Вы тут

Калі людзі становяцца роднымі


Некалькі гадоў таму адзінокія Адэля Іосіфаўна Галюк і Ванда Іванаўна Пагуда вырашылі стаць... сям'ёй. Менавіта так пажылыя жанчыны змаглі не толькі пераадолець адзіноту, але і дапамагаць адна адной ва ўсім.

1384918663496_20-6

Сёння ў пакой хоць і заглядвае сонейка, бабулям не да весялосці: гаспадыня хаты Адэля Іосіфаўна адчувае сябе не вельмі добра, ляжыць на ложку, нават прыўздымаецца з цяжкасцю.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маладзечанскага раёна Наталля Бурак успамінае:

— Як адна да другой пераехала ды жыць пад адным дахам сталі, Адэля Іосіфаўна хадзіць пачала, бо стымул жа з'явіўся!

— Яна і цяпер устане і сядзе, але ж слабенькая. Што вы хочаце — гады бяруць сваё, 92 ужо! — адзначае Ванда Іванаўна Пагуда, якая сама толькі на пяць гадоў малодшая за сваю сяброўку.

Але менавіта на плечы Ванды Іванаўны кладуцца амаль усе хатнія клопаты, бо яна стараецца паціху рабіць справы па доме. Але без дапамогі сацыяльнага работніка, што прыходзіць два разы на тыдзень, і ўнука справіцца цяжка.

— Мне ж прапаліць у печцы трэба. Есці зрабіць — і на раніцу, і на абед. Не магу стаяць — седзячы гатую. Нараблю чаго, падам у ложак Адэлі. І вынесці вядро трэба, і трохі што-небудзь з адзення памыць. І ў самой сіл няма, але ж павінна рухацца! — пералічвае свае штодзённыя справы Ванда Іванаўна.

Два разы на тыдзень да бабуль прыходзіць сацыяльны работнік, Ванду Іванаўну часта наведвае ўнук.

Адэля Іосіфаўна пасля смерці мужа засталася зусім адна, дзяцей у яе няма.

— Нават страшна падумаць, як бы я жыла без Ванды, — кажа гаспадыня дома.

Ванда Іванаўна пахавала мужа і траіх дзяцей. Тры гады таму са сваёй вёскі Ізабеліна пераехала сюды, у Раеўшчыну, да Адэлі, каб даглядаць яе.

— Яна — родная сястра майго мужа. Няўжо ў бядзе яе кіну? Вось так і жывём разам.

Жанчыны ўспамінаюць маладосць і шмат размаўляюць, удзвюх глядзяць тэлевізар.

— Раней людзі ў нашым раёне часцей збіраліся на зіму жыць у адной хаце, — успамінае Наталля Бурак. — Зараз менш. З-за чаго? З-за несупадзення інтарэсаў! Быў выпадак, калі бабулі сталі жыць разам, але не прайшло і месяца, як раз'ехаліся. Адна не магла заснуць, ноччу глядзела тэлевізар і кніжкі чытала, другая не хацела мірыцца са звычкамі суседкі. Ды і густы аказаліся рознымі: «не сышліся» на серыялах. Таму, каб знайсці «свайго» чалавека, трэба яшчэ пашукаць...

Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара.
в. Раеўшчына.
Маладзечанскі р-н.

Людміла ДУШКЕВІЧ, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маладзечанскага раёна.

— У рамках праекта «Пакаленні супраць адзіноты» ў раёне ўжо створаны дзве прыёмныя сям'і для пажылых людзей. Спадзяёмся, у хуткім часе будзе яшчэ адна — ужо зараз у самім Маладзечне з'явіліся ахвотныя. Такая форма працы не можа мець масавы характар, бо ўсё гэта вельмі індывідуальна — як лепшае сяброўства. Людзі павінны адно аднаго разумець, падтрымліваць, мірыцца з усімі звычкамі і недахопамі. Тут важнае значэнне мае псіхалагічная сумяшчальнасць. Таму перад тым, як стварыць прыёмную сям'ю для пажылых людзей, мы абавязкова праводзім тэсціраванне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».