Вы тут

Кузьма Кісялёў. Прыроджаны дыпламат


«Пасты прыходзяць і сыходзяць, а бальніцы застаюцца»

Кузьма Кісялёў быў адным з нямногіх савецкіх чыноўнікаў, для каго жалезная заслона адчынялася. Ён з'яўляўся першым міністрам замежных спраў БССР, прадстаўляў нашу краіну падчас стварэння і далейшай дзейнасці ААН і знаходзіўся на гэтай пасадзе ажно 22 гады. Пры гэтым ён ніколі не ішоў супраць свайго сумлення і, займаючы такую высокую пасаду, рабіў усё, што мог, для звычайных людзей… Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з дзецьмі Кузьмы Кісялёва, якія расказалі, навошта іх бацька хадзіў на асабісты прыём да Сталіна, як ахвяраваў уласнай кар'ерай дзеля адкрыцця анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах і чаму кожны год атрымліваў 17 тэлеграм з афрыканскіх краін. Таксама яны прыгадалі, як Кісялёў адстаяў сапраўдную назву Беларусі і вазіў з сабой за мяжу беларускіх пісьменнікаў, «каб паглядзелі свет»…

1384838758373_1

Дачка Кісялёва Алена КРУГЛІК, кандыдат фізіка-матэматычных навук, пра бацьку ўзгадвае з цеплынёй і любоўю, прыгадвае і тлумачыць, дзякуючы чаму такі няпросты шлях яму ўдалося прайсці годна. Сын, Васіль Кісялёў, кандыдат гістарычных навук, свой аповед грунтуе на дакументальна правераных звестках, на тых фактах, якія мелі важнае значэнне не толькі ў лёсе яго бацькі, але і ўсёй краіны…

Утульная кватэра ў самым цэнтры сталіцы, каля Камароўскага рынку. Сваім афармленнем яна яшчэ нечым нагадвае савецкую эпоху. Гасцінныя Кісялёвы адразу сталі паказваць памятныя знакі, якія калісьці былі ўручаны бацьку. І на падставе гэтых, зусім невялікіх, прадметаў усплывалі асобныя гісторыі і вымалёўваўся твар мінулага часу…

Нямецкая разведка была падманута

На невялікім значку кіраўніка дэлегацыі Беларусі ў ААН адбіта «Лондан, 1945». І гэта зусім не памылка і не блытаніна, хаця ўстановачная канферэнцыя ААН насамрэч адбывалася ў Сан-Францыска. Такія значкі былі адліты наўмысна, каб заблытаць нямецкую разведку…

У лютым 1945 года Чэрчыль, Рузвельт і Сталін у Ялце дамовіліся пра стварэнне ААН. Тады ж было вырашана і тое, што, акрамя СССР, на ім будзе прадстаўніцтва Беларусі і Украіны — краін, якія найбольш пацярпелі ў вайне. Германія ў тыя часы мела адну з мацнейшых разведарганізацый у свеце, таму фашысты хутка даведаліся пра гэта. Гітлер даў указанне зрабіць што заўгодна (узарваць, атруціць, застрэліць тых, хто будзе прымаць у гэтым удзел), але каб ААН не была створана. Пра тое, у сваю чаргу, даведаліся стваральнікі гэтай арганізацыі. Было вырашана пусціць немцаў па ілжывым следзе. Таму былі адліты гэтыя значкі і разасланы ў 50 краін. Немцы, убачыўшы іх, усіх сваіх агентаў накіравалі ў Англію.

Беларускую дэлегацыю разам з украінскай пасадзілі ў самалёт і адправілі таксама быццам бы ў Лондан. Шторкі былі апушчаны, у кабіне знаходзіліся ахоўнікі. Ляцелі доўга. Калі прызямліліся, аказалася, што гэта… Новасібірск. Толькі там яны даведаліся, што накіроўваюцца ў ЗША. Яшчэ адзін пералёт на Аляску, а адтуль — у Сан-Францыска. Менавіта там Кузьма Кісялёў, сярод прадстаўнікоў 50 іншых краін, што ўдзельнічалі ў заснаванні ААН, падпісаў Статут гэтай арганізацыі. Нямецкая разведка была падманута.

1384838761593_2

«Вогнішча веры»

Кузьма Кісялёў быў узнагароджаны і Папскім медалём «Вогнішча веры» — адной з вышэйшых узнагарод Ватыкана. У 1965 годзе беларусу яе ўручыў Павел VІ.

