Вы тут

«Зрываў» больш не прадбачыцца


Здаецца, што зараз тэрыторыя адкрытага акцыянернага таварыства «Рэчыцадрэў» ператварылася ў вялікую новабудоўлю. Насамрэч, уздоўж ракі Днепр, дзе знаходзіцца прадпрыемства, тэрмінова ліквідуецца велізарная звалка, якая тут стваралася на працягу ўсяго папярэдняга існавання прадпрыемства — а гэта больш за 100 гадоў. Самазвалы рухаюцца, смецце дзе гарыць, дзе вывозіцца, працуюць грэйдары, экскаватары і іншая тэхніка. Добраўпарадкаваннем тэрыторыі адначасова занята больш за тысячу чалавек — прадстаўнікі самых розных прафесій. У выхадны дзень сюды прыйшло працаваць шмат моладзі — навучэнцаў рэчыцкіх устаноў адукацыі. Здаецца, «аўгіевы стайні» прадпрыемства толькі супольна і можна выграбці. Да прыбірання тэрыторыі далучыліся не толькі рэчыцкія мясцовыя ўлады, але і Гомельскі аблвыканкам.

Практычна ўсю тэрыторыю ААТ «Рэчыцадрэў» уздоўж ракі пешкі прайшлі члены міжведамаснай працоўнай групы па праверцы выканання праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Беларусі Аляксандрам Якабсонам:

— Гэта першы выпадак, калі мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання масава і вялікімі сіламі, разам з прадпрыемствамі, якія мадэрнізуюцца, далучыліся да рэалізацыі гэтых праектаў. У большай ступені — гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі. Тут прадэманстраваны добры падыход, і ўжо можна бачыць вынікі. Усё за гэтыя дні змянілася ў лепшы бок. Аказваецца, гэта не такі ўжо непад'ёмны кавалак працы — навесці парадак. Проста трэба за гэтую работу ўзяцца ўсім разам.

Кіраўнік рэспубліканскага кантрольнага ведамства падкрэсліў, што праца па навядзенні парадку павінна праводзіцца сістэмна. Гэтаму пытанню павінны больш увагі надаваць санітарныя і пажарныя службы, прыродаахоўныя ведамствы. Што тычыцца будаўніцтва новых аб'ектаў на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай галіны Беларусі, ніякіх пераносаў тэрмінаў іх уводу больш не будзе, заявіў Аляксандр Якабсон на выязным пасяджэнні ў Рэчыцы пасля знаёмства з ходам рэалізацыі інвестпраектаў у ААТ «Гомельдрэў» і «Рэчыцадрэў»:

— Сітуацыя, як і паўсюль у рэспубліцы, — няроўная. Ёсць праблемы, ёсць адставанні. Члены рабочай групы на свае вочы пабачылі, і іх заверылі кіраўнікі: усё, што вызначана, будзе у поўнай меры рэалізавана. Абодва прадпрыемствы стратныя. У іх не хапае абаротных сродкаў, ім патрэбны грошы. Яны з'явяцца толькі тады, калі запрацуе вытворчасць. І таму яны самі імкнуцца пачаць працаваць. Я адзначыў, што трэба было нашаму камітэту дзяржкантролю раней «загнаць вожыка пад скуру», каб разгарнуць гэтую работу. Але ж зараз думаю, што на Гомельшчыне больш зрываў не будзе.

Такім чынам, у ААТ «Рэчыцадрэў» у снежні будзе ўведзена ў строй вытворчасць драўняна-стружкавай пліты. Гэта дазволіць пачаць выкарыстоўваць сучасную лінію па ламініраванні гэтай пліты, якая была зманціравана раней. Да сярэдзіны 2014 года пачне працаваць мадэрнізаваны ўчастак вытворчасці фанеры, а да канца года — завод смол. Старшыня КДК Аляксандр Якабсон падкрэсліў таксама, што інфармацыя, атрыманая падчас паездак міжведамаснай працоўнай групы, дае нагоду больш пільна вывучыць дзейнасць некаторых праектных і падрадных арганізацый:

— Мы комплексна паглядзім на іх працу і выйдзем з пазапланавай праверкай у некаторыя праектныя арганізацыі, каб на іх прыкладзе паказаць, дзе слабыя месцы і чаму яны могуць сабе дазволіць так працаваць. Праблем яшчэ вельмі шмат — паміж праекціроўшчыкамі і будаўнікамі, падрадчыкамі і заказчыкамі. Але ж гэта рабочыя пытанні, якія могуць быць ва ўстаноўленыя тэрміны вырашаны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.