Вы тут

Захаваем Румлёва разам!


Або Рэалii ўнiкальнага лесапарку

Беларускай сталiцы, ды i практычна ўсiм абласным цэнтрам краiны, пашанцавала з лесапаркамi ў гарадскiх межах. Гродзенцам, напрыклад, мiнуўшчына перадала ў спадчыну два буйныя лесапаркi Румлёва i Пышкi, а таксама ўрочышча Ласосна. Iх значэнне для горада з пункту гледжання экалогii, якасцi паветра i адпачынку людзей проста каласальнае. Гэта нiхто i не аспрэчвае. Iншая справа, што экалагiчныя каштоўнасцi лесапаркаў далёка не заўсёды знаходзяцца ў гармонii з эканамiчнымi i iншымi рэалiямi вялiкiх гарадоў. У чым гэта праяўляецца i якiм можа быць кампрамiс, сёння можна назiраць на прыкладзе гродзенскага лесапарку Румлёва.

1386217405350_1

Неўзабаве павiнны адбыцца грамадскiя слуханнi па абмеркаваннi праекта добраўпарадкавання лесапарку Румлёва. А папярэднiчаў iм сход зацiкаўленых прадстаўнiкоў грамадскасцi, мясцовых улад, прыродаахоўных органаў. Ён адбыўся ў гiмназii № 1, якая мяжуе з паркам i дзе ўжо даўно з першага класа ажыццяўляецца праграма экалагiчнай адукацыi.

Меркаванне, што лесапарку патрэбна канцэпцыя добраўпарадкавання з улiкам яго прыродаахоўнага статусу, навукоўцы i грамадскiя актывiсты выказвалi ўжо неаднойчы. А вось дакладнай пазiцыi ўладных структур доўгi час не было. Нават агучвалiся iдэi абсталяваць там стадыён, тэнiсныя корты. «Момант iсцiны» надышоў каля 3 гадоў таму, калi ў горадзе ўзялiся за навядзенне парадку ў лесапаркавых зонах.

— Вучоныя тады падказалi, што можна рабiць у Румлёве, а чаго нельга, — кажа кардынатар навуковай часткi праекта па добраўпарадкаваннi лесапарку Вiталь ГУМЕННЫ. — Але на справе, на жаль, атрымалася iнакш: улезлi ў парк з цяжкай тэхнiкай, асфальтаваннем, прычынiўшы шкоду дрэвам, кустоўю i падлеску, дзе гняздуюцца птушкi. Грамадскасць паднялася, дайшлi нават да прыродаахоўнага мiнiстэрства, — i падобнае «добраўпарадкаванне» прыпынiлi. Былы мэр горада Барыс Казялкоў даў указанне ўзгадняць усе дзеяннi з навукоўцамi. З гэтага моманту ў нас з гарвыканкамам ёсць, наколькi гэта магчыма, узаемаразуменне, распачалася работа над праектам добраўпарадкавання лесапарку.

Па кожным канкрэтным выпадку спецыялiсты гарадскога ўпраўлення ЖКГ, «Гродназелянбуда», якiя адказваюць за парадак у лесапарку, цяпер раяцца з вучонымi. Румлёўскую тэрыторыю «манiторыць» прыродаахоўная служба.

— Гэта помнiк прыроды мясцовага значэння, якi знаходзiцца пад аховай дзяржавы. Там не дапускаюцца ўзвядзенне пабудоў, пракладка новых дарог, праездаў, стаянак аўтатранспарту, распальванне вогнiшчаў, выгул сабак, правядзенне работ, звязаных з парушэннем зямель i змяненнем гiдралагiчнага рэжыму тэрыторыi. Мы надзелены адмiнiстрацыйным рэсурсам i прыцягваем да адказнасцi за шкоду помнiку прыроды, — зазначае начальнiк Гродзенскай гарадской iнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Вадзiм ПАЛЯКОЎ.

Што ж датычыцца праекта добраўпарадкавання паркавай часткi Румлёва (9 гектараў), то да яго падрыхтоўкi прыцягнулi групу з 18 вучоных у сферах археалогii, бiялогii, адукацыi, гiсторыi. Яны правялi даследаваннi бiялагiчнай разнастайнасцi i стану культурна-гiстарычнай спадчыны прыроднага помнiка.

