Вы тут

Літаратура ў тварах


У Нацыянальным гістарычным музеі да 8 снежня працуе выстава «Першапачатак», прысвечаная 80 годдзю стварэння творчага пісьменніцкага саюза ў Беларусі. На экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі з 14 беларускімі пісьменнікамі ў вобразах розных міфалагічных істот, а таксама ўнікальныя экспанаты, многія з якіх выстаўляюцца ўпершыню — асабістыя рэчы вядомых пісьменнікаў.

1385789972554_30-13

Саюз пісьменнікаў БССР утварыўся ў 1934 годзе. Яго старшынямі былі Міхась Клімковіч, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Васіль Зуёнак ды іншыя. На фотаздымках, прадстаўленых у гістарычным музеі, якія, дарэчы, увайшлі ў адмысловы каляндар на 2014 год, можна ўбачыць, напрыклад, Аксану Спрынчан у вобразе ахоўніцы сямейнага агняца Бордзі, Віктара Жыбуля ў вобразе Чорта, Аксану Данільчык у вобразе багіні кахання Лёлі, Леаніда Дранько-Майсюка ў вобразе Лесавіка ды іншых… Так фотамастак Валеры Дубоўскі і аўтар канцэпцыі календара «Першапачатак» Ірына Хадарэнка ператварылі беларускіх пісьменнікаў у фотамадэляў. Яны пазіравалі пры любым надвор'і, грыміраваліся, апраналіся ў беларускія нацыянальныя строі, пазычаныя ў музеях традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Галоўнай задачай было дасягнуць максімальнай натуральнасці, прыроднасці. Таму калі здымкі рабіліся, напрыклад, у музеі народнай архітэктуры і побыту, дзе, у прынцыпе, няма электрычнага асвятлення, дадатковымі асвятляльнымі прыборамі не карысталіся. У выніку атрымаліся міфічныя атмасферныя кадры. Што праўда, троху сапсаваныя камп'ютарнай апрацоўкай. На некаторых фотаздымках яна асабліва кідаецца ў вочы.

Дадаткам да фотавыставы стала экспазіцыя асабістых рэчаў беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, пісьмовы прыбор Рыгора Барадуліна, выраблены майстрам Генадзем Асташонкам, лісты Васілю Быкаву розных гадоў, дыпламатычны пашпарт Васіля Быкава 1993 г., рукапіс «Аўтабіяграфічныя дадаткі да адпаведных мясцін» Васіля Быкава (2000–2002 гг.), чарнавік «Сказа пра Лысую Гару» і інш.

Сярод архіўных матэрыялаў, датычных дзейнасці творчага саюза, — асабовыя справы Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, рэдкія фотаздымкі, а таксама дакументацыя, штампы і пячаткі Саюза пісьменнікаў БССР.

На выставе можна нібы наблізіцца да волатаў айчыннага прыгожага пісьменства, паглядзець на іх у іншых, часам вельмі эпатуючых вобразах, пераканацца, што яны, пісьменнікі, жывуць сярод нас — добразычлівыя, жыццярадасныя, гэтак жа, як і мы, спадзяюцца на лепшае.

У беларускай культуры ўжо былі спробы ў пэўным сэнсе «гламурызаваць» нашых пісьменнікаў, такім чынам набліжаючы іх да шырокіх мас, пашыраючы кола чытачоў. Напрыклад, каляндар «Канец словаў», дзе беларускія літаратары-мужчыны былі сфатаграфаваны ў напаўаголеным выглядзе. Наўпрост з «Першапачаткам» яго параўноўваць, безумоўна, справа няўдзячная: усё-такі троху іншы фармат. Але ў Беларусі па розных прычынах пісьменнікаў наўрад ці можна назваць паўнавартаснымі медыйнымі асобамі. А таму іх з'яўленне ў такога кшталту праектах заўжды спрыяе папулярызацыі беларускай літаратуры як такой, як бы нагадвае-намякае, што беларуская літаратура жыве. І яе прадстаўнікі нават вельмі прывабна глядзяцца на глянцавых фотаздымках. Гэта сучасна. А значыць — у беларускай літаратуры ёсць будучыня.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.