Вы тут

«Белсаюздрук» — заўсёды з вамі


Намеснік дырэктара Святлана Ніканава — пра спецыфічны тавар, зручную падпіску і барацьбу за спажыўцоў

1384918538636_1

Хто не марыў аб тым, каб паблізу ад дома была, напрыклад, аптэка, майстэрня па рамонце абутку, розныя крамы... Каб усё знаходзілася, так бы мовіць, у крокавай даступнасці!

Дарэчы, яшчэ ў лістападзе 1918 года быў прыняты дэкрэт, які адкрываў самыя шырокія магчымасці для рознічнага продажу газет, часопісаў, кніг... А дзе яны, там, вядома ж, і іншыя тавары. Прычым у самай непасрэднай блізкасці...

Такім чынам (дата!) — 95 гадоў распаўсюджаннем штодзённага перыядычнага друку ў сталіцы займаецца гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белсаюздрук». Некалькі пытанняў з гэтай нагоды да намесніка дырэктара Святланы Ніканавай.

— Святлана Аляксандраўна, нельга параўноўваць непараўнальнае — гэта значыць, Мінск пачатку мінулага стагоддзя і гэтага. Але ж некалькі лічбаў было б, мусіць, дарэчы?

— Тады лепш, можа, з не вельмі далёкай гісторыі. Да Вялікай Айчыннай вайны ў сталіцы краіны было 13 газетна-часопісных кіёскаў, у пяцідзясятыя гады — ужо больш за 40, у шасцідзясятыя — каля 80, у сямідзясятыя — без малога 200... Цяпер у структуры нашага прадпрыемства цэлая гандлёвая сетка з 384 аб'ектаў, сярод якіх 28 крам, 8 павільёнаў, 345 кіёскаў.

— Абсалютная большасць іх пачынае працу ў 7 гадзін раніцы, калі ў горадзе амаль усё зачынена...

— Так. Газеты, часопісы (а іх штодзённа паступае ў продаж каля 110 тысяч асобнікаў) — тавар вельмі спецыфічны. Яго з самага ранку хочацца калі не прачытаць ад першых радкоў да апошніх (што дазваляюць сабе нямногія), то хоць бы прагледзець — загалоўкі, навіны... Нехта для гэтага заходзіць у інтэрнэт, нехта па-ранейшаму аддае і, хочацца верыць, будзе аддаваць перавагу папяровым выданням. Дарэчы, у апошнія гады ў нашых гандлёвых пунктах іх можна не толькі купіць, але і (як гэта робяць тысячы мінчан) аформіць падпіску. Прывабнасць, нават унікальнасць яе заключаецца ў тым, што абраныя газеты і часопісы чытач атрымлівае ў зручным для яго гандлёвым аб'екце і ў самы зручны для яго час (у межах рэжыму працы кіёска, павільёна ці крамы). Хоча, прынамсі, чытаць «Звязду» ў дзень выхаду ў сем гадзін раніцы, — калі ласка, хоча — праз дзень-два-тры, вярнуўшыся з камандзіроўкі ці з лецішча — ніякіх праблем.

1384918541400_2

— Але ж для таго, каб раніцай чалавек мог купіць альбо атрымаць свежыя газеты, іх ноччу нехта павінен прывезці?

— Увесь горад падзелены ў нас на 11 раёнаў. Кожны з іх абслугоўвае свая машына, якая і сапраўды ноччу забірае перыёдыку з газетна-часопіснай экспедыцыі Дома друку, развозіць па гандлёвых пунктах.

— Святлана Аляксандраўна, апроч газет і часопісаў, апроч кніг у кіёсках, павільёнах і крамах «Белсаюздрука» цяпер прадаецца мноства іншых тавараў. Ці магчыма злічыць іх? Пытаю аб гэтым таму, што неяк у адным з вашых шапікаў набывала сувеніры для так званай карпаратыўнай вечарынкі. Сярод іх, памятаю, былі розныя календары і дзіцячыя цацкі, размалёўкі, штодзённікі, сувеніры, каляровыя алоўкі, нататнікі, прысмакі, паветраныя шарыкі...

— У продажы і сапраўды каля 800 найменняў тавараў, якія, вядома ж, могуць чалавеку спатрэбіцца... І амаль усе яны, што называецца, на вачах, бо кіёскі размешчаны на прыпынках, на самых ажыўленых магістралях горада. Людзі пастаянна бачаць, што канкрэтна ў нас прадаецца, многае купляюць. Мы прадугледжваем і спецыяльныя продажы кшталту «Усё для школы». Прычым са зніжкамі для тых, напрыклад, хто купляе тавараў больш чым на сто тысяч рублёў.

— Прадаваць іх — справа, вядома ж, няпростая. І ў сталіцы — зыходзячы з уласных назіранняў — робяць яе людзі пераважна сталага веку. Што моладзь? Ці прыходзіць да вас на працу, ці затрымліваецца?

