Вы тут

Мясцовай уладзе па сілах


У райцэнтры Ушачы на асабістым прыёме да Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, было людна. Некаторыя наведвальнікі прыйшлі з калектыўнымі зваротамі. Прыём доўжыўся прыкладна дзве гадзіны. Спікер парламенту выслухаў нават тых, хто пажадаў з ім сустрэцца без папярэдняга запісу.

1384588741228_16-27

Першымі па дапамогу звярнуліся жыхары інтэрната з вёскі Градзянец.

— У будынку — трыццаць кватэр. Раней людзі карысталіся для прыгатавання ежы плітамі, да якіх падаваўся балонны газ. Але нам гэта забаранілі, а трубу для падачы прыроднага газу не падвялі. Маўляў, дорага. Абяцалі электрапліты ўстанавіць, вось чакаем...

Газам у балонах, як высветлілася, у шматкватэрных дамах насамрэч нельга карыстацца, бо ў краіне змяніліся адпаведныя правілы. Гэта было зроблена, каб не дапусціць трагедый у выніку парушэння правілаў эксплуатацыі. Нельга, каб паўтарылася тое, што адбылося ў лютым мінулага года ў адным з інтэрнатаў Лагойскага раёна. Тады ў выніку выбуху газу каля дзесяці кватэр былі разбураны, чалавек загінуў, многія іншыя жыльцы атрымалі траўмы.

Як растлумачыў старшыня райвыканкама, з кіраўніцтвам райпа ўжо праведзены перамовы, каб завезлі электрапліты і прадалі людзям у растэрміноўку. А на агульных кухнях інтэрната пліты ўстановяць за сродкі арганізацыі, якой належыць установа.

Уладзімір Андрэйчанка выказаў меркаванне, што не зусім правільна, калі інтэрнат знаходзіцца на балансе райаграсэрвісу, бо ў гэтай арганізацыі сваіх профільных праблем хапае.

— Сельскагаспадарчая арганізацыя павінна вырошчваць хлеб, а камунальнікі — займацца камунальнымі справамі, — падкрэсліў спікер парламента.

Самай эмацыянальнай з ліку тых, хто прыйшоў на прыём, была маладая мама. Жанчына паведаміла, што ў яе незаконна адабралі дзіця.

— Дапамажыце вярнуць сына! — запатрабавала жыхарка раёна.

Як растлумачылі адказныя асобы, малога адабралі законна. У доме, дзе ён знаходзіўся, жывуць яго бабуля і дзядзька, якія злоўжываюць спіртным, часта канфліктуюць і скандаляць. Перад тым як «забраць» дзіця, адказныя асобы пільна вывучылі ўмовы яго пражывання і прызналі іх неадпаведнымі нормам. Двухгадовага хлопчыка кармілі толькі сухімі сумесямі, якія дзяржава выдзяляе на харчаванне малых. Прадстаўнікі ўлады канстатавалі, што 47-гадовая бабуля хлопчыка і яе дачка, якая ў дэкрэце, фактычна жылі толькі на фінансавую дапамогу, што выдзяляецца на догляд дзіцяці.

Маленькага Станіслава перадалі на выхаванне ў прыёмную сям'ю, дзе ён пачаў, нарэшце, размаўляць. Але ж ніхто не пазбаўляў правоў на выхаванне дзіцяці біялагічную маці! На працягу некалькіх месяцаў у яе ёсць шанц выправіцца. Жыллё жанчыне прапанавалі ў іншай вёсцы — у так званым «прэзідэнцкім доміку», працаваць можна на ферме ці зернетаку. Але яна не хоча...

Дзве жыхаркі раёна паскардзіліся, што іх мужам (а таксама сыну адной з жанчын) не выплацілі грошы за працу на ўборачнай. І атрымалі абяцанне разабрацца ў сітуацыі.

Уладзімір Андрэйчанка пачуў і падзяку ад калектыву школы — за аўтобус для перавозкі юных спартсменаў. Старшыня парламента раней паабяцаў паспрыяць юным спартсменам у гэтым пытанні. І вось добрая навіна: аўтобус ужо ва Ушачах.

Пасля прыёму грамадзян Уладзімір Андрэйчанка падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— Радуе тое, што не было агучана ні адной скаргі па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Значыць, раён нядрэнна падрыхтаваўся да чарговага ацяпляльнага сезона. Што да тых пытанняў, якія я тут пачуў, — усе яны знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовай улады. Але такія сустрэчы вельмі карысныя, бо народным выбраннікам неабходна ведаць, што хвалюе людзей на месцах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Ушачы — Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.