Вы тут

РАЗМОВА НА СУР'ЁЗНЫЯ ТЭМЫ


Рэжысёр — пра тое, як не заснуць ад суму, гледзячы дакументальнае кіно

Шчыра прызнацца, браць iнтэрв'ю ў касцёле мне яшчэ не даводзiлася. Асаблiва, калi героем з'яўляецца творчы чалавек — рэжысёр-дакументалiст Юрый Гарулёў. Мы сустрэлiся ў Кафедральным касцёле Мiнска, размаўлялi ў зале з партрэтам Яна Паўла II. Гэта, безумоўна, надае гутарцы нейкi асаблiвы настрой.

1385789966576_30-12

— Мы з жонкай тут працуем, — удакладняе рэжысёр. — Толькi яна афiцыйна, а я так — на грамадскiх пачатках.

Кiно — яно ў многiм усё спрэс — грамадскiя пачаткi. Усё на энтузiязме, за свой кошт. Асаблiва ў Беларусi.

Зрэшты, калi задумацца, у выпадку з Юрыем Мiкалаевiчам — касцёл не такое ўжо i незвычайнае месца. Ён — нязменны старшыня Мiжнароднага кiнафестывалю хрысцiянскiх фiльмаў «Магнiфiкат», якi ў 2014 годзе адзначыць сваё 10 годдзе. З правядзеннем фестывалю сёлета былi сур'ёзныя складанасцi: галоўны спонсар адмовiўся даваць грошы. Але знайшоўся новы спонсар: фестываль з праграмай гэтага года адбудзецца. Праўда, у сцiслыя тэрмiны — усяго два днi 4–5 студзеня 2014 года.

Пра гэта, а таксама пра сваё разуменне дакументальнага кiно рэжысёр i аператар Юрый ГАРУЛЁЎ распавёў адмыслова для «Звязды».

Пачыналася ўсё з вайны

Не ведаючы акалiчнасцяў бiяграфii Юрыя Гарулёва, можна падумаць, што ён прыезджы. Чытаеш: месца нараджэння Сулак Ульмецкага раёна, Тамбоўская вобласць, Расiя. Скончыў ЛIКI (Ленiнградскi iнстытут кiнаiнжынераў, цяпер — Санкт-Пецярбургскi ўнiверсiтэт кiно i тэлебачання) у 1971 м i ВГIК — у 1982 годзе. Адразу думаецца, што ён з тых расiян, якiя прыязджаюць у Беларусь, натхняюцца нашай культурай i ствараюць шэдэўры. Але насамрэч не ўсё так, як напiсана.

— Вы паглядзелi месца майго нараджэння, а на дату ўвагi не звярнулi! Нарадзiўся я ў 1944 годзе. Тады Беларусь была пад акупацыяй. I мае бацькi з Магiлёва былi вымушаны пераехаць у Расiю. Мы вярнулiся ў Мiнск у 1949 м. Я вельмi добра памятаю, як мы з мамай ноччу прайшлi ад вакзала да Камароўкi пешкi. Мама потым да самай смерцi ўзгадвала, як я яе тады падбадзёрваў. Мы валаклi свае клункi, а я ўсё прыгаворваў: «Нiчога мама, мы знойдземся». Бацька ехаў машынай з рэчамi. Яго ў 1949 годзе прынялi ў Саюз пiсьменнiкаў СССР, i мы пераехалi ў Мiнск, блiжэй да творчасцi.

У мяне ёсць такi фiльм — «Выпуск напярэдаднi вайны». Там пра тату з мамай. Гэта вельмi драматычная гiсторыя. Тата (пiсьменнiк Мiкола Гарулёў — Аўт.) заканчваў у 1941 годзе Магiлёўскi педiнстытут. Горад бамбiлi. Пры педiнстытуце быў сфармiраваны 1 ы камунiстычны знiшчальны батальён. I ўсе савецкiя работнiкi пайшлi туды добраахвотна. Утварылiся 2 узводы былых студэнтаў. У адным з iх быў мой бацька. А другi узвод амаль цалкам загiнуў пад Магiлёвам на абароне. Потым бацька напiсаў кнiгу пра гэтых хлопцаў, якiя нiбы знiклi, згубiлiся… А я зняў фiльм пра мацi, бацьку, пра гэты батальён. Цяпер кожны год мяне клiчуць у Магiлёўскi педiнстытут паказаць гэты фiльм.

