Вы тут

Што не падзялілі Пане Каханку і барон Мюнхгаўзен?


Ці вядомы вам самыя загадкавыя таямніцы Нясвіжскага замка? Ці ўяўлялі вы сабе калі-небудзь, што па падземным ходзе імчыце на санях, запрэжаных мядзведзямі, у госці да цыганскага барона ў Міры? Ці думалі аб тым, што барон Мюнхгаўзен частку сваіх прыгод пазычыў у Радзівіла?.. Такая гісторыя, праўдзівая і ўпрыгожаная яскравымі міфамі, паўстае з кніг Анатоля Бутэвіча…

1384838746894_1

Нечакана для сябе самога гэты аўтар у адзін дзень прэзентаваў адразу дзве кніжкі. Першая, «Таямніцы Нясвіжскага замка», што свет пабачыла ўвесну, ужо паспела заінтрыгаваць чытача і знайсці прыхільнікаў. Другая, «Паміж Княствам і Каронай», толькі-толькі сышла з друкарскага варштата Выдавецкага дома «Звязда» і стала прыемным сюрпрызам нават для самога творцы. Пах сівой даўніны, апісанай у ёй, пакуль што змешваецца з пахам свежай друкарскай фарбы…

«Паміж Княствам і Каронай» — гэта працяг рамана Анатоля Бутэвіча «Каралева не здраджвала каралю». Напісаны ён у крыху іншай форме, аднак таксама змяшчае і гістарычныя факты, і вынайдзеныя аўтарам цікавінкі, што аздабляюць мінулае і робяць яго яшчэ больш прывабным. У гэтым сам Бутэвіч параўноўвае сябе з Караткевічам, які ўмела легендазаваў нашу гісторыю.

Намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Ала Корбут расказала, што тыраж рамана «Каралева не здраджвала каралю» разышоўся надзвычай хутка, дзесьці за 4,5 месяца. І дадала, што ў многіх бібліятэках гэтая кніга ўжо зачытана да дзірак. Таму плануецца перавыданне твора. Можна спадзявацца, што не менш шчаслівы лёс напаткае і новае выданне, якое з'яўляецца працягам паспяховай кнігі.

1384838750897_2

У «Таямніцах Нясвіжскага замка» аўтар смела заяўляе, што можна казаць пра існаванне асобнай «Радзівілаўскай дзяржавы». Бо магнаты мелі і свой суд, і ўласнае войска, якое ўтрымлівалі за свае грошы. Ім належалі 23 замкі,
426 гарадоў і мястэчак, 2032 маёнткі, больш за 10 тысяч вёсак. Сярод прадстаўнікоў роду былі каралева, кардынал, 3 епіскапы, 27 ваяводаў, 22 канцлеры, гетман… Нездарма Радзівілаў называюць некаранаванымі каралямі, ды і па сваіх багаццях яны часта пераўзыходзілі кіраўнікоў дзяржавы…

Аргумент пра «каралеўства» робіцца яшчэ больш важкім, калі ўлічыць, што з нашай зямлі паходзіла ўсяго 3 каралевы. Першая — тая самая Барбара Радзівіл. Другая — Соф'я Гальшанская, чацвёртая жонка караля польскага і вялікага князя літоўскага Ягайлы (падчас шлюбу, які ладзіўся ў Навагрудку, ёй было 17, а яму 70), ад якіх пайшла знакамітая дынастыя Ягелонаў. Трэцяя — Альдона Гедыміна, якая выйшла за Казіміра. Таму род Радзівілаў дае падставы і на такое, каралеўскае разуменне нашай гісторыі.

1384838753480_3

Анатоль Бутэвіч апантана расказвае, што ён не згодны з тым, што Радзівіла Пане Каханку часам называюць беларускім баронам Мюнхгаўзенам. Ён упэўнены, што ўсё наадварот: апошні прысвоіў сабе тое, што адбывалася са славутым ліцвінам. Гэта Пане Каханку першы ехаў на палове каня браць замак, калі пры штурме другую палову яму адарвала. Гэта Радзівіл, які моцна любіў паляванне, страляў у аленяў костачкамі паміж рагоў, а пасля вырасталі ці вішні, ці слівы… Гістарычны факт, кажа Бутэвіч, што барон Мюнхгаўзен служыў у Гародні ў кавалерыйскім палку ў тыя часы, калі жыў Пане Каханку. Можа, ён чуў усе гэтыя показкі, аказаўся больш здольным гаварыць пра гэта і такім чынам ушанаваў сябе. Бутэвіч адзначае, што тое, што барон Мюнхгаўзен звязаны з нашай зямлёй, — нядаўняе адкрыцце. У пазамінулым годзе экспедыцыя «Дарога да святыняў» заканчвалася ў Глыбокім. Раптам на пахаваннях побач з царквой, у якой ішла служба, пісьменнік убачыў літы жалезны крыж, а на ім надпіс «Фердынанд У. Мюнхгаўзен». А значыць, гэты род сапраўды звязаны з нашай зямлёй. Таму яны маглі «пазычыць» тое, што адбывалася з Радзівілам. Але і Пане Каханку хапае іншых дзівосаў і штукарстваў, за якія ён увайшоў у гісторыю.

Анатоль Бутэвіч распавядае ў сваёй кнізе і пра так званае «Радзівілаўскае метро» — падземны тунэль, які злучаў Нясвіж і Мір. Пагасцяваўшы, папіўшы піва ці мёду ў Нясвіжскім замку, Пане Каханку прапаноўваў гасцям пакатацца на санях. Запрагаў у іх двух мядзведзяў і ехаў па падземным ходзе на баль да цыганскага барона. Бо Мір на той час быў цыганскай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Усім ахвотным да кладашукальніцтва Анатоль Бутэвіч таксама дае сваю падказку. Пасля вайны 1812 года Дамінік Радзівіл, які ваяваў на баку Напалеона, на кароткі час вярнуўся ў Нясвіж і загадаў частку сваіх багаццяў схаваць у тым падземным ходзе. Верагодна, там і дагэтуль ляжаць знакамітыя 12 залатых апосталаў… Падчас рэстаўрацыі Нясвіжскага замка падземныя хады сапраўды былі знойдзены. Аднак куды яны вядуць, незразумела. Даследчыкі пабаяліся шукаць далей, кажа Анатоль Іванавіч, бо раптам Чорная Панна Нясвіжа сядзіць і чакае іх там?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».