Вы тут

Дарожны пластыкавы сейф


Сезон адпачынкаў даўно ўжо скончыўся, але надыходзіць час свят. Свят таемных і цудоўных. Апошнім часам стала модна ездзіць на Новы год ці Раство ў невялікія падарожжы. Часцей за ўсё за мяжу. Аднак такія вандроўкі (як і любыя іншыя) звязаны не толькі з прыемнымі ўражаннямі, але і з канкрэтнай побытавай праблемай: куды схаваць грошы, якія бярэш з сабою? Мала таго, што іх спачатку трэба абмяняць на замежную валюту, дык яшчэ і «зашыць» куды-небудзь так, каб ніводзін злачынца не знайшоў. Але ж гэта ўсё так нязручна. Ёсць нашмат прасцейшы спосаб — міжнародная банкаўская плацежная картка, можна сказаць, «пластыкавы сейф» для грошай у дарозе. Аб усіх перавагах і магчымасцях такой карткі расказвае Алена Лагуніна, начальнік упраўлення развіцця Разліковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка.

1386135624843_4-28

«Існуюць розныя віды картак. Адны з іх прызначаны толькі для правядзення аперацый на тэрыторыі краіны (гэта, як правіла, «зарплатныя», «студэнцкія» і «пенсійныя» карткі), іншыя ж могуць выкарыстоўвацца за мяжой і таму называюцца «міжнароднымі». Для паездкі за мяжу афармляйце менавіта міжнародную картку, — раіць спецыяліст і папярэджвае: — Калі ў вас ёсць банкаўская картка, але вы не памятаеце або не ведаеце, ці з'яўляецца яна міжнароднай, абавязкова загадзя ўдакладніце гэта ў банку».

Нават Vіsa можа быць не міжнароднай

«Варта звярнуць увагу, што прыналежнасць карткі да сістэмы Vіsa або MasterCard не заўсёды азначае, што яна «міжнародная» па сваёй функцыянальнасці і можа абслугоўвацца за мяжой, — звяртае ўвагу Алена Лагуніна. — Напрыклад, банкам могуць выпускацца і карткі Vіsa Electron для выкарыстання толькі ў краіне, і міжнародныя карткі Vіsa Electron. Карткі для прымянення толькі на тэрыторыі нашай краіны, як правіла, больш даступныя па кошце, а часам афармляюцца наогул бясплатна (напрыклад, у Беларусбанку — карткі БелКарт-М). Кошт міжнародных картак адрозніваецца ў залежнасці ад іх выгляду, функцыянальнасці і прэстыжнасці».

У якой валюце лепш адкрыць рахунак?

Калі вы афармляеце міжнародную картку, у вас з'яўляецца магчымасць праводзіць аперацыі за мяжой незалежна ад таго, у якой валюце адкрыты рахунак (у тым ліку, калі рахунак у беларускіх рублях). «У выпадку, калі валюта аперацыі не супадае з валютай рахунку, адбываецца аўтаматычная канверсія, — гаворыць спадарыня Лагуніна. — Пры гэтым могуць выкарыстоўвацца курсы банка і міжнароднай аплатнай сістэмы (у залежнасці ад валюты рахунку і валюты аперацыі). Схема правядзення разлікаў змяшчаецца кожным банкам у правілах карыстання карткай або ў дагаворы з кліентам. Калі валюта куплі і рахунку з'яўляецца адной і той жа, вы эканоміце на канверсіі. Таму, напрыклад, калі вы часта бываеце ў еўрапейскіх краінах, — афармляйце картку з рахункам у еўра. Калі наведваеце розныя кантыненты — у беларускіх рублях. У Беларусбанку міжнародную картку можна адкрыць з рахункам у адной з трох валют — беларускія рублі, долары ЗША, еўра. Яе можна зрабіць не толькі да новага, але і да ўжо існуючага рахунку (напрыклад, калі вы ўжо атрымліваеце ў банку заработную плату, стыпендыю або пенсію).

Як даведацца, ці прымаецца ваша міжнародная картка ў канкрэтным горадзе ці дзяржаве?

«Можна самастойна яшчэ да паездкі за мяжу праверыць з выкарыстаннем інтэрнэту, ці ёсць у адпаведным населеным пункце банкаматы, дзе будзе абслугоўвацца ваша картка, — расказвае спецыяліст. — Спасылкі на спецыяльныя пошукавыя сістэмы плацежных сістэм Vіsa і MasterCard, якія называюцца Vіsa ATM Locator і MasterCard ATM Locator, размешчаны на карпаратыўным сайце Беларусбанка».

Алена Лагуніна сцвярджае, што, карыстаючыся сэрвісам ATM Locator, вы ўводзіце на англійскай мове краіну, населены пункт, і, пры неабходнасці, іншую інфармацыю для пошуку. Сістэма, у сваю чаргу, выводзіць спіс банкаматаў, дзе абслугоўваюцца карткі адпаведнай аплатнай сістэмы, з указаннем адраса і рэжыму іх працы. «Будзьце ўпэўнены, што калі ў горадзе ёсць банкаматы, то там, напэўна, ёсць і гандлёва-сэрвісныя арганізацыі, дзе можна расплаціцца ў безнаяўным парадку, — запэўнівае спадарыня Лагуніна. — На жаль, пакуль не створана адзіная міжнародная пошукавая сістэма, дзе можна праглядзець назвы гандлёва-сэрвісных арганізацый, якія прымаюць карткі. Будзем спадзявацца, што такі зручны сэрвіс з'явіцца ў найбліжэйшы час».

Калі ж вы ўжо знаходзіцеся за мяжой і не ведаеце, ці прымаецца картка ў краме, банку ці банкамаце, спецыяліст раіць уважліва паглядзець, ці ёсць на дзвярах, касе арганізацыі альбо на банкамаце налепка з выявай таго ж лагатыпа, што і на вашай картцы (Vіsa, Vіsa Electron, MasterСard, Maestro): «Хаця ёсць выпадкі, калі гандлёвыя прадпрыемствы ў некаторых краінах не змяшчаюць налепак аб прыёме картак, бо там выдатна развіта гэтая паслуга і паўсюдна ўстаноўлена плацежнае абсталяванне. Таму калі сумняваецеся, лепш папярэдне ўдакладніць у касіра, ці можаце вы выкарыстоўваць картку для аплаты».

* * *

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Вясной у ВНУ традыцыйна пачынаецца размеркаванне.

Культура

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Дом без падмурка, печ — на драўляным фундаменце.

Грамадства

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Аднаўленне разбуранай у гады Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі стала беспрэцэдэнтным подзвігам мірнага часу.

Грамадства

Як будзе развівацца беларуская фармацэўтыка

Як будзе развівацца беларуская фармацэўтыка

Залежнасць краіны ад імпарту павінна быць зніжана пры захаванні якасці і эфектыўнасці лекавых прэпаратаў.