18 верасня, пятніца

Вы тут

Тут пачынаўся спецназ


Коні сена не ядуць

Пра армейскі маштаб невялікай Мар'інай Горкі можна меркаваць па памеры жылых дамоў, збудаваных там для вайскоўцаў. Амаль паўсотні пяціпавярховікаў — цэлы раён.

5-38

Ваенная гісторыя Мар'інай Горкі пачалася напярэдадні Другой сусветнай. Падчас буйных вайсковых вучэнняў мясцовы ландшафт прыйшоўся даспадобы наркаму абароны Кліменту Варашылаву. Даў маршал каманду, і ў 1935 годзе сюды з поўдня перакінулі прадстаўнікоў любімага роду войск Варашылава — кавалерыйскую дывізію.

Коннікі прыбылі ажно з-пад Арэнбурга. І калі з уладкаваннем вайскоўцаў асаблівых пытанняў не паўстала, а вось з коньмі аказалася складаней. Арэнбургскія скакуны не сталі есці беларускае сена. З поўдня ў тэрміновым парадку вайсковымі эшалонамі пачалі вазіць адмысловае стэпавае. Дзе яго тады разгружалі з чыгункі — там і сёння растуць незвычайныя для нашага краю травы, выклікаючы шок у айчынных батанікаў.

У Еўропе ўжо гарэла полымя Другой сусветнай вайны. Баі паказалі: час конніцы мінуў. І замест коннікаў на Міншчыне з'явіліся прадстаўнікі абсалютна новай вайсковай прафесіі — дэсантнікі. У Мар'інай Горцы размясцілася 214-я паветрана-дэсантная брыгада, рэарганізаваная пасля ў яшчэ большую вайсковую адзінку — паветрана-дэсантны корпус. Тут жа пачаў базіравацца дэсантна-бамбардзіровачны авіяполк. Была і свая вайсковая школа пілотаў, якую пасля перавялі ў Паставы.

Яшчэ пасёлак у даваенны час мог пахваліцца ўласным ваенным вучылішчам. Па волі Генеральнага штаба нараўне з Масквой ці Ленінградам такі гонар выпаў і невялічкай Мар'інай Горцы. Выкладчыкам там служыў падпалкоўнік Іван Якубоўскі — будучы знакаміты военачальнік, маршал Перамогі. Праўда, яго курсантам-выхаванцам да маршальскіх зорак дайсці не ўдалося: амаль усе паляглі ў першыя месяцы вайны. Уцалелі толькі лічаныя з іх.

Само вучылішча ў пачатку Вялікай Айчыннай перавялі ў глыбокі тыл ажно пад Волагду. Але і там, у Верхнім Усцюгу, яно насіла ранейшую назву з беларускім каларытам — Пухавіцкае пяхотнае.

А мар'інагорскіх дэсантнікаў, калі грымнуў чэрвень сорак першага, кінулі на захад. І не з парашутамі, як вучылі дагэтуль, а на звычайных аўтамашынах. Далі загад дапамагчы пяхотным дывізіям стрымаць варожы ўдар. Пехацінцы пратрымаліся нядоўга, пачалі адступленне на ўсход, а вось 214-я брыгада адступаць не стала. Больш за месяц білася пад Старымі Дарогамі, а пасля пад Мінскам. І толькі ў канцы жніўня пакінула раён абароны і выйшла да сваіх.

У час акупацыі Мар'іну Горку аблюбавалі захопнікі. Вораг стварыў тут моцны апорны пункт, куды з фронту прысылалі салдат і афіцэраў на адпачынак і лячэнне. Тут дзейнічалі шпіталь, зенітна-артылерыйская школа і сапёрныя курсы.

І танкісты, і сапёры, і камбайнеры

Пасля вызвалення ў Мар'іну Горку вывелі франтавую дывізію (якая, дарэчы, скончыла вайну ў Чэхаславакіі), адно са старэйшых злучэнняў Чырвонай Арміі — 30-ю гвардзейскую Іркуцка-Пінскую імя Вярхоўнага Савета РСФСР.

— Першай задачай вайскоўцаў тут у пасляваенны час стала размініраванне, — успамінае ветэран Валянцін Грышын. — Мін засталося ўсюды процьма — і ў гарадку, і на навакольных палетках. А яшчэ даводзілася дапамагаць мясцовым хлебаробам, бо працоўных рук у калгасах не хапала. Зімой і летам кіпела баявая вучоба, а ўвесну і восенню вайскоўцаў можна было бачыць на трактарах ці на жняярках.

