23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Тое, што натхняе «Дынама»


Ёсць такая народная мудрасць: «Адзiн раз — выпадковасць, другi — супадзенне, а трэцi — ужо тэндэнцыя». Беларускiя хакейныя заўзятары, здаецца, толькi пачалi прывыкаць, што стагнацыя, у якой знаходзiцца «Дынама», — гэта тэндэнцыя, а «зубры» ўзялi ды i выйгралi два матчы запар. Спачатку перамаглi грозны магнiтагорскi «Металург» (скажам, выпадковасць), а пасля — нiжнекамскi «Нафтахiмiк». А гэта моцны серадняк (дапусцiм, супадзенне)… Сёння на «Мiнск-Арэне» мiнчане сустрэнуцца з чалябiнскiм «Трактарам». Цi здольныя «зубры» запiсаць на свой рахунак трэцюю вiкторыю запар i прэтэндаваць на тое, каб «пераможную заканамернасць» назваць тэндэнцыяй?

1385615773270_28-35

Рабiць высновы наконт працы Любамiра Покавiча на пасадзе «выконваючага абавязкi галоўнага трэнера», напэўна, пакуль рана. Тым не менш факт застаецца фактам: славацкi спецыялiст другi раз выводзiць сваiх падапечных на лёд i другi раз святкуе перамогу. У хакейных кулуарах кажуць, што Покавiча прызначылi галоўным на некалькi матчаў: маўляў, каб паглядзець, што адбудзецца. I пакуль «эксперымент» уражвае: каманда паказвае характар! Упэўнена абыграць «Магнiтку» — аднаго з лiдараў усходняй канферэнцыi — безумоўна, прыемна. А вырваць перамогу ў «нафтахiмiкаў» на апошнiх хвiлiнах матча прыемна ўдвая.

У гэтай сустрэчы «зубры» дэманстравалi характар не раз. Спачатку, калi саступалi ў першым перыядзе 0:2 i рэабiлiтавалiся трыма шайбамi запар — элемент нечаканасцi. А пасля i ў канцы матча, калi Ягор Мiлаўзораў прымусiў расчаравана ўздыхнуць усю «Мiнск-Арэну», параўняўшы лiк на табло. Шчыра кажучы, думала, быць авертайму. Дык не! Сёлетнi навабранец «Дынама» Аляксандр Мацярухiн яшчэ раз наглядна даказаў, чаму яго нездарма «паднялi» з экстра-лiгi. Менш чым за дзве хвiлiны да фiнальнай сiрэны форвард закiнуў вырашальную шайбу (i другую за гульню) — 4:3.

Пасля матча Любамiр Покавiч не выглядаў здзiўленым, разгубленым альбо выцiснутым як лiмон. Здавалася, ён i не сумняваўся, што падапечныя здольныя выцягнуць гэты матч. I славак гэта пацвердзiў: «Вядома, непрыемна, што ў меншасцi госцi змаглi закiнуць нам шайбу. Тым не менш хлопцы не разгубiлiся i выдатна спрацавалi, калi гулец сапернiкаў быў ужо на лёдзе. Ведаеце, за некалькi хвiлiн да канца матча можна адыграцца, нават калi на табло лiк 0:4. Але такое здараецца рэдка. Таму я вельмi задаволены вынiкам, падобныя моманты натхняюць». Пасля Покавiч распавёў пра ператасоўкi ў складзе каманды, прызнаўся, што пра замену варатара на наступны матч яшчэ не думаў, i пры гэтым заставаўся прыемным, далiкатным суразмоўцам, шчыра ўсмiхаючыся i рэагуючы на кожнае вiншаванне з перамогай каманды. Якi кантраст! Неба i зямля, як кажуць.

Здаецца мне, «зубры» проста атрымалi ад настаўнiка зусiм iншае стаўленне да сябе i адчулi, што ў iх сапраўды вераць. А верыць у каманду, якая апынулася на самым дне, бывае вельмі няпроста. Падобныя моманты натхняюць!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.