Вы тут

«Новая зямля» ў экспанатах


Магілёўскія школьнікі знаёмяцца з творам Якуба Коласа «Новая зямля» на экскурсіях у музеі.

Выстава абласнога краязнаўчага музея «Зямля — аснова ўсёй Айчыны», якая нядаўна адкрылася, прысвечана 90-годдзю коласаўскай паэмы. Большасць экспанатаў прадстаўлена фондамі мінскага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

1385615764629_28-13

 

Да часоў напісання паэмы, а таксама дзяцінства і юнацтва класіка вяртаюць карціны беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага. Нібы жывыя, перад вачыма паўстаюць знаёмыя пейзажы з яго паэмы — тыя самыя «елка ў пары з хваіною», «крынічкі вузенькае ложа». Яшчэ адзін выдатны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч намаляваў больш за 90 ілюстрацый, якія ўвайшлі ў юбілейнае выданне паэмы «Новая зямля» 2002 года. Дарэчы, на выставе можна ўбачыць некалькі розных выданняў паэмы, у тым ліку і прыжыццёвых. Напрыклад, ёсць кніга, датаваная 1925 годам. А таксама яе варыянт для сляпых, дзе тэкст падаецца рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля.

У музеі прадстаўлена этнаграфічная кампазіцыя і арыгінал атэстата Мікалая Мікіціна, выдадзенага ў 1925 годзе. Мікіцін скончыў вышэйшыя курсы беларусазнаўства, дзе выкладаў Якуб Колас: на афіцыйнай паперы можна пабачыць яго подпіс. Па словах старшага навуковага супрацоўніка музея Аляксандры Бураковай, гэты экспанат музей выкупіў у аднаго з мясцовых калекцыянераў.

Яшчэ адзін раздзел выставы прысвечаны перапісцы пісьменніка з выхаванцамі Чавускага дзіцячага дома. Захаваўся ліст маленькага хлопчыка Валодзі Бяляева, які звярнуўся да Коласа з прапановай выслаць яму якую-небудзь цікавую кніжку, за якую ён нават... абяцае заплаціць. «Пасля вайны Якуб Колас шмат каму дапамагаў, — кажа Аляксандра Буракова. — Сярод тых, хто атрымаў гэтую дапамогу, вядомы скульптар Заір Азгур. Ён быў вельмі таленавіты, але не меў грошай, каб вучыцца. І Якуб Колас даў яму іх. Азгур потым аддзячыў свайму дабрадзею — зрабіў помнік на магіле яго жонкі, якая была пахавана на вайсковых могілках у Мінску ў 1945 годзе. А ў 1972 у Мінску на плошчы Якуба Коласа быў усталяваны помнік пісьменніку, зроблены Азгурам». Не менш цікавы экспанат — драўляны бюст Якуба Коласа. Калі пісьменніку споўнілася 70 гадоў, адзін з выхаванцаў Чавускага дзіцячага дома зрабіў яму такі падарунак».

Ёсць здымак 1927 года, дзе Якуб Колас сярод выкладчыкаў і навучэнцаў Горацкай сельгасакадэміі. Некалькі разоў пісьменнік наведваўся і ў Магілёў. У 1938 годзе ён прысутнічаў на прэм'еры пастаноўкі сваёй п'есы «У пушчах Палесся» па матывах аповесці «Дрыгва» ў Магілёўскім драмтэатры.

Найбольшую цікавасць выстава выклікае ў школьнікаў, якія маюць магчымасць замацаваць атрыманыя на ўроках беларускай літаратуры веды. Чула, як пасля экскурсіі малыя дзяліліся ўражаннямі ад убачанага і пачутага. Адзін скептычна заявіў: «Так сабе выстава». На што яго таварыш з абурэннем парыраваў: «Гэта самы цікавы расповед, які я толькі чуў».

— Шмат каму было цікава даведацца пра тое, як Колас атрымаў свой першы ганарар. Калі ён, зусім яшчэ малы, прачытаў бацьку адзін са сваіх першых вершаў — «Вясна», той быў настолькі ўражаны, што даў сыну вялікія на той час грошы — цэлы рубель.

Застаецца дадаць, што акунуцца ў свет беларускай паэзіі вялікага песняра можна будзе яшчэ на працягу месяца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.