Кісялёў працаваў не толькі міністрам замежных спраў, але да 1959 года з'яўляўся і намеснікам старшыні Савета Міністраў Беларусі. Займаючы такую пасаду, ён спрыяў адкрыццю каталіцкіх касцёлаў у нашай краіне. Яны пачыналі дзейнічаць афіцыйна, асабліва ў заходніх абласцях Беларусі. Тады краінай кіраваў Кірыл Мазураў, яго другім сакратаром быў Пётр Машэраў. Яны гэтай справе не спрыялі, але і не перашкаджалі.

Кузьма Кісялёў паважаў вернікаў, бо сам у дзяцінстве скончыў царкоўна-прыходскую школу, яго бацькі верылі ў Бога. Таму нават у савецкія антырэлігійныя часы спрыяў захаванню веры. Аднак была ў гэтым і высокая палітыка. Католікаў у свеце было шмат, таму Кісялёў, як таленавіты дыпламат, быў зацікаўлены ў тым, каб схіліць іх на свой бок, заваяваць сімпатыі.

З трыбуны ААН — пра анкалогію

Па прафесіі Кузьма Кісялёў быў урачом. Ён бачыў, што людзі тысячамі гінулі ад анкалагічных захворванняў. Спецыялізаваныя бальніцы па барацьбе з анкалогіяй былі толькі ў Маскве, Ленінградзе і Кіеве. Таму да беларусаў чарга даходзіла далёка не заўсёды, а калі і даходзіла, то часта было ўжо позна. Кузьма Кісялёў прапанаваў беларускаму кіраўніцтву стварыць сваю анкалагічную бальніцу. Яны падтрымалі гэтую ідэю, сталі хадайнічаць перад Масквой (эканоміка ў той час была цэнтралізаванай, усе важныя фінансавыя пытанні вырашаліся там). У сталіцы Савецкага Саюза прапанову падтрымалі і спецыяльна выдзелілі сродкі.

Пачалі будаваць бальніцу, зрабілі фундамент, першы паверх. А пасля дзесьці ў эканоміцы з'явілася пэўная «дзірка» (пэўна, у сельскай гаспадарцы) — і грошы перакінулі туды. А бальніцу, маўляў, пасля дабудуем, у наступнай пяцігодцы, калі будзе магчымасць. Людзі ж працягвалі хварэць і паміраць. Таму Кузьма Кісялёў вырашыў дзейнічаць.

Усе свае выступленні ў ААН ён пісаў сам ад рукі. Пасля іх абмяркоўвалі ў ЦК партыі, затым у Міністэрстве замежных спраў СССР, а таксама ў міжнародным аддзеле ЦК КПСС. Толькі пасля гэтага ён падымаўся на трыбуны ААН і казаў прамову. І ні аднаго слова ў ёй нельга было змяніць. Іначай давялося б расплачвацца за гэта…

Але на гэты раз Кісялёў уставіў ажно два абзацы і прачытаў іх з трыбуны міжнароднай арганізацыі. Першае, пра што ён казаў, было тое, што ў Беларусі ўжо будуюць спецыялізаваную бальніцу па барацьбе з ракавымі захворваннямі. Другое — што запрашае кіраўніцтва ААН прыехаць паглядзець, як ідзе будаўніцтва. Гэтую інфармацыю размясцілі ўсе газеты таго часу, перадалі яе па тэлебачанні, радыё, у тым ліку амерыканскім, еўрапейскім, азіяцкім.

Дзявацца не было куды, і з Масквы другі раз выдзелілі фінансы.

Па запрашэнні Кісялёва ў Мінск прыляцеў генеральны сакратар ААН Дак Хамаршэльд. Яму паказалі, што бальніцу будуюць, хутка адкрыюць. Анкалагічны цэнтр сапраўды дабудавалі, абсталявалі, запрасілі быць яго дырэктарам аднаго з найлепшых урачоў — прафесара Аляксандрава з Ленінграда. Аднак Кузьме Кісялёву такую партыйную і дзяржаўную недысцыплінаванасць не даравалі. Праз пэўны час яго знялі з паста намесніка старшыні Савета Міністраў і пакінулі толькі міністрам замежных спраў БССР.

