Вы тут

Без рызыкi для бiзнесу


Iсцi па шляху найменшага супрацiўлення... Для паўсядзённасцi такi выраз гучыць, хутчэй, як абраза, для прадпрымальнiцтва — як рацыянальнае бiзнес-рашэнне. З адной толькi умовай: калi яно адпавядае канцэпцыi франчайзiнгу (выкарыстання кімсьці вядомага таварнага знаку на пэўных умовах).

Скарыстацца праверанай, вядомай, эканамiчна эфектыўнай сiстэмай вядзення бiзнесу i яго брэндам у абмен на пэўную долю даходу — менавiта на гэтым грунтуюцца ўзаемаадносiны абедзвюх кампанiй. Перавагi такой мадэлi пабудовы бiзнесу навiдавоку. Прадпрымальнiк-франчайзi амаль не рызыкуе, калi заключае дагавор з франчайзерам, бо прызнаная якасць прадукцыi, паслуг або тэхналогiй, пэўная ступень вядомасцi брэнду ў свеце забяспечваюць вынiк (а значыць, даходнасць) адразу, без маруднага чакання, «калi ж усё пойдзе «так». Чаму ж у Беларусi малы i сярэднi бiзнес пакуль рухаецца не ў бок франчайзiнгу?

Дагаворы, што запоўнiлi б «ёмiстасць»

Сёння Беларусь «выпадае» з агульнасусветных тэндэнцый. Магчымасць заканадаўча замацоўваць франчайзiнгавыя дагаворы з'явiлася яшчэ ў 2005 годзе. З таго часу зарэгiстравалi толькi 130 такiх дагавораў. Лiк, вiдавочна, не адпавядае ёмiстасцi i патэнцыялу беларускага рынку.

— Мноства прадпрымальнiкаў проста не маюць дастатковай iнфармармацыi аб тым, што такое франчайзiнг, як будуюцца адносiны памiж франчайзерам i франчайзi, дзе iм шукаць адзiн аднаго, — тлумачыць сiтуацыю Вольга Лявонцьева, старшыня Асацыяцыi франчайзераў i франчайзi «Белфранчайзiнг». — Пэўныя цяжкасцi ўзнiкаюць i пры ацэнцы дагавора, калi трэба грунтоўна ўзважыць, наколькi будуць парушацца цi не правы абодвух бакоў. Акрамя гэтага, беларускi бiзнес пакуль не валодае дастатковай прававой культурай, што дазволiла б усвядомiць, якая iнтэлектуальная ўласнасць патрапiла да яго i як яе граматна выкарыстоўваць.

Усе чакаюць, калi...

Нацыянальныя франшызы прасоўваюцца на замежны рынак, на жаль, таксама неахвотна. Але не без прыемных выключэнняў. Выдатны прыклад паказваюць, напрыклад, «Белкамунмаш» i «Мiлавiца». Апошняя, дарэчы, стварыла франчайзiнгавую сетку з 610 аб'ектаў. Расiя, Украiна, уласна Беларусь, Малдова, Казахстан, краiны Заходняй Еўропы — паўсюль можна знайсцi прадукцыю гэтай кампанii. Па словах Дзянiса Дакучыца, кiраўнiка аддзела франчайзiнгу СП ЗАТ «Мiлавiца», дасягнуць такога вынiку дазволiла граматная праца з першапачатковымi iнвестыцыямi (50000 еўра плюс загрузка магазiна прадукцыяй), належнае навучанне гандлёвага персаналу i падтрымка франчайзi на ўсiх этапах развiцця яго бiзнесу.

Грамадскае харчаванне, гандаль, вытворчасць — вось тыя сферы, у якiх франчайзiнгавыя канцэпцыi рэалiзуюць сябе ў Беларусi. Большасць прадпрымальнiкаў аддаюць перавагу правераным iдэям i тэхналогiям, i толькi некаторыя звязваюць свой бiзнес з даволi рызыкоўнымi, але вельмi крэатыўнымi прапановамi. Амаль падобная сiтуацыя назiраецца i ў суседняй Лiтве. Аднак франчайзiнгавыя канцэпцыi там развiваюцца нашмат хутчэй.

— Гэтаму садзейнiчаюць тры фактары: рост франчайзiнгавых цэнтраў, хуткае эканамiчнае развiццё пасля крызiсу i выгаднае геаграфiчнае становiшча, — расказвае кiраўнiк мiжнародных праектаў па развiццi франчайзiнгу ЗАТ «Advanced Advice» Вольга Мiхайлоўская. — Для прасоўвання сваiх франшыз лiтоўцы актыўна выкарыстоўваюць рэсурсы i магчымасцi сайтаў, акаўнтаў у Facebook, блогаў, семiнараў, PR-мерапрыемстваў. Вядома, iснуюць цяжкасцi ў гэтай справе. Напрыклад, у Лiтве вельмi цяжка атрымаць добрае месца ў гандлёвым цэнтры, непадалёк ад прыпынкаў грамадскага транспарту. Дый не ўсе да канца разумеюць, якiя перавагi франчайзiнг прыносiць бiзнесу. Насельнiцтва Балтыйскага рэгiёна зусiм не вялiкае. Мяркую, што, аб'яднаўшы свае тэрытарыяльныя i дэмаграфiчныя магчымасцi з Беларуссю, наш рэгiён стаў бы яшчэ больш прывабным для супрацоўнiцтва.

Прадпрымальнiцкая энергiя шукае выйсця

А ўвогуле, як наша краiна цiкавiць патэнцыяльных партнёраў? Напрыклад, Расiю — стратэгiчна, бо ў суседкi iснуе высокi давер да якасцi беларускай прадукцыi. Апошнiм часам усё больш прапаноў гучыць... на нямецкай мове. Адна з iх паспяхова рэалiзоўваецца ўжо сёння. Кампанiя «Reisswolf Internatoinal» заключыла дагавор з беларускiм прадпрымальнiкам спадаром Каральковым i шукае новага партнёра для пашырэння супрацоўнiцтва. Дарэчы, у пачатку года Беларусь наведваў вядомы нямецкi бiзнесмен, якi мае тут франчайзiнгавую зацiкаўленасць. Наведаўшы шматлiкiя гандлёвыя пляцоўкi, ён моцна здзiвiўся, што ў Беларусi так шмат патэнцыялу для рэалiзацыi прадпрымальнiцкай энергii. Можа, калi яна атрымае рэальнае ўвасабленне, то прадстаўнiцтва мiжнародных брэндаў таксама зменiць меркаванне пра стан беларускай эканомiкi i нiзкiя спажывецкiя магчымасцi ў Беларусi. Беларусы выязджаюць за мяжу, i iх пакупнiцкiя здольнасцi нашмат адрознiваюцца ад «айчынных». Магчыма, калi брэнды прыйдуць у Беларусь, яны знойдуць сабе i месца, i спажыўца?

Любоў Каспяровiч.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.