У Віцебску адбылася нарада міжведамаснай рабочай групы, створанай па даручэнні Прэзідэнта, якая займаецца маніторынгам за ходам рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі. Аляксандр ЯКАБСОН, старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь, асабіста азнаёміўся з тым, як ідуць справы на ААТ «Віцебскдрэў».
Тут інвестыцыйны праект коштам 75 мільёнаў еўра рэалізуецца, пачынаючы з 2011 года. Вялікія грошы ўкладваюцца для засваення вытворчасці пліт сярэдняй, высокай шчыльнасці і ламініраваных падлогавых пакрыццяў. Згодна з планам, праект трэба было рэалізаваць на працягу 25-26 месяцаў. Але запуск новай вытворчасці неаднаразова пераносіўся.
Каля гадзіны Аляксандр Якабсон, а таксама асобы, якія былі запрошаны на нараду, аглядалі тэрыторыю прадпрыемства. У тым ліку хадзілі па шпалах чыгункі, неаднаразова патрапіўшы ў бруд. Гутарылі з рабочымі. Дарэчы, высокакваліфікаваныя спецыялісты на гэтым прадпрыемстве ў дэфіцыце.
— Працягваецца маніторынг мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што на прадпрыемствах выяўляецца шмат парушэнняў. У частцы навядзення парадку на віцебскім прадпрыемстве зроблена дастаткова шмат. Але да неабходнага ўзроўню яшчэ далёка. Хаця ёсць разуменне ў кіраўнікоў, і думаю, з гэтай задачай яны могуць справіцца. Што тычыцца рэалізацыі інавацыйнага праекта, будзе дадзена ацэнка дзеянням службовых асоб, — падвёў вынікі «экскурсіі» кіраўнік дзяржкантролю.
Але не можа не здзіўляць наступнае: чаму адзін з цэхаў гатовы да эксплуатацыі ўжо 1,5 года, абсталяванне набылі за валюту, але выпусцілі толькі пробную партыю прадукцыі?
— На жаль, гэта не адзінкавы факт, тое ж самае і на прадпрыемстве «Рэчыцадрэў», — дадаў Аляксандр Якабсон.
Дарэчы, кошт рэалізацыі праекта, у параўнанні з першапачатковым, падаражэў за гэты час амаль у два разы.
Высветлілася, што будаўнікі на «Віцебскдрэве» працавалі доўгі час толькі ў адну змену, усяго да трыццаці чалавек. Генеральны падрадчык — мясцовы будаўнічы трэст № 9 — быў у такім жа статусе яшчэ на прыкладна 50(!) новабудоўлях. Правяраючых турбуе і недахоп на прадпрыемстве кадраў: каму даверыць сучаснае абсталяванне? Паводле інфармацыі на пачатак лістапада, у штаце новай вытворчасці толькі 22% ад неабходнай колькасці работнікаў. Не хапае інжынерна-тэхнічных спецыялістаў і высокакваліфікаванага персаналу па абслугоўванні абсталявання. Будуць праблемы і са збытам новай прадукцыі, бо аналагічныя вытворчасці функцыянуюць у Расіі, Еўропе. Таму збыт павінен быць адпрацаваны як мага раней: заключаны дагаворы, вызначаны аб'ёмы паставак. Але сёння ёсць толькі папярэднія дамоўленасці, а патэнцыяльныя пакупнікі чакаюць узораў прадукцыі, якіх яшчэ няма.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.
Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».
Спартыўная сям'я б'е рэкорды.