай для такіх мэт буйной дэгустацыйнай зале. Прадукцыя завода ўзнагароджана 2-ма Гран-пры і 4-ма залатымі медалямі. Гэта дзевятнаццатая па ліку выстаўка-ярмарка «Прадэкспа». Наша прадпрыемства прымае ўдзел у ёй штогод і заўсёды атрымлівае букет узнагарод. Што напрамую сведчыць аб якасці нашай прадукцыі.

А крыху раней, у кастрычніку, на прафесійным конкурсе – дэгустаціі ў Нью-Йорку гандлёвая марка «Белая Русь» заняла першае месца, атрымала двайны залаты медаль і прызнана лепшай у 2013 годзе.

У гэтай сувязі патрэбна адзначыць работу нашых тэхнолагаў, якія распрацоўваюць новыя віды прадукцыі. Усе рэцэптуры, па якіх вядзецца выпуск прадукцыі, — гэта ўласнасць нашага прадпрыемства. Спецыялісты пастаянна вучацца, удасканальваюць свае веды, і іх уклад важкі і значны.

Свой плён даюць сустрэчы са спажыўцамі. Гэта забяспечвае зваротную сувязь, дапамагае разумець тэндэнцыі і нават «здымаць» нейкія неразуменні. Скажам, нядаўна падчас адной такой сустрэчы выступае мужчына і задае пытанне: «Вось вы такое магутнае прадпрыемства, але я чуў, у вас не хапае ўласнай сыравіны, і вам завозяць спірт аж з Кітая...» На самой справе ў нас тры свае спіртзаводы, і яны цалкам забяспечваюць нас патрэбнымі аб'ёмамі сыравіны, а частку сваёй прадукцыі адпраўляюць на экспарт. Важна, што мы можам клапаціцца аб іх развіцці і дабівацца найлепшай якасці іх прадукту, ад чаго ў значнай ступені залежыць якасць канчатковай прадукцыі. Прычым толькі ў нас ёсць спірт «Крышталь супер-люкс» — больш ні ў кога.

Сярод задач, якія мы перад сабой ставім на бліжэйшую перспектыву, — укараненне ўніфікаваных стандартаў прысутнасці прадукцыі ў гандлёвых пунктах, а таксама развіццё трэйд-маркетынгу і далейшае развіццё мерчандайзінгу. На мэце маецца далейшае павелічэнне нашай долі на рынку, асваенне новых яго ніш і сегментаў, нарошчванне аб'ёмаў экспартных паставак.

З гісторыі прадпрыемства

120 гадоў таму два прадпрымальнікі браты Ракаўшчыкі заснавалі ў Мінску на Ніжне-Ляхаўскай вуліцы (зараз Кастрычніцкая) дрожджа-вінакурны завод. Пачыналася гісторыя прадпрыемства з невялічкай паравой машыны і дваццаці рабочых.

У выніку рэканструкцыі 1910 года былі ўстаноўлены больш магутная паравая машына, а таксама дынама-машына, лакамабіль і газагенератар. Да 20-годдзя з дня заснавання завод стаў самым перадавым па тэхнічнай аснашчанасці прадпрыемствам Мінска і буйнейшым у сваёй галіне ў Беларусі.

З таго часу тут адбыліся шматлікія рэформы і перайменаванні. З 1964 года Мінскі дрожджа-вінны камбінат стаў галаўным прадпрыемствам аб'яднання «Крышталь», у якое ўваходзілі чатыры лікёра-гарэлачныя заводы, а з 1976 года на яго базе створана аб'яднанне спіртавой і лікёра-гарэлачнай прамысловасці, куды ўліліся яшчэ 9 спіртзаводаў.

Ужо ў нашы дні, у 2002 годзе, Мінскі вінна-гарэлачны завод быў пераўтвораны ў вытворча-гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінск Крышталь». Зараз гэта буйнейшы ў Беларусі вытворца алкагольнай прадукцыі. Прадпрыемства падтрымлівае марку лідара галіны, паспяхова сумяшчае перадавыя тэхналогіі ХХІ стагоддзя і вытворчыя традыцыі, закладзеныя яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Захоўвае і ўдасканальвае класічныя рэцэптуры, што маюць нацыянальны каларыт і дзякуючы чаму яны не губляюць актуальнасці да нашых дзён.

На прадпрыемстве склаўся працаздольны калектыў, які шануе зробленае старэйшымі пакаленнямі і сам многае робіць для далейшага развіцця галіны. Падабралася моцная, творчая каманда менеджараў і тэхнолагаў. У канцы 2011 года калектыў узначаліў Станіслаў Антонавіч Іодзіс.

Генеральны дырэктар скончыў Украінскую юрыдычную акадэмію, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, інстытут кіруючых работнікаў Мінгандлю. Мае багаты вопыт па ўпраўленні прадпрыемствамі рознай формы ўласнасці рэальнага сектара эканомікі. Чытачы «Звязды» знаёміліся з яго прагрэсіўнымі метадамі кіравання, калі Станіслаў Антонавіч узначальваў сетку рэстаранаў хуткага харчавання «Лідо», потым буйнейшы ў сталіцы Камароўскі рынак, а пазней — дзяржаўнае гандлёва-прамысловае ўнітарнае прадпрыемства «Белрыба».

Па працы і ўзнагароды

1384588434729_9

Яшчэ ў 1905 годзе прадукцыя прадпрыемства была адзначана Залатым медалём выставы ў Парыжы, а ў наступным, 1906 годзе, Залатым медалём Растоўскай выставы пастаўшчыкоў імператарскага двара. У 1911 годзе адзначана Гран-пры Рымскай выставы.

Усяго ў «партфелі» прадпрыемства больш за 750 узнагарод. З іх 32 Гран-пры, 17 плацінавых знакаў якасці, звыш 300 залатых узнагарод, каля 140 сярэбраных, больш за 50 бронзавых медалёў. А таксама больш за 225 дыпломаў пераможцаў розных конкурсаў.

Стаўшы ў 2000 годзе лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, прадпрыемства сёлета зноў пацвердзіла гэтае званне. Гэта ўзнагарода асаблівая. З аднаго боку, прызнанне вынікаў работы на дзяржаўным узроўні. З другога — вялікая адказнасць, бо пацвярджаць сваю адпаведнасць статусу трэба пастаянна.

Дарэчы, крытэрыі прэміі супадаюць з крытэрыямі Еўрапейскай прэміі па якасці.

Прадпрыемства выходзіла пераможцам конкурсаў «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», «Прадукт года», «Выбар года», «ГУСТ».

Брэнд «Крышталь» не аднойчы перамагаў у конкурсе «БРЭНД ГОДА».

Калі глядзець за апошнія гады, то ў 2011 годзе якасць прадукцыі прадпрыемства адзначана 33 узнагародамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і выстаў.

Мінулы год прынёс больш за 50 узнагарод, у тым ліку 13 залатых медалёў, два Гран-пры і «Зорку Прадэкспа».

А сёлета скарбонка ўзнагарод папаўнялася золатам 14 разоў. На «Прадэкспа – 2013» прадукцыя завода атрымала адразу 6 галоўных узнагарод. І не будзем забываць, што год яшчэ не скончыўся.

Публікацыю падрыхтавалі Уладзімір Хількевіч, Алена Даўжанок і Надзея Бужан (фота).
Ліцэнзія №03220/8 дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі РБ ад 24.05.2010г. на пяць гадоў.

УНП 600013329

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.