Вы тут

Нават мёртвым баліць


Палеская трагедыя: як гэта было

Аляксандр ЯСЬКО, юрыст па адукацыі, даўно жыве ў Гродне, але ўжо больш за 40 гадоў даследуе падзеі Вялікай Айчыннай вайны на сваёй малой радзіме ў Старобінскім (цяпер Салігорскім) раёне. Яго родная вёска Пузічы 15 лютага 1943 года была цалкам спалена фашыстамі, загінула 780 чалавек. Увогуле падчас карных аперацый «Хорнунг» і «Ніксэ» нацысты знішчылі больш за 15 тысяч мірных жыхароў. Аб гэтым — кніга «Баліць нават мёртвым. Палеская трагедыя», якая створана на падставе архіўных дакументаў і ўспамінаў землякоў аўтара.

Карэспандэнт «Звязды» прачытаў кнігу і пабываў на яе прэзентацыі, якая прайшла на гістарычным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы.

1385010554917_1

— Аляксандр Фёдаравіч, чаму пасля многіх гадоў даследчай працы, шматлікіх артыкулаў у газетах вырашылі зноў звярнуцца ў архівы і сустрэцца са сведкамі нацысцкага тэрору, якія засталіся ў жывых?

— Як казаў адзін з класікаў, калі можаш не пісаць — лепш не пішы. Аднак сітуацыя склалася такая, што я не мог не пісаць, абавязаны быў. Бо ідзе актыўная фальсіфікацыя гісторыі, асабліва напярэдадні 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны. Я дзве кнігі прачытаў менавіта з гэтай «оперы» (а іх, можа, тысячы выдаюцца) і, хоць і не гісторык, не літаратар, але вырашыў узяцца за гістарычныя дакументы, супаставіць іх са сведчаннямі відавочцаў.

З адной кнігай азнаёміўся ў інтэрнэце. Яна — пра жанчын Берліна ў 1945 годзе. Маўляў, як толькі савецкія войскі ўвайшлі ў сталіцу рэйха, то яны забылі пра вайну, а толькі і рабілі, што гвалцілі ўсіх, ад дзяўчынак да 90-гадовых — на вуліцах, у пад'ездах, парках, нават на дахах дамоў. Разлік, пэўна, на тое, што не стане пакалення ветэранаў, якое яшчэ ведае праўду, а моладзь прачытае і скажа: «Пачакайце, а нашы ж таксама, як і гітлераўцы, злачынствамі займаліся». Так, не «белыя-пушыстыя» былі. Я нават дапускаю, што, магчыма, былі адзінкавыя факты згвалтаванняў. Але хто ж тады рэйхстаг браў, калі ўсе здзекаваліся з жанчын?!

Мой бацька закончыў вайну ў Берліне. Ён расказваў, што там менш чым аддзяленнем не хадзілі. Бо хто ж хацеў паміраць напярэдадні Дня Перамогі? У пацвярджэнне гэтаму ў маёй кнізе ёсць сведчанне аднаго з удзельнікаў вайны, майго сваяка. Больш за тое, ад бацькі я ведаў пра загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, як павінны былі паводзіць сябе савецкія воіны на тэрыторыі Германіі. Гэты загад і, на яго падставе, загады камандуючых франтамі Жукава і Ракасоўскага былі аб'яўлены пад Кёнінгсбергам, а з усіх салдат узялі распіску. Мне ўдалося азнаёміцца з гэтым загадам Сталіна ад 19 студзеня 1945 года. Там чорным па белым напісана, што не толькі згвалтаванне — уступленне ў палавую сувязь з жанчынай на тэрыторыі Германіі (дабравольна гэта ці не) караецца смерцю.

А ў загадзе войскам 2-га Беларускага фронту ад 21 студзеня 1945 года, пад якім распісаўся ў тым ліку і мой бацька, К. К. Ракасоўскі патрабуе: «Накіраваць пачуццё нянавісці людзей на знішчэнне ворага на полі бою і строга, аж да расстрэлу, караць за марадзёрства, гвалт, грабяжы, бессэнсоўныя падпалы і разбурэнні». Забаранялася заходзіць без дазволу ваеннага каменданта ў жылыя будынкі, можна было карыстацца толькі надворнымі памяшканнямі. Хто бохан хлеба ў немца забярэ — расстрэл.

