Вы тут

Доўгі шлях у лабірынце


Усе добра памятаюць гучны візіт Прэзідэнта на адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўдрэў», які адбыўся восьмага лістапада. Прайшло два тыдні, падчас якіх, калі меркаваць па паведамленнях з Барысава, на прадпрыемстве кіпела аўральная праца. І вось у мінулую пятніцу на завод адправілася працоўная група па вырашэнні праблем на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі на чале са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандрам Якабсонам.

1385451893159_1

Але пасля непрацяглага рэйду па тэрыторыі становіцца зразумела: парадак да канца так і не наведзены. З'явілася некалькі заасфальтаваных дарог, але іх у маштабах завода недастаткова. Значная ж частка ўнутраных шляхоў уяўляе пасля працяглых восеньскіх дажджоў суцэльнае месіва, якое дзе-нідзе моцна кантрастуе з пафарбаванымі ў яркія колеры сценамі цэхаў. Вядома ж, за два тыдні, тым больш у лістападзе, заасфальтаваць усё наўрад ці атрымаецца. Але, па-першае, мадэрнізацыя прадпрыемства, якая ўключае ў сябе не толькі замену абсталявання, пачалася яшчэ ў далёкім 2007 годзе. Па-другое, нават за два тыдні можна было б зрабіць хоць нешта часовае для больш зручнай хады. Напрыклад, пакласці дошкі ўздоўж асноўных шляхоў, як тое робіцца падчас рамонту тратуараў, каб элементарна не даводзілася лезці ў бруд. З іншага боку, сказаць, што тут не робіцца ўвогуле нічога, таксама нельга. Так, бераг ракі Бярэзіны ўжо амаль добраўпарадкаваны.

У саміх цэхах зараз сучаснае абсталяванне. Але абслугоўваюць яго людзі, якія не апрануты ў адпаведную ўніформу, што адразу кідаецца ў вочы старонняму чалавеку...

— Вазьміце камандзіроўку, з'ездзіце, напрыклад, на дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ў Рэчыцы ці Мазыры, — раіць Аляксандр Якабсон старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміру Мірановічу. — Паглядзіце, як іншыя людзі парадак наводзяць. І гэта пры тым, што аб'ёмы працы там куды больш значныя, чым у Барысаве. Што тут змянілася за два тыдні? Я бачу, што не так і шмат. Актыўней працаваць трэба. А мясцовыя галіны ўлады маглі б дапамагчы прадпрыемству, на якім працуе амаль тысяча чалавек. Няўжо гэта так складана і невыканальна? Усе праблемы ў вас — ад няякаснага планавання, што відаць тут паўсюль. Нават адпаведныя санітарныя службы не працуюць, як трэба. Няма належнай культуры ў бытоўках для рабочых. Галоўны санітарны ўрач Барысава пазбавіўся сваёй пасады. Калі так будзе працягвацца, то і цяперашняга выконваючага абавязкі галоўнага санітарнага ўрача можа спасцігнуць той жа лёс. Майце гэта на ўвазе.

1385451896683_2

Што датычыцца самога працэсу мадэрнізацыі на ААТ «Барысаўдрэў», у Камітэта дзяржаўнага кантролю таксама назапасілася шмат пытанняў. Перыядычна змянялася кіраўніцтва завода, а бізнес-план «раздзьмуўся» падчас пастаянных дапаўненняў з 41 да 109 мільёнаў еўра. Агульны аб'ём інвестыцый у прадпрыемства перавысіў адзнаку ў 800 мільярдаў рублёў. Аднак...

— Яшчэ ў чэрвені мы правялі праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасці заказчыка — ААТ «Барысаўдрэў», праекціроўшчыка — КУП «Інстытут «Барысаўпраект», генеральнага падрадчыка — ААТ «Будаўнічы трэст №21», — гаворыць старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці Валерый Стадольнік. — Падчас яе былі выяўлены сур'ёзныя парушэнні заканадаўства. У прыватнасці, былі зацягнуты тэрміны праектавання і выканання будаўніча-мантажных работ. У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта № 9, у дачыненні да службовых асоб гэтых арганізацый заведзены адміністрацыйныя справы.

Ніводны з новых аб'ектаў на «Барысаўдрэве» дагэтуль так і не ўведзены ў эксплуатацыю. І калі кацельная, запалкавая вытворчасць і цэх, які будзе выпускаць пліты МДФ, гатовы прыкладна на чатыры пятыя, то па фанернай вытворчасці пакуль існуе толькі архітэктурны праект. Хаця, згодна з бізнес-планам, гэтыя работы ўжо даўно павінны быць скончаны. На пасяджэнні працоўнай групы нават узнікла пытанне: а ці варта ўвогуле мадэрнізаваць вытворчасць фанеры?

— Хоць гэты матэрыял карыстаецца на рынку не такім вялікім попытам, як раней, але высакаякасная шліфаваная фанера па-ранейшаму знаходзіць свайго пакупніка, — аналізуе сітуацыю Аляксандр Якабсон. — Гэта ж жывыя грошы, якія можа зарабіць завод! Думаць аб тым, патрэбна гэта ці не, трэба было раней. Зараз жа праект мадэрнізацыі зацверджаны ўказам, які неабходна выконваць. Праведзены ўсе неабходныя разлікі. І што ж, выдаткаваныя на гэта грошы будуць тым самым выкінуты на вецер?

Падчас пасяджэння ўсплылі яшчэ больш цікавыя факты. Праз шэсць гадоў пасля пачатку мадэрнізацыі прадпрыемства працуе ў стратным рэжыме з рэнтабельнасцю ў мінус 18%. І гэта пры тым, што сёлета аб'ёмы выпуску прадукцыі павялічыліся. А тэрмін акупляльнасці і ўвогуле павысіўся да 18 гадоў. Аднак, па словах Аляксандра Якабсона, «Барысаўдрэў» не мае непераадольных праблем для завяршэння працэсу мадэрнізацыі. Проста трэба напружыцца і мэтанакіравана працаваць, а не спадзявацца на тое, што хтосьці яшчэ дасць грошай, каб рэалізаваць чарговы бізнес-план.

Мадэрнізацыя на ААТ «Барысаўдрэў» павінна завяршыцца ўжо зусім хутка — 1 чэрвеня 2014 года. Але ці скончыцца своечасова такі працяглы шлях прадпрыемства ў лабірынце самых розных праблем?

Валяр'ян ШКЛЕННІК. Фота аўтара.
Мінск-Барысаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.