Вы тут

Антыкрызiснае кiраванне для мадэрнiзацыi


«Антыкрызiснае кiраванне можа стаць асновай беларускай школы менеджменту», — упэўнены намеснiк старшынi Беларускага грамадскага аб'яднання спецыялiстаў па антыкрызiсным кiраваннi i банкруцтве Iгар Ашуркевiч.

1385010636430_1

Днямi ў Мiнску абмяркоўвалi ўдасканаленне працэдур антыкрызiснага кiравання i банкруцтва. Рабiлi гэта не толькi знакамiтыя эканамiсты — прадстаўнiкi Мiнiстэрства эканомiкi, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, прафесуры Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце i прыватных кампанiй, але i студэнты i магiстранты беларускiх вышэйшых навучальных устаноў.

Падставай для дыскусii стаў фiнал i падвядзенне вынiкаў конкурсу пiсьмовых работ «Антыкрызiснае кiраванне i банкруцтва», якi праводзiцца ў Мiнску ўжо ў шосты раз. Студэнты ўсiх эканамiчных i юрыдычных факультэтаў ВНУ Беларусi мелi магчымасць накiраваць свае работы на суд аўтарытэтнага журы, прайсцi ў другi этап i пазмагацца за грашовыя прызы, падарункавыя сертыфiкаты i стажыроўку ў Мiнiстэрстве эканомiкi i юрыдычнай групе «Саветнiк».

На конкурс былi пададзены 32 работы, з якiх сем адабраны для фiналу: па адной з Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Францыска Скарыны i Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А.Куляшова, дзве з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii ў Горках i тры — з навучальных устаноў горада Мiнска.

Нягледзячы на вузкую, здавалася б, спецыялiзацыю конкурсу — банкруцтва i антыкрызiснае кiраванне, спектр тэм, якiя распрацоўвалi яго ўдзельнiкi, уражваў. Тут i пытаннi рэйдарства, i рэцэпты павышэння эканамiчнай эфектыўнасцi сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дыягностыка рызык банкруцтва i iншыя аспекты эканамiчнага жыцця краiны. А пераможцам конкурсу наогул стала, па сутнасцi, iнавацыйная распрацоўка Антона Вагiна, магiстранта Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. Яго даследаванне тычылася ўвядзення ў Беларусi iнстытута банкруцтва фiзiчных асоб. На працягу некалькiх гадоў малады чалавек удзельнiчаў у конкурсе i вось, нарэшце, атрымаў заслужаную перамогу.

Другое месца заняла студэнтка Мiнскага фiлiяла Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта эканомiкi, статыстыкi i iнфарматыкi Любоў Астравух, якая прадставiла працу «Механiзмы абароны выплаты заработнай платы пры банкруцтве прадпрыемстваў». Трэцяе месца падзялiлi студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Святлана Кунцэвiч з працай аб субсiдыярнай адказнасцi ўдзельнiкаў i iншых асоб пры працэдуры банкруцтва i магiстрант Гомельскага дзяржунiверсiтэта Наталля Клiмава, якая прапанавала свой погляд на ўдасканаленне дыягностыкi рызык банкруцтва прадпрыемстваў.

1385010640353_2

Варта адзначыць, што ў журы, якое ацэньвала навуковыя распрацоўкi, былi дырэктар Дэпартамента па санацыi i банкруцтве Мiнiстэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Мiранiчэнка, начальнiк аддзела карпаратыўных адносiн i банкруцтва Вышэйшага Гаспадарчага Суда Iрына Iванова i шэраг iншых выдатных спецыялiстаў. Таму ў тым, што ў аснове адбору работ ляжаў дзяржаўны падыход, сумнявацца не прыходзiцца.

