Вы тут

ЖАХІ, ТАЯМНІЦЫ І ТРОШКІ ІРОНІІ


Нядаўна паспрачалася ў інтэрнэце: а ці патрэбна пісьменніку натхненне? Як на мой погляд, то паэзія наогул без стану творчага ўздыму немагчымая. Менавіта натхненне пераводзіць у ранг паэзіі версіфікатарства, робіць яго актам мастацтва. Але ёсць і іншыя меркаванні... Так адзін вядомы крытык запярэчыў: «А навошта яно было Цвятаевай, якая кожную раніцу а шостай гадзіне садзілася за стол і працавала, не снедаўшы і не звяртаючы ўвагу на тое, што ў яе за акном? Навошта яно было Стывену Кінгу, які за 10 дзён напісаў «Чалавека, які бяжыць»? Альбо Дзюма?...»

Але ж менавіта натхненне — гэта той асаблівы стан, які, з аднаго боку, характарызуецца велізарным пад'ёмам і напружаннем чалавечых сіл, з другога боку — высокай працаздольнасцю. Натхненне — гэта не столькі імпульс да працы, колькі складнік творчай дзейнасці.

Відавочна, што розныя жанры літаратуры патрабуюць і рознай ступені эмацыйнага ўздыму. Літаратуразнаўцы, напрыклад, вылучаюць у асобную групу так званую формульную літаратуру — літаратурныя творы, якія былі напісаны паводле пэўнай схемы. Да такой літаратуры адносяць меладраму, любоўныя гісторыі, дэтэктывы, трылеры, фэнтэзі, прыгоды і містыку.

Да нядаўняга часу гэтыя жанры ў Беларусі, хоць і былі запатрабаваны чытачом, але рэдка выкарыстоўваліся пісьменнікамі. Сёння ж можна назіраць цікавасць да іх і ў айчынных творцаў, асабліва тых, хто займаецца перакладамі. Не так даўно выйшаў зборнік перакладных дэтэктываў «Злачынства, сэр!» А цяпер убачыў свет зборнік містычных апавяданняў «Вусцішны пакой».

Як і папярэдняя кніга, «Вусцішны пакой» — гэта зборнік апавяданняў, напісаных у розных канцах свету ў розны час рознымі аўтарамі і аб'яднаных тэмай страху. Дэвізам гэтай кнігі мог бы стаць першы радок са змешчанага тут апавядання Эдгара Алана По «Метцэнгерштэйн»: «Ва ўсе часы чалавека паўсюль праследавалі жах і лёс» (пераклад Г. Янкуты). Аднак трэба прызнаць, што ў кнігу трапіла шмат твораў, якія нягледзячы на вызначэнне складальнікаў, назваць уласна «містычнымі» складана.

Напрыклад, «Адчыненае акно» Сакі (у перакладзе А. Казловай), «Трыюмфы таксідэрміста» Герберта Уэлса (у перакладзе А. Арцёмава), ды і сам «Вусцішны пакой» Артура Конан Дойла (пераклад Алены Пятровіч), які даў назву ўсяму зборніку — творы, хутчэй, вясёлыя і іранічныя, чым вусцішныя.

Аднак жахаў і містыкі для ахвочых усё ж хапае: у кнізе больш за чатыры сотні старонак уборыстым шрыфтам, таму чытаннем для змрочных вечаровых прыцемкаў наш чытач да вясны будзе забяспечаны. Гэтак жа, як і ведамі пра тое, што ёсць гатычны раман, бо менавіта звесткі пра яго змешчаны ў прадмове да кнігі. На жаль, многія сказы з гэтай прадмовы аказваюцца добра знаёмымі тым, хто цікавіцца так званым «гатычным раманам» і, у прыватнасці, творчасцю Эн Рэдкліф. Здзіўленне выклікае і тое, што аўтары, пра якіх гаворыцца ў прадмове, вельмі мала прадстаўлены ў самім зборніку «Вусцішны пакой». У прадмове, дарэчы, пераважная большасць пісьменнікаў — англамоўныя, а ў самой кнізе прадстаўлена вельмі інтэрнацыянальная каманда: тут і ўкраінец Юры Вінічук, і паляк Баляслаў Лесьман, і партугалец Марыю ды Са-Карнэйру, і шведка Сельма Лагерлёф. Аднак, як паказвае вопыт чытання, усе творы, прадстаўленыя ў кнізе, выдатна працягваюць даўнюю традыцыю літаратуры «жахаў і таямніц», нягледзячы нават на тое, што некаторыя аўтары працавалі ў такіх, здавалася б, сучасных жанрах, як альтэрнатыўная гісторыя ці фэнтэзі.

Так, падзеі, пра якія паведамляецца ў апавяданні «Выспа-сяброўка» Фрэнсіс Стывенс (пераклад Паўла Донава), адбываюцца ў свеце, дзе жанчыны з'яўляюцца моцным полам. Зусім не вусцішна, а, хутчэй, забаўна чытаць развагі галоўнай гераіні-марачкі пра мужчын: «Ох, не так ужо і дрэнна я да мужчын стаўлюся, як ты, мабыць, падумаў. Псуюць іх, вось што дрэнна. Гэта цяпер усе кажуць, што мужчына толькі і можа, што насіць рэчы, ці патрымаць што, ці нянькай у дзіцячым прытулку працаваць. А як на мой розум, дык мужчыну і бацькам быць нельга, калі ён не мае жаночай вытрымкі, а дзяцей выхоўваць — няма чаго і казаць. Але гэта ўсё пустое».

Аднак хапае ў кнізе «Вусцішны пакой» і сапраўды страшных апавяданняў, такіх, ад якіх дрыжыкі бягуць па скуры, а ногі хочацца падцягнуць з падлогі: а раптам хто пад крэслам схаваўся? Да такіх можна аднесці апавяданне «Павучыха» нямецкага празаіка і паэта, аўтара містычных апавяданняў і раманаў Ханса Хайнца Эверса (у перакладзе А. Бахарэвіча), і «Жоўтыя шпалеры» Шарлоты Пэркінс Гілман (у перакладзе Юлі Цімафеевай), апавяданні, якія, безумоўна, адносяцца да класікі жанру.

Кніга ўзброена не толькі прадмовай, але і даволі падрабязнымі каментарыямі і кароткімі біяграфіямі перакладчыкаў. Чытаючы апошнія, міжвольна заўважаеш, што большасць перакладчыкаў гэтых тэкстаў — проста-такі асуджаных на папулярнасць — нарадзіліся ў 1980-я гады, а значыць людзі маладыя, сучасныя, заклапочаныя поспехам. Нягледзячы на параўнальна малады ўзрост, яны вельмі дбайна ставяцца да чужых тэкстаў, дэманструючы выдатную сакавітую беларускую мову, часам настолькі самавітую, што зломіш галаву — ці то гэта нейкае мала ўжывальнае слова ці звычайная памылка друку? Тым не менш прафесійнасць, з якой яны падыходзяць да тэкстаў, дае падставу гаварыць пра тое, што ў Беларусі складаецца новая школа перакладу, якая будзе грунтавацца не толькі на веданні замежных моў, але, у першую чаргу, на цікавасці да актуальнай літаратуры і ўліку густаў масавага чытача.

«Вусцішны пакой» — гэта кніга, якую смела можна рэкамендаваць шырокаму колу чытачоў, якія любяць адначасова жахі і гумар.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.