Вы тут

Пагадненне з Іранам: плюсы і мінусы


Два тыдні таму сусветная прэса абмяркоўвала няўдалае завяршэнне чарговага раўнда перагавораў «шасцёркі» з Іранам. Нягледзячы на тое, што тады да пагаднення прыйсці не ўдалося, быў прызначаны чарговы раўнд перамоў, што сведчыла аб наяўным патэнцыяле вырашэння праблем. І, нарэшце, падчас апошняга раўнда перагавораў, якія пачаліся 20 лістапада ў Жэневе, бакам удалося выйсці на пагадненне, якое інакш як гістарычным не называюць.

Можна адзначыць, што Тэгеран пагадзіўся на сур'ёзныя ўступкі, частку з якіх раней не хацеў нават абмяркоўваць. Паводле інфармацыі крыніц з адміністрацыі ЗША, іранская дэлегацыя дала згоду даць МАГАТЭ доступ да аб'ектаў па зборцы і захоўванні цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану, а таксама да аб'ектаў па здабычы і першаснай перапрацоўцы ўрану. Інспектары гэтай арганізацыі змогуць бесперашкодна наведваць рэактары Натанз і Фардоў. Таксама ім будзе прадстаўлена ўся інфармацыя па новым рэактары ў Араке. Іран таксама пагадзіўся не ўстанаўліваць дадатковыя цэнтрыфугі, адмовіцца ад выкарыстання найноўшых цэнтрыфуг і замарозіць будаўніцтва новых аб'ектаў па ўзбагачэнні ўрану. Будзе спынена работа над працэсамі, неабходнымі для вылучэння плутонію, які нараўне з уранам можа быць выкарыстаны пры стварэнні ядзернай зброі. Тэгеран даў згоду і знішчыць увесь узбагачаны да 20 працэнтаў уран, колькасць якога ацэньваецца ў 200 кілаграмаў. Іран зараз зможа вырабляць толькі ўран, узбагачаны да 5%.

Трэба адзначыць, што пагадненне часовае, паколькі большасць членаў «шасцёркі» ініцыявала ўвесці своеасаблівы выпрабавальны тэрмін для праверкі сапраўдных намераў Ірана. Калі пагадненне будзе ім выконвацца, праз шэсць месяцаў бакі павінны выпрацаваць больш доўгатэрміновы варыянт. Менавіта тады плануецца зняць з Ірана эканамічныя санкцыі, накладзеныя міжнароднай супольнасцю.

Што ж атрымаў Тэгеран цяпер? Перш за ўсё, «шасцёрка» міжнародных пасрэднікаў прызнала права Ірана на выкарыстанне атамнай энергетыкі ў мірных мэтах пад кантролем з боку МАГАТЭ. Захад таксама абавязаўся не накладваць на Іран новыя санкцыі на працягу шасці месяцаў, прыпыніць пэўныя санкцыі ў сферы абароту золата і каштоўных металаў, абмежаванні ў дачыненні да іранскага аўтамабільнага сектара, а таксама нафтахімічнага экспарту. Акрамя таго, у выхадныя паступіла інфармацыя аб тым, што амерыканская адміністрацыя размарозіла актывы Ірана на восем мільярдаў долараў.

Адным з наступстваў пагаднення з Іранам стане павелічэнне паступлення нафты на сусветныя рынкі. З-за таго, што падчас абмежаванняў экспарту нафты з Ірана па прычыне ўведзеных санкцый здабычу нафты рэзка павялічылі іншыя краіны, і перш за ўсё Саудаўская Аравія, сусветны рынак можа быць ёю перанасычаны, з-за чаго магчымае сур'ёзнае паніжэнне цэн. Вынікі могуць аказацца для Беларусі неадназначныя. З аднаго боку, можа сур'ёзна пацярпець бюджэт Расійскай Федэрацыі з-за скарачэння цаны на галоўны экспартны тавар Расіі, што, магчыма, негатыўна адаб'ецца на яе эканоміцы, а значыць, ударыць па дынаміцы ўсёй Адзінай эканамічнай прасторы. З іншага, сур'ёзнае патанненне нафты можа стаць важным фактарам для ажыўлення сусветнай эканомікі, паколькі празмерна дарагія нафтапрадукты ўскладняюць перспектывы развіцця большасці нацыянальных эканомік.

Вынікам прымірэння Ірана з «шасцёркай» можа стаць паляпшэнне перспектыў урэгулявання грамадзянскай вайны ў Сірыі. Многія з натхняльнікаў гэтай вайны карысталіся безумоўнай падтрымкай Захаду для ўдару па Сірыі, перш за ўсё, як па саюзніку Ірана, каб аслабіць гэтую краіну. Зараз інтарэс Захаду да такой дзейнасці рэзка аслаб, што скароціць тую палітычную, ваенную і фінансавую падтрымку, якую атрымлівалі мяцежнікі. Законнаму ўраду Сірыі стане значна лягчэй урэгуляваць сітуацыю, чым да жэнеўскага пагаднення. Будзем спадзявацца, што заключэнне пагаднення з Іранам адаб'ецца станоўча і на маючых адбыцца перамовах у Жэневе па самой Сірыі.

Заключэнне пагаднення стала сур'ёзным ударам па ізраільска-амерыканскіх сувязях. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў «гістарычнай памылкай» пагадненне па ядзернай праграме Ірана. Паводле яго слоў, мір у выніку заключэння яго стаў яшчэ больш небяспечным. У той жа час Ізраіль страціў падставы для плануемага ўдару па ядзерных аб'ектах Ірана, які мог сур'ёзна дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне.

У выніку пагаднення Іран пачне вяртаць сабе раней страчаныя з-за санкцый геапалітычныя і геаэканамічныя пазіцыі ў рэгіёне. Турцыі, Саудаўскай Аравіі і Ізраілю прыйдзецца адступіць ад часткі з іх. У Тэгерана будзе больш сродкаў і на мадэрнізацыю эканомікі краіны, і на сацыяльныя праграмы. Першае станоўча адаб'ецца на стварэнні эканомікі, у якой экспарт нафты перастане адыгрываць асноўную ролю, робячы Іран вельмі ўразлівым. Другое — умацуе пазіцыі цэнтральнага ўрада.

Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?