Вы тут

У джазе не толькі... Мінск


На мінулым тыдні ў сталіцы праходзіў ІІ Міжнародны фестываль джаза «AlfaJAZZіnMІNSK-2013».

ЮНЕСКА прызнала джаз здабыткам свету. Зарадзілася гэтая музыка сярод афраамерыканцаў. Аднак за крыху больш чым 100-гадовую гісторыю яна займела сваіх прыхільнікаў сярод прадстаўнікоў розных нацый на ўсіх кантынентах.

У Беларусі джазавая супольнасць сёння групуецца вакол «Джаз-клуба Яўгена Уладзімірава», стваральнік якога і сам актыўна выконвае такую музыку, шмат выступае. Разам з Уладзімірам Карагіным яны з'яўляюцца аднымі з галоўных папулярызатараў джаза. Яны імкнуцца даносіць яго і па-за межы сталіцы. У мінулым годзе джазмены ездзілі ў Ваўкавыск і выступалі ў музычнай школе. Яны прыгадваюць, што разам з дзецьмі на іх канцэрт прыйшлі і бацькі, на вачах якіх блішчалі слёзы, бо яны ніколі раней не чулі джаза ўжывую і былі проста ў захапленні. Вялікая зацікаўленасць публікі ўразіла выканаўцаў, таму сёлета 29 снежня джаз зноў будзе гучаць у Ваўкавыску.

1384838327871_19-7

Пакуль жа падмосткі сталічных палацаў і клубаў прынялі «зорак» сусветнай велічыні на фестывалі «AlfaJAZZіnMІNSK-2013». На ўрачыстым адкрыцці фестывалю выступіў самы тытулаваны гурт планеты «TAKE 6». На яго рахунку ажно 10 статуэтак прэстыжнай музычнай прэміі «Грэмі». І яшчэ 18 разоў яны былі на яе намінаваны. Гэтыя выканаўцы найбольш яскрава адлюстроўваюць сучасныя спевы а капэла — без музычнага суправаджэння. Голас кожнага з шасці ўдзельнікаў каманды абсалютна ўнікальны. Яны маюць розныя тэмбры, могуць нават імітаваць гучанне музычных інструментаў. Афраамерыканскія мужчыны, што спяваюць ужо больш за 30 гадоў, з гастрольнымі турамі некалькі разоў аб'ехалі планету. І сёлета нарэшце дабраліся да Мінска. Кажуць, што, паслухаўшы гэты гурт, многія бацькі адводзяць сваіх дзяцей у вакальную студыю. Бо тое, на што здольныя галасы гэтых спевакоў, сапраўды вельмі ўражвае.

Раней лічылася, што выканаўцы такога высокага ўзроўню Беларусі недаступныя, што іх райдары занадта высокія. Аднак Уладзімір Карагін расказаў, што тыя, хто ўсё-такі завітаў да нас з Вашынгтона, Нью-Ёрка, Лондана, Берліна, былі натхнёныя Яўгенам Уладзіміравым, яго камандай музыкантаў і вельмі палюбілі нашу сталіцу. Цяпер многія імкнуцца вярнуцца сюды зноў, і не адзін раз. І справа тут не толькі ў прыгажосці краіны і добра выхаваных людзях. Знакамітыя музыканты, па словах Карагіна, адзначаюць, што наша публіка — самая ўдзячная.

Славутыя сусветныя «зоркі» джаза і айчынныя выканаўцы выступалі ў Палацы Рэспублікі і Джаз-клубе, які знаходзіцца ў ім, у Палацы прафсаюзаў. Расклад іх канцэртаў ёсць на сайце jazzclub.by. Акрамя выступленняў, адбыліся і майстар-класы. Прычым многія з іх ладзіліся прама падчас 20-хвілінных антрактаў паміж аддзяленнямі канцэртаў. Артысты расказалі, як правільна іграць на саксафоне, каб ён гучаў так, як у аркестры Дзюка Элінгтона. Спявачкі паказалі, як імправізаваць, нават не маючы пастаўленага голасу, — любы прысутны зможа выйсці наперад і зрабіць гэта. Піяністы вучылі іграць мелодыі без нот. Бо сапраўдны джаз, як вядома, — гэта імправізацыя.

І хоць лістападаўскі фестываль толькі скончыўся, хочацца забегчы наперад і падзяліцца прыемнай навіной. З 23 па 25 мая 2014 года, якраз падчас чэмпіянату свету па хакеі, у Мінску адбудзецца яшчэ адзін фестываль джаза. Прычым пад адкрытым небам — у парку імя Горкага. Больш за 20 калектываў з розных краін спецыяльна прыедуць у Мінск. Уваход амаль на ўсе канцэрты будзе бясплатным.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».