Вы тут

Аляксандр БОЙКА: «Педагогаў слухаюць. Але ці чуюць?»


Што патрэбна для таго, каб адукацыйная галіна развівалася? Каб у педагогіку прыходзілі лепшыя і моладзь не імкнулася збегчы на больш высокааплатную работу пры першай жа магчымасці? Гэта пытанне рэфрэнам гучала ва ўсіх выступленнях удзельнікаў Пленуму ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Ні для каго не сакрэт, што на педагагічных спецыяльнасцях у ВНУ ужо не першы год фіксуюцца недаборы. А многія з залічаных на першы курс не ў стане асіліць нават першую экзаменацыйную сесію. Педагагічныя калектывы імкліва старэюць. Паўсюдна не хапае настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі...

1386135680838_4-21

1386135680838_4-21

 

Умець убачыць праблему

— Паказальная тэндэнцыя. Калі раней прафсаюз звяртаўся да органаў дзяржаўнага кіравання па адным ці некалькіх лёсавызначальных пытаннях, то сёння колькасць гэтых пытанняў рэзка ўзрасла. А ўсё таму, што нашы пытанні перакідваюцца паміж узроўнямі ўлады, асобныя кіраўнікі не жадаюць браць адказнасць на сябе, а нярэдка проста няздольныя не толькі знайсці рашэнне, але і ўбачыць праблему, — не стаў хавацца за дыпламатычнай рыторыкай старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА.

Прафсаюзны лідар паведаміў, што намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў сістэме адукацыі за дзесяць месяцаў 2013 года склала 3 млн 382,5 тыс. рублёў. Рост яе з пачатку года склаў 12,9% пры росце тарыфнай стаўкі першага разраду за той жа перыяд на 8,3%, павелічэнні тарыфных ставак асобным катэгорыям работнікаў галіны і паказчыка педагагічнай нагрузкі ў новым навучальным годзе. Пры гэтым індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў кастрычніку ў параўнанні са снежнем 2012 года склаў 112%. Гэта значыць, што павышэнне заработнай платы работнікаў адукацыі за кошт павелічэння памеру тарыфнай стаўкі першага разраду пакрыла толькі бягучыя інфляцыйныя працэсы, а наступствы дэвальвацыі 2011 года засталіся не кампенсаванымі.

— Чарговае павышэнне цэн на сацыяльна значныя тавары заклікана аздаравіць прадпрыемствы. А як аздаравіць сістэму адукацыі, калі асігнаванні на рост заработнай платы ў бюджэтнай сферы, па словах кіраўніцтва Мінфіна, не прадугледжаны бюджэтам 2014 года? У выніку фінансісты прапануюць нам аптымізавацца. Але што мы будзем рабіць, калі дашкольнікі, якім сёння не хапае выхавальнікаў і іх памочнікаў, стануць школьнікамі? Будзем казаць, што дзе-нідзе не хапае сякіх-такіх настаўнікаў, але ўвогуле праблема вырашана? Да таго ж, дзе рэальны механізм накіравання на патрэбы галіны сродкаў, якія вызваліліся ад аптымізацыі? — задаў зусім не рытарычнае пытанне Аляксандр Бойка.

Працуеш больш, а зарабляеш менш

 

Узгадняючы рашэнне аб павышэнні нормаў тыднёвай педагагічнай нагрузкі, галіновы прафсаюз настойваў на павышэнні памеру тарыфнай стаўкі на 30% Але стаўка павялічылася на 25%, што кампенсавала толькі рост педагагічнай нагрузкі, і тое не ва ўсіх.

За кастрычнік сярэднямесячная заработная плата склала 4 млн 254,2 тыс. рублёў і ў параўнанні са жніўнем вырасла толькі на 12%. Пры гэтым паказчык сярэдняй педагагічнай нагрузкі на настаўніка склаў 1,24 стаўкі (24,7 гадзіны), што на 12,2% вышэй, чым у папярэднім навучальным годзе, акрамя таго, з 1 верасня на 4% павялічыўся памер тарыфнай стаўкі першага разраду. Неадпаведнасць відавочная.