— На працу да нас уладкоўваюцца людзі розных узростаў. Пры неабходнасці можам падвучыць чалавека, дапамагчы асвоіцца... Іншая справа, што маладыя часцей палохаюцца першых цяжкасцяў — работы з людзьмі, шырокага асартыменту тавараў, адказнасці, ці таго, напрыклад, што першая змена пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а другая заканчваецца ў восем вечара. За моладдзю часцей заўважаецца імкненне да таго, каб працы было менш і лягчэйшай, а грошай — каб больш і адразу...

Але ж ёсць людзі, якія прыходзяць на прадпрыемства, каб застацца і на дзесяць, і на дваццаць гадоў, каб потым прывесці сюды ж сваіх дзяцей, утварыць дынастыю. У нас, напрыклад, працуе вялікая сям'я Чыжыкаў: старэйшае пакаленне — бацькі, сярэдняе — дзве дачкі і зяць... Будзем спадзявацца, што з часам прыйдзе яшчэ і малодшае. Для гэтага на прадпрыемстве робіцца вельмі шмат і ў многіх кірунках. Толькі ў апошнія гады адкрыта крама ў падземным пераходзе станцыі метро «Плошча Перамогі», на новых станцыях — «Грушаўка» і «Пятроўшчына», а таксама павільён на прыпынку транспарту ля метро «Уручча». Днямі мы справілі яшчэ два наваселлі — у павільёнах будынка чыгуначнага вакзала і ля станцыі метро «Магілёўская».

Ва ўсіх гэтых гандлёвых пунктах — спецыяльнае абсталяванне, граматная раскладка перыядычных выданняў і кніг, іншых тавараў... А яшчэ — гэта без перабольшвання — там па-сапраўднаму камфортныя ўмовы працы.

Належны, сучасны выгляд набываюць і традыцыйныя шапікі. Прычым не толькі знешні: летам у іх працуюць кандыцыянеры, зімой уключаецца падагрэў падлогі. Іншымі словамі, мы клапоцімся пра сваіх работнікаў, імкнёмся арганізаваць іх аздараўленне, цікавы адпачынак.

— Святлана Аляксандраўна, адкрыццё новых крам «Белсаюздрука» — гэта свайго роду падарунак гораду і гараджанам. Не толькі таму, што ў людзей з'яўляецца магчымасць набываць штось патрэбнае ў камфортных умовах (прычым у сем-восем гадзін раніцы, на хаду, па дарозе, не марнуючы часу!), але і таму, што, якраз маючы яго, у вашых крамах можна з задавальненнем пагартаць новыя выданні, спакойна выбраць кнігі і часопісы, выпіць кубачак кавы і нават падсілкавацца. Да таго ж, наколькі ведаю, у краме на плошчы Перамогі ладзіліся прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі.

— Наша прадпрыемства бярэ ўдзел у розных гарадскіх акцыях і святочных мерапрыемствах, забяспечвае рэалізацыю прэсы на буйнейшых рэспубліканскіх форумах, з'ездах, канферэнцыях, удзельнічае ў выставах. У нас добрыя дзелавыя адносіны з многімі выдавецтвамі. Мы вывучаем попыт на літаратуру і вельмі многае паспяхова прадаём. Мы стараемся прывучаць да кніг, да чытання дзяцей...

— ...Яшчэ і для таго, каб яны, гэтыя дзеці, калі падрастуць, не «ўпрыгожвалі» сцены вашых кіёскаў рознымі надпісамі і малюнкамі?

— Гэта і сапраўды наш пастаянны галаўны боль. Што здзіўляе, працуем для горада, для гараджан, стараемся, каб да нашых кіёскаў, павільёнаў і крам было прыемна падысці, зручна рабіць пакупкі, каб самі гэтыя гандлёвыя кропкі ўпрыгожвалі вуліцы, што называецца, цешылі вочы...

У структуры нашага прадпрыемства, дарэчы, ёсць участак па рамонце, дзе працуе больш за 20 спецыялістаў будаўнічых прафесій. А наогул у сістэме «Белсаюздрука» задзейнічана больш за тысячу чалавек. У абсалютнай большасці — гэта сапраўдныя прафесіяналы, праца якіх скіравана на канчатковы вынік — на тое, каб жыхары і госці сталіцы маглі своечасова набыць свежую прэсу і іншыя тавары, на тое, каб яны ведалі: «Белсаюздрук» — заўсёды побач з імі.

— Як пастаянны пакупнік, сведчу: гэта і сапраўды... А таму — усім працаўнікам прадпрыемства, усім, хто даносіць да сталічных чытачоў яшчэ і родную газету на роднай мове, шчырыя віншаванні з нагоды 95-годдзя! І, адпаведна, найлепшыя пажаданні — у тым ліку новых поспехаў і большых прыбыткаў.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.