Алена і Васіль узгадваюць, як бацька тады прыйшоў дадому, паклікаў іх і сказаў: «Дзеці, пасты прыходзяць і сыходзяць, а бальніцы застаюцца». Махнуў рукой і пайшоў адпачываць.

Варта дадаць, што па ініцыятыве Беларусі і асабіста Кузьмы Кісялёва быў створаны Фонд ААН па садзеянні барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі, які працуе і зараз. Раз у два гады ў ім прысуджаюцца ўзнагароды за найлепшыя дасягненні ў гэтай галіне. Неаднаразова была прэміравана і Беларусь.

1384838764471_3

На прыёме ў Сталіна па «асабістым» пытанні

Клапаціўся Кузьма Кісялёў і пра сваіх непасрэдных супрацоўнікаў. Ён быў строгім, патрабавальным, сябе не бярог, іншых — таксама. Але за падначаленых стаяў гарой, рызыкуючы не месцам, а галавой…

У 1951 год быў самы разгар «халоднай» вайны, яна вось-вось магла перарасці ў «гарачую». Неяк раніцай Кісялёў прыйшоў на працу — а там адны прыбіральшчыцы і машыністкі. Усіх астатніх супрацоўнікаў арыштавалі ноччу. Адказ на пытанне «За што?» мог быць такім: маўляў, яны ізраільскія, амерыканскія, англійскія, нямецкія, французскія, іспанскія шпіёны…

Самога Кузьму Кісялёва не чапалі, бо ён быў асабістым назначэнцам Сталіна. У 1949 годзе, калі Сталіну было 70 гадоў, у Іванава было выткана 70 яго партрэтаў, на якіх ён асабіста распісаўся. Іх ён падарыў іх тым, каго лічыў найбольш годнымі. У Беларусі іх атрымалі два чалавекі: Кузьма Кісялёў і Панцеляймон Панамарэнка. Таму Кісялёва і не арыштавалі, бо Сталін у любы момант мог пацікавіцца: а дзе чалавек, якому ён падарыў свой партрэт? Калі б аказалася, што ён арыштаваны без ведама «бацькі народаў», тыя, хто зрабіў гэта, адразу апынуліся б у суседніх камерах… Пазней, пасля смерці Сталіна, Кісялёў так характарызаваў яго: «Каўказскі бандыт — хітры, каварны, жорсткі, але пры гэтым дальнабачны палітык і вельмі верны камуніст».

У той дзень, калі ўсе супрацоўнікі Кісялёва былі арыштаваны, ён вярнуўся дадому — пасядзеў, падумаў, паабедаў. А пасля пайшоў на вакзал, купіў білет і паехаў у Маскву. Жонку папярэдзіў, што ад'язджае на некалькі дзён, аднак не патлумачыў, куды і навошта.

У Маскве Кісялёў з таксафона патэлефанаваў Паскробышаву, сакратару Сталіна, і папрасіў, каб яго прынялі па асабістым пытанні. Сакратар сказаў яму ісці ў гасцініцу «Метраполь», дзе яму ўжо забраніравалі нумар, і чакаць, пакуль паклічуць. Выходзіць куды-небудзь з нумара было нельга. Кісялёў чакаў дзень, а познім вечарам яму патэлефанавалі (Сталін любіў працаваць увечары і ноччу) і адвезлі ў Крэмль. Яму далі 15 хвілін на размову.

Кісялёў зайшоў, і Сталін адразу спытаў: «Што там у вас, Кузьма Венядзіктавіч здарылася? Што прымусіла прыйсці па асабістым пытанні?» Кісялёў расказаў, што яго супрацоўнікаў арыштавалі і дадаў: «Я не кажу, што органы няправільна арыштавалі, што яны памыліліся. Але іх маглі ўвесці ў зман. Гэта сумленныя людзі, верныя камуністы. Усе да аднаго — франтавікі. Таму я вас прашу разабрацца. І неяк вырашыць гэтае пытанне станоўча». Сталін пахадзіў па сваім кабінеце і адказаў: «Мы да вас ніякіх прэтэнзій не маем. Едзьце ў Мінск, набірайце новых супрацоўнікаў. Вам дапамогуць з іх адборам. І працуйце, мы вам верым».