Рост сярэдняй нагрузкі, па ацэнках прафсаюза, звязаны з дзвюма тэндэнцыямі: закрыццём малакамплектных школ і сыходам з галіны настаўнікаў, нагрузка якіх размеркавалася паміж іншымі настаўнікамі. Не ва ўсіх школах удалося знайсці адпаведных «прадметнікаў», таму ёсць настаўнікі, якія працуюць з нагрузкай 36 гадзін на тыдзень. А некаторыя кіраўнікі ўстаноў вымушаны прапаноўваць настаўніку нагрузку да 40 гадзін!

— Усе цудоўна разумеюць, што гэты шлях у нікуды, — упэўнены Аляксандр Бойка. — У кастрычніку мы сутыкнуліся з тым, што ў настаўнікаў з высокай нагрузкай заробкі нават знізіліся ў параўнанні з маем, паколькі памер і механізм павышэння аплаты за стаўку не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Павелічэнне нормы педагагічнай нагрузкі на стаўку ў рамках скарочанай працягласці рабочага часу змяніла прапорцыю нармаванай і ненармаванай часткі нагрузкі — адпаведна, той, што аплачваецца і не аплачваецца. Сёння неабходна працаваць над зніжэннем ненармаванай нагрузкі. Трэба нагадаць і пра празмерны дакументаабарот, а таксама прыцягненне нашых работнікаў да выканання няпрофільных функцый. Між іншым, ва Украіне дзейнічае норма Закона «Аб адукацыі», згодна з якой адцягванне педагагічных і навукова-педагагічных работнікаў ад выканання прафесійных абавязкаў не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Шкада, што наш Кодэкс аб адукацыі такую норму не ўтрымлівае.

Важна, што на павелічэнне педагогам тарыфных ставак дадатковыя бюджэтныя сродкі не выдзяляліся, а на гэтыя мэты былі накіраваны тыя сродкі, што вызваліліся ў выніку праведзенай аптымізацыі. Такім чынам, «павышэнне» адбылося фактычна ў рамках бягучага фінансавання.

Чаму я НЕ ЛЮБЛЮ прафесію педагога?

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Фаніпаля, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Яніна Кілбас, рыхтуючыся да пленума, правяла невялікае апытанне сярод вопытных калег і маладых спецыялістаў і папрасіла апошніх аргументаваць «плюсы» і «мінусы» педагагічнай прафесіі на сённяшнім этапе. Сярод «плюсоў» згадваліся адпачынак летам, магчымасць творчага самаўдасканалення, самаадукацыі і самарэалізацыі, радасць ад станоўчых вынікаў працы (ад перамог вучняў на конкурсах і алімпіядах), параўнальна недарагія школьныя абеды і задавальненне ад сустрэч з калегамі па працы і з удзячнымі вучнямі і іх бацькамі. «Плюсоў» было толькі пяць, а вось «мінусаў» — значна больш. Педагогі скардзіліся на тое, што вырасла нагрузка, значна павялічылася колькасць вучняў у класах (да 27 чалавек), адказнасць, інтэнсіўнасць работы, а заработная плата фактычна знізілася. Большасць настаўнікаў працуюць без выхадных дзён: пяць дзён — урокі, у суботу — арганізацыя шостага школьнага дня, а ў нядзелю трэба правяраць сшыткі і пісаць планы. А калі адпачываць? А калі ёсць сям'я, праблемы са здароўем? Адназначным аргументам супраць педагагічнай прафесіі была і папяровая валакіта. Настаўнікі абавязаны ўсім: і міліцыі, і бальніцы, і ваенкамату, і гарвыканкаму, і сацыяльнай службе... І што характэрна: чым больш гаворыцца пра неабходнасць змяншэння аб'ёмаў папяровай дакументацыі, тым больш яны вырастаюць.

Настаўнікі скардзяцца, што ад іх патрабуюць прымянення электронных сродкаў навучання на кожным уроку. Што стаўленне бацькоў да настаўнікаў у асноўным патрабавальнае, асабліва да маладых спецыялістаў, і нават спажывецкае. Колькасць гіперактыўных дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі на ўроку і аднімаюць час у настаўніка і аднакласнікаў, расце.

