Вы тут

Асаблівасці нацыянальнай гасціннасці


Фан-вёска, Wі-Fі-лаўкі, нацыянальная кухня... Чым яшчэ Мінск збіраецца сустракаць гасцей хакейнага чэмпіянату?

За апошні год наша краіна прыняла два буйнейшыя спартыўныя форумы — чэмпіянат свету па веласпорце на трэку і чэмпіянат Еўропы па боксе. Абодва турніры прадэманстравалі: Беларусь гатова прымаць самыя прэстыжныя спаборніцтвы. Чарговы «экзамен» чакае беларускую сталіцу ўжо менш чым праз паўгода, калі ў Мінск з'едуцца аматары хакея з усяго свету. Рыхтавацца да чэмпіянату свету краіна пачала яшчэ ў 2009 годзе, а ўжо сёння выйшла на фінішную прамую — «Чыжоўка-Арэна» пабудавана, сетка атэляў пашырана, сувенірная прадукцыя выраблена.

1385452069274_26-10

Краіна без межаў. Часова...

Гасцям планетарнага першынства неверагодна пашанцавала: больш за месяц, з 25 красавіка па 31 мая 2014 года, трапіць на тэрыторыю Беларусі будзе вельмі проста. Для гэтага на мяжы дастаткова прад'явіць квіток на хакейны матч ці яго электронную копію. Нумар квітка супастаўляецца з базай даных білетнага аператара, і, калі інфармацыя пацвярджаецца, — з прыездам у Беларусь. Ніякай візы! «Вольны ўваход» чакае і афіцыйных асоб: замест спецыяльнага дазволу на ўезд — акрэдытацыя Міжнароднай федэрацыі хакея. А замежным журналістам не спатрэбіцца дадатковая ў такіх выпадках акрэдытацыя МУС. Акрамя гэтага, замежнікам не прыйдзецца набываць і абавязковую медстрахоўку. Словам, улады пайшлі на максімальную колькасць уступак, каб палегчыць жыццё гасцям турніру і зрабіць іх знаходжанне ў нашай краіне максімальна камфортным.

Дарэчы, для асвятлення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінск прыедзе амаль паўтысячы прадстаўнікоў СМІ — рэпарцёраў, фотакарэспандэнтаў, каментатараў. Максімальнае прадстаўніцтва, зразумела, будзе ў айчынных журналістаў — 70 чалавек. Арганізатары абяцаюць знайсці для прадстаўнікоў медыя самыя зручныя месцы на трыбунах, каб агляд лядовай пляцоўкі быў ідэальным.

На арэнах усё гатова?

За баталіямі лепшых хакейных зборных свету гледачы будуць назіраць з трыбун двух спарткомплексаў — «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны». Апошні, між іншым, дагэтуль цалкам не ўвялі ў эксплуатацыю — зараз працуе толькі малая арэна. Астатнюю частку спарткомплексу плануюць адкрыць 15 снежня. Пасля гэтага агульная ўмяшчальнасць дзвюх пляцовак складзе амаль што 25 тысяч гледачоў! Між іншым, ужо зараз на новай арэне працуюць пункты з пазнакай «абавязкова» для буйных міжнародных мерапрыемстваў: інфармацыйны цэнтр, сувенірныя лаўкі, крамы спартыўных тавараў і атрыбутыкі (у тым ліку з сімволікай хакейнага мундыялю), кавярня, дзе нават можна паласавацца стравамі нацыянальнай кухні.

Падчас чэмпіянату свету на «Мінск-Арэне» згуляюць 28 матчаў групавога раўнда, два чвэрцьфіналы, абодва паўфіналы, матч за трэцяе месца і фінал. На «Чыжоўка-Арэне» правядуць 28 матчаў папярэдняга этапу і два чвэрцьфіналы. Паміж спарткомплексамі, дарэчы, будзе курсіраваць спецыяльны аўтобусны маршрут.