У 1968 годзе дывізіі давялося тэрмінова зноў вярнуцца ў Чэхаславакію. Камандзіроўка выдалася няпростай: падчас вулічных баёў былі і ахвяры, і параненыя. Назад злучэнне ў Беларусь так і не вярнулі. «Трыццатка» заставалася ў славацкім горадзе Зволене ажно да 1990 года. І толькі калі сацыялістычны лагер пачаў трашчаць па швах, Іркуцка-Пінскую зноў перакідваюць у Беларусь. Яе месца там, праўда, было занятае: у ваенным гарадку дыслацыраваліся палкі 8-й гвардзейскай танкавай дывізіі. Восьмая танкавая лічылася дывізіяй скарочанага штату: яна мела толькі 2,5 тыс. чалавек асабовага складу замест 11 тыс. Але тэхнікі і зброі быў поўны камплект — сховішчы ажно трашчалі. І ў гэты перапоўнены гарадок накіроўваецца яшчэ адна дывізія. Танкавую спешна расфарміроўваюць, а на яе месцы пачынаюць разгружаць эшалоны «чэхаславацкай»— 30-й мотастралковай. Дывізія прыйшла баявая. Штат далёка не той, што ў мясцовых танкістаў, — каля 12 тысяч салдат і афіцэраў. Не хапала месца для яе танкаў і бронетранспарцёраў. І ў сакрэтным парадку (каб вораг не даведаўся) дывізіі дазваляюць трымаць адзін мотастралковы полк без баявой тэхнікі. І толькі тады неяк змаглі размясціцца.

Постсавецкая «перазагрузка»

Калі распаўся Савецкі Саюз, у гарнізоне, як і ўсюды, закіпеў вір падзей, вынікам якіх у тым ліку сталі і паламаныя лёсы. Але дывізія, як ні дзіўна, уцалела. Беларускае ваеннае кіраўніцтва пасля скараціла яе да брыгады. У час, калі востра не хапала сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў, з ёй нават былі праведзены буйныя вучэнні. А па вяртанні з тых вучэнняў, афіцэры і салдаты даведаліся: стараліся яны марна, іх злучэнне скарачаюць — будзе толькі база захоўвання тэхнікі.

Цяпер там няма і той базы. Маўкліва стаяць старыя казармы; дзе-нідзе вайсковыя будынкі прызвычаілі да сваіх патрэб розныя грамадзянскія ўстановы. Такім чынам была загорнута вайсковая старонка ў гісторыі гэтага раёна Мар'інай Горкі. Відаць, назаўсёды.

Суперсакрэтны спецназ

У 1962 годзе частку гарадка аддзялілі пад суперсакрэтны аб'ект з жорсткай прапускной сістэмай. Нагналі туды ваеннаслужачых-асілкаў, якія нават намёкам не выдавалі, чым займаюцца. У звышсакрэтным гарадку размясціўся вайсковы спецназ. Які нават камандаванню Беларускай ваеннай акругі не падпарадкоўваўся — а толькі Галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню ў Маскве. Там рыхтавалі салдат і афіцэраў, якія на вайне маглі літаральна ўсё. Такая брыгада была ў Беларусі ўсяго адна.

Падчас вайны ў Афганістане мар'інагорская брыгада накіравала туды ад сябе 334-ы атрад спецыяльнага прызначэння, які ў горнай краіне ў мэтах захавання сакрэтнасці маскіраваўся пад пяты асобны мотастралковы батальён. Размешчаны ён быў у невялікім гарадку Асадабад каля афгана-пакістанскай мяжы — гэта самая ўсходняя кропка дыслакацыі савецкіх войск у Афганістане.

Ваявалі мар'інагорцы добра. Два ваеннаслужачыя з гэтага атрада сталі Героямі Савецкага Саюза.

Але на пачатку адметнага баявога шляху здарыўся бой у Мараварскай цясніне. Першы бой 334-га атрада на той вайне, пра які многія яго ветэраны і цяпер успамінаць не хочуць.

На месцы дыслакацыі сённяшняй брыгады стаіць помнік, на якім 108 прозвішчаў салдат і афіцэраў. Гібель 29-ці з іх датавана адным днём красавіка 1985 года. Гэта беспрэцэдэнтная колькасць ахвяр за адзін бой. Тым больш, для вайсковай эліты — спецназ.