Перахітрылі самі сябе

— Праблем шмат, і яны чакаюць свайго вырашэння. Думаю, не памылюся, калі скажу, што многія педагагічныя калектывы хвалюе таксама неабходнасць пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Прычына не ў тым, што няма што паказаць ці расказаць. Настаўнікаў прыніжае сама працэдура. Мы не супраць пацвярджэння катэгорыі: сучасны настаўнік павінен самаўдасканальвацца, цікавіцца новымі педагагічнымі тэхналогіямі, але трэба ўдасканальваць саму сістэму пацвярджэння. Калі настаўнік мае станоўчыя вынікі па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ, перамогі на алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, калі ён друкуе свае метадычныя набыткі на старонках прадметных часопісаў — гэта і ёсць пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, дэманстрацыя яго вопыту. І атэстацыйная камісія можа прыняць рашэнне — вызваліць педагога ад здачы экзамену, — прапанавала настаўніца з фаніпальскай гімназіі. — Гэта цудоўны стымул для працы і, адначасова, зберажэнне часу і нерваў.

Заслугоўвае ўвагі і наступны факт: сучаснай школе, гімназіі патрэбны высокакваліфікаваныя педагогі, якія ствараюць добрыя ўмовы для навучання і выхавання і, зразумела, такая праца павінна добра аплачвацца. Але сёння розніца ў стаўцы паміж вышэйшай і першай катэгорыяй пры аднолькавым педагагічным стажы складае ўсяго... 70 000 рублёў! А тарыфная стаўка дырэктара, кіраўніка ўстановы нават ніжэйшая, чым у настаўніка вышэйшай катэгорыі. Атрымліваецца, чым вышэйшая катэгорыя і большая колькасць гадзін, тым меншая дабаўка да заработнай платы.

— Інструкцыя аб парадку атэстацыі педагагічных работнікаў вырашыла шэраг пытанняў, але і праблем набралася шмат, — заўважыў Аляксандр Бойка. — Асноўнай праблемай атэстацыі застаюцца ўсё ж нізкія памеры надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі і зусім нязначная дыферэнцыяцыя гэтых памераў пры прысваенні больш высокай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Уцёкі маладых спецыялістаў

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса ВОЛКАВА паведаміла, што ў пачатку навучальнага года прафсаюз правёў маніторынг працоўнага часу настаўніка. Вынікі анкетавання больш як 100 педагогаў сведчаць, што занятасць настаўніка складае ў сярэднім 9,5 гадзіны на суткі. Пры пяцідзённым вучэбным тыдні гэта каля 48 гадзін. Разам з тым настаўнікам быццам бы ўстаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу — не больш як 36 гадзін на тыдзень? Да непедагагічнай дзейнасці педагогі залічылі мерапрыемствы па арганізацыі харчавання дзяцей у сталовай, дзяжурства па школе, добраўпарадкаванне, афармленне, прыбіранне кабінетаў і тэрыторыі, збор макулатуры і г.д.

— Лічым неабходным знізіць ненармаваную нагрузку на педагагічных работнікаў, асабліва з улікам павелічэння нормаў педагагічнай нагрузкі на стаўку, і зменшыць папяровую валакіту ва ўстановах адукацыі, — падкрэсліла Ларыса Волкава.

Між іншым, аналіз замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах паказвае, што з кожным годам павялічваецца колькасць тых, хто звольніўся пасля двух абавязковых гадоў адпрацоўкі. Лічбы несуцяшальныя: за перыяд з 2011 па 2013 год паказчык звальненняў у сталічнай сістэме адукацыі павялічыўся з 41 да 44 працэнтаў. Магчыма, гэта звязана з тым, што праз два гады пасля размеркавання малады педагог страчвае статус маладога спецыяліста і яго заработная плата становіцца меншай амаль на 10%?

На працягу больш як дзесяці гадоў рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў сталічным педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе штомесячных выплат. Да 10 мая 2012 года памер даплат вагаўся ад 1,5 да 4-х базавых велічынь. А з 11 мая 2012 года ў сувязі з ростам базавай велічыні да 100 тысяч рублёў даплаты былі ўстаноўлены ў фіксаваных сумах — ад 120 да 320 тысяч рублёў. Пагадзіцеся, розніца ёсць. У сувязі з гэтым прэзідыум Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза звярнуўся да гарадскіх уладаў з просьбай перагледзець рашэнне і вярнуцца да ранейшага парадку вызначэння даплат.

— Хачу адзначыць, што менавіта адукацыя з'яўляецца лакаматывам эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. Дык, можа, надышоў час звярнуць больш пільную ўвагу на патрэбы работнікаў адукацыі і павышэнне прэстыжнасці працы педагога? — падсумавала агульныя думкі і настрой Ларыса Волкава.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.