Кісялёў падышоў да дзвярэй, спыніўся, павярнуўся і дадаў: «Таварыш Сталін, я за гэтых людзей ручаюся. Гэта сумленныя людзі. Іначай яны загінуць». Сталін зноў пахадзіў і адказаў: «Калі ты за іх ручаешся, то садзіся за стол і пішы заяву на маё імя, што ты ручаешся, і спіс, за каго. Хочаш — пішы, калі не — едзь у Мінск». Кісялёў напісаў заяву, у якой пералічыў усіх сваіх супрацоўнікаў. Яму далі квіток да Мінска, ён вярнуўся дадому.

Калі назаўтра раніцай ён прыйшоў на працу, усе яго супрацоўнікі былі на месцах.

1384838767146_4

Сотні зняволеных выпушчаны. Дзеля «кацюш»

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Кісялёва назначылі адказным за выпуск «кацюш». Напачатку ён спрабаваў сказаць, што з'яўляецца ўрачом, у інжынерных справах нічога не разумее, таму не хоча заваліць партыйнае заданне. Аднак яму адказалі: «Спачатку вы камуніст, і толькі пасля — медык. Бярыце і працуйце па вытворчасці «кацюш».

Кісялёў разумеў, што для стварэння такой моцнай зброі патрэбны таленавітыя спецыялісты. І ён дабіўся магчымасці набіраць іх: атрымаў паўнамоцтвы забіраць з канцэнтрацыйных лагераў людзей — і навукоўцаў, і тэхнічных работнікаў, якія маглі яму дапамагаць. Так Кісялёў вызваліў больш за 400 чалавек, у тым ліку Каралёва і Тупалева.

У выніку з вытворчасцю «кацюш» Кісялёў добра справіўся і нават атрымаў ордэн у савецкім тыле за вельмі добрыя паказчыкі.

Мог заняць месца Брэжнева

Восенню 1952 года Кісялёва вызвалі ў Маскву і прапанавалі яму падумаць над пераходам з працы ў Беларусі на пасаду сакратара ЦК КПСС па кадрах. На той час гэта было адно з ключавых месцаў у партыйным апараце. У свой час гэтую пасаду займалі Кагановіч, Яжоў, Малянкоў. Сталін быў ужо ў старэчым узросце, цяжка хварэў; у такіх умовах яго ж словы: «Кадры вырашаюць усё» — сапраўды былі асабліва праўдзівымі.

Аднак у той час ішла так званая «вайна з касмапалітызмам», была разгорнута «справа ўрачоў». Усё ішло да новага 1937 года, вал рэпрэсій нарастаў. У такіх умовах, каб Кузьма Кісялёў пагадзіўся на новую пасаду, яму давялося б ісці па калена ў крыві. Таму ён адмовіўся, сказаўшы, што толькі пачынае ўваходзіць у справу з замежнымі стасункамі, што яму гэта падабаецца, і, калі магчыма, пакінуць на ранейшай пасадзе.

На месца Кісялёва быў рэкамендаваны Леанід Брэжнеў, і на ХІХ партыйным з'ездзе ў кастрычніку 1952 года ён стаў членам Палітбюро.

Пасля смерці Сталіна ў красавіку 1953 года Брэжнева адправілі камісарам Балтыйскага флота, затым — другім сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана (першым быў беларус Панцеляймон Панамарэнка). А ўжо адтуль, за падняцце цаліны, за ўдарныя паказчыкі Хрушчоў забраў яго ў Маскву…»

Міжволі ўзнікае пытанне: «А што было б, каб беларус пагадзіўся? Праўда, ён не ведаў, што Сталін памрэ 5 сакавіка 1953 года… Каб Кузьма Кісялёў узначаліў Савецкі Саюз, як тады магла б павярнуцца гісторыя?..»

Падтрымаў Афрыку і Ізраіль

У 1946 годзе па ініцыятыве Кузьмы Кісялёва (Масква падтрымала гэта) было прынята пастанаўленне аб непрымяненні тэрміну даўнасці да нацысцкіх злачынцаў часоў Другой сусветнай вайны.

Беларусь была прадстаўніком сацыялістычных краін у камітэце дэкаланізацыі Афрыкі ў другой палове 1950 х гадоў. Пры непасрэдным удзеле Міністэрства замежных спраў БССР у 1960 годзе 17 краін мірным шляхам атрымалі незалежнасць. Да самай смерці Кузьма Кісялёў кожны год (хто б ні быў прэзідэнтам, прэм'ерам) атрымліваў тэлеграмы з 17 краін Афрыкі ў дзень іх незалежнасці.

