Вы тут

Будаўнiк тэатра для ўсёй сям'i


Адзiны раз у жыццi я бачыла, як падчас пахавання на Паўночных могiлках чалавек трыццаць акцёраў сярэдняга ўзросту спявалi над свежай магiлай свайго настаўнiка i рэжысёра яго любiмую песню. Песню зусiм не журботную. Спявалi i плакалi.

Яго няма ўжо дзесяць гадоў. Андрэй Андросiк пражыў кароткае жыццё, поўнае супярэчнасцяў. Не меў узнагарод i званняў. Таму не трапляе ў спiсы тых, каго часта афiцыйна ўспамiнаюць.

Але ён пачынаў рабiць вельмi важную справу для годнага мастацкага выхавання дзяцей.

Ён быў вельмi глыбокiм, пiсьменным i прафесiйным педагогам, рэжысёрам, арганiзатарам. Атрымаў дзве адукацыi (акцёрскую i рэжысёрскую) у Мiнску i Ленiнградзе. Дваццаць пяць гадоў быў правай рукой галоўнага рэжысёра тэатра iм. Янкi Купалы Валерыя Раеўскага. Дапамагаў яму, як кажуць у тэатры, «размiнаць» акцёраў. Нешта накшталт трэнера. Рабiў велiзарную папярэднюю работу для спектакля. I заставаўся ў ценю. Ставiў i сам спектаклi. Крыху цяжкаватыя, часам мудрагелiстыя, але заўсёды паводле добрай класiчнай лiтаратуры.

Яго сябрамi была ўся iнтэлiгенцыя Мiнска, асаблiва тэхнары i фiзiкi, якiх ён далучаў i далучыў да тэатра. Умеў сябраваць па-мужчынску, неўзаемна. Удзельнiчаў ва ўсiх культурных акцыях. Пры вельмi сцiплай знешнасцi быў жанаты з самай прыгожай маладой актрысай купалаўскага тэатра. Быў прамы, бескампрамiсны, з-за чаго часта трапляў у разрад нядобранадзейных.

Андросiк пяшчотна i ўсёдаравальна любiў сваю дачку Насцю ад першага шлюбу, потым яе сына Алёшу. З хлапчуком амаль не расставаўся, цягаў яго ўсюды за сабой. I стала зразумела, што рэжысёру Андрэю Фёдаравiчу Андросiку трэба працаваць у Тэатры юнага гледача: вельмi ўжо добра ведае дзiцячую псiхалогiю.

Пасаду мастацкага кiраўнiка ТЮГа ён атрымаў, калi яму было ўжо 55 гадоў. За кароткi тэрмiн здолеў зрабiць вельмi шмат. Галоўнае — стаў ажыццяўляць тую рэформу, якая пры цяперашняй беднай эстэтычнай школьнай пайцы магла ўцягнуць у дзiцячы тэатр усю сям'ю, а не толькi настаўнiкаў з класам на культпаходы.

Сам ён ставiў спектаклi па тэкстах, дзе абавязкова гаварылася пра ўзаемаадносiны дарослых i дзяцей з абавязковым шчаслiвым канцом. Iх было ўсяго чатыры: «Кошчын дом», «Палачанка», «Палiяна», «Маленькi лорд Фаўнтлерой» (з 1998 года гэты спектакль iшоў да нядаўняга часу). У iх акцёры не паказвалi дзяцей, а iгралi разам з мiнскiмi школьнiкамi. Сам не паспеў, затое запрашаў на пастаноўкi добрых рэжысёраў, якiя ведалi дзiцячую псiхалогiю. У ТЮГ стала прыходзiць тая публiка, якая перш нiчога не чула пра тэатр. Ён стаў ператварацца ў цэнтр мастацкага выхавання.

Перад пачаткам спектакляў у фае тэатра пачыналася свята. Гульнi, вiктарыны, конкурсы для дзяцей, якiя танцавалi i спявалi. Абавязкова няхiтрыя ўзнагароды. Шмат музыкi, паветраных шароў i салодкiх пачастункаў. Педагогi i артысты тэатра ненадакучлiва рыхтавалi маленькiх гледачоў i iх бацькоў да таго, што яны ўбачаць на сцэне.

Андросiк наладзiў трывалыя кантакты са школамi. Усё было не для галачкi, а па загадзе душы. Ён шукаў у школах таленавiтых дзяцей з тэатральнымi здольнасцямi i рабiў iх сябрамi тэатра. Адначасна ён i акцёры вывучалi густы, прыхiльнасцi, гарэзныя выхадкi маленькiх гледачоў, праводзiлi ненавязлiвую прафiлактычную працу.

За доўгiя гады iснавання Рэспублiканскага тэатра юнага гледача з'явiлiся вячэрнiя спектаклi, на якiя пачала прыходзiць сур'ёзная сталiчная публiка i калегi з iншых тэатраў. Падчас рэпетыцый Андросiк нервова хадзiў па глядзельнай зале, прысаджваючыся то ў цэнтры, то ў канцы, i бубнiў сам сабе: «Тут зала ўсмiхаецца. Тут засмяецца. Тут нiхто нiчога не пачуе. Тут пападаюць на падлогу нумаркi з гардэроба». Самае цiкавае, што пазней, калi спектакль быў гатовы, усё менавiта так i адбывалася.

Андросiк адсочваў i далейшую рэакцыю на ўбачаны спектакль у сям'i i школе. Сотнi старонак, спiсаных дзiцячым почыркам, назапашвалiся ў педагагiчнай частцы тэатра.

Ён сышоў з жыцця раптам, у росквiце творчых планаў. Асiрацеў тэатр. Засталiся вучнi, з якiмi працаваў у БДТМI. Дагэтуль iдзе ў Маладзечне яго «Камедыя», якую ён ставiў двойчы. На магiлу i прыйсцi няма каму, акрамя верных сяброў i вучняў. Сярод найбольш знакамiтых — купалавец, народны артыст Беларусi Вiктар Манаеў, якi, паводле яго прызнання, вучыўся ў Андросiка не толькi прафесii, але i майстэрству жыць. Студэнты звалi Андросiка «татам».

Наступныя кiраўнiкi ТЮГа спрабавалi прыняць i падтрымаць эстафету «тэатра для ўсёй сям'i». Не атрымалася. Засталася памяць.

Многiя творчыя лiдары на пытанне «Цi ёсць у вас вучнi?» ганарлiва адказваюць: «У мяне няма вучняў». Мне думаецца, што гэта вельмi дрэнна. Дрэнна, таму што нiтачка абрываецца на адной яркай асобе. Час задумацца над лёсам усiх настаўнiкаў у адукацыi, мастацтве, жыццi. Складаная гэтая i не вельмi ўдзячная справа — вучыць. Сотнi добрых настаўнiкаў застаюцца без узнагарод, пахвал i заахвочванняў. Але калi яны працавалi сумленна, аддаючы сябе i згараючы ў тых, каго хацелi навучыць, памяць пра iх бясцэнная. Яна не праходзiць, не патрабуе штучных напамiнаў. Вучнi проста працягваюць сваiм прыкладам жыццё настаўнiка.

Старая формула: «Настаўнiк, выхавай вучня, вырасцi асобу. I тады сам будзеш вечны...»

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».