Вы тут

Да збалансаванага партнёрства


Сёння ў Беларусь прыбудзе парламенцкая дэлегацыя Турэцкай Рэспублiкi на чале са старшынёй Вялiкага нацыянальнага сходу Турцыi Джамiлем Чычэкам. Турэцкiя парламентарыi правядуць сустрэчы з беларускiмi калегамi i падпiшуць пратакол аб мiжпарламенцкiм супрацоўнiцтве нашых краiн. На фоне сапраўды дынамiчнага развiцця беларуска-турэцкiх адносiн у апошнiя гады такi вiзiт уяўляецца цалкам заканамерным i своечасовым. Турэцкi бiзнес актыўна працуе ў Беларусi. Мiнск i Анкара прынялi рашэнне аб лiквiдацыi вiзавага рэжыму для грамадзян дзвюх краiн. Лагiчна, што ў працяг гэтай лiнii пашыраецца i фармат палiтычнага ўзаемадзеяння Беларусi i Турцыi. Тым больш што зусiм нядаўна з падачы прэзiдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева Турэцкая Рэспублiка пачала разглядацца як патэнцыяльны ўдзельнiк Мытнага саюза, да лiку заснавальнiкаў якога адносiцца Беларусь. Вядома, паўнавартасны ўдзел Анкары ў еўразiйскай iнтэграцыi мог бы перавярнуць геапалiтычную карту кантынента i кардынальна змянiць баланс сiл у будучым Еўразiйскiм саюзе. Але пакуль што эксперты лiчаць iнiцыятыву аб далучэннi Турцыi да Мытнага саюза больш спосабам Астаны выказаць сваё нездавальненне ходам iнтэграцыйнага працэсу Маскве, чым актуальным палiтычным планам. Зрэшты, Турцыя ў любым выпадку ў iнтэграцыйных працэсах удзельнiчае: па-першае, праз цеснае ўзаемадзеянне з Азербайджанам i ўдзел у абмеркаваннi праблемы Нагорнага Карабаха, па-другое, праз актыўныя дзелавыя кантакты як з Беларуссю, так i з Казахстанам. Дастаткова сказаць, што менавiта Турцыя, на думку шэрагу экспертаў, атрымала найбольшыя эканамiчныя выгады ад стварэння Мытнага саюза. Аднак, акрамя ўсiх гэтых вiдавочных аспектаў, ёсць у цяперашняга вiзiту i непублiчны парадак дня. I звязан ён з тым, што Турцыя сёння знаходзiцца ў пошуку сваёй новай ролi ў рэгiянальнай геапалiтыцы. Гэта абумоўлена адразу некалькiмi абставiнамi. Па-першае, Анкара глыбока расчаравалася ў адносiнах з Вашынгтонам. З 2011 года турэцкi бок належаў да лiку найбольш актыўных прыхiльнiкаў ваеннага ўмяшання ў сiтуацыю ў Сiрыi на баку мяцежнiкаў. Адмова амерыканскiх партнёраў ад гэтага плана прывяла да ўзаемнага дыстанцыявання Турцыi i ЗША. Па-другое, турэцкае кiраўнiцтва вельмi занепакоена планамi Вашынгтона па нармалiзацыi адносiн з Iранам. Iран — тым больш гэтая краiна, якая валодае ядзернай энергiяй, можа стаць стратэгiчным сапернiкам для Турцыi i iншых пераважна сунiцкiх дзяржаў у Паўднёва-Заходняй Еўразii. Па-трэцяе, летам 2013 года Турцыя сутыкнулася з масавымi беспарадкамi, якiя, па некаторых даных, былi iнспiраваны амерыканскiмi партнёрамi праз iх кантакты ў асяроддзi турэцкага генералiтэту. Такiм чынам Вашынгтону ўдалося стрымаць iмпэт Анкары ў сiрыйскiм пытаннi. Аднак у днi пратэстаў на плошчы «Таксiм» (менавiта ў гэты перыяд быў пераабраны на пасаду спiкера сённяшнi высокi госць нашай краiны) турэцкае кiраўнiцтва было вымушана ўсвядомiць, што саюзнiка i апекуна ў асобе ЗША ў яго больш няма. Пасля гэтага пачалася актывiзацыя ў адносiнах Турцыi i Еўрапейскага саюза i нават было заяўлена аб аднаўленнi перамоў аб далучэннi Турцыi да ЕС. Паралельна больш iнтэнсiўнымi сталi кантакты Азербайджана i Украiны — удзельнiкаў праграмы «Усходняе партнёрства», якiя разглядаюць магчымасць падпiсання дамовы аб асацыяцыi з ЕС. Аднак, па меры паступовай змены афiцыйнай пазiцыi Кiева на перамовах з Еўрасаюзам у бок большага еўраскептыцызму, стала вiдавочным, што складанне незалежнай ад ЗША рэгiянальнай iнтэграцыйнай камбiнацыi з'яўляецца справай няпростай. Бо ўплыў Вашынгтона велiзарны i ў Еўрапейскiм саюзе, i ў большасцi суседнiх з iм краiн, у тым лiку ва Украiне, у Азербайджане i той жа Турцыi. Таму, верагодна, новы фармат узаемаадносiн краiн рэгiёна будзе выпрацоўвацца пасля самiту Усходняга партнёрства ў Вiльнюсе. Калi ўсiм стане зразумела, што хуткiя i эфектныя рашэннi немагчымыя, а патрэбна спакойная, узважаная палiтыка супрацоўнiцтва. Менавiта такi падыход цалкам адпавядае iнтарэсам Рэспублiкi Беларусь, якая нi ў якiм разе не стане рабiць выбар памiж партнёрамi па еўразiйскай iнтэграцыi i супрацоўнiцтвам з iншымi суседзямi. Турэцкая Рэспублiка з'яўляецца для Беларусi камфортным партнёрам для супрацоўнiцтва ў эканамiчнай, палiтычнай, культурнай сферах i ў галiне бяспекi. Такое больш глыбокае ўцягванне Анкары ў справы Цэнтральнай i Усходняй Еўропы павiнна паспрыяць знiжэнню градуса напружанасцi ў гэтым рэгiёне. Юрый ЦАРЫК, кiраўнiк Беларускай групы развiцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?