Вы тут

Індывідуальнае будаўніцтва плануюць павялічыць у разы


Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Дарапіевіч на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя тэндэнцыі ў архітэктуры, арганізацыі і тэхналогіі індустрыяльнага будаўніцтва індывідуальнага жылля».

Спецыяліст упэўнены, што для павышэння эфектыўнасці будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў у буйнапанэльным выкананні ў Беларусі мяркуецца з 2014 года канцэнтраваць магутнасці, развіваць вытворчасці на айчынных домабудаўнічых камбінатах і арганізацыях індустрыяльнага домабудавання, а таксама ўжываць механізм дзяржаўнага заказу. Укараненне гэтага механізму фінансавання для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і якія маюць права на атрыманне дзяржпадтрымкі, дасць магчымасць удасканаліць у краіне кіраванне аб'ёмамі ўводу ў эксплуатацыю індывідуальных жылых дамоў індустрыяльным спосабам.

Для рэалізацыі гэтага плана падрыхтавана каля 30 праектных прапаноў па індывідуальных жылых дамах індустрыяльнага домабудавання. Уладзімір Дарапіевіч удакладніў, што гэтыя прапановы ўключаюць розныя тыпы жылых дамоў з колькасцю пакояў ад 3 да 6, з агульнай плошчай ад 70 да 220 квадратных метраў і коштам 1 кв.м ад 5,3 млн да 10,9 млн рублёў. Распрацоўка новых праектаў працягваецца.

Індустрыяльнае індывідуальнае домабудаванне прадугледжвае выпуск камплектаў вырабаў і іншых элементаў для будаўніцтва як асобных жылых памяшканняў, так і блакіраваных індывідуальных жылых дамоў. Будучым уласнікам такіх дамоў будуць прапаноўвацца і паслугі па мантажы камплектаў. Мінбудархітэктуры падлічыла, што аб'ём індустрыяльнага індывідуальнага домабудавання павінен складаць у 2013 годзе 7,9% ад агульнага ўводу індывідуальных жылых дамоў па рэспубліцы, у 2014-м — 31,2%, а ў 2015-м — 39,5%. Аб'ём будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў у буйнапанэльным выкананні да 2016 года павінен павялічыцца да 300 тысяч квадратных метраў.

Павялічэнне ўводу індывідуальных жылых дамоў па тэхналогіі няздымнай апалубкі мяркуецца забяспечыць намаганнямі трох айчынных арганізацый: акцыянернага таварыства «Лаўсанбуд» (Магілёў), будтрэста №8 з Брэста і бабруйскага будтрэста №13. Аб'ём вытворчасці гэтымі арганізацыямі складзе ў 2015 годзе 40% ад агульнага ўводу індывідуальных жылых дамоў індустрыяльным спосабам.

Развіццё ў Беларусі індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва хутка стане сапраўды перспектыўным кірункам, упэўнены спадар Дарапіевіч. Цяпер у краіне з ростам дабрабыту насельніцтва і павышэннем цікавасці да рынкавых формаў валодання жыллём назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя з боку грамадзян да пражывання менавіта ў індывідуальных жылых дамах. Больш за тое, аналіз замежнай практыкі і міжнародная статыстыка паказвае, што ў большасці краін свету з развітай рынкавай эканомікай аб'ёмы індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва складаюць каля паловы ад агульнага ўводу жылля.

Каб рэалізаваць такія задачы, спатрэбіцца павелічэнне плошчаў зямель, якія адводзяцца пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Выбар тэрыторый для раёнаў і кварталаў індывідуальнага жылбуду павінны ажыццяўляць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Намеснік начальніка ўпраўлення паведаміў, што толькі ў Віцебскай і Гомельскай абласцях колькасць адведзеных участкаў адпавядае колькасці грамадзян, якія жадаюць іх атрымаць пад будаўніцтва індывідуальнага дома. А вось у іншых рэгіёнах колькасць зямельных «чаргавікоў» значна перавышае аб'ём ужо адведзеных зямельных участкаў, удакладніў сітуацыю Уладзімір Дарапіевіч.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».