У прыватнасцi, звярнулi ўвагу на вельмi сур'ёзную пагрозу лесапарку — эрозiю глебы. Гэтыя працэсы iмклiва прагрэсуюць, тры вялiкiя равы растуць не толькi ў глыбiню, але i ў шырыню, даўжыню. Адна з галоўных прычын — разбурэнне сiстэмы адводу сцёкавай вады: яна iдзе па паверхнi парку, паскараючы эрозiю, i калi так будзе працягвацца, то паркавую частку Румлёва папросту змые ў Нёман. Моцна пацярпела брукаваная дарога ХIХ стагоддзя, новыя раўкi з'явiлiся на прыбярэжных палянах. Таму неабходна аднавiць сiстэму адводу вады, тэрмiнова правесцi процiэразiйныя мерапрыемствы, каб запаволiць, а затым i спынiць роваўтварэнне.

— Пры гэтым нi ў якiм выпадку ў парку не павiнна працаваць цяжкая тэхнiка, нельга выкарыстоўваць матэрыялы i тэхналогii iх укладкi, якiя могуць прывесцi да падмывання грунту пад канструкцыямi. Гэта пагражае ўтварэннем новых равоў i стратай унiкальнай экасiстэмы. Хочацца спадзявацца, што ў блiжэйшай перспектыве знойдуцца сродкi на процiэразiйныя мерапрыемствы, — кажа Вiталь Гуменны.

Разам з тым, гэтая экасiстэма ў сувязi са знаходжаннем побач буйнога раёна жылой забудовы, дзе пражывае каля 15 тысяч людзей, не можа быць нейкай прыроднай рэзервацыяй. У чым аўтар гэтых радкоў пераканаўся падчас прагулкi па парку разам з Вiталем Гуменным у якасцi гiда. Нават у будны дзень нам сустрэлася шмат адпачывальнiкаў — на лаўках, з дзецьмi ў калясках. Вiдавочна, што варыянт захавання помнiка прыроды шляхам агароджы з абмежаваннем доступу людзей не падыходзiць. Але як улiчыць i каштоўнасцi лесапарку, i сённяшнiя рэалii?

1386217408721_2

З планам добраўпарадкавання паркавай часткi Румлёва ўдзельнiкаў сходу азнаёмiў аўтар праекта, архiтэктар Аляксандр ШТЭН. Ён лiчыць, што глабальная праблема парку — гэта эрозiя глебы, равоў, якiя паглыбляюцца. Вырашэнне гэтай праблемы патрабуе вялiзных выдаткаў, якiя былi вымушаны аднесцi на другую чаргу праекта. А канцэпцыя першай чаргi праекта, якая цяпер выносiцца на абмеркаванне грамадскасцi, — у тым, каб знайсцi разумны кампрамiс памiж прыроднымi абмежаваннямi i гарадскiмi функцыямi лесапарку «Румлёва» як зоны адпачынку.

— Мы i прыроду любiм, i хочам ёю карыстацца. Але калi не ўрэгуляваць схему знаходжання тут людзей, то парку прыйдзе канец, — лiчыць Аляксандр Штэн.

Пра стадыён i тэнiсныя корты размова ўжо не iдзе. Праўда, у праекце ёсць так званая фальклорная пляцоўка для мерапрыемстваў мiкрараёна. Аднак калi грамадскасць будзе супраць такой нагрузкi на прыродны комплекс, то без гэтага, кажа Аляксандр Штэн, можна абысцiся. Як i без выкарыстання паркавых алей для пракату дзiцячых машынак. А вось пасадка ў парку новых дубоў, а таксама ўшанаванне гiсторыi парку скульптурнымi кампазiцыямi, пэўна, працiўнiкаў не знойдуць.

Акрамя таго, патрабуюць увагi пабудаваная ў 1930 годзе воданапорная вежа, румлёўскiя крынiцы, кансервацыя рэшткаў сядзiбы ...

Дарэчы, падчас прагулкi па лесапарку да нас з Вiталем Гуменным звярнулася жанчына, якая катэгарычна супраць правядзення тут забаўляльных мерапрыемстваў, а заклапочана найперш лёсам дубоў, якiм шкодзiць праведзенае асфальтаванне. Аднак так думаюць далёка не ўсе. Нядаўна, напрыклад, правялi апытанне па тэме прыродазберажэння сярод дзяцей мiкрараёна, што мяжуе з Румлёва. Што ў вынiку? Так, ёсць заклапочаснасць пра дрэвы, кармушкi для птушак. Аднак большая частка рэспандэнтаў думае найперш не пра ахову прыроды, а пра атрыманне максiмальнага камфорту ад наведвання лесапарку: ёсць прапановы пабудаваць там кавярню, спартыўны комплекс, валейбольную пляцоўку, канатную дарогу, фунiкулёр ...

Як бачым, лёс Румлёва залежыць не толькi ад граматных праектаў па зберажэннi помнiка прыроды...

Барыс ПРАКОПЧЫК.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВIЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.