Вы тут

СТВАРЭННЕ ЦУДУ


Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» рыхтуецца да свайго 40 годдзя, якое будзе адзначацца ў наступным сезоне. А пакуль артысты распачалі гастрольны і ў нейкім сэнсе справаздачны тур канцэртаў, прысвечаных юбілею.

1385527958325_1

Днямі такі канцэрт адбыўся ў сталічным Палацы Рэспублікі. Як і заўсёды, канцэрт прайшоў пры перапоўненай зале, з выключным поспехам. У фінале захопленыя, расчуленыя гледачы, стоячы, хвілін дзесяць дзякавалі артыстам бурнымі, шчырымі апладысментамі.

Наш карэспандэнт сустрэўся з мастацкім кіраўніком «Харошак», народнай артысткай рэспублікі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валянцінай Гаявой і папрасіў яе расказаць, як знакаміты калектыў пачынаў свой творчы шлях, як ён ішоў да свайго фенаменальнага поспеху.

— Працуючы над першай праграмай для маладога калектыву, я аказалася перад няпростым выбарам: якім шляхам ісці? Адзін з іх патрабаваў беражлівага захоўвання аўтэнтычнага танцавальнага мастацтва, перадаваць яго ў нерушавым, натуральным стане. Другі, найбольш папулярны ў савецкія часы, сведчыў аб тым, што поспех можа забяспечыць толькі народна-сцэнічная апрацоўка фальклору.

Мяне ж ні першы, ні другі шлях не задавальняў. Простае, механічнае перанясенне народных танцаў на сцэну прыводзіла, як правіла, да спрошчанасці, прымітывізму. Залішняя апрацоўка фальклору, увядзенне ў яго элементаў поп-культуры і розных аўтарскіх вынаходак «забівала» народную душу. Мне ж хацелася якраз гэтую душу раскрыць, паказаць усё яе багацце і хараство.

— Раскажыце, калі ласка, як ствараліся першыя нумары. Яны нараджаліся на фальклорнай аснове ці тут галоўную ролю адыграла ваша ўласная фантазія? А можа, нешта пераймалі і творча перапрацоўвалі падгледжанае ў вядомых, знакамітых калектываў?

— У вядомых калектываў я, безумоўна, вучылася, але ніколі нічога не пераймала. Вучылася ў іх сцэнічнаму майстэрству, уменню будаваць нумар, складаць праграму, каб яна была цэльная, арганічная і ў той жа час разнастайная, яркая, відовішчная.

Свае нумары я стварала па-рознаму. У адным выпадку пераважала фальклорная аснова, мы толькі надавалі ёй сучасную, больш прывабную форму. У другім — я ішла ад асабістых уражанняў, ад падгледжанага ў жыцці. Часам дзейнічала наперакор закасцянелым традыцыям. Чамусьці лічылася, што беларусам уласцівы ўсяго тры рухі: так званы просты ход, пераменны ход і полька. Некаторыя, дарэчы, і цяпер абыходзяцца толькі гэтым. А ў танцы самае важнае — прыдумаць адметны рух і надалей развіваць яго, ствараючы арыгінальныя, відовішчныя карункі. Але, разам з тым, у гэты рух павінна быць закладзена думка, вобраз, эмоцыя. З самага пачатку я імкнулася да таго, каб кожны танец быў самастойным, каб артысты не проста бегалі па сцэне ды весяліліся, а неслі нейкую ідэю, прымушалі гледача над чымсьці задумацца.

1385527961655_2

— Валянціна Іванаўна, як пры такім грунтоўным, выключна патрабавальным і цалкам арыгінальным падыходзе вы змаглі падрыхтаваць калектыў за кароткі тэрмін? Наколькі я ведаю, менш чым праз год «Харошкі» ўжо заявілі пра сябе першым публічным выступленнем.

— Так, «Харошкі» нарадзіліся роўна праз дзевяць месяцаў (смяецца). І нарадзіліся пад шчаслівай зоркай. Першыя ж выступленні прынеслі вялікі поспех. Праз год ужо мы паехалі на гастролі ў Малдавію. А пасля серыі нашых канцэртаў ва Украіне кіраўнік ансамбля імя Вірскага Яраслаў Вантух усклікнуў: «Гэта была бомба!». Яны не чакалі, што пасля праслаўленых савецкіх калектываў можна яшчэ нешта прыдумаць, зрабіць новае, нечаканае, цікавае. А мы здзівілі і ўразілі публіку сваёй непадобнасцю, сваім адметным почыркам.

Але галоўны поспех нас чакаў у Маскве. У 1977 годзе на Усесаюзным конкурсе прафесіянальных калектываў, прысвечаным 60 годдзю Кастрычніка, «Харошкі» сталі лаўрэатамі і атрымалі дыплом першай ступені. Гэта была ў нейкім сэнсе сенсацыя. Таму што дагэтуль беларусы, у адрозненне ад украінцаў і грузін, нічым асаблівым не вызначаліся на маскоўскіх сцэнах. А тут — перамога! Мы тады былі нарасхват. Далі па два канцэрты ў зале «Расія» і ў зале Чайкоўскага. І ўсюды — аншлаг.