1385010557176_2

Былі ў гітлераўскай арміі такія загады? Не было іх.

Трапіла мне ў рукі і другая кніга. Нямецкі аўтар піша, што як толькі з'явіліся германскія войскі на тэрыторыі Савецкага Саюза, то стаялі чэргі ахвотных запісацца ў паліцыю. Але такі, маўляў, патрабавальны быў адбор, што бралі толькі кожнага дзясятага. Я не ведаю, дзе гэтыя чэргі стаялі, але з маёй роднай вёскі, у якой перад вайной было 1200 жыхароў, пайшлі ў паліцыю толькі пяцёра. Двое з іх, рэпрэсіраваных па так званай разнарадцы, былі пакрыўджаны на савецкую ўладу. А яшчэ траім было ўсё роўна ў каго — абы страляць. Дык і яны, атрымаўшы вінтоўкі, уцяклі ў партызаны да Васіля Захаравіча Каржа.

Піша гэты аўтар і пра дзяцей вайны. Быццам і спачувае ім: немцы толькі кроў з іх бралі, а трапяць да партызан, дык тыя, маўляў, дзяцей адразу расстрэльвалі. Не патрэбны быў лішні рот, а па-другое, партызаны апасаліся дэмаскіроўкі свайго знаходжання.

Дзе, калі, у якім партызанскім атрадзе адбываліся гэтыя забойствы дзяцей? Калі я пішу, то прыводжу архіўныя дакументы, даты, населеныя пункты, сведкаў, няма ніводнага выдуманага прозвішча. Тут жа нічога гэтага не знойдзеце. Але пасыл зроблены — можа, нехта і паверыць.

Дарэчы, у гэтай жа кнізе «гісторык» апісвае, як немцы вучылі сялян гаспадарнічаць. Можа, дзесьці такое і было. Але на нашай тэрыторыі мала хто застаўся жыць, убачыўшы жывога фашыста. Толькі ў адным хляве ў маёй роднай вёсцы спалілі 770 чалавек, сярод якіх дзясяткі грудных дзяцей. Спынілі сваё існаванне цэлыя сваяцкія кланы, роды — Волчакі, Грыцкевічы, Яфімовічы, Сергіені, Піліпцэвічы, Сенюкі, Сітко, Сярчэні, Фількевічы, Шпалоны, Ярковічы, Яфімавы. Па колькасці ахвяр — гэта 10 Хатыняў! А ўсяго падчас карных аперацый «Хорнунг» і «Ніксэ» («Люты» і «Русалка»), пра якія пішу ў кнізе, знішчана, па рознай інфармацыі, ад 15 да 20 тысяч мірных жыхароў. Прыкладна за тыдзень!

— У сваёй кнізе вы абвяргаеце даволі распаўсюджаныя сцвярджэнні, што знішчэнне жыхароў вёсак было звязана выключна з пагрозай гітлераўцам з боку партызан. А таксама прыводзіце факты, што гэтыя злачынствы на сумленні не толькі спецыялізаваных карных падраздзяленняў, але і рэгулярных часцей вермахта...

— Гэтая публікацыя не з'яўляецца навуковым гістарычным даследаваннем. У першую чаргу яна прысвечана памяці ахвяр фашысцкага тэрору. Не хачу навязваць свае меркаванні ў ацэнцы прыведзеных фактаў і архіўных дакументаў. Кожны чытач мае права зрабіць свае, іншыя высновы. Але, дэтальна прааналізаваўшы толькі дзве, найбольш маштабныя і жорсткія карныя аперацыі «Хорнунг» і «Ніксэ», лічу, што ні па якім рэгламенце і статусе іх нельга аднесці да разраду баявых. Яшчэ на стадыі прыняцця рашэння аб іх правядзенні нацысцкае камандаванне і не думала аб баявой аперацыі па знішчэнні партызанскіх атрадаў у гэтай мясцовасці. Карнікі ў многіх выпадках і не збіраліся лезці пад кулі партызан, у лес нават не сунуліся. Яны мэтанакіравана ішлі знішчаць мірнае насельніцтва, рэалізуючы галоўную злачынную дактрыну фашызму — расчышчаць жыццёвую прастору для вялікай і непаўторнай нацыі.

