Вы тут

Зерне становіцца золатам у добрых руках


У народзе кажуць, што хоць зерне і залатым родзіцца, але пераўтварыць яго ў золата без вялікіх намаганняў складана. І да гэтага маюць дачыненне не толькі аграрыі, але і людзі, якія перапрацоўваюць вырашчаную сельгаспрадукцыю. Усе разам яны ствараюць харчовую бяспеку нашай краіны. Значны ўклад у агульную скарбонку ўнеслі і працаўнікі Маладзечаншчыны. З чым яны сустракаюць прафесійнае свята, наша размова з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Маладзечанскага райвыканкама Генадзем Бажко.

1384588606924_1

— Генадзь Іванавіч, што значыць прафесійнае свята для хлебаробаў раёна і вас асабіста?

— У нашым календары шмат свят, але Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці дастойны асаблівай увагі. Не кожны чалавек здольны працаваць на сяле. Праца ў сельскай гаспадарцы спецыфічная, нялёгкая, а яе вынікі часта залежаць і ад кліматычных умоў. Апошнім часам дзякуючы развіццю навукова-тэхнічнага прагрэсу і непасрэднага ўдзелу ў працэсе кіраўніка дзяржавы праблемы сельскай гаспадаркі максімальна вырашальныя. Тыя вынікі, што паказваюць аграрыі, — прадмет гонару, і гэта ніхто не аспрэчвае. Выпрабаванні і дадатковыя клопаты прынесла хлебаробам надвор'е і сёлета: позняя вясна, затым — засуха. Але наступствы прыроды ўдалося мінімізаваць. У Маладзечанскім раёне сабралі зерневых 40 цэнтнераў з гектара. Гэта менш, чым летась. Але недабор кампенсавалі кукурузай, іншымі культурамі. Словам, спрацавалі прафесійна як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Назапасілі дастаткова кармоў для грамадскага статка. А недахоп канцэнтратаў перакрылі якаснымі расліннымі кармамі. У прыватнасці, нарыхтавалі больш за 25 тыс. тон сенажу, звыш 20 тыс. тон сіласу. У выніку разлічваем на павелічэнне жывёлагадоўчай прадукцыі. Добры падмурак для гэтага і 15 рэканструяваных малочнатаварных фермаў, якія ўжо ўведзены ў строй.

— У Маладзечне добра развіта і перапрацоўчая прамысловасць. Вынікі работы гэтай галіны радуюць?

— Не магу сцвярджаць, што тут мы дасягнулі абсалютнай дасканаласці. Але ў апошнія гады зроблена шмат.

Непасрэдна ад вынікаў работы аграрыяў залежыць дзейнасць адкрытага акцыянернага таварыства «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў». Сёння тут выпускаецца пшанічная і ржаная мука, пшанічнае і ржаное вотруб'е, манныя крупы, ячменная луска, камбікорм для птушкі. Прадукцыя канкурэнтаздольная як у краінах СНД, так і Еўрасаюза. На камбінаце пастаянна ідзе мадэрнізацыя вытворчасці. У многім стаць лепшым сярод прадпрыемстваў мукамольнай прамысловасці краіны дапамагла рэканструкцыя млына, якая адбылася дзесьці 4 гады таму. Дзякуючы ўключэнню камбіната ў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця было закуплена і ўведзена ў дзеянне высокапрадукцыйнае абсталяванне польскай вытворчасці. Гэта дазволіла знізіць спажыванне энергіі на 30 — 40%, падвоіць выпуск мукі вышэйшых гатункаў, палепшыць яе якасць. Тэхналогія, што прымяняецца пры вырабе прадукцыі, прадугледжвае насычэнне яе кіслародам у паветраных патоках. Пры гэтым прадукт літаральна «дыхае», становіцца больш аб'ёмным, а гаспадыням не трэба прасейваць муку праз сіта. Хлебабулачныя вырабы з маладзечанскай мукі даўно ацанілі не толькі жыхары горада, але і Беларусі.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Маладзечанскі малочны камбінат» мае філіялы — Валожынскі масласырзавод, Вілейскі гармалзавод і Нарачанскі масласырзавод. Прадпрыемствы цалкам забяспечваюць прадукцыяй свае рэгіёны і пастаўляюць яе па ўсёй Беларусі, а асобныя віды экспартуюць у Расію, Казахстан, Германію, Польшчу, Бельгію, Францыю.

У 2009 годзе адкрытае акцыянернае таварыства «Трайпл — Велес» стала правапераемнікам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Маладзечанскі мясакамбінат». Тут адбылася значная мадэрнізацыя тэхналагічных працэсаў і рэканструкцыя. Ужо ў 2010 годзе акцыянернае таварыства пачало рэалізоўваць прадукцыю еўрапейскай якасці як па Беларусі, так і за мяжу. З першых дзён была вызначана новая стратэгія вытворчасці і продажу мясных і каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў: высокая якасць, эксклюзіўнасць і, разам з тым, даступнасць. Прадпрыемства атрымала сертыфікаты адпаведнасці НАССР (Hazard Analysіs and Crіtіcal Control Poіnts — аналіз рызыкі і крытычныя кропкі кантролю) і ІСО 9001, што сведчыць пра якасць і бяспеку прадукцыі.

— Што б вы пажадалі ўсім, хто мае дачыненне да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці?

— У гэтым свеце ўсё мяняецца, а сельская праца неабходная па-ранейшаму ўсім і кожнаму. Вынікамі працы аграрыяў карыстаецца кожны чалавек — жыхар як вялікага мегаполіса, так і невялікага правінцыяльнага гарадка. І мы ўсе павінны помніць, дзе здабываюцца ўсе тыя багацці, што з'яўляюцца штодзень на нашым стале. У гэты знамянальны дзень жадаем вам і вашым сем'ям усяго найлепшага! Са святам!

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.