Электронны білет — раўня папяроваму!

Набываць квіткі на матчы чэмпіянату трэба ўважліва! На іншыя прапановы, акрамя афіцыйных аператараў (TіcketPro і «ЦэнтрКурорт». — Аўт.), лепш не рэагаваць, бо ў інтэрнэце пачалі выяўляцца выпадкі махлярства. Як кажуць, сем разоў падумайце... Асабліва калі цана на «топавы» матч здаецца падазрона невысокай.

Кошт на асобныя квіткі вар'іруецца ад 6 да 400 еўра. Дзейнічае і шырокая сістэма абанементаў. Так, можна набыць пакет квіткоў на ўсе матчы адной з арэн, на гульні толькі беларускай зборнай альбо іншых нацыянальных каманд ці на матчы, якія адбудуцца на пэўным этапе спаборніцтваў. За абанементы трэба будзе заплаціць ад 300 да 2000 еўра.

Рэалізацыя квіткоў пачалася напрыканцы верасня, і набыць іх можна ў любой краіне свету, напрыклад, праз інтэрнэт. Для замежнікаў найбольш зручна правесці гэтую аперацыю праз сістэму E-Tіcket, якая дазваляе раздрукаваць квіток на звычайным прынтары. На ўваходзе ў арэну такі электронны квіток з унікальным штрых-кодам будзе мець статус «афіцыйнага дакумента». А вось тыя, хто набываў сертыфікат на абанемент, па прыбыцці ў Беларусь павінны будуць абмяняць яго на пакет папяровых квіткоў. Зрабіць гэта можна будзе ў галаўным офісе TіcketPro, а таксама ў спецыяльных пунктах абмену, якія арганізуюць перад лядовымі пляцоўкамі.

Акрамя гэтага, афіцыйны тураператар чэмпіянату «ЦэнтрКурорт» падрыхтаваў шэраг турыстычных пакетаў, якія разам з квіткамі на матчы ўключаюць паслугі па размяшчэнні, харчаванні, арганізацыі адпачынку.

Пражыванне з нацыянальным каларытам

Гасцей першынства і членаў нацыянальных зборных рыхтуюцца прыняць больш чым 40 гасцініц. Але найбольшым попытам сярод замежных заўзятараў карыстаецца Фан-вёска, якая разгорнецца ў студэнцкім комплексе ў мікрараёне Пятроўшчына. Гэты варыянт размяшчэння сапраўды здаецца вельмі прывабным. Метро — побач, на тэрыторыі — развітая інфраструктура, трансфер да арэн — арганізуюць, яшчэ і цэны прыемныя — 10-30 долараў у суткі. Для параўнання, самы танны гасцінічны нумар будзе каштаваць дзесьці 80 долараў, цэннік на «люксавыя» апартаменты ўвогуле можа дасягаць чатырохзначных лічбаў. А каб пазбегнуць «накруткі» цэн, прадстаўнікі гасцінічнага бізнесу, Мінгарвыканкам і афіцыйны тураператар чэмпіянату «ЦэнтрКурорт» нават падпісалі мемарандум, згодна з якім рост цэн на гасцінічныя паслугі напярэдадні хакейнага першынства не павінен перавышаць 10%.

Калі вам трэба хітра-мудра і нядорага, у самы раз успомніць пра хостэлы. Ложка-месца ў мінскіх міні-атэлях эканом-класа абыйдзецца ад 9 да 41 еўра за ноч, у залежнасці ад памераў і ўмяшчальнасці пакояў. Дарэчы, яшчэ два гады таму ў беларускай сталіцы працавалі толькі два хостэлы, а зараз іх ужо дзевяць. Нядзіўна, калі праз паўгода гэтая лічба вырасце, прынамсі, удвая.

Таксама арганізатары спаборніцтваў прапанавалі гаспадарам аграсядзіб Міншчыны прыняць замежных гасцей. Пражыванне з нацыянальным каларытам плюс шырокі спектр турыстычных паслуг... Пагадзіцеся, добрая альтэрнатыва сталічным гасцініцам.