Пазнаёмімся з «Данясеннем аб баях і зводкай абагульненага вопыту баявых дзеянняў аперацыі «Ніксэ» за подпісам афіцэра сувязі, маёра ахоўнай паліцыі Меўса: «23. 2. 43 г. — выступленне на ўсход ад ракі Случ у раён зыходнага становішча для наступу на хутар Плацішча — хутар Колк. Паколькі тут не аказалася ўказаных населеных пунктаў і зімовая дарога на Даманавічы непрыгодная для язды, то батальён, згодна з загадам, прадоўжыў марш у напрамку Ананчыцаў. У 14.00 увайшлі ў Ананчыцы, дзе адбылося аб'яднанне са 111/10 батальёнам, які знаходзіўся там ужо з 12 гадзін...».

1385010560122_3

Пытанне для роздуму: калі планавалася блакіраваць менавіта партызанскія атрады і ваяваць з імі, а не знішчаць мірных жыхароў, то што за дзіўная стратэгія і тактыка? Спачатку думалі вынішчыць партызан у Даманавічах, але перашкодзіла дрэнная дарога? Перадумалі і пайшлі па лепшай дарозе — паліць Ананчыцы. А як жа разведка, месцазнаходжанне партызанскіх атрадаў? Аб гэтым у данясеннях гітлераўцаў не гаворыцца. Ці, можа, самі партызаны перанеслі сустрэчу з Даманавічаў у Ананчыцы, каб эсэсаўцам было лягчэй дабрацца да месца «рысталішча»?

Я сустрэўся з самай пажылой жыхаркай Ананчыцаў Палінай Трафімаўнай Міхнавец. Паводле яе ўспамінаў, не ўсе жыхары вёскі паверылі партызанам, якія казалі, што немцы будуць забіваць усіх без разбору. Катэгарычна адмовіўся хавацца ў лесе, напрыклад, Цімафей Міхнавец. Маўляў, навошта я там, стары і сляпы? Ды і якая ад мяне пагроза немцам... Яго і ўсіх, каго адлавілі ў вёсцы і за ваколіцай, загналі ў школу і спалілі. Зіна Міхнавец была яшчэ слабай, ад родаў не адышла, адмовілася выходзіць з хаты. Дык яе там і спалілі, разам з немаўлём, якое яшчэ і назваць не паспелі... У той дзень у Ананчыцах карнікі знішчылі 96 чалавек — толькі старых, нямоглых і інвалідаў. Ды яшчэ іх сваякоў.

А цяпер пра тое, што, маўляў, у масавых забойствах мірных грамадзян вінаваты каманды СС і паліцэйскія падраздзяленні, а франтавыя часці вермахта тут ні пры чым. Так разважаюць альбо абсалютныя невукі, якія не ведаюць ніводнага дакумента ваеннага перыяду, альбо асобы, пазбаўленыя пачуцця ўласнай годнасці, — каб дагадзіць цяперашнім неанацыстам. З усёй армады шматмільённых нямецкіх полчышчаў, што акупіравалі нашу Радзіму, не было ніводнага падраздзялення, якое не запляміла б сябе злачынствамі супраць мірнага насельніцтва. У пацвярджэнне — дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі, загад па 293-й дывізіі вермахта: «Падрыхтоўка разбурэння населеных пунктаў павінна праводзіцца так, каб: а) да аб'явы аб гэтым у цывільнага насельніцтва не ўзнікала ніякіх падазрэнняў; б) разбурэнне павінна пачацца адразу, адным ударам, у прызначаны час, у адпаведны дзень; в) у населеных пунктах строга сачыць за тым, каб ніхто з цывільных асоб не пакінуў гэты пункт, асабліва з моманту аб'явы аб разбурэнні». Наколькі мне ўдалося высветліць, 293-я дывізія вермахта не была спецыяльным карным фарміраваннем.

— У кнізе робіцца спроба вызначыць матэрыяльныя страты Беларусі толькі ад адной аперацыі карнікаў...

— У мяне ёсць адпаведныя паказчыкі, каб прыблізна ўявіць сабе тыповую, з 5 членаў сям'і, сялянскую гаспадарку ў вёсках, ператвораных у папялішчы ў выніку карнай аперацыі «Хорнунг».

