Вы тут

Рафаэль беларускай зямлi


Памяцi мастака Аляксея Кузьмiча

Зусiм нядаўна пайшоў з жыцця мастак Аляксей Кузьмiч. Пасля сябе ён пакiнуў святланосную творчасць, якая выклiкае сотнi пытанняў аб жыццi ў вечнасцi i смерцi пры жыццi, аб сапраўднай прыгажосцi i скарбах дабрынi, аб мiласэрнасцi i, як процiлегласць, — аб здзеках д'ябла. Але галоўная яго тэма, выбраная аднойчы i на ўсё жыццё, — гэта зямныя Мадонны. Аляксей Васiльевiч стварыў звыш сямiсот палотнаў, у якiх нястомна шукаў iдэал беларускай жанчыны. Пошукi мастака сягалi то ў сiвую даўнiну («Ефрасiння Полацкая», «Манахiня», «Плач Рагнеды»), то ён звяртаўся да вобразаў слынных беларусак (партрэты народных артыстак СССР Галiны Макаравай, Стэфанii Станюты), то маляваў безыменных беларусак, маладых i пажылых, ад якiх не адвесцi вачэй («Мiнская Мадонна», «Даная», «Таня», «Наташа», «Дзяўчына i кветкi», «Старасць»), ён услаўляў жанчыну, яе прыгажосць, яе ахвярнасць на Зямлi, яе высакародную Боскую мiсiю сярод людзей. Урэшце, раскрываў свету чароўны вобраз жанчыны-беларускi, а праз яе апавядаў i пра саму краiну Беларусь.

1385010576640_21-18

Iдучы дарогай Святла i Чысцiнi да ўзвышанага i зямнога, жывапiсец бачыў i зло, i распусту, i заганы, якiмi д'ябал хоча ўзарваць Сусвет. Можа, таму на святых лiках зямных Кузьмiчовых Мадоннаў i з'яўляюцца трывога, занепакоенасць, слёзы. Мастака хвалявала, што маладыя мацi гадуюць дзяцей з пастаяннай бояззю за iх лёс i жыццё.

Здаецца, я блiзкi да моманту iсцiны: сярод Мадоннаў Кузьмiча ёсць адна, ад якой нельга адвесцi вачэй. Гэта яго мама Аляксандра. Яе ў маладосцi звалi Русалкай. Жыла на хутары, сярод жывой прыроды. Яе не палохалiся дзiкiя птушкi, яе любiлi лясныя звяркi. Сярод лугавых кветак яна сама — найлепшая краска.

На сынавым палатне мы бачым мудрую, сталую жанчыну, але ў ёй захавана даўнейшая статнасць i мiлавiднасць. Яна нарадзiла дванаццаць дзяцей. А калi вярнуўся з вайны яе каханы муж Васiль, на радасцях вынасiла яшчэ сынка Аляксея (цi як у iх вёсцы Махро кажуць, Ляксейку). Апошненькi стаў надзеяй Мамы, асаблiва пасля таго, як на яе руках памёр з асколкамi ў целе муж Васiль. З трывогай за лёс i здароўе свайго Аляксейкi дажывала зямныя гады Аляксандра Максiмаўна. На карцiне адразу прыкмячаюцца спрацаваныя рукi сялянкi i пранiклiвыя вочы мацi. Яна як бы пiльна ўзiраецца ў кожнага, хто хоча з ёй пазнаёмiцца i просiць-молiць усiх: «Людзi, беражыце майго Аляксейку, не крыўдзiце ранiмага, не крываўце яго чуллiвую душу, не злоўжывайце яго адкрытасцю, дабрынёй i шчодрасцю».

Мальбу, просьбу мацi як бы перахапiла, пераняла ў сямейную спадчыну жонка Аляксея, мiнская прыгажуня Iнэса. Яе, нябесную i святую, шукаў мастак доўга i пакутна. Ды вось жа сустрэў нечакана на сталiчнай вулiцы i не змог адарваць вачэй. Зразумеў, што ўрэшце знайшоў сваю адзiную, жаданую i чаканую, выбраную i пасланую яму самiм Госпадам. Вось яна, Iнэса Iосiфаўна, i стала яго Мадоннай, яго крыламi i натхненнем, эталонам прыгажосцi, самай узорнай, вернай жонкай, пяшчотнай цярплiвiцай-мамай з вечнай трывогай за лёс i здароўе сваiх дзяцей. Яе вочы, яе прывабны твар, яе залатую капу валасоў i загадкавую ўсмешку мы пазнаем у мастацкiх працах Аляксея Кузьмiча («Мадонна ў воблаках», «Мая Мадонна», «Калыханка», «Мацярынства», «Юныя Мадонны», «Цiхая радасць», «Сям'я», «Мадонна ў светлым», «Мадонна з анёламi», «Чысцiня», «Шчырасць», «Маё натхненне...»).

Наўмысна стаўлю шматкроп'е, бо немагчыма пералiчыць усiх карцiн, у якiх мастак зноў i зноў звяртаецца да непаўторнага невычэрпнага вобразу сваёй Мадонны. Здаецца, яна прыйшла да жывапiсца з далёкага Рэнесансу, уся ў залатым святле, натхняючы яго на радасцi i мукi, на творчы подзвiг у iмя Вечнасцi.

Кожны дзень у сваёй майстэрнi на Траецкiм прадмесцi ў Мiнску Аляксей Кузьмiч бiўся над разгадкай тайны прыгажосцi, мудрасцi i святасцi беларускай Мадонны. Падбiраў такiя фарбы, каб перадалi духоўнае багацце жанчыны, няўлоўнае святло самога Госпада. «Да гэтага iмкнуўся, — прызнаўся Аляксей Васiльевiч, — але да канца раскрыць сакрэт красы Мадонны немагчыма. Над гэтым мучылiся генii да мяне, будуць у нястомным пошуку i нашчадкi, бо сапраўдная прыгажосць — гэта само жыццё, а ключ ад яго — у Бога. Я iмкнуўся толькi асвятлiць людзям дарогу да Яго Храма».

Аляксей Кузьмiч ужо шмат гадоў пiсаў свае дзённiкi, адкрыта i шчыра спавядаўся перад сваiм сумленнем, перад сваёй Мадоннай, прызнаваўся ў любовi да сваёй радзiмы — Беларусi. Яго мастацкiя палотны i лiтаратурная споведзь даўно ўжо просяцца ў незвычайны музей Беларусi — Галерэю Мадоннаў Кузьмiча. Гэта запаветная мара мастака. Хай жа наступiць час здзяйснення мар святланоснага жывапiсца Аляксея Кузьмiча!

Вось пра што думалася, калi адпявалi вялiкага Мастака, песняра Мадоннаў, Аляксея Васiльевiча Кузьмiча ў Петрапаўлаўскай царкве. У яго, веру, наступнае новае жыццё — ва ўдзячнай Памяцi нашчадкаў i, найперш, у зямных Мадоннах.

Уладзiмiр ЛIПСКI

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?