Ад імя Беларусі Кісялёў таксама падпісваў у 1946 годзе дакумент аб стварэнні дзяржавы Ізраіль.

Адстаяў сапраўдную назву Беларусі

На ўстановачнай канферэнцыі ў ААН Кузьма Кісялёў абурыўся, што таблічка з назвай нашай краіны напісана няправільна. Ён стаў патрабаваць, каб замест «Whіte Russіa» напісалі «Вelorussіan SSR». З тых часоў нашу краіну ў свеце сталі ведаць з яе правільнай назвай.

Увогуле ж у 1945 годзе пра Беларусь за мяжой, асабліва ў ЗША, ведалі надзвычай мала. Кісялёў па ўласнай ініцыятыве сабраў прэс-канферэнцыю, расказаў замежным журналістам пра Беларусь — яго словы з'явіліся ў амерыканскіх газетах, часопісах. Хаця непасрэднага дазволу з Масквы на гэта ён не атрымліваў. Ён меў толькі адну санкцыю — праводзіць адзіную лінію з СССР.

Варта прыгадаць і цікавае сведчанне Яўгена Куніцына, памочніка капітана карабля, які дастаўляў дэлегацыю СССР у Нью-Ёрк для ўдзелу ў працы Генеральнай Асамблеі ААН. Аднойчы, праходзячы побач з Кузьмой Кісялёвым і Андрэем Грамыкам, якія стаялі на палубе, ён пачуў, што дзяржаўныя мужы размаўляюць паміж сабой на не зусім зразумелай яму мове. Аказалася, што два землякі гутарылі па-беларуску.

Кісялёў увёў практыку браць у склад сваёй дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў: «Беларусам трэба свет паглядзець і сябе паказаць», — казаў ён. З ім ездзілі Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Якуб Колас, Іван Шамякін і многія іншыя. Кісялёў лічыў, што для таго, каб беларусы маглі правільна апісваць, правільна рэагаваць, правільна ідэалагічна будаваць сваю творчасць, яны абавязкова павінны мець шырокі кругагляд.

Сын пастуха

Відавочна, што Кузьма Кісялёў быў прыроджаным дыпламатам. Ён умеў утрымліваць баланс паміж сваім сумленнем і прафесійнымі абавязкамі савецкага чыноўніка высокага рангу. Ён нёс адказнасць за ўсе свае ўчынкі і сваіх людзей. Ён ставіў пад удар не толькі кар'еру, але і жыццё, калі мог выратаваць лёсы іншых людзей.

Калі шукаць вытокі такіх выключных чалавечых якасцяў, то, зразумела, усё пачалося з дзяцінства. Ён паходзіў з вёскі Лаковічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці і быў адным з 11 сыноў вясковага пастуха і сялянкі, якая выхоўвала дзяцей. У юнацкім узросце з усіх братоў і сясцёр у жывых засталося толькі 5 чалавек, бо жыццё тады было надзвычай складаным.

Кузьма Кісялёў пайшоў па шляху навучання, уступіў у камсамол, добраахвотна запісаўся ў армію. Скончыў медыцынскі факультэт, стаў працаваць урачом, абараніў кандыдацкую. Скончыў партыйную школу.

Блізкія кажуць, што яго вызначалі працалюбства, уменне дабівацца пастаўленай мэты, надзвычай добрае стаўленне да людзей.

Службовым становішчам ён не карыстаўся, ніколі не прыносіў дадому нічога з чорнага хода. Сям'я жыла сціпла, без раскошы, мела толькі самае неабходнае.

За доўгія дзесяцігоддзі працы ў вышэйшым службовым апараце Савецкага Саюза Кузьма Кісялёў не падпісаўся ні пад адным прыватным (для арышту ці расстрэлу) спісам.

Памёр Кузьма Венядзіктавіч 4 мая 1977 года, пахаваны на Маскоўскіх могілках. Калі яго праводзілі ў апошні шлях, перакрылі праспект Незалежнасці ў сталіцы. Жалобны картэж расцягнуўся ад плошчы Якуба Коласа да парку Чалюскінцаў. Праязджаючы каля дома, у якім жылі Кісялёвы, вадзіцелі многіх машын ціснулі на клаксон і такім чынам аддавалі даніну памяці чалавеку, якога паважалі…

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.