На «Лiстападзе» я дарыў бы ўсiм нажнiцы!

Сёлета ўсе адзначалi асаблiвую цiкаўнасць да дакументальнай праграмы «Лiстапада». Залы кiнатэатра «Мiр» былi запоўнены напалову, а то i на дзве трацiны. I гэта сапраўднае дасягненне. Маладзейшыя беларускiя дакументалiсты актыўна змяшчалi фоткi поўных залаў на дакпраграме ў сваiх акаўнтах у сацыяльных сетках, суправаджаючы iх каментарыямi, накшталт: «Ну, вось i хто цяпер скажа, што ў Беларусi не ходзяць на дакументальнае кiно!» Тым не менш, такi стэрэатып усё яшчэ iснуе…

— Я ўсё жыццё чую, што дакументальнае кiно — гэта не тое кiно, куды ходзяць людзi. Пакуль я сам не пабываў за мяжой, я таксама так думаў. Але сёння я ўпэўнены, што ў свеце дакументальнае кiно карыстаецца асаблiвай папулярнасцю. Вядома, яе нельга параўнаць з iгравым фiльмам па наведвальнасцi i бокс-офiсах. Але дакументальнае кiно мае свайго адданага гледача — i гэта самае важнае. Калi хоць адзiн чалавек у зале ёсць, то ёсць куды прарасцi зерню.

Два гады таму я быў на кiнаасамблеi дакументальнага кiно ў Днепрапятроўску. Кiруе ёй бацюшка Iгар Сабко. Гэта вельмi цiкавы чалавек. Яго перадачы часта iдуць па тэлеканале «Саюз». Ён сам святар, якi ў маладосцi быў джазiстам. Ён некалькi разоў прыязджаў i на «Магнiфiкат». У Днепрапятроўску я ўпершыню бачыў кiнатэатр на 400–500 месцаў, якi ламiўся ад ахвотных патрапiць на дакументальнае кiно! I я вось думаю: што такое 500 чалавек нават для Мiнска? Калi вярнуўся, папрасiўся на прыём да Уладзiмiра Рылаткi — ён тады быў намеснiкам мiнiстра культуры. Каб на дакументальнае кiно хадзiлi людзi, iх трэба выхоўваць.

Сёння бадай усе дакументальныя фiльмы iдуць больш за гадзiну. Раней 52 хвiлiны — быў максiмальны метраж. А сёння самыя распаўсюджаныя фарматы: 60, 70, 87, 104 хвiлiны. Цi заўжды гэта неабходна? Часам можна абысцiся i карацейшым метражом. Аднойчы на фестывалi ў Польшчы я атрымаў прыз. I адзiн з членаў журы пасля адвёў мяне ўбок i кажа: «У мяне тут для цябе ёсць падарунак — нажнiцы». Я адразу зразумеў, што ён мае на ўвазе. Дык вось нажнiцы я дарыў бы на «Лiстападзе» амаль кожнаму рэжысёру.

Я стаў пытацца ў прадзюсараў, якiя былi са мной у журы, чаму такi вялiкi фармат. Эстонка Марыяна Каат патлумачыла, што на Захадзе чалавек iдзе ў кiнатэатр, каб паглядзець дакументальнае кiно, таму што па тэлебачаннi яго нельга паглядзець. Ён едзе з iншага канца Талiна або Берлiна, плацiць грошы за квiток, хоча паглядзець паўтарагадзiнны фiльм. Але глядач павiнен быць падрыхтаваны да такога паказу. Бо можна заснуць, памерцi ад стомленасцi цi яшчэ нешта. Часам проста невыносна глядзець 2 гадзiны дакументальнага кiно. За выключэннем, калi фiльм зроблены таленавiта. Нядаўна не адрываючыся паглядзеў фiльм «Горкi смак свабоды» Марыны Галдоўскай пра забойства журналiсткi Ганны Палiткоўскай.

