19 Верасень, серада

Вы тут

Змены ў Працоўны кодэкс: кампенсацыі, спорт і дзеці


Законапраект «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь» можа быць разгледжаны Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні падчас восеньскай сесіі. Пра асноўныя новаўвядзенні, якія прапануюцца гэтым дакументам, «Звяздзе» паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ларыса БАГДАНОВІЧ.

1385701473502_29-20

Сацыяльная скіраванасць

— Працоўны кодэкс быў прыняты больш за 10 гадоў таму, і больш за 5 гадоў у яго не ўносіліся змены, што сведчыць пра высокую якасць падрыхтоўкі закона.

Праектам уносяцца змены ў больш за 170 артыкулаў, аднак гэта не змяняе канцэпцыі і структуры Працоўнага кодэкса, а закон захоўвае сваю сацыяльную скіраванасць. Карэкціроўка адбываецца па наступных кірунках: рэалізацыя рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і прывядзенне нормаў Працоўнага кодэкса ў адпаведнасць з прынятымі ўказамі кіраўніка дзяржавы, Падатковым кодэксам, Кодэксам аб адукацыі; рэгуляванне працоўных адносін у прафесійным спорце; павышэнне гнуткасці працоўнага заканадаўства дзеля развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы; удасканаленне нормаў Працоўнага кодэкса з улікам практыкі іх ужывання.

У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 17 ліпеня 2009 г. «Пра забеспячэнне роўных правоў грамадзян у сферы працы» і з улікам канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы, 14-ы артыкул мае дапаўненні супраць дыскрымінацыі па ўзросце, месцы жыхарства і сацыяльным паходжанні.

Зараз для маці — індывідуальных прадпрымальнікаў заканадаўства не прадугледжвае перадачу права на адпачынак па доглядзе дзіцяці бацьку ці іншаму сваяку, які працуе. Законапраект дае права на адпачынак па доглядзе дзіцяці бацьку ці іншаму сваяку, які працуе, не толькі замест маці — індывідуальнага прадпрымальніка, але і ў выпадку, калі яна з'яўляецца прыватным натарыусам, адвакатам, творчым работнікам, рамеснікам, працуе ў сферы агратурызму.

Змены, якія ўносяцца ў артыкул 48, удакладняюць, што пры скасаванні працоўнага дагавора ў сувязі з парушэннем наймальнікам працоўнага заканадаўства, калектыўнага або працоўнага дагавора работніку выплачваецца выхадная дапамога ў памеры не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак. Выключэнне складаюць работнікі, якім устаноўлена выплата мінімальнай кампенсацыі ў памеры трох сярэднямесячных заробкаў за скасаванне тэрміновага працоўнага дагавора з-за невыканання ці неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка.

Устаноўлена дадатковая падстава спынення працоўнага дагавора з дзяржаўнымі службовымі асобамі, якія адмовіліся падпісаць пісьмовае абавязацельства па выкананні абмежаванняў, якія прадугледжаны законам аб барацьбе з карупцыяй, або парушылі такое абавязацельства.

Прафесійны спорт

Новай нормай Працоўнага кодэкса з'яўляецца глава, якая рэгулюе працоўныя адносіны ў прафесійным спорце. Яна распрацавана па ініцыятыве старшыняў шэрагу спартыўных федэрацый, асацыяцый, саюзаў і па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры распрацоўцы ўлічваўся досвед Расійскай Федэрацыі, бо падобная глава ёсць там у Працоўным кодэксе з 2008 года.

Важна разумець, што працоўныя адносіны ў прафесійным спорце арыентаваны на вынікі, спартыўныя дасягненні, дысцыпліну як з боку спартсмена, так і з боку трэнера. Таму, апроч агульных падстаў спынення працоўнага дагавора, прадугледжаных Кодэксам, прапануюцца дадатковыя падставы — такія, як спартыўная дыскваліфікацыя, выкарыстанне допінгу ў спорце, недасягненне пэўных спартыўных вынікаў, пры ўмове, што дасягненне гэтых вынікаў было прадугледжана працоўным дагаворам і спартсмену былі створаны наймальнікам неабходныя ўмовы.

Зняты абмежаванні па гранічных нормах падымання і перамяшчэння цяжару жанчынамі-спартсменкамі і спартсменамі маладзей за 18 гадоў, калі гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі да спаборніцтваў і не забаронена па стане здароўя спартсмена. Акрамя таго, дазваляецца прыцягненне непаўналетніх да звышурочнай працы, працы ў начны час, у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні з іх пісьмовай згоды, а ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў.

