Вы тут

У палітычнай сумятні не павінны забываць пра народ


Няпростая сітуацыя ў суседняй Украіне прымушае задумацца над яе будучыняй. Аналітыкі называюць самыя розныя варыянты: ад будаўніцтва інтэграцыі з Расіяй да наступлення перыяду безуладдзя. Сваю думку наконт украінскай сітуацыі выказала «Звяздзе» Вольга ПАЛІТЫКА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

1386136258524_4-31

— Выбар шляху развіцця, перад якім зараз стаіць Украіна, — гэта яе права як суверэннай дзяржавы, і ніхто не мае права тут ёй указваць. Падчас радыёмоста з Кіевам, тэма якога была звязана з дзяржаўным рэгуляваннем эканомікі, мы закраналі з украінскімі калегамі і сённяшнюю палітычную сітуацыю ў гэтай краіне.

Хацелася б верыць, што ўкраінская Рада, прэзідэнт і прадстаўнікі апазіцыі знойдуць агульныя падыходы, прыйдуць да аптымальнага рашэння. Будзе вельмі дрэнна, калі Украіна стане нейкай разменнай карткай у геапалітычнай барацьбе. Галоўнае, каб у гэтай сумятні не забылі пра народ. Зараз нават і гаворкі няма пра тое, як будзе жыць далей звычайны жыхар украінскага горада або вёскі, як будзе працаваць тая ці іншая галіна прамысловасці.

Тыя, хто прыйшоў на Майдан, — пераважна студэнты. Нехта ім заплаціў, каб яны прыехалі, арганізаваў палатачныя гарадкі — нават са звычайнага бытавога пункту гледжання гэта ўсё каштуе грошай. Мне не падабаецца, што Украіну ўцягваюць у нейкую буйную гульню, таму дэпутатам Вярхоўнай Рады гэтай краіны трэба памятаць пра тых, хто за іх галасаваў, пра тое, як будзе лепш яго выбаршчыкам.

Я не дам прагноз, якім будзе будучыня Украіны. Тым не менш, лічу, што для Украіны толькі ў рамках Мытнага саюза дзякуючы кааперацыі, якая склалася ў савецкія часы, ёсць магчымасць развіваць высокатэхналагічныя галіны прамысловасці: гэта і металургічная прамысловасць, і машынабудаванне, і прыборабудаванне. Я не магу назваць прыкладаў па тых краінах, якія адносна нядаўна ўступілі ў Еўрапейскі саюз, калі былі створаны найсучасныя прадпрыемствы на іх тэрыторыі. У лепшым выпадку гэта простая зборка. Таму не думаю, што, адарваўшыся ад Мытнага саюза, Украіна зможа развіваць такія галіны прамысловасці. Але, зноў жа, гэта належыць вызначаць толькі самім украінцам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.