— З таго часу мінула ўжо амаль сорак гадоў. Але і цяпер «Харошкі» збіраюць поўныя залы. Публіка з захапленнем прымае кожны нумар, а пасля выступлення наладжвае артыстам бурныя авацыі. Гэтаму я быў сведкам і сам, пабываўшы на нядаўнім вашым канцэрце. Дык у чым жа сакрэт вашага пастаяннага поспеху? Як вам удаецца на працягу гэтулькіх гадоў здзіўляць і захапляць гледача? Прычым не толькі дома, але і далёка за межамі, у самых розных краінах?

— Сваю папулярнасць мы заваявалі тым, што з самага пачатку былі не падобныя на іншых. Можа, і нясціпла так казаць, але да нас многія калектывы альбо будавалі свае танцы на адным руху, альбо пераймалі, практычна капіравалі тое, што выконвалі іншыя. Мы ж паставілі сабе задачу-максімум: кожны нумар рабіць арыгінальным, непаўторным. На аснове народна-сцэнічнага танца ствараем міні-балеты, у якіх ёсць змест. Абавязкова. Ёсць сюжэт — зкспазіцыя, развіццё тэмы і кульмінацыя, фінал.

Вельмі важна правільна пабудаваць праграму, каб у гледача з кожным наступным танцам нарасталі станоўчыя эмоцыі, каб ён не толькі разумеў, што адбываецца на сцэне, але і жыў гэтым, радаваўся, захапляўся, перажываў. Нельга, каб усё было манатонным, нібыта гучыць адна і тая ж музыка, толькі мяняюцца касцюмы і танцоры. Таму ў мяне нумары адрозніваюцца адзін ад другога — і па тэме, і па малюнку, і па стылі. І па сэнсе! Мы ж, паўтаруся, робім міні-спектаклі, якія ў цэлым складаюць вялікі, змястоўны спектакль. На сцэне ў нас выступаюць не проста танцоры, а пэўныя персанажы. Каб стварыць яркі, каларытны вобраз такога персанажа, патрабуецца немалое акцёрскае майстэрства.

— І дзе ж вы такія кадры знаходзіце, каб яны выдатна танцавалі ды яшчэ валодалі акцёрскім талентам?

— Свае кадры мы рыхтуем самі. Некага знаходзім сярод выпускнікоў харэаграфічнага вучылішча і іншых устаноў мастацтва. Нехта да нас прыходзіць сам. Мы ўсіх праглядваем, аднак бяром далёка не ўсіх. Але нават з тых, каго прымаем, прыжываецца адзін з дзесяці. Справа ў тым, што мы працуем на аснове класічнага танца, а для гэтага неабходна мець вельмі добрую фізічную форму.

— І, напэўна, не толькі…

— Безумоўна. Наш артыст абавязаны мець прывабную знешнасць, прыгожую паставу, музыкальнасць, артыстызм. Але найперш пры адборы мы глядзім на фізічныя даныя. Чаму? Таму што танцоўшчыку даводзіцца вытрымліваць дастаткова вялікія нагрузкі. Вы заўважылі, якія шырокія і высокія скачкі выконваюць нашы артысты? А гэта ж дасягаецца няпроста, штодзённымі і нялёгкімі трэніроўкамі, рэпетыцыямі да сёмага поту і мазалёў.

— А ці былі ў вас выпадкі, калі вы прымалі чалавека, які не меў асаблівага таленту да танцаў, але вельмі хацеў працаваць у «Харошках»?

— Былі. Мы такім кандыдатам даём шанц, і нярэдка яны яго апраўдваюць. Ды што казаць, хіба ў нашым першым наборы ўсе былі з выдатнымі данымі, неабходнымі для харэаграфіі? Не. Але дзякуючы моцнаму жаданню і выключнаму старанню яны выраслі ў таленавітых танцоўшчыкаў. Яркі прыклад таму — заслужаны артыст рэспублікі Фёдар Балабайка.

— У калектыве ёсць свае традыцыі, пісаныя і няпісаныя правілы?

— Безумоўна, ёсць. Галоўная наша традыцыя — добрасумленнае стаўленне да працы. Чалавеку, якога мы прымаем у калектыў, адразу ж даём зразумець, што халтура, гультайства ў нас не праходзіць, ён павінен поўнасцю выкладвацца, паказваць усё, на што здольны.

— Як вядома, артысты — людзі складаныя, ранімыя, тонкія. Як вы з імі спраўляецеся?

— Перш за ўсё — я іх люблю. Я за ўсіх іх перажываю, стараюся ўсім дапамагаць. І ў творчым сэнсе, і ў сацыяльным. І яны гэта адчуваюць, адплачваюць мне даверам і павагаю.

Змітрок ВЕРАС.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.