Раней спаборнічалі з тэлебачаннем. Мы лічылі сябе мэтрамі. А сёння тэлебачанне лічыць, што яно робіць дакументальнае кіно. Вось Валодзя Бокун — вельмі добры рэжысёр. Але для яго цыклу дакперадач «Адваротны адлік» патрэбна новая фармулёўка, як і для многіх іншых перадач тэлебачання. Гэта выдатныя, падкрэсліваю, перадачы, а ніяк не дакументальныя фільмы. Кіно падразумявае нейкую эмацыянальную паўзу, каб глядач задумаўся. А тэлебачанне гэтага не можа. Паступова дакументальныя фільмы з тэлебачання выціснулі. Хіба што зараз на тэлеканале «Беларусь-3» нешта паказваюць. Размовы ішлі, прапановаў было шмат! А на тэлебачанні адказвалі: у нас вой час, свае фільмы, навошта нам вашыя! З-за метражу дакмуентальнае кіно вельмі часта бывае занудным і нецікавым. На «Магніфікаце» у нас абмежаванне: 52 хвіліны. Інакш не бярэм фільмы ў конкурс. Калі мы ў Глыбокім пачнем паказваць дакументальнае кіно па паўтары гадзіны, то ў кінатэатры не будзе ніводнага чалавека. Людзей трэба спачатку выхаваць для гэтага.

Як пасябраваць з амерыканскiм генералам

Працу рэжысёра-дакументалiста можна параўнаць з працай журналiста. I тут узнiкае пытанне, як правiльна кантактаваць з героем, каб занадта не паглыбiцца ў зону прыватнага, не парушыць табу, не ператварыць свайго героя ў прадмет кпiнаў або нянавiсцi (калi, вядома, ты не пераследуеш такiх мэтаў). Юрыя Гарулёва ў кiно перадусiм цiкавiць чалавек. А таму над гэтымi пытаннямi ён таксама часта задумваецца.

— Перад тым, як пачаць здымаць кiно, я расказваю чалавеку пра сябе. Гэта дапамагае наладзiць сувязь. Герой адчувае, што я давяраю яму сваё жыццё. I ён у адказ можа мне расказаць пра сваё. Калi не палюбiш свайго героя, нiякай карцiны не атрымаецца. Нават калi ён злачынца, усё роўна павiнна быць… нянавiсць, якая пераходзiць у iншае пачуццё. Таму я доўга адыходжу ад сваiх фiльмаў. Мне цiкава здымаць розных людзей. Пачынаючы ад Анатоля Налiваева («Вытокi»), якi спявае яўрэйскiя малiтвы II стагоддзя i пiша праваслаўныя iконы, i заканчваючы апошнiм маiм фiльмам пра фатографа Соф'ю Хамянтоўскую, якая здымала Палессе («Летапiс у промнях святла»). Я так пасябраваў з яе дачкой Габрыэлай, што мы перапiсваемся i цяпер.

Да гэтага я здымаў фільм пра Варончу — «Край светлых мрояў» — як нашыя партызаны спалілі вёску. З гераіняй, пані Марыяй, сябрую. Калі ў Польшчы ідуць мае фільмы, у зале сядзіць пані Марыя і яе сяброўка Эва, якая ведае рускую мову, пабывала ў высылцы ў Сібіры, Казахстане. А ёсць рэжысёры, і вельмі вялікія, якія гавораць: мяне гэта больш не цікавіць. Мой сябра, журналіст з Пінска, пісаў сцэнарый да фільма «Помнік» пра чалавека, які хварэў на анкалогію. Ён на Палесссі на братэрскіх нямецка-рускіх могілках, дзе было проста поле, паставіў загінулым салдатам помнік, які падрыхтаваў на свае пахаванне. Зрабіў гэта таму, што поле хацелі ўзараць. А ён ведаў, што калі будзе стаяць помнік, поле не крануць. Так і сталася. Потым я ў свайго сцэнарыста пытаўся: «Славік, ну як там?» А ён адказаў: «А я не ведаю. Я не вяртаюся да сваіх герояў». Ён ідзе далей.