...Выхад атрада ў горы пачынаўся як звычайныя вучэнні. І разглядаўся нібы лёгкая прагулка. Крыху больш за месяц былі мар'інагорцы на вайне — сапраўднага пораху яшчэ не нюхалі. Расслабляла надзея, што душманы павінны дрыжаць ад страху ад аднаго іх з'яўлення. Ды і накіроўваліся байцы ў ноч прачэсваць пасёлак, які знаходзіўся ўсяго за тры кіламетры ад іх ваеннага гарадка. Разведка заўважыла там назіральны пост маджахедаў — мізэрная цэль.

Але душманы добра падрыхтаваліся. Кажуць, што дапамаглі ім тады прафесійныя наёмнікі-іншаземцы. Заманілі нашу першую роту ў пастку. І калі тая, разбіўшыся на баявыя групы, пачала праследаваць паставых, якія нібы кінуліся наўцёкі, адсеклі яе ад астатніх, акружылі і пачалі знішчаць.

Боепрыпасы ў нашых скончыліся вельмі хутка: на такі кароткі выхад іх шмат браць не сталі. Радыёсувязь з батальёнам, як заўсёды гэта здараецца ў адказны час, знікла. І падтрымкі адтуль чакаць было бессэнсоўна.

Камандзір роты капітан Мікалай Цэбрук, зразумеўшы ўсё, кінуўся на ворага і быў забіты куляй у шыю. Лейтэнант Мікалай Кузняцоў ратаваў параненых, а потым, каб не трапіць у палон, падарваў сябе гранатай. Услед за ім яшчэ сем байцоў атрада, маладых, дужых, таксама не захацелі трапіць ворагу ў рукі жывымі — падрывалі сябе.

І ўсё гэта — пад бокам у нашага гарнізона. Шалёную страляніну ў гарах там, безумоўна, пачулі. Але тэхніка не магла ноччу хутка туды прарвацца, артылерыя падключылася са спазненнем, ды і не мелі артылерысты дакладных каардынат для стральбы ў цемры.

Кажуць, тыя спецназаўцы, хто ўцалеў, выходзілі з пекла да сваіх... ссівелымі. А ім жа толькі па васямнаццаць-дваццаць гадкоў было. У кагосьці з іх і зброю з рук пасля доўга не маглі вырваць.

Пра гэтую няўдалую аперацыю і сёння стараюцца шмат не гаварыць. Але гэта было.
29 маладых хлопцаў — ахвяр памылкі вайсковай тактыкі, шапказакідальніцтва ці штабной бязглуздзіцы — сёння нема глядзяць на нас з салдацкага помніка на тэрыторыі брыгады.

Мяняю Даманава на Хельсінкі

З савецкіх часоў у тутэйшым гарнізоне кватаравалі яшчэ і вартавыя неба — зенітная ракетная брыгада. Брыгада мела добрую зброю для свайго часу — комплексы «Аса». Гэтая вайсковая часць і ў беларускай арміі захавалася. На мяжы двухтысячных гадоў яе адсюль перакінулі на Брэстчыну, у Даманава. Можа, такі маршрут і быў апраўданы стратэгічна, але для афіцэраў і іх сем'яў пераезд у лясны гарнізон падаўся цяжкім. Некаторыя і не паехалі ў даманаўскія лясы. Звольніліся, каб застацца ў горадзе.

Ужо гадоў дваццаць мар'інагорцы маюць магчымасць хоць штодзень і без усялякіх віз наведваць «Хельсінкі». Тут ёсць цэлы так званы фінскі квартал. Бо, як і ў Баранавічах, тут напрыканцы СССР будавалі гарадок для савецкіх часцей, якіх выводзілі з Германіі. Тэндар выйгралі будаўнікі з Фінляндыі. Імя «Хельсінкі» атрымаў узведзены імі ўнівермаг.

Дарэчы, сюды, як і ў Баранавічы, войскі з Германіі не прыйшлі. Цяжка меркаваць, як бы тады выглядаў гарнізон, атрымаўшы з Германіі яшчэ адну баявую паўнавартасную дывізію. У новыя кватэры з радасцю засяляліся мясцовыя вайскоўцы. Новабудоўлі прапаноўвалі тады нават мінскім бескватэрным — і некаторыя згаджаліся: вельмі ж незвычайна выглядала створанае фінамі жыллё. У нас тады так будаваць яшчэ не ўмелі.

Аснову сённяшняга гарнізона складае тая самая знакамітая 5-я брыгада спецназа. Яна цяпер тут адна за ўсіх. Летась злучэнне справіла паўвекавы юбілей. Туды па-ранейшаму мараць трапіць на службу беларускія юнакі. І, як і раней, гэта не кожнаму па сілах.

Вікенцій Ключнік.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.