Глава таксама прадугледжвае магчымасць замацавання ў працоўным дагаворы па дамове бакоў абавязку спартсмена, трэнера выплаціць наймальніку грашовую кампенсацыю ў выпадку скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка пры наяўнасці віны спартсмена або трэнера. Памер грашовай кампенсацыі і парадак яе выплаты будзе вызначацца працоўным дагаворам.

У той жа час законапраект прадугледжвае дадатковыя гарантыі і кампенсацыі спартсменам і трэнерам, якія ўстаноўлены калектыўнымі, працоўнымі дагаворамі і іншымі лакальнымі нарматыўна-прававымі актамі. Напрыклад, забеспячэнне правядзення аднаўленчых мерапрыемстваў у мэтах умацавання здароўя спартсмена, выплата дадатковых кампенсацый у сувязі з пераездам на працу ў іншую мясцовасць, харчаванне і сацыяльна-бытавое абслугоўванне за кошт наймальніка падчас удзелу ў спаборніцтвах, кампенсацыя транспартных выдаткаў.

Не толькі дома

Для пашырэння магчымасцяў па арганізацыі надомнай працы праектам закона ўносяцца змены ў артыкул 304, якія прадугледжваюць магчымасць выкарыстання работнікам-надомнікам таксама сваіх матэрыялаў, абсталявання, прылад, механізмаў і дазваляюць выконваць працу па-за месцам жыхарства.

У адрозненне ад дзейснай нормы, законапраектам захоўваецца абмежаванне працы па сумяшчальніцтве толькі для кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый, а таксама кіраўнікоў недзяржаўных арганізацый, у статутным фондзе якіх доля дзяржаўнай уласнасці складае не менш чым 50%. Удакладняюцца нормы, якія дазволяць работніку працаваць на некалькіх прадпрыемствах, у выхадныя дні, у адпачынку пры вымушаным прастоі прадпрыемства.

Для паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу і спрашчэння бухгалтарскага ўліку законапраект адмяняе абавязковае запаўненне камандзіровачных пасведчанняў, за выключэннем выпадкаў, калі такое пасведчанне з'яўляецца дакументам, які гарантуе дадатковыя правы пэўным катэгорыям работнікаў (супрацоўнікі сістэмы МУС, КДБ, пракуратуры і іншым).

Выключаны артыкул 316 Працоўнага кодэкса, які вызначае працягласць штодзённай працы работнікаў будаўніча-мантажных арганізацый не больш за 10 гадзін пры падсумаваным уліку працоўнага часу, у той час як артыкул 126 пры тых жа ўмовах устанаўлівае 12 гадзін. Гэта забяспечвае агульныя падыходы да ўжывання падсумаванага ўліку працоўнага часу.

Законапраект спрашчае для наймальніка працэдуру ўзгаднення з работнікам чарговасці прадастаўлення працоўных адпачынкаў.

Празрыстасць

Шэраг змен выцякаюць з жыцця. Правілы скасавання працоўнага дагавора, якія ўжываюцца пры ліквідацыі арганізацыі, прапануецца распаўсюдзіць таксама і на спыненне дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага структурнага падраздзялення арганізацыі, якое размешчана ў іншай мясцовасці.

Новая рэдакцыя 69 артыкула ўстанаўлівае больш празрысты механізм кампенсацыі за працу ў звышурочны час, у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні. У прыватнасці, памер даплаты за гэты час не можа быць ніжэй за здзельныя расцэнкі, аклады, канкрэтныя памеры, якія азначаны працоўным дагаворам ці лакальным нарматыўным прававым актам, а для бюджэтнікаў — устаноўленых урадам Рэспублікі Беларусь.

Шэраг удакладненняў датычыцца адпачынкаў па доглядзе дзіцяці, дадатковага свабоднага ад працы дня, выхадных дапамог, праходжання медаглядаў. З улікам законапраекта пра донарства крыві і яе кампанентаў, над якім працуе дэпутацкі корпус, уносяцца змены ў артыкулы, якія рэгулююць працоўныя адносіны з донарамі.

Паводле дзейнага заканадаўства, наймальнік не можа звольніць адзінокую маці, якая выхоўвае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў ці дзіця-інваліда — да 18 гадоў, якая па стане здароўя не можа працягваць працаваць, а ў наймальніка няма магчымасці перавесці яе на іншую працу. Тое тычыцца цяжарнай жанчыны, жанчыны, якая выхоўвае малалетніх дзяцей, пры змене ўласніка маёмасці арганізацыі, накіравання работніка па пастанове суда ў лячэбна-працоўны прафілакторый і іншых акалічнасцях. У законапраекце ўдакладняецца пералік падстаў, якія дазваляюць скасаваць працоўны дагавор з жанчынамі, якія маюць дзяцей.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.