Тэматыка конкурсу даволi спецыфiчная. Чаму антыкрызiснае кiраванне i банкруцтва такія актуальныя для сучаснай Беларусi i якую карысць эканомiцы краiны могуць прынесцi антыкрызiсныя кiраўнiкi? Аб гэтым мы запыталiся ў арганiзатара конкурсу, намеснiка старшынi Беларускага грамадскага аб'яднання спецыялiстаў па антыкрызiсным кiраваннi i банкруцтве, кiраўнiка юрыдычнай групы «Саветнiк» Iгара Ашуркевiча.

— Iгар Мiкалаевiч, адкуль такая ўвага да праблем эканамiчнай неплацежаздольнасцi? Няўжо ў беларускай эканомiцы ўсё так няпроста?

— Зусiм не. Нягледзячы на «грознае» гучанне — пытаннi антыкрызiснага кiравання i нават банкруцтва, гэта руцiна эканамiчнага жыцця ў любой, нават самай паспяховай, дзяржаве. Бо развiццё рынкавай эканомiкi заснавана на здольнасцi прадпрымальнiкаў браць на сябе пэўныя рызыкi i на канкурэнцыi з iншымi суб'ектамi рынку. А гэта значыць, што хто-небудзь з iх пастаянна пралiчваецца, прайграе ў канкурэнцыi, губляе долю на рынку i, як вынiк, — губляе эканамiчную плацежаздольнасць. У такiм выпадку найлепшы выхад са становiшча — прайсцi праз працэдуру аздараўлення альбо, калi магчымасцяў выратаваць прадпрыемства няма, банкруцтва.

Сэнс гэтых працэдур у тым, каб максiмальна абаранiць крэдытораў кампанii, забяспечыць усю магчымую i справядлiвую кампенсацыю па даўгах прадпрыемства. Адначасова абараняецца i сам даўжнiк, працоўны калектыў, яго кiраўнiцтва, калi банкруцтва не звязана са злаўмыснымi намерамi апошняга.

— Чаму вы лiчыце неабходным прыцягваць да гэтай складанай сферы менавiта маладых юрыстаў?

— Па-першае, таму, што сёння ў Беларусi ёсць востры дэфiцыт квалiфiкаваных спецыялiстаў такога профiлю. Аднак iх падрыхтоўка пакуль не ажыццяўляецца нiводнай дзяржаўнай ВНУ краiны. Таму адзiны выхад са становiшча — у працэсе вучобы прываблiваць адпаведнай праблематыкай будучых юрыстаў, арыентаваць iх на кар'еру антыкрызiснага кiраўнiка.

Па-другое, у больш шырокiм кантэксце трэба разумець, што перад краiнай востра стаiць пытанне мадэрнiзацыi эканомiкi. I мы бачым, што яго рашэнне сутыкаецца з праблемай нiзкай якасцi кiравання на прадпрыемствах. Я ўпэўнены, што прафесiяналiзацыя маладых спецыялiстаў у такой складанай i практыкаарыентаванай вобласцi, як антыкрызiснае кiраванне, дасць магчымасць вырашыць гэтую праблему.

— Як антыкрызiснае кiраванне звязана з пытаннямi мадэрнiзацыi i кiравання iнвестыцыямi?

— Самым непасрэдным чынам! Як правiла, дзейнасць антыкрызiснага кiраўнiка суседнiчае з iнвестыцыйнай дзейнасцю. Менавiта так працуе наша кампанiя. Вывучаючы канкрэтную практыку банкруцтваў i санацыi, малады чалавек з першых дзён пачынае разумець найбольш тыповыя памылкi менеджменту i чаго каштуе iх выпраўленне.

Таму я спадзяюся, што ў блiжэйшы час у Беларусi мы будзем назiраць павышаную ўвагу да антыкрызiснага кiравання. I гэта выявiцца не толькi ў пашырэннi кола ўдзельнiкаў нашага конкурсу, але i ў прызнаннi неабходнасцi гэтай спецыяльнасцi для нашай вышэйшай адукацыi. Менавiта антыкрызiснае кiраванне можа стаць асновай беларускай школы менеджменту.

Падрыхтаваў Юрый Царык.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».