Вы тут

У кожнага пад нагамі — сваё «месца моцы»


Беларускі гурт «Нельга забыць» існуе ўжо чатыры гады. На рахунку музыкантаў тры тэматычныя праграмы і перамога ў фестывалі «Бардаўская восень», які штогод праходзіць у Польшчы. Падчас «жывога» выступлення «НЗ» нібы паглыбляешся ў нейкі светлы філасофскі транс. Камусьці гэта можа быць даспадобы, камусьці не, але абыякавым не застаецца ніхто — гэта сапраўды нельга забыць. Пра асаблівую аўру гурта і асэнсаванне рэчаіснасці мы гутарым з лідарам калектыву Міхаілам Бараноўскім.

1385615902113_28-12

— Чатыры гады — дастатковы перыяд для «раскруткі». Тым не менш, пра «Нельга забыць» ведаюць не шмат людзей. Чаму?

— Магчыма, з-за нашай сціпласці. Не хацелася заяўляць пра гурт без упэўненасці ў сабе як у артыстах і штучна старацца яго некуды «прапіхнуць». Калі мы пачнём гэта рабіць, знікне пэўная аўра ад гурта. Мне яна нашмат даражэйшая, чым танная папулярнасць.

— Што гэта за аўра і як яна ствараецца?

— Людзі прыходзяць на нашы канцэрты не проста адпачыць, а эмацыянальна папрацаваць разам з намі, зрабіць пэўны высілак, паглыбіцца ў тэму. Ствараецца такая вельмі спецыфічная, даверлівая атмасфера, якая аб'ядноўвае залу. Слухача нельга падманваць, бо людзі адчуваюць, калі артыст няшчыры. Таму мы працуем на максімуме магчымасцяў. «Нельга забыць» сваёй творчасцю ўзнімае пытанні, актуальныя для ўсіх, каб кожны мог знайсці нешта сваё. Гэта важны падмурак для наладжвання сувязі. Яшчэ адзін складнік — пэўная эмацыянальная нотка, якую мы задаём нашай музыкай, яна пастаянна трымае людзей «у тонусе». І ўсе нібы пераносяцца ў іншую рэальнасць — і слухачы, і музыканты. Я нават не заўважаю, як праходзіць час выступлення.

— Чаму вы пачалі сваю творчасць з паэзіі Караткевіча?

— Праграма на вершы Уладзіміра Караткевіча стала штуршком, каб сабраць гурт. Бо ў мяне з'явіліся пэўныя замалёўкі і хацелася іх музычна разнастаіць. У першую чаргу паўплывала асабістае стаўленне да сентыментальнага рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі», ці «Нельга забыць». Твор і даў назву гурту, хаця, з пункту гледжання псіхалогіі, назва, у якой ёсць адмоўная часціца, няправільная, але гэта нават мае сваю цікавінку.

— «Стратэгія» спрацавала, гурт склаўся. Што за людзі прыйшлі ў яго?

— Аднойчы на вуліцы пабачыў кампанію, што іграла на гітарах, пазнаёміўся. Адзін з гітарыстаў, Віталь Мурзіч, стаў нашым удзельнікам. Надзея Процька (скрыпка, вакал) трапіла ў гурт пасля таго, як наведала некалькі мерапрыемстваў у музеі (Міхаіл з'яўляецца навуковым супрацоўнікам літаратурнага музея Максіма Багдановіча і загадчыкам яго філіяла «Беларуская хатка». — Аўт.). Уладзімір Пыльчанка прыйшоў да нас яшчэ ліцэістам, але яго ўзровень валодання акардэонам нас цалкам задаволіў. Апошняй з'явілася перкусіяністка Вольга Куваева. Праўда, з намі яна ўжо не іграе, але часам прыходзіць дапамагаць. Ва ўсіх удзельнікаў ёсць іншыя заняткі, акрамя «НЗ»: Уладзімір вучыцца на юрыста, Надзея іграе ў аркестры музычнага каледжа і выкладае ў адным з цэнтраў дзіцячай творчасці. Віталь — дызайнер. Яшчэ да нас далучыліся два чалавекі — гітарыст Максім Сазонаў, які працуе метадыстам, і Андрэй Байбакоў (перкусія і бубны) — праграміст. А я па адукацыі гісторык.

— І што вас прывяло ў музыку?

— Магчымасць афармляць пачуцці не толькі словамі, а гэткай музычна-паэтычнай дзеяй. Я стараюся не раз'ядноўваць музыку і паэзію, таму часта звяртаюся да творчасці класікаў, а ў песнях вялікую ўвагу надаю слову. Я лічу, што гэта вельмі важны складнік, хоць зараз не так шмат музыкантаў працуюць над ім належным чынам.

— Як нараджаюцца вашы праграмы?

— Усё гэта адбываецца неяк інтуітыўна і раптам. Я працую ў музеі пяць гадоў, і толькі на пачатку пятага года працы ў мяне нечакана з'явіліся песні на словы Багдановіча. Увогуле, творчасць — гэта такая дзея, якая нараджаецца ўнутры. Бо спачатку хочацца адказаць на пытанні самому сабе.

— А што імкняцеся данесці да аўдыторыі?

— У нас усяго тры праграмы, і кожная, як нам падаецца, дае магчымасць асэнсаваць нейкія сутнасныя рэчы. Першая — «Леаніды не вернуцца да зямлі» — пра каханне: сапраўднае, з эмоцыямі і шаленствам. Пра тое, як пачынаеш па-іншаму бачыць свет, які нас акружае. Пра каханне, што робіць чалавека чалавекам.

Другая праграма «Месца моцы» на мае ўласныя вершы прысвечана чалавеку ў сучасным беларускім грамадстве. «Месца моцы» — гэта паганскае свяцілішча ў Белавежскай пушчы на тэрыторыі Польшчы. Старажытнае, спрадвечнае для беларусаў месца, дзе яны маглі звяртацца да багоў і далучацца да іх сілы, цяпер па-за межамі нашай дзяржавы. Але мы кажам аб тым, што насамрэч у кожнага гэтае «месца моцы» — сваё, і яно знаходзіцца «тут», пад нагамі. Зноў жа, як у Караткевіча: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабою».

Трэцюю праграму, якую мы назвалі жудасным словам «Mertvets», плануем прэзентаваць гэтай зімой. Гэта не смакаванне некрафіліі і дэкадэнцтва, а спроба зразумець сусвет праз прызму смерці на прыкладзе вершаў Максіма Багдановіча. Ён восем гадоў пражыў з невылечнай хваробай і быў гатовы ў любы момант пайсці з жыцця. Смерць стала сааўтарам яго беларускіх вершаў, бо час, калі ён звярнуўся да іх, якраз прыпадае на першыя праявы сухотаў. І калі напачатку творчасць яго была даволі цёмнай, то далей усе перажыванні паэта пераліліся ў тонкае ўспрыняцце і разуменне свету, якое ён навучыўся перадаваць словам. Усе ў яго акружэнні дзівіліся, наколькі ён сябе аддае гэтай працы — шчыра і дашчэнту. Як чалавек, якому няма чаго страчваць, апроч ідэі. Ад гэтага дрыжыкі бягуць па скуры. Мы прапануем слухачам разам паразважаць пра гэта.

Але нашыя выступленні — ці то маленькія праграмы, ці то вялікія — ніколі не заканчваюцца цемрай, а заўсёды пакідаюць святло надзеі. Як у адным з апошніх вершаў Багдановіча: «Я не самотны, я кнігу маю».

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.