Я зараз раблю адно кіно. Чатыры гады над ім працую. Кіно пра сябе і пра канец «халоднай вайны». Я служыў у ракетных войсках у Германіі. З гарадка Бішаўсверда, дзе я служыў, праз 20 гадоў сышлі ракетчыкі. Гэта было афіцыйным прызнаннем заканчэння «халоднай вайны». Я здымаю нашых ракетчыкаў, якія служылі там апошнімі, і амерыканцаў, якія служылі ў той час на Захадзе Германіі. У іх такая дуэль была. Я зняў амерыканскага генерала ўпершыню ў 2009 годзе, зараз мы вялікія сябры. А некалі ён цэліўся ў нас, а мы цэліліся ў яго. А ў нас у Станькава, аказваецца, рэзалі ракетныя ўстаноўкі. Узрывалі ў Казахстане.

Адзiн мой сябра, з якiм мы тры гады жылi ў адным пакоi ў Бiшаўсвердэ, расказаў, як яны выпадкова патрапiлi ў нямецкi гаштэт i напiлiся. Я адразу вырашыў, што гэта трэба скарыстаць у фiльме! Але сябра спалохаўся, што гэта яго дыскрэдытуе. У вынiку я проста паказаў яму запiс, якi атрымаўся, i ён супакоiўся. У дакументальным кiно так: калi чалавек табе давярае, ты павiнен выбiраць, якую iнфармацыю рабiць даступнай усiм, а якую не.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

ВАРТА НАВЕДАЦЬ:

Рэтраспектыўны паказ фiльмаў-прызёраў Мiжнароднага фестывалю хрысцiянскiх фiльмаў «Magnifocat» у арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея ў рамках выставы «Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў iканаграфii краiн Усходняй Еўропы». Праграма складаецца з 13 фiльмаў, сярод якiх «Драўляны народ» Вiктара Аслюка, «Кiнааматар. Восеньскi сон» Вольгi Дашук, «Архiмандрыт» Ежы Калiны i «Крыштальны хлопчык» Аляксандра Цяпава, якому беларускi фестываль стварыў перадумовы для мiжнароднага кiнафестывальнага лёсу. Паказы адбываюцца штодня з 16.00 да 5 снежня.

8 дакументальных фестываляў, якiя, на думку Юрыя Гарулёва, павiнны абавязкова наведаць маладыя беларускiя рэжысёры-дакументалiсты:

1. IDFA (Мiжнародны амстэрдамскi дакументальны кiнафестываль, Галандыя). Гэта самы буйны фестываль дакументальнага кiно ў свеце. Там праходзяць пiтчынгi, працуюць фонды.

2. DOCPOINT (Хельсiнскi фестываль дакументальнага кiно, Фiнляндыя).

3. Мiжнародны кiнафестываль «ПОСЛАНИЕ К ЧЕЛОВЕКУ» (Санкт-Пецярбург, Расiя). У Пецярбургу, далёка ехаць не трэба, «Пасланне да чалавека». Гэта дакументальны фестываль вельмi высокага класа.

4. Фестываль «АРТДОК» (Масква), якi робiць вядомы рэжысёр Вiталь Манскi.

5. Рэлiгiйныя кiнафестывалi: «Магнiфiкат» (Беларусь), «Рэлiгiя сёння» (Iталiя).

6. Варшаўскi кiнафестываль i Кракаўскi кiнафестываль (Польшча). Апошнi спецыялiзуецца пераважна на дакументальным, анiмацыйным i кароткаметражным кiно. Лiчыцца адным з самых буйных фестываляў дакументальнага кiно ў свеце. Сёлета на «Лiстападзе» з майстар-класам якраз прысутнiчаў дырэктар фестывалю Кшыштаф Герат.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».