Рыхтуючы кнігу, я доўга ламаў галаву, як усё гэта ацаніць, ды яшчэ па стане на 1943 год. Абіваў парогі розных фінансавых устаноў, дзе на мяне глядзелі як на іншапланецяніна. І толькі нідзе не атрымаўшы дапамогі, сцяміў, што для чытача і не патрэбна ацэнка на ваенны час. Нагляднасць дае ацэнка ў «зялёных», і менавіта на сённяшні дзень. Дык вось, у сённяшніх цэнах сярэдні кошт сялянскага падворка, знішчанага гітлераўцамі (дом, хлявы, жывёла, прыпасы ежы), складае 30,5 тысячы долараў. А ўвогуле па спаленых і разрабаваных падворках падчас карнай аперацыі «Хорнунг» — 80 мільёнаў долараў.

Трэба вызначыць і страхавыя сумы кошту жыцця. На жаль, нейкай параўнальнай крыніцы звестак мне адшукаць не ўдалося... Бяром за аснову выплаты кампенсацый у Расіі ахвярам авіякатастроф — у сярэднім атрымліваецца 30 тысяч долараў. Памнажаем на 13 тысяч жыхароў, забітых і спаленых у выніку аперацыі «Хорнунг», і гэтая крывавая, бесчалавечная бухгалтэрыя дае лічбу ў 39 мільёнаў долараў. Разам з коштам знішчаных і разрабаваных сялянскіх падворкаў гэта складае 119 мільёнаў долараў! Такія страты за тыдзень вайны толькі ад адной карнай аперацыі! Прычым без уліку грамадскіх будынкаў, сцёртых з зямлі храмаў, школ, бальніц, аптэк, клубаў, бібліятэк, вытворчых памяшканняў, малочных заводаў... Зразумела, кошт кожнага з гэтых будынкаў у разы перавышае кошт любога сялянскага падворка. Таму агульную суму матэрыяльных страт можна падвойваць, а то і патройваць. А такіх аперацый па Беларусі за тры гады было праведзена каля 150!

А як ацаніць страты маіх землякоў, якія яшчэ і ў пачатку 1950-х гадоў жылі ў зямлянках, галадалі, не атрымаўшы ні ад сваёй, ні ад германскай дзяржавы ні капеечкі? Пачынаючы жыць з нуля ў выпаленай пустыні, без усякага плана Маршала... Дарэчы, па сёння жыхары спаленых вёсак афіцыйна ні нашым, ні нямецкім бокам не прызнаны ахвярамі фашызму.

Думаю, што і цяпер яшчэ не позна ставіць перад Германіяй пытанні кампенсацый. Беларусь па сёння не можа выйсці на даваенны ўзровень насельніцтва, звыш трох мільёнаў нашых жыхароў знішчылі фашысты. Урад штогод выдаткоўвае з бюджэту салідны кавалак на стымуляванне дзетараджэння, аднаўленне колькасці насельніцтва. Чаму не запатрабаваць гэтыя выплаты ад Германіі? Хаця б на тэрмін, пакуль народзяцца і стануць прадукцыйнай сілай гэтыя тры мільёны нашых суграмадзян.

* * *

Сам я, кажа Аляксандр Ясько, ніколі не змог бы знайсці сродкі на выданне кнігі. Дапамог прадпрымальнік, зямляк Сяргей Рамановіч, які таксама палічыў гэта справай жыцця. Ён прачытаў пра аперацыю «Хорнунг» і папрасіў дапоўніць рукапіс матэрыяламі пра аперацыю «Ніксэ», што праводзілася ў яго родных мясцінах.

— На нашай з аўтарам кнігі малой радзіме ў агні вайны толькі кожны чацвёрты застаўся ў жывых, а ў большасці палескіх вёсак партызанскай зоны выжыў толькі адзін з дзесяці, — кажа Сяргей Рамановіч, генеральны дырэктар вытворчага прадпрыемства «Ніва» Салігорскага раёна. — Вёска Скоўшын, дзе я нарадзіўся і вырас, таксама была разрабавана і датла спалена фашыстамі. Але гэтая кніга — не проста даніна памяці загінулых. Больш за ўсё патрэбна яна нашым сучаснікам і нашчадкам. Бо той, хто не шануе памяць сваіх продкаў, не ведае, не цэніць, не паважае гісторыю свайго народа, рызыкуе перажыць па-новаму самыя жудасныя яе перыяды. Таму мной зроблена ўсё магчымае, каб кніга «Баліць нават мёртвым» выйшла ў свет.

Барыс ПРАКОПЧЫК.
Фота з архіва Аляксандра ЯСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.