Тэлефонная кніга, афіша і карта «ў адным флаконе»

Да чэмпіянату свету па хакеі рыхтуецца ўвесь горад. Так, хутка ў Мінску з'явяцца новыя паркоўкі. Асабліва — каля буйных спартыўных аб'ектаў. Акрамя гэтага, плануюць запусціць больш за 10 новых аўтобусных маршрутаў, якія злучаць лядовыя арэны, гасцініцы і буйныя транспартныя вузлы. Стане больш і кропак доступу Wі-Fі. У самых папулярных месцах горада з'явяцца так званыя Wі-Fі-лаўкі. Пашырыцца сетка турыстычна-інфармацыйных цэнтраў, якія для гасцей сталіцы адначасова стануць тэлефоннай кнігай, афішай і картай. А некаторыя ўстановы ўжо сёння арганізоўваюць для сваіх супрацоўнікаў курсы англійскага: «міжнародную мову» вывучаюць міліцыянеры, таксісты, прадаўцы, афіцыянты.

Дарэчы, у мінскіх кавярнях прапануюць правесці атэстацыю. Асабліва будуць звяртаць увагу на наяўнасць у меню страў беларускай кухні — такіх пазіцый павінна быць не менш за восем! Выключэнне складаюць хіба толькі сушы-бары і іншыя спецыялізаваныя рэстараны.

Шведская перашкода для беларускіх сувеніраў

Любое сусветнае першынство — гэта не толькі спартыўнае мерапрыемства, але і своеасаблівая прома-акцыя краіны-гаспадыні. Стракатыя афішы, арыгінальныя білборды, выявы талісманаў, рассыпаныя па горадзе, — усё гэта неад'емная частка кожнага спартыўнага свята. І хатні чэмпіянат па хакеі — не выключэнне.

Вы ўжо, напэўна, неаднойчы сустракалі ў Мінску ветлівага зубра на каньках? Зусім хутка Волат (афіцыйны талісман чэмпіянату свету па хакеі-2014 — Аўт.) ажыве: арганізатары абяцаюць, што ў сталіцы з'явяцца роставыя лялькі. А ўжо сёння беларускія крамы сталі запаўняцца сувенірнай прадукцыяй з сімволікай чэмпіянату — кубкі, сцяжкі, шалікі, магніцікі і іншая прыемная дробязь. Але рэалізаваць айчынныя вырабы трэба паспець да 9 лютага. Пасля на паліцах з'явіцца... тое ж самае, толькі з біркай шведскай кампаніі, якая з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком Міжнароднай федэрацыі хакея і мае выключныя правы на распаўсюджанне сувенірнай прадукцыі падчас правядзення чэмпіянату. Праўда, некаторыя беларускія тавары прадаваць усё ж такі дазволяць: пад забарону, напрыклад, не трапяць паштовыя маркі, канцылярскія прыналежнасці, харчовыя прадукты. Рэалізаваць астатняе можна будзе ўжо толькі пасля першынства.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Максім Мірны, тэнісіст: «Шчыра прызнаюся: вельмі чакаю чэмпіянат свету па хакеі, калі да нас прыедзе шмат гасцей і яны на свае вочы ўбачаць нашу прыгожую краіну. Дарэчы, мой былы партнёр па тэнісным корце канадзец Даніэль Нестар — хакейны заўзятар, і ў маі ён збіраецца прыехаць у Беларусь. Упэўнены, ён будзе здзіўлены папулярнасцю хакея ў нашай краіне, прыгажосцю Мінска, яго сучаснасцю і самабытнасцю. У нас ужо шмат зрабілі для сустрэчы замежных гасцей, і наперадзе яшчэ дастаткова часу, каб завяршыць падрыхтоўку і правесці гэтае свята на самым высокім узроўні».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.